МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,

сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для вымярэння параметраў руху судна, лятальнага апарата (ЛА), інш. рухомых аб’ектаў, для вызначэння месцазнаходжання і кіравання імі; адзін с тэхн. сродкаў навігацыі.

Бываюць: аўтаномныя (дзейнічаюць без прыёму сігналаў ад знешніх крыніц) і неаўтаномныя (устанаўліваюцца на рухомым аб’екце, вызначаюць навігацыйныя параметры па сігналах наземных, марскіх, паветр. і касм. установак); паводле прынцыпу дзеяння — гіраскапічныя, магн., гідраўл., радыётэхн., гідраакустычныя, інерцыйныя, аптычныя, інфрачырвоныя, механічныя. Да Н.п. адносяцца авіягарызонты, авіякомпасы, аўтапілоты, аўтарулявыя, аўташтурманы, вышынямеры, компасы, у т. л. гіракомпасы, курсографы, лагі, лоты, у т. л. рэхалоты, пеленгатары, секстанты, хранометры, гіравертыкалі, нахіламеры, аўтапракладчыкі, вымяральнікі скорасці ЛА, прыёмаіндыкатары радыёнавігацыйных і гідраакустычных сістэм (прызначаны для вызначэння напрамкаў на перадаючыя станцыі, вымярэння адлегласцей да іх і атрымання па гэтых даных каардынат аб’екта з дапамогай ЭВМ або табліц і спец. карт).

В.​В.​Латушкін, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА ЛІКВІДА́ЦЫІ НЕПІСЬМЕ́ННАСЦІ ў Беларусі,

спецыяльная камісія пры Нар. Камісарыяце асветы БССР у 1920 г.

Створана паводле падпісанага У.​І.​Леніным дэкрэта ад 26.12.1919 аб ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва ва ўзросце ад 8 да 50 гадоў. Аналагічныя камісіі створаны таксама пры губ. і пав. аддзелах нар. асветы. У Беларусі ў 1921/22 навуч. г. ў школах для непісьменных займалася 12,2 тыс. чал., у школах павышанага тыпу — 2,7 тыс. дарослых. У 1923 у Мінску арганізавана грамадска-паліт. т-ва «Далоў непісьменнасць». У 1929 у БССР працавала каля 4 тыс. пунктаў і гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці, у якіх навучалася каля 75 тыс. чал. У 1932 уведзена абавязковае навучанне малапісьменных ва ўзросце ад 15 да 45 гадоў без адрыву ад вытв-сці Непісьменнасць сярод дарослага насельніцтва ў асн. ліквідавана да 1932.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ (Рыгор Ігнатавіч) (н. 18.6. 1926, Мінск),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1969). У 1947—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Для яго творчасці характэрна імкненне да дакумент. праўдзівасці адлюстравання падзей і асяроддзя дзеяння, прастата і выразнасць партрэтаў персанажаў. Сярод найб. значных фільмаў: дакументальныя — «Разведчыкі будучыні» (1957), «Цытадэль славы» (1961), «Янка Купала» (1962), «Ёсць такая зямля» (1964), «Арліная крыніца» (1966), «А зязюля кукавала...» (1972, прысвечаны Я.​Купалу), «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (1974); мастацкія — «Паланэз Агінскага» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Вуліца без канца» (1973), «Таму што кахаю» (1974), «Братушка» (з Ц.​Цанчавым), «Усяго адна ноч» (абодва 1976), «Расклад на паслязаўтра» (1979), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Белыя росы» (1983), «Мама, я жывы» (1985), «Восеньскія сны» (1987); тэлевізійны «Незвычайныя прыгоды Дзяніса Караблёва» (1979).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,

крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.

Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т. л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.

