БУЯ́ЛЬСКІ (Ілья Васілевіч) (6.8.1789, с. Вараб’ёўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.12.1866),
расійскі анатам і хірург; заснавальнік вучэння пра індывід. зменлівасць. Акад. Пецярбургскай АМ (1842). Скончыў Мед.-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1814), працаваў у ёй (з 1821 праф.). Выкладаў пластычную анатомію ў Акадэміі мастацтваў. Навук. працы па тапаграфічнай анатоміі органаў, метадах аператыўнага лячэння сасудзістых анеўрызмаў, бальзаміраванні, замарожванні трупаў. Адзін з першых у Расіі выкарыстаў наркоз, пераліванне крыві, антысептычныя сродкі. Рацыяналізаваў хірург. інструменты (шпрыц, турнікет, шпатэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕСТЫНХА́ЎЗ ЭЛЕ́КТРЫК КАРПАРЭ́ЙШЭН»
(Westinghouse Electric Corporation),
адна з вядучых электратэхнічных карпарацый ЗША. Засн. ў 1886 у штаце Пенсільванія як кампанія, з 1945 карпарацыя. Вытв. дзейнасць уключае 4 асн. сферы: энергетыку, вытв-сцьпрамысл. прадукцыі, выкананне дзярж., у т. л. ваенных, заказаў, тэлебачанне і радыёвяшчанне. Спецыялізуецца па выпуску прамысл. электраабсталявання, кандыцыянераў паветра, эскалатараў, пад’ёмнікаў, выліч. устройстваў, асвятляльнай арматуры, абсталявання транспартнага, касмічнага, для падводнага пошуку, сістэм сувязі і кіравання, вымяральных прылад, рухавікоў для марскіх суднаў, энергет. установак на ядз. паліве, вадзяных і газавых турбін, электроннага, мед. і інш. абсталявання. Мае радыё- і тэлестанцыі. Прадпрыемствы ў ЗША (больш за 120), Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Канадзе, Пуэрта-Рыка, Швейцарыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́ЗЕК ((Gajdusek) Даніэл Карлтан) (н. 9.9.1923, г. Іонкерс, ЗША),
амерыканскі педыятр, вірусолаг і эпідэміёлаг. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Нац.АН ЗША, Амерыканскай акадэміі неўралогіі. Скончыў Рочэстэрскі ун-т (1943). З 1949 у Гарвардскім ун-це, у 1954 — у Пастэраўскім ін-це ў Тэгеране, у 1955—57 у Ін-це мед. даследаванняў у Мельбурне, з 1958 у Нейралагічным цэнтры Нац. ін-та здароўя (ЗША). Навук. працы па вірусалогіі, эпідэміялогіі, педыятрыі, генетыцы і эвалюцыі чалавека ў ізаляваных папуляцыях. Стваральнік вучэння пра павольныя вірусныя інфекцыі чалавека (хваробы з працяглым інкубацыйным перыядам і пашкоджаннем ц. н. с.). Нобелеўская прэмія 1976 (разам з Б.Бламбергам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬДШТЭ́ЙН (Элкано Маркавіч) (н. 28.3.1923, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1950). Працаваў у «Белдзяржпраекце» (1952—90). З 1990 узначальвае персанальныя творчыя майстэрні. Асн. работы ў Мінску: комплекс жылых дамоў па вул. Чырвонай (1952—53, у сааўт.), радыётэхнічны каледж (1956), Фундаментальная б-каАН Беларусі (1967), Дом настаўніка (1976), комплексы вучылішча кінамеханікаў і мед. ін-та на праспекце газ. «Праўда» (абодва 1979, у сааўт.); а таксама эксперым. школы ў Салігорску (1966), Брэсце (1969), Мінску (1976); серыя тыпавых школ і дашкольных устаноў (1960—80); краязнаўчы музей у Касцюковічах, школа мастацтваў у Нароўлі (абодва 1989, у сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЮ́Н (Сяргей Фёдаравіч) (1866, Пецярбург — ?),
адзін з кіраўнікоў першых с.-д. арг-цый на Беларусі. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1891). Працаваў у Гродзенскім ваен. шпіталі. З 1892 чл., з 1893 кіраўнік Гродзенскага рэв. гуртка 1887—94. Прапагандаваў ідэі марксісцкага кірунку, асуджаў ідэалогію і тактыку «Народнай волі». У 1894 арыштаваны, у 1895 выключаны з ваен. ведамства і на 3 гады высланы ў Архангельскую губ. Уцёк з ссылкі і да вер. 1900 жыў за мяжой (паводле інш. звестак — адбыў тэрмін да канца). З 1901 урач у Варонежскай, Цвярской і Пецярбургскай губ. У 1917 канд. на выбарах у Пецяргофскую гар. думу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СЕР ((Gasser) Герберт Спенсер) (5.7.1888, г. Платвіл, ЗША — 11.5.1963),
амерыканскі фізіёлаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. фармакалогіі (1921) і фізіялогіі (1931). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1910) і ун-т Дж.Хопкінса ў Балтымары (1915). Вучань Дж.Эрлангера. З 1915 ва ун-це Дж.Вашынгтона ў Сент-Луісе, з 1931 у Корнелскім ун-це (штат Нью-Йорк). З 1935 дырэктар, з 1953 ганаровы дырэктар Ракфелераўскага ін-та мед. даследаванняў у Нью-Йорку. Даследаваў біяэлектрычныя патэнцыялы з дапамогай электроннага асцылографа. Навук. працы па электрафізіялогіі нерв. валокнаў і нерв. клетак. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Нобелеўская прэмія 1944 (разам з Эрлангерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,
кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАКО́ПІЯ,
узнікненне знешне падобных фенатыпічных прыкмет у арганізмаў пад уплывам генаў, размешчаных у розных участках храмасомы або ў розных храмасомах. Генакопія — вынік кантролю прыкмет адразу многімі генамі (камплементацыя, эпістаз, полімерыя). Шматэтапны біясінтэз малекул у клетцы можа прыводзіць да аднолькавага выніку — адсутнасці канчатковага прадукту рэакцый, якія выклікаюцца мутацыяй, і да аднолькавай змены фенатыпу. Напр., вядомы лакалізаваныя ў пэўных храмасомах дразафілы рэцэсіўныя алелі розных генаў, кожны з якіх абумоўлівае аднолькавую ярка-чырвоную афарбоўку вачэй, таму што выклікае парушэнні аднаго з этапаў сінтэзу карычневага пігменту. Даследаванні генакопіі выкарыстоўваюцца ў мед. генетыцы для прагнозу магчымага праяўлення спадчынных захворванняў у нашчадкаў, калі бацькі маюць падобныя хваробы або анамаліі развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЙМЭ́Н, Гілемэн (Guillemin) Ражэ (н. 11.1.1924, г. Дыжон, Францыя), французскі фізіёлаг. Чл.Нац.АН ЗША, Амер.АН і мастацтваў, Франц.нац. акадэміі медыцыны. Праф. Фізіялогіі (1963). Скончыў Дыжонскі ун-т (1942). З 1948 у Ін-це эксперым. медыцыны і хірургіі Манрэальскага ун-та, з 1953 у Х’юстанскім ун-це (ЗША), з 1960 у навук. ін-тах Францыі, з 1963 дырэктар лабараторыі Бейларскай мед. школы Х’юстанскага ун-та, з 1970 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (штат Каліфорнія). Навук. працы па выдзяленні, выяўленні хім. структуры і біял. актыўнасці гіпаталамічных рэлізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Э.В.Шалі і Р.С.Ялаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед.ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.Урублеўскім, В.Свянціцкім, І.Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.