ЗАХА́РАВА (Вольга Сцяпанаўна) (11.7.1908, г. Яршоў Саратаўскай вобл., Расія — 6.6.1981),

руская актрыса. Засл. артыстка Беларусі (1955). Скончыла Саратаўскі тэатр. тэхнікум (1932). Працавала ў т-рах Саратава, Грознага, Благавешчанска, Армавіра, Варонежа. З 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-ры, у 1958—69 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы адметныя творчай культурай, імкненнем да жыццёвай праўды, прастаты, дакладнасцю ўнутр. і знешняга малюнка. Сярод лепшых роляў: Ганна Ліхта («Змова асуджаных» М.​Вірты), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Каліберава («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка) у Брэсцкім драм. т-ры; Матрона («Улада цемры» Л.​Талстога), Антонаўна («Дзеці сонца» М.​Горкага) у Дзярж. рус. т-ры і інш.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАБЫВА́ННЕ КО́РАНЯ,

алгебраічнае дзеянне, адваротнае ўзвядзенню ў ступень.

Здабыць корань n-й ступені з ліку a — значыць знайсці такі лік (корань) x, n-я ступень якога роўна a. Матэм. запіс x = a . Задача З.к. n-й ступені з ліку a раўнасільная рашэнню ўраўнення xn − a = 0 , якое мае роўна n каранёў. Калі a — сапраўдны дадатны лік, то 1 з каранёў таксама будзе сапраўдным дадатным лікам (арыфм. корань); пад задачай З.к. часта разумеюць знаходжанне менавіта арыфм. кораня. Напр. 81 4 = +3 (арыфм. корань 3), таму што (±3) 4 = 81 ; сярод уяўных лікаў (гл. Камплексны лік) ёсць яшчэ 2 карані: 81 4 = ±3i .

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Аляксандр Гаўрылавіч) (12.8.1898, в. Давыдава Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 20.8.1984),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў кінашколу ў Ленінградзе (1924). У кіно з 1925. Сярод фільмаў: «Месяц злева» (1929), «Транспарт агню», «Ёсць, капітан!» (абодва 1930), «На мяжы» (1938). Асабліва блізкая І. ваен. тэма: фільмы «Падводная лодка Т-9» (1943), «Сыны» (1946), «Вяртанне з перамогай» (1948), «Зорка» (1953), «Салдаты» (1957). Паставіў кінатрылогію «Узнятая цаліна» (1960—61, паводле М.​Шолахава), фільмы «Калі пазаве таварыш» (1963), «Першарасіяне» (1968) і інш. Мастацтву І. характэрны лаканізм, псіхал. дакладнасць, строгі адбор выяўл. сродкаў. Аўтар сцэнарыяў многіх пастаўленых ім фільмаў.

Літ.:

Муратов Л. Александр Иванов. Л., 1968.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. irradio ззяю, выпраменьваю) у фізіялогіі, распаўсюджванне ўзбуджэння ці тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Асновай І. з’яўляецца вызначаная марфал. і функцыян. структура розных аддзелаў галаўнога мозга, таму пашыраецца па вызначаных шляхах і ў часавай паслядоўнасці. І. ўзбуджэння асабліва праяўляецца пры моцным раздражненні, калі ў рэфлекторны адказ уцягваюцца і інш. нерв. цэнтры. Напр., на ўмеранае раздражненне токам ступні жывёла адказвае згінаннем лапы ў галёнкаступнёвым суставе, павелічэнне сілы току прыводзіць да згінання нагі ў каленным і тазасцегнавым суставах. Пры ўзнікненні моцнага ачага ўзбуджэння і змены ўласцівасцей нерв. тканкі, І. ўзбуджэння можа стаць паталагічнай, напр., пры эпілепсіі. Тармажэнне таксама распаўсюджваецца ў клетках кары галаўнога мозга.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬВІ́НА ((Calvino) Італа) (15.10.1923, г. Сант’яга-дэ-лас-Вегас, Куба — 19.9.1985),

італьянскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення, пад уплывам якога напісаў першыя аповесці «Сцежка да павучыных гнёздаў» (1947), «Апошнім прылятае крумкач» (1949) і інш. Творы 1950-х г. філасофска-алегарычныя (трылогія «Нашы продкі», 1952—59). Тонкім гумарам, фантастычнасцю вызначаюцца зб-кі апавяданняў «Маркавальда, або Поры года ў горадзе» (1963), «Касмакомікі» (1965), «Нябачныя гарады» (1972), «Паламар» (1983). Аўтар філас. рамана «Замак перакрыжаваных лёсаў» (1973), аповесці «Калі зімовай ноччу падарожнік...» (1979). Збіраў і апрацоўваў нар. казкі. Даследаваў праблемы л-ры 20 ст., перакладаў з франц. мовы.

Тв.:

Рус. пер. — [Избранное]. М., 1984.

С.​В.​Логіш.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Валянцін Акімавіч) (14.6.1902, пас. Шырачанка Ейскага гарсавета Краснадарскага краю, Расія — 15.1.1963),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 акцёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ, з 1933 у т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных, драм. роляў. Найб. значныя: Аркадзь, Колас, Сіманенка («Платон Крэчат», «Фронт», «Макар Дубрава» А.​Карнейчука), Лешч («Апошнія» М.​Горкага), Скіба, Шуфт («Партызаны», «З народам» К.​Крапівы), Лук’ян Рабічка («Пагібель ваўка» Э.​Самуйлёнка), Гамер («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Траўбэ («Цытадэль славы» К.​Губарэвіча), Джонсан, Калібераў, Глуздакоў («На досвітку», «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Капулеці («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Вішнеўскі («Даходнае месца» А.​Астроўскага).

Б.​І.​Бур’ян.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НАС, Крон,

у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС ЭКАНАМІ́ЧНЫ,

парушэнні ў працэсе развіцця эканомікі, што выяўляюцца ў спадзе вытв-сці, адноснай перавытворчасці, скарачэнні капітальных укладанняў, росце беспрацоўя, парушэннях у грашова-крэдытнай і валютна-фін. сферах, зніжэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Першы К.э. адбыўся ў 1825 у Вялікабрытаніі, калі значнае развіццё атрымала машынная вытв-сць. К.э. 1857 лічыцца першым сусв. крызісам, бо ахапіў большасць краін Еўропы і Амерыкі. З прыблізна 10-гадовай перыядычнасцю К.э. паўтараліся ў 2-й палове 19 і 1-й трэці 20 ст. Найб. глыбокімі ў сусв. гісторыі былі К.э. 1900—03 (асабліва цяжка праходзіў у Расіі) і 1929—33. К.э. носяць часовы характар і перыядычна паўтараюцца ў сучаснай рыначнай эканоміцы.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Н (Аляксей Аляксеевіч) (н. 2.9.1941, в. Чакмары Мурашынскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. і расійскі артыст аперэты. Засл. арт. Расіі (1982). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​В.​Луначарскага (1967). З 1967 у Валгаградскім т-ры муз. камедыі, з 1984 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Выступае пераважна ў амплуа прастака і характарнага акцёра. Сярод роляў: князь Воляпюк, Пелікан («Сільва», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Барон («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Ар’е Лейб («Біндзюжнік і кароль» А.​Журбіна), Аляксандр («Бяда ад пяшчотнага сэрца» А.​Шарамецева), Пракурор («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна).

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́НАЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (15.2.1901, г. Ядрын, Чувашыя — 26.1. 1966),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). З 1925 у Т-ры-студыі пад кіраўніцтвам Ю.​Завадскага, з 1936 у Растоўскім-на-Доне т-ры імя М.​Горкага, з 1940 у Маскоўскім т-ры імя Массавета. Акцёр шырокага дыяпазону. Стварыў вострадрам., магутныя, цэласныя характары: Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава; Ленінская прэмія, 1965), Васіль Забродзін («Ленінградскі праспект» І.​Штока), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.​Шоу), Атэла, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш. З 1936 здымаўся ў кіно: «Багдан Хмяльніцкі», «Маскарад» (абодва 1941), «Катоўскі» (1943), «Смелыя людзі» (1950), «Калі адлятаюць буслы» (1965) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)