манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П. у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ШКО́ЛЫ (ТБШ),
культурна-асветная арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1921—36. Створана на аснове рашэння Цэнтр.бел. школьнай рады ў Вільні, статут зацверджаны 1.7.1921. Да яго далучылася ТБШ у Радашковічах, заснаванае Б.А.Тарашкевічам 7.12.1921. Акрамя Тарашкевіча, кіраўнікамі і актыўнымі дзеячамі ТБШ у розны час былі Р.К.Астроўскі, Ф.І.Валынец, Я.Е.Гаўрылік, І.М.Грэцкі, І.С.Дварчанін, П.П.Кізевіч, П.С.Крынчык, А.І.Луцкевіч, М.М.Марцінчык, П.В.Мятла, А.С.Неканда-Трэпка, С.К.Паўловіч, М.І.Пяткевіч, С.А.Рак-Міхайлоўскі, А.В.Станкевіч, Ф.І.Стацкевіч, А.М.Уласаў, Я.Шнаркевіч і інш. Паводле статута 1926 вышэйшым органам ТБШ быў з’езд, паміж з’ездамі — Гал. ўправа, якая мела Наглядную раду, акр. і пав. ўправы. Друкаваныя органы — «Бюлетэнь ТБШ», час. «Летапіс ТБШ» (гл.«Беларускі летапіс»), газ. «Шлях». Гал. мэта т-ва — «распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул». ТБШ выступала супраць паланізацыі, сац. прыгнёту, праводзіла шырокую дзейнасць па адкрыцці бел. школ, павышала агульнаадук. і культ. ўзровень насельніцтва, яго нац. свядомасць; наладжвала курсы для настаўнікаў, аказвала матэрыяльную і навуч.метадычную дапамогу Віленскай, Радашковіцкай, Навагрудскай, Клецкай і інш.бел. гімназіям і пач. школам, нелегальна накіроўвала моладзь на вучобу за мяжу, у т. л. ў БССР. З утварэннем Беларускага пасольскага клуба адстойвала нац. правы на парламенцкім узроўні. Для павышэння эфектыўнасці навучання і выхавання, абароны нац. адукацыі правяло ў 1923 у Вільні з’езд педагогаў бел. гімназій. Удзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасць (з 1921 у Вільні працавала Выдавецтва Таварыства беларускай школы). З 1926 ТБШ атрымала магчымасць легальнай працы ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім ваяв. Частка дзеячаў ТБШ з-за непрызнання рэв.-дэмакр. поглядаў стварыла ў 1926 альтэрнатыўную культ.-асв. арг-цыю — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК). У канцы 1927 у Зах. Беларусі дзейнічала 12 акр. упраў ТБШ — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме; у Вільні яе функцыі выконвала праўленне цэнтр.гар. гуртка. Першы з’езд ТБШ (28—29.12.1927, Вільня) пастанавіў дамагацца адкрыцця дзярж.бел. школ, бел. гімназій, настаўніцкіх курсаў і семінарый, стварэння бел. аддзелаў пры Віленскім і Палескім школьных папячыцельствах, заснавання кафедры беларусазнаўства ў Віленскім ун-це імя С.Баторыя і інш. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў дасягнула 430 (14—15 тыс.чал.), у сярэдзіне 1930 — больш за 500 (каля 30 тыс.чал.). Т-ва выкрывала антыбел. сутнасць школьнага заканадаўства Польшчы. арганізавала масавыя кампаніі падачы заяў аб адкрыцці бел. школ. У выніку ў 1927/28 навуч.г. адкрыта 78 бел. і польска-бел. школ, выпускнікам Віленскай бел. гімназіі дадзена права здаваць экзамены на атэстат сталасці, наладжваліся метадычныя канферэнцыі і інш. Для правядзення асв. работы сярод насельніцтва ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, б-кі, хаты-чытальні, клубы, нар. дамы, арганізоўвала драм. і харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні. Т-ва выказвала рашучы пратэст супраць закрыцця бел. гімназій і школ, выступала за дэмакратызацыю нар. адукацыі. Легальны характар ТБШ шырока выкарыстоўвала КПЗБ. Пасля забароны польскімі ўладамі ў жн. 1928 Гал. управы (да жн. 1929) адбылася палярызацыя поглядаў у кіраўніцтве ТБШ наконт характару яго дзейнасці. Дзеячы КПЗБ і клуба «Змаганне» выступалі за палітызацыю работы т-ва, прадстаўнікі нац.