ВІ́НДЭЛЬБАНД ((Windelband) Вільгельм) (11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),
нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.
Тв.:
Рус.пер. — История древней философии. СПб., 1893;
История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;
Прелюдии. СПб., 1904;
О свободе воли. М., 1905;
Платон. 4 изд. СПб., 1909;
Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЎК-ЛЕВАНО́ВІЧ (Іосіф Васілевіч) (6.11.1891, хутар Лявонаўка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 19.8.1943),
бел. мовазнавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Працаваў у БДУ (1923—30), адначасова з 1927 у Інбелкульце (сакратар Камісіі па ўкладанні гіст. слоўніка бел. мовы). У 1930 быў вымушаны пераехаць у Саратаў. Працаваў у Саратаўскім ун-це (1930—31), пед. ін-це (1931—34), Арэнбургскім пед. ін-це (1934—37). 17.9.1937 беспадстаўна арыштаваны і засуджаны, памёр у адным з лагераў на Поўначы. Даследаваў гісторыю бел. мовы, бел. дыялекталогію і рус. мову. Аўтар «Лекцый па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанетыка» (1927, факс. выд. 1994), арт. «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі» (1925), «Мова выданняў Францішка Скарыны» (1926), «Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак» (1928), «Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (1929), «Яшчэ да пытання аб «ляшскіх» рысах у беларускай фанетыцы» (1930) і інш.
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук.дзейнасці. Мн., 1985. С. 115—126.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ — КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (American Federation of Labor-Congress of Industrial Organizations АФП—КВП),
найбольшае прафс. аб’яднанне ў ЗША. Створана ў 1955 у выніку зліцця Амерыканскай федэрацыі працы і Кангрэса вытворчых прафсаюзаў. Да 1969 уваходзіла ў Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў. Штаб-кватэра ў г. Вашынгтон. З’яўляецца асн. сацыял-рэфармісцкай сілай у краіне, на прэзідэнцкіх выбарах у асноўным падтрымлівае Дэмакр. партыю. У сваёй дзейнасці зыходзіць з ідэі, што рабочыя павінны мець права на забастоўку, выкарыстоўвае метады калект. торгу (для дасягнення калект. дагавору з работадаўцам) і паправак да закону (паляпшэнне існуючых законаў); кіраўніцтва АФП—КВП выступае супраць левага радыкалізму і свабоднай рыначнай стыхіі. Аб’ядноўвае (1994) 98 найбуйнейшых прафсаюзаў краіны: рабочых буд. прам-сці, транспартнікаў, партовых грузчыкаў усх. ўзбярэжжа і інш.; больш за 14,5 млн.чл. Старшыні АФП—КВП: Дж.Міні (1955—79), Л.Керкленд (з 1979). Друкаваныя органы: штотыднёвік «AFL—CIO News» («Навіны АФП—КВП») і штомесячны час. «American Federationist» («Амерыканскі федэрацыяніст»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ, Аблвыкамзах,
першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-таЗах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЦЕРАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),
расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.
Літ.:
Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАЦЭНАЛО́ГІЯ (ад біягеацэноз + ...логія),
навука пра структуру, дынаміку і класіфікацыю згуртаванняў жывых істот у сувязі з месцам іх пражывання. Вывучае біял. прадукцыйнасць, кругаварот рэчываў і паток энергіі ў біягеацэнозах, іх цэласнасць і стабільнасць, межы і дынаміку. Прыватная частка біягеацэналогіі — біяцэналогія.
