АЗЁРАЗНА́ЎСТВА, лімналогія,

галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.

Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.​А.​Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.​М.​Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.​С.​Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.​І.​Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.​М.​Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).

Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.​П.​Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.

В.​П.​Якушка.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,

сукупнасць найбольш значных адкрыццяў на сушы і ў моры, здзейсненых на працягу амаль усёй пісьмовай гісторыі чалавецтва. Традыцыйна іх атаясамліваюць толькі з адкрыццямі сярэдзіны 15 — сярэдзіны 17 ст. Да больш ранняга перыяду належаць адкрыцці: Паўд. Азіі і Індыйскага ак. (мараходы і купцы Харапскай цывілізацыі, 25—20 ст. да н.э.); паўд. ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнага і Чорнага мораў (крыцкія і ахейскія мараходы, 16—14 ст. да н.э.); Усх. Азіі (іньскія купцы, палкаводцы, мараходы, 16—8 ст. да н.э.); плаванне вакол Афрыкі і ўстанаўленне яе прыблізных памераў (фінікійскія мараходы, паміж 609 і 595 да н.э.); Паўн. Атлантыкі, в-ва Вялікабрытанія, Паўночнага і Балтыйскага мораў (Пітэас, не пазней 320 да н.э.); Грэнландыі і Паўн.-Усх. Амерыкі (Эйрык Раўдзі, Лейф Эйрыксан, 981—1004); Усх. Еўропы (арабскія падарожнікі, купцы і каланісты Кіеўскай Русі з 9—10 ст.). Важнае значэнне мелі адкрыцці 15—17 ст.: Цэнтр. і Паўд. Амерыкі (Х.Калумб, А.Веспучы і інш.; 1442—1502); марскога шляху з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама, 1497—99); першае кругасветнае плаванне (Ф.Магелан, 1519—22), якое даказала існаванне Сусветнага ак. і шарападобнасць Зямлі; Паўн. Азіі і праліва, што аддзяляе яе ад Паўн. Амерыкі (Ярмак, І.Масквіцін, С.Дзяжнёў, 1582—1648); Аўстраліі (А.Тасман, В.Янсзан, Ф.​Тэйсен, 1606—42). Вялікія геаграфічныя адкрыцці адбываліся і пазней: адкрыцці Паўн.-Зах. Амерыкі па р. Св. Лаўрэнція (М.С.Гвоздзеў, В.Берынг, А.І.Чырыкаў, 1732—41) і Антарктыды (Ф.Ф.Белінсгаўзен, М.П.Лазараў, 1820). Па навуковай значнасці да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў неабходна аднесці вынікі даследаванняў па выяўленні рэльефу дна Сусветнага ак. (Ч.Томсан, Дж.Мерэй, 1772—76) і адкрыццё адзінай планетарнай сістэмы сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў (Б.​Хейзен, Г.​Менард, Г.​Б.​Удзінцаў і інш., 1955—62).

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці і факты псіхічнага развіцця дзіцяці. Цесна звязана з сац. псіхалогіяй, педагогікай, фізіялогіяй, геранталогіяй і інш. Дз. п. мае значэнне для практыкі выхавання і навучання ў сям’і, дзіцячых дашкольных установах, школе. Веданне Дз. п.навук. аснова для распрацоўкі навуч. праграм, дыягностыкі псіхічнага развіцця дзяцей, павышэння эфектыўнасці выхаваўча-адукац. працэсу і інш. Псіхал. метады: назіранне, гутарка, аналіз вынікаў дзіцячай дзейнасці (выяўленчай, муз., мастацка-моўнай) эксперымент, тэставанне і інш. Асн. прадмет Дз.п. — раскрыццё агульных заканамернасцей псіхічнага развіцця ў антагенезе, устанаўленне ўзроставых перыядаў гэтага развіцця (гл. Узроставая псіхалогія), прычын і механізмаў пераходу ад аднаго перыяду да другога; важная роля адводзіцца асваенню дзецьмі гісторыка-культ. спадчыны, далучэнню іх да сусв. культуры, сацыялізацыі ў працэсе выхавання і навучання.