Літ.:

Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ ЛІТО́ЎСКАГА ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНАГА КАМІТЭ́ТА 1863,

праграмны дакумент паўстання 1863—64. Выдадзены 1.2.1863 у выглядзе друкаванага лістка на польск. мове з пячаткай Літ. правінцыяльнага к-та (ЛПК), які абвяшчаў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і салідарызаваўся з маніфестам варшаўскага Цэнтр. нац. к-та (ЦНК) ад 22.1.1863. Складаўся з 6 пунктаў, абвяшчаў усіх жыхароў Літвы і Беларусі «свабоднымі, як старапольская шляхта», панскім і дзярж. сялянам абяцаў «на вечныя часы ў поўнае ўладанне, без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны мелі да гэтага часу» (п. 2). «За гэта сяляне павінны, як шляхта, бараніць польскі край, грамадзянамі якога з’яўляюцца з сённяшняга дня» (п. 3). Беззямельным за ўдзел у паўстанні абяцаліся надзелы не менш як 3 маргі. Мелася і папярэджанне аб суровым пакаранні тых, хто будзе процідзейнічаць маніфесту.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ (устаноўчая). Адбылася нелегальна ў канцы кастр. 1923 у Вільні; прысутнічала 9 дэлегатаў ад Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Кампартыі Польшчы (КПРП). Склікана ў адпаведнасці з рашэннямі П з’езда КПРП пра неабходнасць стварэння «беларускай тэрытарыяльнай арганізацыі». Паводле рашэнняў канферэнцыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) павінна была дзейнічаць на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі ў складзе адзінай КПРП у адпаведнасці з яе праграмнымі ўстаноўкамі, разлічанымі на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне рабоча-сял. ўрада, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права самавызначэння Беларусі, уз’яднанне яе з БССР. У склад абранага ЦК КПЗБ увайшлі С.​А.​Дубовік (Балюк), А.​Буксгорн (Юльскі), С.​А.​Мертэнс (Скульскі), С.​Т.​Мілер (Шлёмка). У парт. арг-цыях на момант стварэння КПЗБ налічвалася 528 чал.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІХ (Галіна Аляксандраўна) (н. 27.11.1939, Масква),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1979). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1964). З 1964 у Т-ры-студыі кінаакцёра. У кіно з 1962 («Дзікі сабака Дзінга»). Творчая манера П. адметная псіхал. глыбінёй, шчырасцю, лірызмам, эмацыянальнасцю. Знялася ў фільмах: «Я крочу па Маскве» (1964), «Вернасць» (1965), «Журналіст» (1967), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Фронт без флангаў» (1975) і «Фронт за лініяй фронту» (1978; за абодва Дзярж. прэмія Расіі 1978), «Партрэт з дажджом» (1978), «Коней на пераправе не мяняюць» (1981), «Белыя росы» (1983), «Мордачка» (1990), «Амерыканскі дзядуля» (1993), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999), «Афінскія вечары», «Жанчын крыўдзіць не рэкамендуецца» (абодва 2000), тэлесерыялах «Пецярбургскія тайны» (1994—95), «Развязка пецярбургскіх тайнаў» (1997), «Прыпынак па патрабаванні» (2000) і інш.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,

феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.

Літ.:

Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, душэўныя хваробы,

расстройствы псіхічнай дзейнасці галаўнога мозга чалавека, пры якіх парушаюцца адлюстраванне навакольнага асяроддзя і самасвядомасць. Падзяляюцца на псіхозы і пагранічныя расстройствы. Пры псіхозах — неадэкватнае адлюстраванне рэчаіснасці з адпаведнай дэзарганізацыяй мэтанакіраваных паводзін, фарміраванне асаблівых псіхапаталаг. утварэнняў (галюцынацый, маній і інш.). Асн. віды псіхозаў: белая гарачка, маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія, эпілепсія, дэменцыя (набытая прыдуркаватасць, якая выклікаецца пашкоджаннем галаўнога мозга, часцей як вынік прагрэсіруючага атрафічнага працэсу ў мозгу або атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга). Пры пагранічных расстройствах (напр., неўрозы) адзначаюцца якасныя адхіленні ад нармальнага псіхічнага развіцця пры адэкватнасці паводзін і ўспрымання. П.х. могуць развівацца бесперапынна і прыступападобна, з паглыбленнем дэфекту асобы або без яго. Вывучае П.х. псіхіятрыя.

Літ.:

Руководство по психиатрии. Т. 1—2. М., 1988;

Клиническая психиатрия: Пер. с англ. М., 1999.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)