ІЗЮ́МАЎ (Мікалай Андрэевіч) (24.12.1920, г. Аша Чэлябінскай вобл., Расія — 28.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ульянаўскае бранятанк. вучылішча (1941). На фронце з 1941. Камандзір танк. батальёна капітан І. вызначыўся ў Бабруйскай аперацыі 1944: экіпаж танка І. з 26 да 28.6.1944 знішчыў 7 процітанк. гармат, 3 дзоты, 10 агнявых пунктаў. Загінуў у баі. У яго гонар в. Дурынічы Бабруйскага р-на перайменавана ў Ізюмава.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНЫ,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Бягомль — в. Зембін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 43 км на ПнЗ ад горада і 48 км ад чыг. ст. Барысаў, 114 км ад Мінска. 540 ж., 191 двор (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам і партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльны парк герояў, Іканскі музей народнай славы.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Іосіф Несцеравіч) (6.10.1893, в. Віркаў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.10.1969),

генерал-лейтэнант войск сувязі (1942). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—21 на ўсх. фронце. З 1932 нач. аддзелаў сувязі ваен. акруг. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну нач. войск сувязі Ленінградскага фронту. Да 1958 на адказных пасадах у Сав. Арміі, нач. Вышэйшых акад. курсаў сувязі.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГУЦЕ́НКА (Аляксандр Гаўрылавіч) (н. 11.2.1924, в. Акцябрына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1954). У Вял. Айч. вайну з 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення аўтаматчыкаў ст. сяржант К. вызначыўся на тэр. Польшчы пры фарсіраванні Віслы, у баі каля в. Ліпскія Буды і ў баях на вуліцах Берліна. Да 1994 на гасп. рабоце.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Арсен Яўхімавіч) (23.2.1919, в. Газьба Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 12.8.1971),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Вызначыўся пры фарсіраванні Дуная каля г. Харта (Венгрыя): у ноч на 1.12.1944 камандзір разліку дэсантнай лодкі ст. сяржант К. пад агнём пераправіўся цераз раку, першы высадзіўся на бераг, паранены ўварваўся ў варожыя траншэі, чым садзейнічаў поспеху пры высадцы дэсанта. Пасля вайны на гасп. рабоце.

А.Я.Казлоў.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ДЗІШЧЫ,

пасёлак у Мінскім р-не; чыг. ст. на лініі Мінск—Орша. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПнУ ад г. Мінск. 8711 ж., 2673 двары (1997). Мінскі абл. вузел радыё- і тэлевяшчання. Мінскае вытв. прадпрыемства «Аграпрамэнерга», Цэнтр. геафіз. экспедыцыя, гандл., буд. і прамысл. базы. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, 2 аддз. сувязі. 2 царквы. У Вял. Айч. вайну дзейнічала Каладзішчанскае патрыятычнае падполле.

т. 7, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІКА́ДЗЕ (яп., літар. свяшчэнны вецер),

назва лётчыкаў ВПС і марской авіяцыі Японіі, якія станавіліся добраахвотнымі смертнікамі ў 2-ю сусв. вайну. К. кіраваў самалётам, які нёс бомбу ці зарад выбуховых рэчываў да моманту сутыкнення з варожым аб’ектам. Першы вылет К. зроблены 21.10.1944. Эфектыўнымі былі не больш за 20% іх вылетаў. Паводле звестак ЗША, яны патапілі 45 і пашкодзілі 300 баявых караблёў. У пераносным сэнсе К. — самаахвярны фанатык-смертнік.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАНІ́Р (ад франц. caponnière ніша),

1) ранейшае фартыфікацыйнае збудаванне для вядзення флангавага агню ў двух процілеглых напрамках (паўкапанір — у адным напрамку). Да 19 ст. К. ўзводзіліся ў крэпасцях для падоўжнага абстрэлу крапасных равоў. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся ў сістэме палявых пазіцый і ўмацаваных раёнаў.

2) Абвалаванае месца стаянкі самалётаў, ракет і інш. ваен. ўзбраення і тэхнікі для аховы ад асколкаў і ўдарнай хвалі пры выбухах авіябомбаў і снарадаў.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ АЛЬБЕ́РТ (Carlo Alberto; 2.10.1798, г. Турын, Італія —28.8.1849),

кароль Сардзінскага каралеўства (П’емонта) у 1831—49. З Савойскай дынастыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўвёў у П’емонце памяркоўна-ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут 1848), абвясціў вайну Аўстрыі (гл. Аўстра-італьянская вайна 1848—49); пасля паражэнняў каля Кустоцы (25.7.1848) і Навары (23.3.1849) адрокся ад прастола на карысць сына Віктара Эмануіла II, эмігрыраваў у Партугалію, дзе і памёр.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМА́ (Аляксандр Якаўлевіч) (14.10.1921, в. Першае Мая Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.2.1993),

поўны кавалер ордэна Славы. З 1940 працаваў на чыгунцы ў Магілёве. У Вял. Айч. вайну партызан-падрыўнік, з ліст. 1943 на фронце, кулямётчык. Вызначыўся ў 1943 у баі каля г.п. Парычы Гомельскай вобл., у 1944 пры фарсіраванні воднага рубяжа і ў баях на плацдарме ў Польшчы, у 1945 у баях ва Усх. Прусіі. Пасля вайны працаваў на радзіме.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)