ГАРДЗЕ́ЕЎ Фёдар Гардзеевіч
(1744, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 4.2.1810),
рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1759—67), у 1762—72 у Парыжы і ў Рыме. Акад. Пецярбургскай АМ (1776). З 1782 праф., з 1802 рэктар акадэміі. Ад драм. кампазіцый у духу барока («Праметэй», 1769) перайшоў да ясных і спакойных вобразаў, характэрных для класіцызму. Аўтар рэльефаў для фасадаў і інтэр’ераў палаца ў Астанкіне (1794—98), Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), надмагілляў Галіцыных (1780—90-я г.). Кіраваў адліўкай бронзавых статуй для фантанаў Петрадварца, устаноўкай помнікаў Пятру І (скульпт. Э.М.Фальканэ) і А.В.Сувораву (скульпт. М.Казлоўскі) у Пецярбургу.
Літ.:
Рогачевский В. Ф.Г.Гордеев. Л.; М., 1960.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЭН,
Хардэн (Harden) Артур (12.10.1865, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 17.6.1940), англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909), Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1935). Д-р філасофіі (1888), праф. біяхіміі (1912). Скончыў ун-т Вікторыі ў Манчэстэры (1886). У 1887—88 у Эрлангенскім ун-це ў Германіі, з 1888 у Манчэстэрскім ун-це. У 1897—1930 у Ін-це прафілактычнай медыцыны ў Лондане (з 1907 дырэктар), адначасова з 1912 у Лонданскім ун-це. Навук. працы па біяхіміі спіртавога браджэння і ферментах, што прымаюць у ім удзел. Вынайшаў каферменты, даследаваў будову і функцыі каферменту І. Нобелеўская прэмія 1929 (разам з Х.Эйлерам-Хельпінам).
т. 5, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУ́ША Іван Федасеевіч
(29.4.1896, с. Гарадзішча Чаркаскай вобл., Украіна — 6.8.1970),
бел. савецкі глебазнавец. Акад. АН Беларусі (1961), Акадэміі агр. навук (1959), д-р с.-г. н., праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1956). Скончыў Херсонскі с.-г. ін-т (1928). З 1933 ва Усесаюзным ін-це ўгнаенняў, агратэхнікі і аграглебазнаўства, з 1942 дырэктар лабараторыі Туркменскага філіяла АН СССР. З 1944 прарэктар, у 1952—65 рэктар БСГА. Навук. працы па эвалюцыі дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глеб пад уздзеяннем акультурвання. Прэмія імя Вільямса (1947, 1957) АН СССР. Аўтар падручніка «Глебазнаўства» (1940, 6-е выд. 1962) і манаграфіі «Акультурванне глеб як сучасны этап глебаўтварэння» (1956).
т. 5, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РСТАНГ
(Garstang) Джон (5.5.1876, г. Блэкберн, Вялікабрытанія — 12.9.1956),
англійскі археолаг. Праф. (1907). З 1902 кіраваў даследаваннямі рымскіх старажытнасцей у Англіі, у 1907—11 археал. экспедыцыямі ў Егіпце, Сірыі і М. Азіі. У 1904—14 праводзіў раскопкі стараж. г. Мероэ (Паўн. Судан), у 1920—21 — г. Аскалон (Ашкелон, Ізраіль), у 1930—36 — г. Эрыха (Іерыхон, Зах. бераг р. Іардан), у 1936—39 — г. Мерсін (Турцыя). У 1919—26 кіраўнік упраўлення старажытнасцямі Палесціны і дырэктар Брыт. археал. школы ў Іерусаліме. У 1947 дырэктар Брыт. ін-та археалогіі ў Турцыі. Аўтар прац «Зямля хіцітаў» (1910), «Асновы біблейскай гісторыі: Ісус Навін, Суддзі» (1931) і інш.
т. 5, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТМАН
(Hartmann) Нікалай (20.2.1882, Рыга — 9.10.1950),
нямецкі філосаф, заснавальнік т.зв. крытычнай (новай) анталогіі. З 1920 праф. філасофіі ва ун-тах Марбурга, Кёльна, Берліна, Гётынгена. Напачатку быў паслядоўнікам марбургскай школы неакантыянства, потым распрацаваў анталагічную канцэпцыю, якая ўяўляе сабой мадэрнізацыю арыстоцелеўска-схаластычнага вучэння пра быццё («Новыя шляхі анталогіі», 1942), развіў вучэнне пра слаістую структуру быцця як іерархіі 4 якасна розных пластоў: неарганічнага і арганічнага, душэўнага і духоўнага. На аснове сваёй анталогіі пабудаваў натурфіласофію, філасофію аб’ектыўнага духу, этыку разам з тэорыяй «каштоўнасцей», эстэтыку і тэорыю пазнання. У яго філасофіі праяўляюцца рысы ірацыяналізму і агнастыцызму. Асн. творы: «Этыка» (1925), «Да абгрунтавання анталогіі» (1935), «Філасофія прыроды» (1950), «Эстэтыка» (1953).