-дэмакр. інтэлігенцыі настойвалі абмежавацца толькі асв. працай, што ўспрымалася як згодніцтва. На нелегальным з’ездзе ТБШ у Вільні 19.5.1929 былі прыняты рэзалюцыі (агульнапалітычная, пратэст супраць праследаванняў з боку польскіх улад), а таксама выключаны з т-ва Астроўскі, Луцкевіч, Неканда-Трэпка, Шнаркевіч, А.Коўш і інш. Польскія ўлады перашкаджалі дзейнасці ТБШ, забаранялі акр. і пав. з’езды, управы, гурткі, клубы, б-кі, арыштоўвалі і судзілі кіраўнікоў, актывістаў; закрылі бел. гімназіі ў Радашковічах (1929), Клецку (1931), Навагрудку (1934), шэраг бел. пачатковых школ. У 1928 — ліп. 1930 забаронена дзейнасць 6 акр. упраў і больш як 300 гурткоў. 1—4.2.1933 у Вільні адбыўся суд над Гал. управай ТБШ. Абвінавачанне ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы» не было пацверджана — Стацкевіч, Р.Шырма, Пяткевіч былі апраўданы, М.Церах і Ю.Саковіч атрымалі па 3, Я.І.Скурко (М.Танк) — 2 гады турэмнага зняволення. Забаронена польск. ўладамі 2.12.1936.
Літ.:
Мятла П. Аб таварыстве беларускай школы і яго барацьбе. Мн., 1932;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993: Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел.гіст., часоп. 1994. № 2;
Яго ж. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Там жа. 1997. № 1;
Ягож. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання // Спадчына. 1996. № 5;
Ладысеў У. Выпрабаванні часам і жыццём: (Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Зах. Беларусі) // Бел.гіст.часоп. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЛІН (Tallinn) горад, сталіца Эстоніі, на Пн краіны. 435 тыс.ж. (1999). Порт у Фінскім зал. Балтыйскага м., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Гал.прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная, суднарамонт і суднабудаванне; лёгкая, хім., хіміка-фармацэўтычная, харч., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, паліграф., вытв-сць ювелірных вырабаў. АН Эстоніі, ун-т, тэатры.
У 10—11 ст. на месцы Т. было паселішча стараж. эстаў Лінданісе. Упершыню пад назваю Калывань упамінаецца ў 1154 араб. географам Ідрысі і ў рус. летапісах. У 1219 захоплены Даніяй. названы Рэвель (афіц. назва Т. да 1917). У 1230 у Т. ўведзена любекскае гар. права. З 1285 чл.Ганзы. У 1346—1561 уладанне Тэўтонскага, потым — Лівонскага ордэнаў. Гандляваў з Ноўгарадам, Псковам, Гданьскам. Любекам. Антверпенам і інш. У 1524 у Т. праведзена Рэфармацыя. У 1561—1710 пад уладай Швецыі. У 1569 горад бамбардзіраваны любекска-дацкім флотам. У 1570—71 і 1577 рус. войскі беспаспяхова імкнуліся захапіць Т. у ходзе Лівонскай вайны 1558—83. У 1591—92 б.ч. насельніцтва памерла ад чумы і голаду (1602). У 1634 пачалася мануфактурная вытворчасць. У Паўн. вайну 1700—21 адышоў да Расіі (1710), цэнтр Эстляндскай губ., пабудавана ваен. гавань. У 1790 каля Т. адмірал П.В.Чычагоў адбіў атаку швед. флоту. Пасля злучэння чыгункай з С.-Пецярбургам (1870) Т. — важны партовы горад і прамысл.цэнтр. У 1918—40 і з 1991 сталіца Эстоніі; у 1940—91 — Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. фашыстамі (1941—44).
