АБАЛО́НКА ў будаўніцтве і тэхніцы,

прасторавая канструкцыя, абмежаваная 2 крывалінейнымі паверхнямі, адлегласць паміж якімі (таўшчыня абалонкі) малая ў параўнанні з астатнімі памерамі. У залежнасці ад геаметрыі паверхні адрозніваюць абалонку: дадатнай (сферычныя, эліпсоідныя), нулявой (цыліндрычныя, канічныя) і адмоўнай (гіпербалічныя) крывізны. Бываюць тонка- і таўстасценныя; адна-, двух- і шматслойныя; маналітныя, зборныя, зборна-маналітныя і інш. Вырабляюць абалонку з жалезабетону, сталі, лёгкіх сплаваў, пластмасы, драўніны і інш. Выкарыстоўваюць у пакрыццях і перакрыццях будынкаў, у канструкцыях лятальных апаратаў, ракет, суднаў, рэзервуараў, частак машын і інш.

Тыпы паверхняў абалонак у будаўніцтве: 1 — дадатнай, 2 — адмоўнай, 3 — нулявой крывізны.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКАВАЯ ФО́РМА,

ліцейная форма разавага выкарыстання з дзвюх змацаваных рэльефных паўформаў з таўшчынёй сценак 6—10 мм. Вырабляецца на аўтам. і паўаўтам. машынах з сумесі дробнага кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай парашкападобнай тэрмарэактыўнай смалы. Пры награванні смала плавіцца і абвалаквае пясчынкі, пры далейшым награванні — цвярдзее і звязвае пясок у трывалую абалонку. Паўформы змацоўваюць па фіксатарах з дапамогай скобаў, шрубцынгаў ці склейваюць. У абалонкавай форме атрымліваюць адліўкі масай да 100 кг. Расход фармовачнай сумесі ў 8—10 разоў меншы, чым пры ліцці ў пясчана-гліністыя формы.

Абалонкавая форма.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКІ ЗЯМЛІ́,

гл. Геасферы.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́ННІКІ, лічынкавахордавыя (Tunicata, Urochorda),

падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.

Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.

Да арт. Абалоннікі: 1 — бочачнік; 2 — пірасома; 3 — калонія сальпаў; 4 — асцыдыя халацынтыя гузакаватая.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛЯ́НКА,

рака на У Беларусі ў Талачынскім, Сенненскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток Лучосы. Даўж. 89 км. Пл. вадазбору каля 810 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., цячэ па Чашніцкай раўніне і Лучоскай нізіне. Даліна шыр. 0,6—0,8 км, у ніж. цячэнні да 2 км. Пойма двухбаковая, шыр. ад 0,2 да 0,3 км. Рэчышча звілістае, шыр. 5—10 м. Каля 70% гадавога сцёку прыпадае на вясну. У Талачынскім р-не на рацэ плаціна. Водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БАНА-ТЭ́РМЕ

(Ábano Terme),

бальнеагразевы курорт у Італіі. На Венецыянскай нізіне, на ПдЗ ад г. Падуя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма, адраджэнне пачалося ў 13 ст. Каля 150 крыніц тэрмальных (да 85 °C) радонавых водаў, сульфідныя гразі выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў дыхання, руху і апоры, нерв. сістэмы і гінекалагічнай сферы. Гасцініцы і пансіянаты.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАНДО́Н (франц. abandon) у марскім праве, права страхавальніка адмовіцца ад сваіх правоў на застрахаваную маёмасць на карысць страхоўшчыка і атрымаць поўную страхавую суму. Як правіла, робіцца ў выпадку прапажы, гібелі маёмасці, немэтазгоднасці аднаўлення ці рамонту судна. Заява аб абандоне павінна паступіць ад страхавальніка на працягу 6 месяцаў з моманту ўзнікнення для гэтага падстаў. Можа быць зроблена і ў аднабаковым парадку без пацвярджэння страхоўшчыка. У выніку абандона да страхоўшчыка пераходзяць усе правы на застрахаваную маёмасць.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАНЕМЕ́НТ

(франц. abonnement),

права юрыдычнай ці фізічнай асобы (абанента) на часовае карыстанне чым-н. (напр., тэлефонам, месцам ў тэатры, кнігамі ў б-цы), а таксама дакумент, які забяспечвае гэта права.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАНЕ́НТ

(ад франц. abonner падпісваць),

асоба, установа ці арг-цыя, якая мае права на карыстанне абанементам.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАНЕ́НЦКАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ, тэлекс,

электрычная сувязь паміж абанентамі шляхам непасрэднага двухбаковага абмену тэлегр. паведамленнямі. Ажыццяўляецца станцыямі абаненцкае тэлеграфаванне ручной або аўтам. сістэмы. На найб. адказных участках сувязі выкарыстоўваюць каналы частотнага тэлеграфавання.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)