бягучыя гарманічныя хвалі ў лінейнай дынамічнай сістэме з пастаяннымі параметрамі, калі можна не ўлічваць паглынанне энергіі; абагульненне паняцця нармальных ваганняў на адкрытыя вобласці прасторы і незамкнутыя хваляводныя сістэмы.
Сукупнасць Н.х. дадзенай сістэмы мае ўласцівасці: кожная Н.х. з’яўляецца свабодным (без знешняга ўздзеяння) рухам сістэмы і можа ўзбуджацца незалежна ад інш. Н.х.; адвольны хвалевы працэс у сістэме без крыніц можна адназначна выявіць у выглядзе суперпазіцыі Н.Х.: спектр частот Н.х. з’яўляецца суцэльным, а рэальныя працэсы можна вызначыць праз інтэгральныя сумы Н.х.; у выпадку монахраматычных працэсаў сярэдні за перыяд паток энергіі роўны суме патокаў энергіі асобных Н.х.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЫ ФОНД,
запас адборнага насення с.-г. культур для сяўбы. Ствараецца з ураджаю насенных участкаў гаспадаркі. Пры яго недахопе ў Н.ф. засыпаюць насенне з найб. ураджайных участкаў вытв. пасеваў. Засыпку ў Н.ф. завяршаюць праз месяц пасля збору ўраджаю. Насенне павінна адпавядаць пасяўным стандартам і захоўвацца ў адпаведных умовах у насеннясховішчах.
Разам з асн. у гаспадарцы ствараюцца страхавы і пераходны Н.ф. Страхавы фонд непарушны, абнаўляецца штогод. Ствараецца на выпадак стыхійных бедстваў для перасеву загінуўшага насення (да 15% ад асн. Н.ф.). Пераходны фонд ствараецца для азімых культур У раёнах з кароткім перыядам паміж уборкай і сяўбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАСАКРЭ́ЦЫЯ (ад нейра... + сакрэцыя),
утварэнне і выдзяленне спецыялізаванымі нерв. клеткамі (т.зв. нейрасакраторнымі) нейрагармонаў. Нейрагармоны, звязаныя з бялкамі-носьбітамі (нейрафізінамі і інш.), звычайна ўтвараюцца ў цытаплазме клетак (радзей у ядры), выдзяляюцца пераважна празнерв. канцы (тэрміналі) у гемалімфу, кроў, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць і рэгулююць функцыі вісцэральных органаў, у т. л. эндакрынных залоз, і ц. н. с. Самі нейрасакраторныя клеткі, як і звычайныя нейроны, здольныя генерыраваць патэнцыял дзеяння і распаўсюджваць імпульс па аксонах да іх канцоў, пад уплывам якога нейрагармон — бялок-носьбіт выдзяляецца ў навакольнае асяроддзе. Функцыян. актыўнасць клетак кантралюецца класічнымі нейронамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТЫЦЫ́ДЫ [ад нематоды + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння круглых чарвей — паразітаў раслін; клас пестыцыдаў. Н. сістэмнага дзеяння (паглынаюцца раслінай і пашыраюцца па яе тканках) трапляюць у арганізм чарвей з кормам, Н. кантактнага дзеяння (выкарыстоўваюцца звычайна супраць сцябловых і лісцевых нематод пры апырскванні раслін) і Н.-фуміганты (супраць каранёвых нематод пры ўнясенні ў глебу, папярэдняй апрацоўцы пасяўнога ці каранёў пасадачнага матэрыялу — праз покрывы цела чарвяка. Некат. Н. (напр., гетэрафос, карбафуран) дзейнічаюць і як пестыцыды інш. класаў. На Беларусі дазволены для выкарыстання прэпараты Н. (1998): базаміт-гранулят (дазамет), відат (аксаміл), гетэрафос, каўнтэр (тэрбуфос), фурадан (карбафуран). Гл. таксама Антыгельмінтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́ТАНА БІНО́М,
формула для вылічэння любой цэлай ступені біномапраз ступені яго складнікаў. Мае выгляд
, дзе a і b — адвольныя лікі, — бінаміяльныя каэфіцыенты. Формула для цэлых n была вядома задоўга да І.Ньютана, які пашырыў яе на дробавыя і адмоўныя паказнікі ступені (1676). Н.б. абагульняецца на выпадак сапраўднага ці камплекснага паказніка з утварэннем у правай частцы бясконцага шэрагу, збежнага пры |a| > |b|. Выкарыстоўваецца ў многіх раздзелах матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАВАНО́СЫ (Rhinolophidae),
сямейства млекакормячых атр. рукакрылых. 2 роды, 69 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах Усх. паўшар’я. Жывуць у пячорах, дуплах, трапляюцца ў збудаваннях. Часам утвараюць вял. калоніі. Здольныя ў шырокіх межах змяняць т-ру цела (гетэратэрмнасць).