Дз.п. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. Яе стваральнік Д.​Тыдэман. У галіне Дз.п. ў розныя часы працавалі В.​Прэер, В.​Штэрн, К.​Грос, І.​М.​Сечанаў, К.​Дз.​Ушынскі і інш. Дз.п. стваралася працамі шэрагу вучоных (Ж.​Піяжэ, З.​Фрэйд, С.​Л.​Рубінштэйн, М.​І.​Лысіна, В.​В.​Давыдаў, В.​А.​Круцецкі і інш.). У Беларусі праблемы Дз.п. распрацоўваюцца на кафедрах псіхалогіі БДУ, Бел. пед. ун-та, Брэсцкага ун-та, Нац. ін-та адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Розныя ўзроставыя перыяды дзяцінства даследавалі бел. вучоныя Л.С.Выгоцкі, Р.​І.​Вадэйка, А.​П.​Ерась, Е.​А.​Панько, Ю.​М.​Карандышаў, Т.​М.​Савельева, Ф.​І.​Івашчанка, Н.​А.​Цыркун, Л.​Г.​Лысюк, Я.Л.Каламінскі, Л.​У.​Фінкевіч, А.​С.​Сляповіч і інш.

Літ.:

Валлон А. Психическое развитие ребенка М., 1967;

Выготский Л.С. Собр. соч. Т. 4. Детская психология. М., 1984;

Бондаренко Е.А. О психическом развитии ребенка. Мн., 1974;

Обухова Л.Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996.

Е.​А.​Панько.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАПАЛІ́ТЫКА,

канцэпцыя паліталогіі, паводле якой палітыка дзяржаў (у асн. знешняя) вызначаецца геагр. фактарамі (месцазнаходжаннем краіны, кліматам, прыроднымі рэсурсамі і інш.). У адзінстве з імі аналізуе таксама гіст., паліт. і інш. ўзаемадзейныя фактары (эканам. актыўнасць насельніцтва, яго сац. і паліт. культуру і інш.), што ўплываюць на стратэгічны патэнцыял дзяржавы, вызначаюць яе нац. палітыку. Разглядаецца як адно з фундаментальных паняццяў тэорыі міжнар. зносін. Характарызуе ролю і формы ўплыву геапаліт. становішча дзяржаў і іх блокаў на міжнар. працэсы.

Вытокі геапалітыкі ў ант. навуцы: Парменід (6 ст. да н.э.) адзначаў уплыў тэмпературных паясоў на жыццядзейнасць і норавы народаў. Арыстоцель даў геапаліт. ацэнку Крыта як астраўной краіны, Страбон узвысіў геаграфію да першапрычыны быцця дзяржаў. У 16—18 ст. прадстаўнікі геагр. дэтэрмінізму сцвярджалі ідэю аб’ектыўнага, зямнога фарміравання грамадства і яго інстытутаў пад уплывам геагр. умоў (Ш.​Л.​Мантэск’ё, А.Р.​Ж.​Цюрго і інш.). У 19 ст. К.​Рыхтэр, Г.​Т.​Бокль, В.​Кузэн, Ж.​Э.​Рэнан, І.​Тэн, І.​І.​Мечнікаў даследавалі ўплыў фактараў геагр. асяроддзя на грамадскія з’явы і працэсы. Станаўленню паліт. геаграфіі спрыялі працы Ф.​Ратцэля ў пач. 20 ст. Значэнне геагр. фактараў у ваенна-паліт. працэсах выявілася ў час 1-й сусв. вайны. Тады Р.​Чэлен (Швецыя) прапанаваў тэрмін геапалітыкі для апісання дзяржавы як арганізма, што імкнецца да расшырэння зоны існавання. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі канцэпцыя геапалітыкі пашырылася ў Германіі (К.​Гаўсгофер). Для абгрунтавання захопніцкай палітыкі ням. фашызм выкарыстоўваў паняцці «нац. межы» і «жыццёвая прастора нацыі». У пасляваенныя часы, асабліва ў перыяд «халоднай вайны», геапаліт. інтарэсы звышдзяржаў асацыіраваліся з дзейнасцю ваен. блокаў.

Геапалітычнае становішча Беларусі вызначаецца яе размяшчэннем у цэнтры Еўропы на шляхах зносін паміж У і З.

