ПЯТРО́Ў (Вячаслаў Мікалаевіч) (4.2.1922, г. Яраслаўль, Расія — 5.4.1992),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Калінінскае пях. вучылішча (1942). На фронце з 1942. Узвод аўтаматчыкаў на чале са ст. лейтэнантам П. вызначыўся ў 1944 у баях пры фарсіраванні р. Бярэзіна і каля в. Шчаткава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл., дзе за 14 гадз адбіў 10 атак акружанага праціўніка, не прапусціў яго да пераправы, чым садзейнічаў ліквідацыі варожай групы. Да 1972 у Сав. Арміі.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАПСІ́Н,

зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎНАПЕРАМЕ́ННЫ РУХ,

механічны рух часціцы (матэрыяльнага пункта), пры якім модуль тангенцыяльнага паскарэння (у выпадку прамалінейнага руху модуль поўнага паскарэння) застаецца пастаянным. Пры Р.р. праекцыя скорасці v часціцы на напрамак руху і шлях S, пройдзены ад пач. становішча, у кожны момант часу t вызначаюцца формуламі: v = v0 + at, s = v0t + at​2/2, дзе v0 — пач. скорасць, a — праекцыя тангенцыяльнага (поўнага) паскарэння на напрамак руху. Пры a > 0 рух роўнапаскораны, пры a < 0 — роўназапаволены, пры a = 0 — раўнамерны.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.

Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́ДЫШАЎ (Арцём Іванавіч) (5.10.1910. в. Лазаравічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.1.1960),

Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, з 1943 партызан, камандзір узвода партыз. палка на Магілёўшчыне. З 1944 на 2-м Бел. фронце. Камандзір стралк. аддзялення сяржант С. вызначыўся ў баі на Пд ад Магілёва, дзе пасля пераправы цераз Дняпро ў баі за в. Стайкі гранатамі знішчыў дзот. Пасля вайны на гасп. рабоце.

А.І.Салодышаў.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́КТАР у геаметрыі,

1) С. на плоскасці — плоская фігура, абмежаваная 2 паўпрамымі, што выходзяць з унутр. пункта фігуры, і дугой контуру. С. круга — фігура, абмежаваная 2 радыусамі і дугой, на якую яны апіраюцца. Плошча С. крута роўная, lr/2 ці πr​2α/360, дзе l — даўжыня дугі, α — адпаведны гэтай дузе цэнтр. вугал у градусах і r — радыус круга.

2) С. у прасторы — частка цела, абмежаваная канічнай паверхняй, вяршыня якой знаходзіцца ўнутры цела, і выразанай ёю часткай паверхні цела.

т. 14, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМАФО́Р (франц. sémaphore ад грэч. sēma знак, сігнал + phoros які нясе),

сігнальнае прыстасаванне. Адрозніваюць С. на чыгунках, што не абсталяваны аўтаблакіроўкай — мачта з рухомымі крыламі, становішча якіх падае сігнал цягніку; С. марскі (рачны) — сігнальная мачта з рэяй (брусам) на ўчастках, дзе суднам дазволены рух у адным напрамку; С. флажковы — спосаб зрокавай сігналізацыі і сувязі, па якім літары, лічбы ці службовыя сігналы перадаюць рухам рук (з флажкамі) сігнальшчыка. У наш час на чыгунцы і аўтадарогах звычайна выкарыстоўваюць святлафор.

Чыгуначны семафор.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЬ,

сукупнасць узаемазвязаных фізічных велічынь, што ўключае асн. (незалежныя) і вытворныя велічыні і выкарыстоўваецца ў пэўнай галіне прыродазнаўства. Абазначаецца сімваламі асн. велічынь (гл. Размернасць у фізіцы) і дазваляе вызначыць кожную вытворную фіз. велічыню праз асноўныя на падставе ўраўненняў сувязі, якая існуе паміж імі. Напр., LMT — у механіцы і LMTI — у электрадынаміцы, дзе L — даўжыня, М — маса, Т — час, I — сіла току (асн. велічыні сістэмы адпаведна). Выбар С.ф.в. вызначае ўвядзенне адпаведных сістэм адзінак фіз. велічынь.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІД у геалогіі,

тэктанічны разрыў з вертыкальнай або стромка нахіленай плоскасцю зруху горных парод, дзе вісячы блок апушчаны адносна ляжачага ці ляжачы ўзняты адносна вісячага. Утвараюцца пераважна ва ўмовах расцяжэння зямной кары (С. расцяжэння). Амплітуды С. дасягаюць 1 км і больш (у рыфтах). Адрозніваюць С. сколвання, адколвання (развіваюцца з трэшчын), гравітацыйная (на месцы асядання ўчасткаў зямной кары і інш.). Парнае спалучэнне С. утварае скідавыя ўпадзіны — грабены і выступы — горсты. Гл. таксама Ускід.

І.​В.​Клімовіч.

Скід.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЗНАЧАНЫ ІНТЭГРА́Л,

канечны ліміт інтэгральнай сумы функцыі 𝑓(x) на адрэзку [a, b]; адно з асн. паняццяў матэм. аналізу. Абазначаецца ∫ a b 𝑓(x) dx .

Геаметрычна вызначаны інтэграл выражае плошчу «крывалінейнай трапецыі», абмежаванай адрэзкам [a, b] восі Ox, графікам функцыі 𝑓(x) і ардынатамі пунктаў графіка, якія маюць абсцысы a і b.

Паводле вызначэння вызначаны інтэграл ∫ a b 𝑓(x) dx = lim λ → 0 ∑ k − 1 n 𝑓′(xk′)Δxk , дзе Δxk = xk − xk−1 — даўжыні элементарных адрэзкаў, якія атрымліваюцца ў выніку падзелу адрэзка [a, b] на n элементарных адрэзкаў пунктамі a = x0 < x1 < x2 < ... < xn = b (k = 1, 2, ...,n) ; λ — даўжыня найбольшага адрэзка Δxk; xk′ — некаторы пункт адрэзка [xk−1, xk]. Асн. сродак вылічэння вызначанага інтэграла — формула Ньютана—Лейбніца ∫ a b 𝑓(x) dx = F(b) − F(a) , дзе F(x) — любая першаісная для 𝑓(x), г.зн. F′(b) = 𝑓(x) .

Вызначаны інтэграл мае разнастайныя дастасаванні ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, біялогіі, тэхніцы. З яго дапамогай вылічаюць плошчы крывалінейных фігур, паверхняў, даўжыні дуг крывых ліній, аб’ёмы цел, каардынаты цэнтра цяжару, моманты інерцыі, шлях цела, работу і інш.

А.​А.​Гусак.

Да арт. Вызначаны інтэграл.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)