ВЕНЕЦЫЯ́НСКІ ПАЛА́Ц ДО́ЖАЎ,

помнік італьян. архітэктуры 14—15 ст. у Венецыі. Разам з саборам, б-кай і інш. будынкамі ўтварае гал. арх. ансамбль горада. Былая рэзідэнцыя дожаў Венецыянскай рэспублікі; з канца 18 ст. — музей. Выкананы ў стылі венецыянскай готыкі (зах. корпус — 1424—42, арх. Дж. і Б.​Бон), часткова перабудаваны ў канцы 15—16 ст. ў стылі рэнесансу. У зале Вялікай Рады і інш. залах — пано і карціны П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Дж.​Б.​Цьепала і інш.

Венецыянскі Палац дожаў.

т. 4, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1916 з цэглы ў г. Вілейка Мінскай вобл. Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 2-ярусная званіца (чацвярык на прамавугольным прытворы), завершаная 8-гранным шатром з цыбулепадобным купалком, трапезная, асн. аб’ём з бакавымі прыдзеламі накрыты 4-схільным дахам з 5 купаламі, паўкруглая апсіда. Гал. ўваход вырашаны лучковым праёмам з круглым акном над ім. У дэкоры выкарыстаны формы стараж.-рус. дойлідства (бочкападобнае перакрыцце прыдзелаў, кілепадобныя ліштвы вокнаў, аркатура, парэбрык, філёнгі). Іл. гл. да арт. Вілейка.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1906—13 у г. Вілейка Мінскай вобл. паводле праекта арх. А.​Клейна. Спалучае рысы раманскай і гатычнай архітэктуры. Мураваная 3-нефавая базіліка з развітым трансептам, тарцы якога завершаны высокімі трохвугольнымі франтонамі, і 5-граннай апсідай з асіметрычнымі прыбудовамі па баках. Дамінанта кампазіцыі — вежа. Яе 4 бакі завершаны трохвугольнымі шчытамі з круглымі і стральчатымі аконнымі праёмамі, вуглы фланкіраваны маленькімі ігольчатымі вежамі. У інтэр’еры — размалёўка пад мазаічныя арабескі. Іл. гл. да арт. Вілейка.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СТЫЦКАЯ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры сталага барока. Пабудавана ў 1678 у в. Вістычы (Брэсцкі р-н) як касцёл цыстэрцыянцаў па фундацыі Тышкевічаў, з 1866 — праваслаўная царква. 3-нефавая бязвежавая базіліка з паўцыркульным апсідным завяршэннем цэнтр. нефа. Вось сіметрыі гал. фасада вызначана ўваходным арачным парталам. У дэкар. аздабленні фасада выкарыстаны падвойныя паўкалоны, раскрапаваныя прафіляваныя цягі, плоскія нішы разнастайных формаў. У інтэр’еры цэнтр. неф перакрыты цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Перад храмам — 2-ярусная драўляная чацверыковая званіца.

Т.​В.​Габрусь.

Вістыцкая Крыжаўзвіжанская царква.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ СЦЯНА́,

крапасная сцяна ў Паўн. Кітаі ад г. Цзяюйгуань да ўзбярэжжа Ляадунскага заліва (г. Шаньхайгуань), помнік стараж. дойлідства. Пабудавана для абароны паўн.-зах. межаў Кітая ад нападу вандроўных плямён. Першыя ўчасткі змураваны ў 4 — пач. 3 ст. да н.э., суцэльная сцяна — у 3 ст. н.э. Даўж. 4—5 тыс. км, выш. 6,6 м (месцамі да 10 м). Уздоўж сцяны казематы і вежы для аховы, каля гал. горных праходаў — крэпасці. Захавалася значная частка. Уключана ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

Вялікая кітайская сцяна.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎЯ,

рака ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. Беларусі і ў Літве, правы прыток Нёмана. Даўж. 100 км (у межах Беларусі 68 км). Пл. вадазбору 1680 км². Пачынаецца на паўд.-зах. схілах Ашмянскага узв. Шальчынінкскага р-на Літвы. Асн. прытокі: Клява, Якунька, Апіта, Жыжма. Даліна выразная. Пойма лугавая, шыр. 100—900 м. Рэчышча звілістае, на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,6 м³/с. На левым беразе ў в. Жамыслаўль Іўеўскага р-на помнік прыроды — Жамыслаўскі ясень.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,

помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. г. назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ЦКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.

Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал. фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.

Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пд ад в. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл. Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́СЛАЎ,

мемарыяльны комплекс на в-ве Зыслаў у Любанскім р-не, дзе ў Вял. Айч. вайну размяшчаўся цэнтр па кіраўніцтве партыз. рухам Мінскай вобл. Адкрыты ў 1969. Аўтар — арх. Г.​Заборскі. Уключае 14-метровы абеліск з трох вертыкальных плоскасцей, да якога вядзе лесвіца з 2 стэламі на яе пляцоўцы; помнік на магіле сав. воінаў і партызан; рэстаўрыраваныя партыз. зямлянкі; памятны знак накшталт вітка спіралі на месцы партыз. аэрадрома.

Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Памятны знак на месцы былога партызанскага аэрадрома.
Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Абеліск.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)