Н.​П.​Баранаў.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́Я РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія маюць у сабе золата Au у выгаднай для здабычы колькасці. Выяўлена больш за 30 мінералаў золата. Асн. прамысл. значэнне мае золата самароднае, менш значныя кюстэліт (каля 10—20% Au) і тэлурыды. Акрамя ўласна З.р. вядомы золатазмяшчальныя руды інш. металаў (медзі, нікелю, серабра, цынку, жалеза, марганцу). Паводле генезісу З.р. падзяляюцца на эндагенныя, экзагенныя (россыпы) і метамарфізаваныя. Практычна ўсе эндагенныя З.р. гідратэрмальнага паходжання і маюць золата ад 2—3 г да некалькіх соцень грам на тону пароды. Утвараюць масіўныя плітападобныя жылы (радовішчы Украіны, Казахстана, Ганы, Канады і інш.), сульфідныя жылы (радовішчы Расіі, Аўстраліі), паклады і трубападобныя целы (радовішчы Узбекістана, ЗША). Паводле саставу пераважаюць золата-сульфідна-кварцавыя і золата-кварцавыя З.р. Пробнасць золата ў іх 700—900. Экзагенныя З.р. знаходзяцца пераважна ў россыпах, радзей — у зонах акіслення золатазмяшчальных сульфідных радовішчаў. У россыпах З.р. прадстаўлены рыхлымі або слабасцэментаванымі прыпаверхневымі адкладамі, якія ўтвараюць рудныя пласты і струмені. Золата ў іх знаходзіцца ў выглядзе абкатаных і паўабкатаных зерняў, лусак, зросткаў з кварцам, самародкаў. Колькасць Au ад 100 мг/м³ да дзесяткаў грам у кубічным метры пароды, пробнасць 800—950. У зонах акіслення канцэнтрацыя золата ад 2—3 да 10 г/т. З.р. тут у выглядзе гнёздаў, лінзаў ці пакладаў складанай формы. Метамарфагенныя З.р. звязаны з пластамі залатаносных кангламератаў або гравелітаў (радовішчы ПАР, Ганы, Бразіліі і інш.). Золата ў іх у выглядзе зерняў змяшчаецца ў цэменце, трапляецца і ў форме тонкіх пражылак, якія сякуць кварцавую гальку. Колькасць 3—20 г/т, пробнасць больш за 900. Запасы золата ў свеце размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. На Беларусі вядомы толькі рудапраяўленні Au у россыпах і ўкрапанні ў пародах крышт. фундамента.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ВЫНАХО́ДНІК РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца вынаходнікам — аўтарам укаранёных у вытворчасць вынаходстваў, што ўносяць істотны ўклад у тэхн. прагрэс і маюць важнае дзяржаўнае значэнне, а таксама за шматгадовую вынаходніцкую дзейнасць. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 9.10.1959 існавала ганаровае званне заслужаны вынаходнік БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя вынаходнікі Рэспублікі Беларусь

1960. Д.​Л.​Калеснікаў, Ю.​І.​Карнацкі, Р.​С.​Неруш, Ю.​М.​Татараў.

1963. М.​І.​Несцярэнка.

1964. І.​П.​Агафонаў.

1966. Р.​І.​Халадзінскі.

1967. Дз.​А.​Антонаў, У.​А.​Белы, К.​В.​Кляменцьеў, А.​Я.​Розенберг.

1968. Ф.​Ц.​Лугаўнёў.

1970. В.​У.​Войцікаў, В.​І.​Жагіра, У.​С.​Кахановіч, І.​Д.​Мяніцкі, Л.​М.​Рэмаў.

1972. Н.​М.​Гімельфарб.

1975. В.​М.​Балакла, С.​І.​Даўгалёў, Б.​М.​Залуцкі, М.​А.​Якіменка.

1976. В.​А.​Сляпцоў.

1977. М.​П.​Шатэрнік.

1979. У.​С.​Балбасаў, І.​Г.​Зяньковіч, У.​А.​Лабуноў, В.​М.​Кандрацьеў.

1980. І.​М.​Плехаў, А.​С.​Шашнян.

1981. В.​П.​Далгоў, Э.​К.​Дзятко, Б.​І.​Купчынаў, У.​А.​Сітаў.

1984. Г.​І.​Аляксееў.

1986. Л.​Р.​Дубінскі, В.​С.​Парфіяновіч.

1988. М.​І.​Багдановіч, М.​М.​Слюсар, Г.І.​А.​Цакун.

1989. В.​К.​Дубікоўскі, С.​С.​Герцовіч, Я.​М.​Ішуцінаў, Г.​Л.​Калганаў, У.​А.​Канстанцінаў, А.​Дз.​Коўтун, А.​Б.​Краснікаў, Л.​Д.​Тарасенка, І.​І.​Шонараў, І.​З.​Шпак.