Пачатак біягеацэналогіі пакладзены працамі рус. вучоных В.В.Дакучаева і Г.Ф.Марозава, развіты вучэннем У.І.Вярнадскага пра біясферу і ролю жывога рэчыва ў фарміраванні зямной кары. Заснавальнікам біягеацэналогіі як асобнай навукі з’яўляецца У.М.Сукачоў. На Беларусі праблемы біягеацэналогіі распрацоўвалі акад. І.Д.Юркевіч і яго школа геабатанікаў, калектыў гідрабіёлагаў БДУ пад кіраўніцтвам Г.Г.Вінберга, які ў 1940-я г. пачаў вывучэнне біягеацэнозу воз. Нарач. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, Цэнтр.бат. садзе), біял. ф-тах ВНУ і інш. з выкарыстаннем комплексных метадаў вывучэння, мадэлявання і прагназавання біягеацэнатычных і экалагічных працэсаў і сістэм. Даныя біягеацэналогіі важныя ў гасп.дзейнасці чалавека і асабліва ў справе аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Дзмітрый Васілевіч) (31.3.1822, г. Ульянаўск, Расія — 3.1.1900),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў (Пецярбург, 1836—40), служыў у Дырэкцыі імператарскіх т-раў. Вядомасць яму прынеслі першыя аповесці «Вёска» (1846) і «Антон Гаротнік» (1847), напісаныя ў рэчышчы натуральнай школы, пабудаваныя на супрацьпастаўленні дэспатызму памешчыкаў і бяспраўя сялян. Аўтар аповесцей «Капельмейстар Суслікаў» (1848), «Прыгоды Накатава» (1849), «Няўдалае жыццё» (1850), «Свістулькін» (1855—56), раманаў «Прасёлачныя дарогі» (1852), «Рыбакі» (1853), «Перасяленцы» (1855). Для твораў Грыгаровіча характэрна нарысавая манера выкладання, перавага сац. аналізу над псіхалагічным, па-майстэрску напісаныя пейзажы. Пасля падарожжа вакол Еўропы ў 1858—59 напісаў дарожныя нарысы «Карабель «Рэтвізан» (1859—63). У пач. 1860-х г. адышоў ад літ.дзейнасці і прысвяціў сябе мастацтвазнаўству. Пазней вярнуўся да л-ры, выдаў аповесць «Гутаперчавы хлопчык» (1883) і «Літаратурныя ўспаміны» (1892—93).
Тв.:
Соч.Т. 1—3. М., 1988.
Літ.:
Мещеряков В.П. Д.В.Григорович — писатель и искусствовед. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНА́,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж зімой і летам. У астраноміі — перыяд ад дня веснавога раўнадзенства да летняга сонцастаяння (з 21 сак. да 22 чэрв. ў Паўн. паўшар’і, з 23 вер. да 22 снеж. ў Паўднёвым). Паводле календара веснавыя месяцы ў Паўн. паўшар’і сакавік, красавік, май, у Паўд. — вер., кастр., лістапад. Паводле феналагічных з’яў падзяляюць на раннюю вясну, ажыўленне і разгар вясны. На Беларусі за пачатак вясны прымаецца дата пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C, за канец — праз 10 °C у бок павышэння. На ПдЗ вясна пачынаецца ў 1-й дэкадзе сак., на ПнУ у канцы сак., заканчваецца адпаведна ў канцы крас., пач. мая. Ва ўмераных шыротах, у т. л. на Беларусі, характарызуецца ўзмацненнем цыкланічнай дзейнасці, павышэннем у гадавым ходзе сярэднясутачных т-р паветра, поўным вызваленнем зямной паверхні ад снегавога покрыва, крыгаломам і разводдзем на рэках, пачаткам вегетацыі і цвіцення раслін, прылётам птушак з выраю, пачаткам пашавага перыяду ў жывёлагадоўлі і інтэнсіўных палявых работ у раслінаводстве і агародніцтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛ АНАНІ́М (Gall Anonim),
польскі гісторык 12 ст. Імя і паходжанне невядомыя, паводле адной з версій, нарадзіўся ў Францыі (стараж. Галія, адсюль мянушка Гал Ананім, дадзеная ў 16 ст. гісторыкам М.Кромерам). Манах-бенедыкцінец, у Польшчу прыехаў у пач. 12 ст., верагодна, з кляштара ў Шомадзьвары (Венгрыя). Знаходзіўся пры канцылярыі князя Баляслава III Крывавустага. Аўтар першай польскай гіст. хронікі (напр., у 1107—13 на лац. мове рыфмаванай прозай з вершаванымі ўстаўкамі). Хроніка створана на падставе вусных паданняў пястаўскага двара, аўтарскіх назіранняў і пісьмовых крыніц для ўсхвалення панавання Баляслава III, асабліва яго ваен.дзейнасці, ахоплівае падзеі з легендарных часоў да 1113. Твор — асн. крыніца па ранняй гісторыі Польшчы, яе адносінах з суседнімі краінамі (у т. л. з валынскімі, тураўскімі і кіеўскімі князямі), дае звесткі пра захоп Кіева Баляславам I у 1018 і Баляславам II у 1069 і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Хроника и деяния князей или правителей польских. М., 1961.