ДЫСПЕРГАВА́ННЕ (ад лац. dispergo рассейваю, рассыпаю),
тонкае здрабненне цвёрдых цел або вадкасцей, у выніку якога ўтвараюцца дысперсныя сістэмы (парашкі, суспензіі, эмульсіі, аэразолі). Д. вадкасці ў газавым асяроддзі (паветры) звычайна называецца распыленнем, у іншай вадкасці (якая не змешваецца з першай) — эмульгаваннем.
Д. цвёрдых цел робяць з дапамогай млыноў тонкага здрабнення (шаравых, вібрацыйных, калоідных, струменных і інш.), гукавых і ультрагукавых ваганняў; пры Д. вадкасцей выкарыстоўваюць таксама турбулентнае (віхравое) перамешванне, розныя гомагенізатары. Д. больш эфектыўнае ў прысутнасці паверхнева-актыўных рэчываў — дыспергатараў і эмульгатараў Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэментаў, напаўняльнікаў, фарбавальнікаў, пігментаў, харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, пры спальванні вадкага і цвёрдага паліва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ,
электраакустычная ці мех. прылада для моцнага ўзнаўлення гукаў (мовы, музыкі і інш.). Бывае эл.-дынамічны (найб. пашыраны), эл.-магн., п’езаэл., кандэнсатарны, пнеўматычны, рупарны. Эл.-акустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя эл. ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай мех.сістэмы (дыфузара, дыяфрагмы). Асн. параметры: намінальная магутнасць і паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск і інш.; накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак. Па эл.-акустычных параметрах адрозніваюць шырока- і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адно- і двухдыфузарныя, кааксіяльныя, круглыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГАНТАПІТЭ́К [ад грэч. gigas (gigantos) волат, гігант + pitēkos малпа],
род буйных выкапнёвых чалавекападобных малпаў, якія пражывалі ў паўд. і паўд.-ўсх. Азіі ў сярэдзіне антрапагену. У 1935—58 знойдзены 4 ніжнія сківіцы і больш за 1000 асобных вельмі вялікіх зубоў гігантапітэка (карэнныя зубы ў 6 разоў большыя за адпаведныя зубы сучаснага чалавека). Памеры цела гігантапітэка значна большыя, чым у чалавека (існуюць меркаванні, што гігантапітэк быў буйнейшы за гарылу і, магчыма, перасягаў 2,5 м). Па некат. адзнаках будовы зубной сістэмы гігантапітэк падобны да чалавека (адносна невялікія іклы), але ўся сківіца мае спецыялізацыю, характэрную для чалавекападобных малпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАЛА́МУС (ад гіпа... + таламус),
гіпаталамічная вобласць, аддзел прамежкавага мозга, які ўтварае дно і сценкі трэцяга мазгавога жалудачка.
Размешчаны ніжэй таламуса. Тонкай ножкай злучаецца з гіпофізам. Складаецца з ядраў — адасобленых скопішчаў нерв. клетак. Ад іх ідуць нерв. шляхі ў розныя аддзелы мозга. Гіпаталамус — найвышэйшы цэнтр вегетатыўнай нервовай сістэмы. Удзельнічае ў рэгуляцыі бялковага, вугляводнага, тлушчавага і водна-салявога абмену. Рэгулюе дзейнасць сэрца, крывяносных сасудаў, ціск крыві, тэмпературны баланс, уплывае на вонкавае выяўленне эмоцый у жывёл і чалавека. Пашкоджанні гіпаталамуса бываюць пры вострых інфекцыях, інтаксікацыях, чэрапна-мазгавых траўмах і інш.
Літ.:
Гращенков Н.И. Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРКІНЕ́ЗЫ (ад гіпер... + грэч. kenēsis рух),
міжвольныя рухі чалавека без біял. мэтазгоднасці і фізіял. сэнсу. Бываюць пры арган., у т. л. спадчынных, захворваннях ц. н. с. і пры неўрозах. У аснове гіперкінезаў — пашкоджанне нерв.сістэмы: ад кары паўшар’яў вял. мозга да сегментаў спіннога мозга. Да гіперкінезаў адносяць лакальныя і генералізаваныя цікі, харэю, атэтоз, тарсіённую дыстанію, міякланію, дрыжанне, гемібалізм і інш. Спалучаюцца са зменамі мышачнага тонусу; узмацняюцца пры хваляванні і эмацыянальным напружанні, знікаюць у час сну. Бываюць ізаляваныя і ў спалучэннях (цікі і харэя, харэя і атэтоз і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.