1990. У.​П.​Байкоў, У.​С.​Кастамараў, С.​Н.​Леках, М.​А.​Мяльгуй, А.​М.​Салагуб, Г.​І.​Сідарэнка, Л.​Л.​Счыслёнак, В.​Я.​Шчукін.

1991. А.​Г.​Асан-Джалалаў, У.​К.​Дабрынец, І.​М.​Шульга.

1992. Я.​І.​Маруковіч, А.​Дз.​Маслакоў.

т. 6, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАГРАФІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,

адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (ідэаграмы) найчасцей абазначаюць не гукі і склады, а паняцці. Асн. сістэмы І.п.: егіпецкае пісьмо, месапатамскі клінапіс, мая пісьмо, кітайскае пісьмо, часткова японскае пісьмо і інш.

І.п. ўзнікла на аснове піктаграфічнага пісьма Ператварэнне малюнка ў ідэаграму (і далей — у іерогліф) адбывалася на працягу доўгага часу. кожны піктаграфічны знак (малюнак) у выніку яго рэгулярнага і аднастайнага ўжывання ў свядомасці чалавека пачаў звязвацца з пэўным словам і яго абазначаць. Гэтая ўстойлівая сувязь прыводзіла да замацавання пэўнага стандарту ў выяве графічнага знака, да захавання яго абрысу, схемы і выпрацоўкі такой жа паслядоўнасці іх на пісьме, і слоў у жывым маўленні, што прадвызначыла развіццё ўласцівага пісьмоваму маўленню парадку слоў. У працэсе страты сваёй першапачатковай малюнкавай нагляднасці піктаграмы пачалі набываць уласную графічную каштоўнасць: той, хто пісаў, мог выбіраць графемы-ідэаграмы, якія ўжо замацаваліся ў грамадскай свядомасці. Паступова адзін і той жа малюнак-схема пачаў ужывацца ў прамым і пераносным, адцягненым значэнні (напр., малюнак вока — «вока» і «зрок»; вока і сляза — «гора»; нага — «нага», «стаяць», «ісці», «прыносіць» і інш.), а потым набыў цалкам характар ідэаграмы. У працэсе станаўлення І.п. ўзніклі спецыялізаваныя ідэаграмы для абазначэння інш. (акрамя кораня) значымых частак слова: напр., шумерскае 𒀸𒀸𒐕 [dingir] — «бог, святло»; 𒀸𒀸𒐕𒀸𒐕 [dingir-an] — «бога» (вінавальны склон адз. ліку). Гэта сведчыла пра пераход на больш высокую ступень абстрагавання ў станаўленні графічнай сістэмы.

У сучасных сістэмах пісьма і інш. семіятычных сістэмах часткова выкарыстоўваюцца ідэаграмы, што перадаюць значэнне слова, выразу або цэлага сказа (напр., лічбы, хім. сімвалы, дарожныя знакі, картаграфічныя абазначэнні і інш.).

Літ.:

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Фридрих И. История письма: Пер с нем. М., 1979;

Павленко НА История письма. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 7, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ННЕ ў кібернетыцы,

сукупнасць дзеянняў на аснове пэўнай інфармацыі, накіраваных на падтрыманне (ці паляпшэнне) функцыянавання аб’екта ў адпаведнасці з зададзенай праграмай (алгарытмам) або з мэтай функцыянавання; адзін з універсальных прынцыпаў кібернетыкі. К. — аснова функцыянавання многіх тэхн. сістэм, жывых арганізмаў і сац. структур (эканам., адм., ваенных). Асн. праблемы К.: фарміраванне крытэрыяў аптымізацыі, эфектыўныя спосабы апісання станаў і працэсаў, вызначэнне абмежаванняў і іх уплыў на ўласцівасці і характарыстыкі аб’ектаў К., самаарганізацыя, саманавучанне, адаптацыя да ўмоў навакольнага асяроддзя і інш.

