БАРШЧ (Міхаіл Восіпавіч) (29.1.1904, Масква — 8.11.1976),

рускі і бел. архітэктар і педагог. Праф. (1947). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1926). У 1948—52 працаваў на Беларусі. Адзін з аўтараў планіроўкі і забудовы плошчаў Перамогі і Якуба Коласа, жылых дамоў на праспекце Ф.​Скарыны (1949—56, Мінск; Дзярж. прэмія Беларусі 1968). Сярод інш. работ: жылыя дамы ў Маскве і Новасібірску (1930—50), помнік К.​Э.​Цыялкоўскаму ў Калузе (1958), манументы ў Маскве ў гонар дасягненняў сав. народа ў асваенні касм. прасторы (1964) і ў Жэневе ў гонар дасягненняў чалавецтва ў асваенні космасу (1971, усе ў сааўт.).

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.

Т.​В.​Габрусь.

Брама-званіца Бездзежскай Троіцкай царквы.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).

У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.

Куток Бабаўнянскага парку.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка (выцякае з возера), за 5 км на ПдЗ ад г. Сянно. Пл. 1,19 км², даўж. 3,37 км, найб. шыр. 0,45 км, найб. глыб. 16,2 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 89,4 км².

Схілы катлавіны выш. 4—5 м, месцамі да 10 м, у верхняй частцы разараныя, у ніжняй пад лесам. Прыбярэжная частка дна пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Амаль чвэрць плошчы дна пад расліннасцю. Упадаюць 2 ручаі, злучана пратокай з воз. Сянно. На ўсх. беразе археал. помнік — курганны могільнік.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКША́НСКІ (Юльян) (1824, б. маёнтак Тупальшчына, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобласці — 4.4.1863),

удзельнік нац.-вызв. руху, публіцыст. У час вучобы ў Віленскай гімназіі ўстанавіў сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі. У 1842 за хаванне забароненай л-ры сасланы ў Разанскую губ. У 1846 вярнуўся на радзіму. Аўтар «Адозвы да смаргонскіх сялян» (1847), у якой заклікаў сялян выступіць супраць памешчыкаў. Арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў да 1858 у Нерчынску. Удзельнік паўстання 1863—64, на радзіме арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў. Загінуў у сутычцы з урадавымі войскамі. У в. Плябань Маладзечанскага р-на на магіле помнік.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.​Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.

Гайцюнішская капліца. Фота пач. 20 ст.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.

Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Дзівінская царква Параскевы Пятніцы.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОЎСК,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Рагачоў—Слаўгарад і Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Доўск». За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 90 км ад Гомеля. 1893 ж., 769 двароў (1997). Гомельская абл. с.-г. доследная станцыя. Асфальтавы, цагельны, малочны з-ды, хлебазавод, філіял Рагачоўскага камбіната буд. матэрыялаў, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫЯ ПРА АПАЛО́НА ЦІ́РСКАГА»,

помнік перакладной бел. л-ры, свецкая аповесць блізкаўсходняга паходжання. Бытавала на Беларусі ў 17—18 ст.

У аснове твора — апісанне прыгод гал. героя, чалавека знатнага паходжання, які шмат гадоў блукае па розных краях, трапляе ў незвычайныя і складаныя сітуацыі і гісторыі, а пасля шчасліва вяртаецца ў родны горад, дзе становіцца царом. На Беларусі распаўсюджвалася ў складзе вядомага зб. навел «Рымскія дзеянні». Адзін з яго рукапісаў перапісаны ў Магілёве ў 1688. Мова магілёўскага спіса — сумесь старабел. і рус. моў 17 ст.

Публ.:

Римские деяния: Вып. 1—2. СПб., 1877—78.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 5, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)