сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВА́ДА (Nevada),
штат на З ЗША. Пл. 286,4 тыс.км². Нас. 1746,9 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — Карсан-Сіці, найб. гарады Лас-Вегас і Рына. Большая ч. штата ў горнай бяссцёкавай вобласці Вялікага Басейна; на З — адгор’і хр. Сьера-Невада. Клімат умераны, кантынентальны, вельмі сухі. Сярэдняя т-растудз. ў катлавінах 0—2 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў каля 200 ммза год (каля падножжа Сьера-Невады 100 мм). Рэк мала, яны малаводныя, на ПдУ — р. Каларада. Расліннасць паўпустынь і пустынь. Гал. галіны гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў і горная прам-сць. Развіты індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, турызм, курортная справа (кліматычныя курорты); 42,6% працоўных занята ў сферы абслугоўвання. Вытв-сць электраэнергіі 26,6 млрд.кВт∙гадз (1998). Працуюць электрастанцыі на каменным вугалі і прыродным газе. Буйная ГЭС Гувер на р. Каларада. Здабыча руд золата, медзі, серабра, вальфраму, жалеза, марганцу, малібдэну і поліметалаў, барыту, дыятаміту. Прадпрыемствы выпускаюць каляровыя металы, харч. прадукты, адзенне, пластмасы, асобныя віды абсталявання (аэракасмічнае, ірыгацыйнае, сейсмічнага кантролю і інш.). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — экстэнсіўная мясная жывёлагадоўля. Гадуюць (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 510, авечак — 85, свіней, птушку. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, цыбулю, часнок, ячмень, пшаніцу. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБЫТО́ЎСКІ (Аляксандр) (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),
бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).
Тв.:
Rozamunda. Wilno, 1844;
Barbara. Wilno, 1844;
Jadwiga. Paryż, 1845;
Rèves d’amour de gloir et de liberté. Paris, 1845;
Katarzyna Wielka. Paryż, 1846.
Jlim.: Александровіч С.Х. Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі: З гісторыі бел.-пол. літ. і грамадска-паліт. сувязей у 40-я гг. XIX ст.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.Хемінгуэя і Ф.С.Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),
рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні зхім. ракетнымі рухавікамі.
Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУЧА́ННЕ,
празаічны твор павучальнага характару. Узнік у стараж. л-ры пад уплывам візант. і балг.царк. прамоўніцкай прозы. Існаваў у форме дыдактычнага «слова», пропаведзі, прамовы. Ствараліся царк. і свецкімі аўтарамі. У Кіеўскай Русі вядома з сярэдзіны 11 ст.Найб. папулярнымі на бел. землях былі «словы» Іаана Златавуста (зб-кі «Златавуст», «Златаструй»), у якія пазней былі ўключаны «Словы» Кірылы Тураўскага, што далі матэрыял для стараж.-рус. зб-каў «Ізмарагд» і «Златыя чэпі», якія распаўсюджваліся (перапісваліся і друкаваліся) на Беларусі ў 12—18 ст.
Вылучаюць урачыста-ўзнёслыя і дыдактычныя П. Урачыста-ўзнёслыя П. апавядалі пра магутнасць рус. дзяржавы, яе князёў і г.д. («Слово о законе и благодати» мітрапаліта Іларыёна, «Словы» Кірылы Тураўскага). Дыдактычныя П. — «настаўленні ў веры», у якіх у даступнай форме, без рытарычных акрас апавядалася пра хрысціянскія ісціны або абрады (творы Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячэрскага). Лепшыя ўзоры П. выходзілі за межы рэліг.-царк. дыдактыкі, у іх ставіліся пытанні грамадскага значэння, асветніцтва, гуманізму (творы Грыгорыя Цамблака, Сімяона Полацкага, Георгія Каніскага). Асобна вылучаліся П.-звароты да сваіх дзяцей з мэтай перадачы ім жыццёвай і дзярж. мудрасці («Павучанне Уладзіміра Манамаха»). П. аб павазе да кніг змешчаны ў Ізборніках Святаслава 1073 і 1076.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎСКАЯ РА́ДА 1654,
сход прадстаўнікоў укр. народа, скліканы гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім 18.1.1654 у г. Пераяслаў (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобл.), на якім было прынята рашэнне аб далучэнні Украіны да Расійскай дзяржавы. Укр. старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку далучэння да Расіі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца рэліг. ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асн. прынцыпы аб’яднання агавораны напярэдадні рады паміж Б.Хмяльніцкім і рас. паслом В.В.Бутурліным. Раніцай 18 студз. Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што для захавання ўкр. вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі П.р. прысягнулі на вернасць рас. цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада аб згодзе прыняць Украіну ў склад Расіі. У сак. — крас. 1654 укр. пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў (т.зв. Сакавіцкія, або Пераяслаўскія, артыкулы), якія вызначалі ўмовы аўт. існавання Украіны ў складзе Рас. дзяржавы. Прыняцце Украіны ў рас. падданства папярэдне было адобрана 1(11).10.1653 на Земскім саборы ў Маскве, што аўтаматычна азначала абвяшчэнне вайны Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.
Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.М.Ляўданскі, Дз.І.Даўгяла, М.В.Доўнар-Запольскі, М.В.Мялешка, А.А.Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы стан стараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.Х.Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.
Літ.:
Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.Мн., 1926;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫАТЛАНТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА.
У Паўн. Амерыцы, у ЗША. Акаймоўвае Атлантычнае ўзбярэжжа ад Нью-Йорка да паўд. краю п-ва Фларыда. Шыр. ад 30 да 350 км. У аснове П.н. ляжаць палеазойскія крышт. структуры, перакрытыя вапнякамі і пясчанікамі мелу і палеагену. Паверхня плоская, выш. да 100 м. У паўн.ч. ўзбярэжжа расчлянёна глыбокімі залівамі (Дэлавэр, Чэсапікскі), на Пд — берагі лагуннага і маршавага тыпу са шматлікімі пясчанымі косамі, у паўд. краі Фларыды — каралавыя рыфы. Углыб П.н. лагуны змяняюцца азёрамі, балотамі і плоскімі марскімі тэрасамі, перарэзанымі шырокімі поймамі рэк. Уздоўж большай ч. ўзбярэжжа — цячэнне Гальфстрым. Клімат субтрапічны, мусоннага тыпу, на Пд Фларыды — трапічны. Зіма цёплая, дажджлівая, на Пд Фларыды — сухая. Сярэднія т-ры студз. 5—10 °C. Частыя цыклоны прыносяць дажджы і паніжэнне т-ры да 0 °C. Лета гарачае і дажджлівае. Сярэднія т-ры ліп. 22—28 °C. Ападкаў 1000—1400 ммза год. Лясы з хвоі доўгаіглістай, хлыстовай, ладаннай, факельнай. На водападзельных слабаўзгорыстых участках лясы мяшаныя хваёва-дубовыя, з карлікавай пальмай у падлеску; балоты. Вырошчваюць бавоўнік, тытунь, рыс, сорга. Яблыневыя і персікавыя сады. Гал. гарады: Нью-Йорк, Філадэльфія, Балтымар, Вашынгтон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЕ́НК, Пуланк (Poulenc) Франсіс (7.1.1899, Парыж — 30.1.1963), французскі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Р.Віньеса (фп.) і Ш.Кёклена (кампазіцыя). З 1920 чл.«Шасцёркі». Працаваў у розных жанрах (фп., вак., камерна-інстр. творы). Вял. ўвагу надаваў мелодыі (яго наз.франц. Шубертам). Абапіраўся на франц.нар. песеннасць, развіваў прынцыпы муз. прасодыі К.Дэбюсі, вак. дэкламацыйнасці М.Мусаргскага. Найб. дасягненні ў оперы: «Грудзі Тырэзія» (паводле Г.Апалінэра; паст. 1947), «Дыялогі кармелітак» (паводле Ж.Бернаноса; паст. 1957), манаопера «Чалавечы голас» (паводле Ж.Както; паст. 1959). Сярод інш. твораў: балеты «Лані» (са спевамі, паст. трупай «Рускі балет», 1924), «Ранішняя серэнада» (паст. 1930) і інш.; творы для салістаў, хор і арк.; канцэрты зарк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., хоры a cappella, у т. л.патрыят. кантата «Твар чалавечы» (на вершы П.Элюара, 1943); камерна-вак. творы, у т. л. больш за 160 песень на словы Апалінэра, Элюара, М.Жакоба, Както, рамансы; музыка да спектакляў, кіно і інш. Выступаў і як піяніст.
Літ. тв.: Рус.пер. — Письма. Л., 1970; Я и мои друзья. Л., 1977.