АБАНДО́Н (франц. abandon) у марскім праве, права страхавальніка адмовіцца ад сваіх правоў на застрахаваную маёмасць на карысць страхоўшчыка і атрымаць поўную страхавую суму. Як правіла, робіцца ў выпадку прапажы, гібелі маёмасці, немэтазгоднасці аднаўлення ці рамонту судна. Заява аб абандоне павінна паступіць ад страхавальніка на працягу 6 месяцаў з моманту ўзнікнення для гэтага падстаў. Можа быць зроблена і ў аднабаковым парадку без пацвярджэння страхоўшчыка. У выніку абандона да страхоўшчыка пераходзяць усе правы на застрахаваную маёмасць.
т. 1, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)