Агульныя задачы К.: выбар структур, планаванне работы на розных інтэрвалах часу, аналіз функцыянавання і на яго аснове карэкціроўка планаў, а таксама рэалізацыя планаў і стратэгіі з улікам апрацоўкі інфармацыі аб ходзе іх выканання і выпраўлення парушэнняў, што ўзнікаюць у выніку адхіленняў. Аптымальнае К. забяспечвае экстрэмальнае значэнне прынятага крытэрыю эфектыўнасці. Найб. даследаваны аб’екты К. тэхн. прыроды, якія вывучае аўтаматычнага кіравання тэорыя. Адзначаюць К. з адаптацыяй у сістэме з няпоўнай апрыёрнай інфармацыяй аб кіравальным працэсе (К. змяняецца на аснове атрыманай інфармацыі аб працэсе). Развіваецца таксама тэорыя адаптыўных сістэм К., для якіх за мадэлі нявызначанасці прыняты стахастычныя мадэлі і выкарыстоўваецца статыстыка выпадковых велічынь і працэсаў. Праблемы тэорыі і даследаванняў аўтам. і аўтаматызаваных сістэм К. асвятляюцца ў час. Рас. АН «Автоматика и телемеханика», «Теория и системы управления» (да 1995 «Техническая кибернетика»), а таксама «Весці Нац. АН Беларусі».

У Беларусі даследаванні па пытаннях К. і распрацоўка сістэм К. праводзяцца ў ін-тах тэхн. кібернетыкі і прыкладной фізікі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі, НВА «Цэнтрсістэм». Гл. таксама Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.

Літ.:

Справочник по теории автоматического управления. М., 1987.

Г.​В.​Рымскі, М.​П.​Савік.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЯГРА́ФІЯ (ад крышталі + ...графія),

навука пра крышталі і крышт. стан матэрыі. Вывучае вонкавую форму, унутр. будову, фіз. ўласцівасці, рост, разбурэнне, сувязь паміж будовай і хім. саставам крышталёў. Даследуе прыродныя і сінт. крышталі. Падзяляецца на крышталяфізіку, крышталяхімію, геам. К. і крышталегенезіс. Геаметрычная К. вывучае вонкавую і ўнутр. сіметрыю крышталёў, формы крышт. мнагаграннікаў; крышталегенезіс — вывучэнне працэсаў зараджэння і росту крышталёў, іх фазавых пераходаў, структурных дэфектаў, зросткаў і інш. Звязана з мінералогіяй, петраграфіяй, геахіміяй і інш.

Зарадзілася ў старажытнасці. Як самаст. навука развіваецца з 2-й пал. 17 ст., з адкрыццём законаў пастаянства вуглоў у крышталях (Н.​Стэна, 1669), падвойнага праменепраламлення (Э.​Барталін, 1669), пастаянства пунктаў плаўлення крышт. рэчываў (Р.​Гук, 1668), з’явы аднароднасці і анізатропнасці крышталёў. Першы дапаможнік па К. апублікаваны Н.​Рамэ дэ Лілем (1772). У 2-й пал. 18 ст. М.​В.​Ламаносаў, Р.Ж.Гаюі (1784) і інш. выказалі меркаванне пра рашэцістую будову крышталёў. У 18—19 ст. Гаюі, А.​В.​Гадалін, Г.​В.​Вульф і інш. распрацавалі вучэнне пра сіметрыю крышталёў, яе развіў Я.С.Фёдараў (1890). У 19—20 ст. пачалося аптычнае вывучэнне шліфаў горных парод. Адкрыццё з’явы дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў (ням. фізік М.​Лаўэ, 1912) і распрацоўка метадаў рэнтгенаструктурнага аналізу (англ. фізікі У.Г. і У.Л.Брэг, 1913) дазволілі расшыфраваць крышт. структуру матэрыі. Уклад у К. зрабілі сав. вучоныя М.В.Бялоў, А.В.Шубнікаў, І.​В.​Абраімаў. Г.​Б.​Бокій, А.​І.​Кітайгародскі, І.​І.​Шафраноўскі і інш.

Прыкладное значэнне К. — распрацоўка метадаў штучнага вырошчвання крышталёў з папярэдне зададзенымі якасцямі, стварэнне новых сінт. матэрыялаў. Развіваецца вытв-сць сінт. крышталёў (кварцу, алмазу, германію, крэмнію і інш.).

Літ.:

Уиттекер Э. Кристаллография: Пер. с англ. М., 1983;

Егоров-Тисменко Ю.К., Литвинская Г.П., Загальская Ю.Г. Кристаллография. М., 1992.

С.​А.​Ціханаў.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,

граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.

У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») або мн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)