Даўж. 3,5—11 см. Вушныя ракавіны буйныя, востраканцовыя. На канцы морды голыя скурыстыя ўтварэнні складанай формы: «падкова», «сядло» і «ланцэт» (адсюль назва), якія прымаюць удзел у фарміраванні накіраванасці эхалакацыйных сігналаў, што выпускаюцца праз ноздры. Крылы шырокія. Кормяцца насякомымі, пераважна начнымі матылямі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТЫ́ФЫ (ад пара... + тыф),
вострыя кішэчныя інфекцыйныя хваробы чалавека, якія выклікаюцца бактэрыямі роду сальманела. Адрозніваюць П. A і B падобныя па этыялогіі, эпідэміялогіі і клінічным праяўленням да брушнога тыфу, і C, які выяўляецца ў харч. токсікаінфекцыі і інш. формах.
Крыніца інфекцыі — хворыя на П. і бацыланосьбіты. Заражэнне праз ваду, харч. прадукты, забруджаныя бактэрыямі. Прыкметы: дрыжыкі, т-ра 40—42 °C, боль галавы, высыпка ружовага колеру на скуры жывата, грудзей, рук на 5—7-ы дзень хваробы. Бываюць формы П., падобныя да гастраэнтэрыту з моташлівасцю, ірвотай, паносамі. Ускладненні: кішэчны крывацёк, прарыўныя язвы кішэчніка, аслабленне імунітэту. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Сальманелёзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,
група відаў птушак, у якіх птушаняты ад моманту вылуплення да пачатку самастойнага жыцця больш-менш працяглы перыяд развіваюцца ў гняздзе або паблізу ад яго і першапачаткова выкормліваюцца бацькамі. Займаюць прамежкавае становішча паміж птушанятнымі птушкамі і вывадкавымі птушкамі, біялагічна блізкія да птушанятных, марфалагічна — да вывадкавых. У арнітафауне Беларусі да П.п. належаць дзённыя драпежнікі, чайкі, чаплі і інш.
Птушаняты П.п. выходзяць з яец з адкрытымі зрокавымі і слыхавымі праходамі, з развітым эмбрыянальным пухам, здольныя праз 20—30 гадз. трымаць галаву і стаяць на нагах, але яшчэ не могуць хадзіць за дарослымі птушкамі і самастойна карміцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЖЫНО́ ЛІ́НІЯ»,
сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў і загарод на паўн.-ўсх. граніцы Францыі. Пабудавана ў 1929—36 (удасканальвалася да 1940) па ініцыятыве ваен. міністра А.Мажыно. Агульная працягласць па фронце 400 км і на глыб. 6—8 км. Мела з боку граніцы паласу забеспячэння глыб. 4—14 км. У час 2-й сусв. вайны ням. войскі ў маі 1940 ударам праз Бельгію прарвалі фронт франц. арміі на паўн. флангу, дзе буд-ва «М.л.» не было скончана, і выйшлі ў яе тыл. Пасля адыходу франц. палявых армій ад «М.л.», ням. войскі пераадолелі яе на вузкім участку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ловаць (цячэ праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,79 км², даўж. 1,3 км, найб.шыр. 930 м, найб.глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 3,5 км. Пл. вадазбору 258 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя, участкамі на У і Пд парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і тарфяністыя, пад хмызняком. Пойма шыр. ад 25 м да 300 м, забалочаная. Мелкаводдзе да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй дно ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Зарастае. Упадае р. Шыша.