Літ.:
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РГАС (Уладзімір Фёдаравіч) (1835, г. Гродна — 1887),
расійскі ўсходазнавец-арабіст. Скончыў С.-Пецярбургскі ун-т (1858). З 1858 у Парыжы, у 1861—64 у Сірыі і Егіпце вывучаў арабскую мову, л-ру і культуру арабаў. Яго «Справаздача» аб паездцы (1864, рукапіс) — адна з першых у Расіі прац па араб. дыялекталогіі. З 1865 дацэнт, у 1873—85 праф. С.-Пецярбургскага ун-та. Аўтар навук. прац «Нарыс граматычнай сістэмы арабаў» (1873), «Нарыс арабскай літаратуры» (1875), «Арабская хрэстаматыя» (вып. 1—2, 1875—76, разам з В.Р.Розенам), «Слоўнік да «Арабскай хрэстаматыі» і «Карана» (1881). Падрыхтаваў да выдання гіст. творы Абу Ханіфы ад-Дынаверы (выйшлі ў 1888).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАМІ́Н,
C5H9N3, тканкавы гармон мясц. ўздзеяння, медыятар нерв.сістэмы, біягенны амін. Ёсць у значнай колькасці ў неактыўнай звязанай форме ў тлустых клетках розных органаў і тканак жывёл і чалавека (лёгкіх, печані, скуры), а таксама базафілах крыві. Утвараецца ў выніку дэкарбаксіліравання гістыдзіну. Пры ўзаемадзеянні антыгену (алергена) з малекуламі імунаглабулінаў, звязаных з тлустымі клеткамі, адбываецца вызваленне з клетак сакраторных пузыркоў, у якіх ёсць гістамін, што можа з’яўляцца прычынай алергічных рэакцый арганізма. Гістамін выступае ў ролі сігнальнай малекулы, як хімічны медыятар выклікае расшырэнне крывяносных капіляраў і павышэнне іх пранікальнасці, звужэнне буйных сасудаў, скарачэнне гладкай мускулатуры, рэзка павялічвае сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, пры якім пэўныя віды забруджвальнікаў выяўляюцца па ўсім зямным шары; адна з глабальных праблем сучаснасці (гл.Глабальная экалогія). Бывае глабальнае забруджванне атмасферы, вод, глебы і г.д. або як агульнае забруджванне хім. рэчывамі, у т. л. дыаксідам вугляроду (гл.Парніковы эфект), радыенуклідамі (гл.Радыеактыўнае забруджванне), лёгкалятучымі газамі (напр., фрэонамі), нафтапрадуктамі і інш. Інфармацыя пра глабальнае забруджванне падаецца праз сістэмыглабальнага маніторынгу, у т. л. назіранні на базе міжнар.біясферных запаведнікаў, са штучных спадарожнікаў Зямлі і інш. У фарміраванні глабальнага забруджвання значную ролю адыгрывае вышынны трансгранічны перанос забруджвальнікаў паветр. плынямі (напр., пры ўзрывах ядзерных бомбаў, аварыях на АЭС).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРЫЗО́НТ»,
вытворчае аб’яднанне ў Беларусі. Да 1996 Мінскае вытв. аб’яднанне «Гарызонт». Створана ў 1972 на базе Мінскага радыёзавода (Засн. ў 1950), з-да радыё- і тэлевізійных футаралаў (1963) і спец.КБ. Галаўным прадпрыемствам з’яўляецца Дзярж. прадпрыемства «Завод «Гарызонт». Уключае: з-д «Альмагор» (створаны ў 1992 на базе з-да радыё- і тэлевізійных футаралаў), навук.-вытв. комплекс «Сігнал» (арганізаваны ў 1989 на базе з-да «Сенсар»), НДІ лічбавага тэлебачання (1991), спецыялізаванае прадпрыемства кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання (1991), Гандл. дом «Гарызонт» (1996) — усе ў Мінску; з-д «Беліт» (г. Паставы, 1992). Асн. прадукцыя: каляровыя і чорна-белыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі, сістэмы кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́КІН (Яўген Васілевіч) (н. 29.12.1941, г. Чыта, Расія),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм. навук (1995). Скончыў Маскоўскі тэхн.ун-т (1965). З 1967 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы ў галіне дынамічнай галаграфіі, аптычнай апрацоўкі інфармацыі і фотатэрмічнай спектраскапіі. Эксперыментальна выявіў з’яву абарачэння хвалевага фронту пры нелінейна-аптычным узаемадзеянні (разам з Б.А.Сцяпанавым і К.С.Рубанавым), распрацаваў оптыка-электронныя сістэмы пошуку і апазнавання штучных і прыродных аб’ектаў у неаднародных асяроддзях. Дзярж. прэмія СССР 1983.
Тв.:
Развитие методов активной спектроскопии рэлеевского рассеяния света для изучения процессов теплопереноса (разам з АІ.Кіцаком, А.С.Рубанавым) // Изв. Рос. АН. Сер. физ. 1992. Т. 56, № 12.