т. 5, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЕ́НДЗІ
(Gassendi) П’ер (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),
французскі філосаф. Займаўся таксама астр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.
У.К.Лукашэвіч.
т. 5, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СЕР
(Gasser) Герберт Спенсер (5.7.1888, г. Платвіл, ЗША — 11.5.1963),
амерыканскі фізіёлаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. фармакалогіі (1921) і фізіялогіі (1931). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1910) і ун-т Дж.Хопкінса ў Балтымары (1915). Вучань Дж.Эрлангера. З 1915 ва ун-це Дж.Вашынгтона ў Сент-Луісе, з 1931 у Корнелскім ун-це (штат Нью-Йорк). З 1935 дырэктар, з 1953 ганаровы дырэктар Ракфелераўскага ін-та мед. даследаванняў у Нью-Йорку. Даследаваў біяэлектрычныя патэнцыялы з дапамогай электроннага асцылографа. Навук. працы па электрафізіялогіі нерв. валокнаў і нерв. клетак. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Нобелеўская прэмія 1944 (разам з Эрлангерам).
т. 5, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЧАРДЫ́НІ,
Гуічардыні (Guicciardini) Франчэска (6.3.1483, г. Фларэнцыя, Італія — 22.5.1540), італьянскі гісторык, паліт. дзеяч. Праф. акадэміі права ў Фларэнцыі. Сябра і вучань Н.Макіявелі. У 1511—14 пасол Фларэнцыі ў Іспаніі. У 1516—34 нам. рымскага папы Льва Х у гарадах Мадэна, Рэджанель-Эмілія і Парма. З 1534 дарадчык Медычы, да 1537 адыгрываў значную ролю пры фларэнційскім двары. Аўтар прац: «Гісторыя Італіі» (1537—40, апубл. ў 1561—64, ахопліваў перыяд 1492—1532); «Дыялог аб кіраванні Фларэнцыяй» (1525); «Нататкі палітычныя і грамадзянскія» (1525—29) і інш. У сваіх працах выступаў за нац. і дзярж. аб’яднанне Італіі ў форме федэрацыі дзяржаў, за алігархічна-рэсп. форму кіравання.
т. 5, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ДЫКЕ Аляксандр Фёдаравіч
(4.3.1877, Масква — 9.7.1957),
расійскі арганіст, кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1898), выкладаў у ёй (праф. з 1909). З 1923 выступаў як арганіст. Аўтар опер на ўласныя лібрэта: «Вірынея» (1916), «Каля перавозу», «Жакерыя» (абедзве 1933), «Макбет» (1947), 3 кантат, 3 сімфоній, канцэртаў для інструмента з аркестрам, у т. л. для аргана (1927), камерна-інстр. ансамбляў, арганных транскрыпцый, рамансаў і песень. Зрабіў каштоўны ўклад у пед. л-ру для фп. Сярод яго вучняў М.Старакадамскі, М.Выгодскі, В.Мяржанаў, С.Дзіжур, Г.Гродберг, Л.Ройзман. Прэмія па кампазіцыі на Міжнар. конкурсе імя А.Рубінштэйна ў Вене (1900). Дзярж. прэмія СССР 1948.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙШТАР
(Gieysztor) Аляксандр (н. 17.7.1916, Масква),
польскі гісторык. Бацька Гейштара паходзіў са шляхецкага роду (в. Ізбішча Барысаўскага пав., цяпер Лагойскі р-н). Гейштар вучыўся ва ун-тах Варшавы і Парыжа. У 1946—89 праф., дэкан гіст. ф-та Варшаўскага ун-та, адначасова ў 1980—91 дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве. Чл. (з 1972) і старшыня (1981—84, 1990—92) Польскай АН, чл. многіх акадэмій Еўропы. Чл. кіраўніцтва (1965) і старшыня (1980—85) Міжнар. к-та гіст. навук. Выкладчык і ганаровы доктар буйнейшых ун-таў Еўропы. Даследуе еўрап., у т. л. польскае, сярэдневякоўе, гісторыю гарадоў і культуры Рэчы Паспалітай, даследуе спец. гіст. дысцыпліны.
Тв.:
: Mitologia Słowian. Warszawa, 1982.
т. 5, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)