ДЫЯДО́ХІ (ад грэч. diadochos пераемнік, нашчадак),

палкаводцы Аляксандра Македонскага (Пердыка, Антыпатр, Антыгон I Аднавокі, Яўмен, Касандр, Пталамей, Лісімах, Селеўк I, Нікатар і інш.), якія пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) падзялілі паміж сабой яго імперыю. У выніку працяглай барацьбы паміж імі (т. зв. войны дыядохаў), а таксама паміж іх нашчадкамі (т. зв. эпігонамі) узніклі 3 буйныя дзяржавы: Егіпет (пад уладай Пталамеяў), Македонія (на чале з Антаганідамі), дзяржава Селеўкідаў. Гл. таксама Элінізм.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РФСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1917.

Падпісана на в-ве Корфу (цяпер Керкіра, Грэцыя) 20 ліп. прэм’ер-міністрам Сербіі Н.​Пашычам і старшынёй Паўднёваславянскага камітэта А.Трумбічам. Прадугледжвала аб’яднанне пасля 1-й сусв. вайны Сербіі і паўд.-слав. зямель Аўстра-Венгрыі ў адзіную незалежную дзяржаву — Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (гл. ў арт. Югаславія) на чале з сербскай дынастыяй Карагеоргіевічаў. 11.8.1917 да К.д. далучыўся Чарнагорскі к-т нац. аб’яднання (утвораны ў сак. 1917 у Парыжы).

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ДЗІШСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў пры езуіцкім калегіуме ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на ў 1-й трэці 18 ст. Захаваліся праграмы трох пастановак 1716—30: канікулярная драма «Вянец духа-красамоўства» (са стараж.-рым. гісторыі) з інтэрлюдыямі пасля 1-га і 2-га актаў; масленічная «Палемонія за сталом, якую, па прыкладу Вітэлія, спасцігла смерць» з аргументам П.​Каяловіча (1724, з алегарычным антыпралогам, харамі і інтэрлюдыямі паміж актамі) і «Перамога саюзу любві» (1730).

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНДЗІ́РАВАННЕ (ад франц. sonder выведваць, даследаваць) у медыцыне, метад даследавання і лячэння з дапамогай зондаў полых органаў, каналаў, свішчавых хадоў, гнойных поласцей і ран. Полымі зондамі праводзяць З. для апаражнення ці прамывання, узяцця змесціва (напр., страўнікавага соку), з мэтай даследавання, увядзення лек. прэпаратаў або рэнтгенакантрастных рэчываў, штучнага жыўлення хворых пасля аперацый, расшырэння звужанага прасвету. У хірургіі ўжываюць жолабападобныя зонды для праводкі рэжучага інструмента з мэтай аховы тканак ад пашкоджання.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫБ,

хвалі на паверхні акіянаў і мораў, якія ўтвараюцца з ветравых хваль пасля поўнага спынення ветру ці ў выніку выхаду апошніх з раёна іх узнікнення ў вобласць, дзе ветру няма. Хвалі З. звычайна даўжэйшыя за ветравыя (даўж. да 300—400 м, выш. да 10—15 м, перыяд да 17—20 с) і больш рэгулярныя (правільныя). З. пры бязветранасці з хвалямі правільнай формы і малой стромкасці называюць мёртвым З.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН МІСКАВА́ЙХ, Ібн Міскавейх,

Абу Алі Ахмед ібн Мухамед (? — 1030), арабамоўны гісторык і філосаф. Аўтар «Кнігі вопытаў народаў» («Кітаб таджырыб аль-умам») у 6 тамах — першай пасля твора Табары значнай працы па ўсеаг. гісторыі. Апошняя частка гэтага твора мае каштоўныя звесткі пра сац.-эканам. адносіны ў Араб. Халіфаце 10 ст. Склаў трактаты па філасофіі і этыцы.

Літ.:

Игнатенко А.А. В поисках счастья: Общественно-полит. воззрения арабо-исламских философов средневековья. М., 1989.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́НДЗІН (Герман Капітонавіч) (15.12.1894, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 27.10.1961),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1948). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1941 нач. штаба Зах. фронту і войск Зах. напрамку, нам. нач. штаба Зах. фронту. З ліст. 1941 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба. З 1943 на фронце Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЧЖО́Ў-ГО, Маньчжурская дзяржава,

марыянетачная дзяржава ў 1932—45, створаная японцамі пасля захопу імі ў 1931 Маньчжурыі. Сталіца — г. Чанчунь. Вярх. правіцель (рэгент, з 1934 імператар) М. — апошні прадстаўнік дынастыі Цын — Пу І. Фармальна лічылася незалежнай дзяржавай, фактычна была калоніяй Японіі, уся рэальная ўлада належала яп. адміністрацыі і камандаванню Квантунскай арміі. Ліквідавана ў жн. 1945 у выніку Маньчжурскай аперацыі Чырв. Арміі, тэр. з 1946 зноў у складзе Кітая.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАЛАНІЯЛІ́ЗМ,

вызначэнне, якое выкарыстоўваецца як агульная назва сістэмы нераўнапраўных (эканам. і паліт.) адносін паміж краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і развітымі краінамі Еўропы і Паўн. Амерыкі пасля распаду калан. імперый у сярэдзіне 20 ст. Ажыццяўляецца ў форме пранікнення ў новыя незалежныя краіны транснац. карпарацый, прадастаўлення фін., эканам. і інш. дапамогі, далучэння гэтых краін да ваен. і эканам. саюзаў. Спалучае метады эканам. і паліт. націску і некат. уступак у эканам. сферы.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (?—1088),

царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)