Цэнтр. месца ў планіровачнай структуры Т. захоўвае (з невял. зменамі) Стары горад, які гістарычна падзяляецца на Вышгорад і Ніжні горад. На Вышгорадзе знаходзяцца Вышгародскі замак (закладзены ў 13 ст., неаднаразова перабудоўваўся, зах. і паўн. сцены з 3 вуглавымі вежамі 13—14 ст.), Домскі сабор (13—15 ст., готыка; прытвор і капэла 15—17 ст.; вежа 1779, арх. К.Л.Гейст, барока; надмагіллі 16—19 ст., у т. л. работы А.Пасера; вісячая кафедра 1686, скульпт. Х.Акерман), б. палац губернатара (1767—73, арх. І.Шульц, пераход ад барока да класіцызму), ансамбль будынкаў б.губ. суда (1784—92, арх. І.Маор, класіцызм). У Ніжнім горадзе захаваліся фрагменты крапасных сцен з 27 вежамі, у т. л. вежы «Пакс Маргарэтэ» («Тоўстая Маргарыта»; 1529, майстар Г.Конінгк), «Кік-ін-дэ-Кёк») («Глядзі ў кухню»; 15—17 ст.); ансамбль Ратушнай плошчы з ратушай (1402—04; вежа з флюгерам «Стары Томас», 1530), аптэкай 15—17 ст.; гатычныя храмы Нігулістэ (13—15 ст.), Пюхавайму (Св. Духа; 13—14 ст., разны алтар 1483, аўтар Б.Нотке), Олевістэ (14—15 ст., шпіль выш. 123,7 м, самы высокі ў Прыбалтыцы), будынкі Вял. гільдыі (цяпер гіст. музей; 1407—10), брацтва Чорнагаловых (1597, арх. Пасер, рэнесанс). У межах горада руіны 3-нефавай царквы манастыра св. Брыгіты (1407—36), палацава-паркавы ансамбль Кадрыёрг (цяпер маст. музей; 1718—25, арх. Н.Мікеці, М.Зямцоў, барока). У 19 ст. сярэдневяковыя будынкі набылі «ўзорныя» фасады ў духу класіцызму. Жылыя раёны Т. забудоўваліся пераважна 1—2 павярховымі дамамі, будынкамі ў духу эклектыкі і мадэрна (адм. будынак на Пярнускай шашы, 1912, арх. Э.Саарынен; т-р «Эстонія», 1913, арх. А.Ліндгрэн, перабудаваны). Будынкі 1930-х г. з рысамі функцыяналізму (Дом мастака, арх. Э.Куузік, А.Соанс). У Вял.Айч. вайну многія збудаванні зруйнаваны. У пасляваен. гады горад адноўлены, пабудаваны жылыя раёны (Мустамяэ, Ласнамяэ і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: ансамбль Пеўчага поля з эстрадай (1960, арх. А.Котлі, Х.Сепман і інш., інж. Э.Паальман), Політэхн.ін-т (1962—69, арх. У.Тэльпус і інш.), гасцініцы «Віру» (1972. арх. М.Порт, Сепман, В.Там і інш.) і «Алімпія» (1980, арх. Т.Каллас, Р.Керэтэн і інш.), Алімп. цэнтр ветразевага спорту ў Пірыце (арх. Х.Лоавеэр, Сепман, П.Янес і інш.). Палац культуры і спорту (абодва 1980, арх. Р.Карп, Р.Алтмяэ). У Т. парк-музей (скансэн) нар. дойлідства і побыту «Рок аль Марэ» (з 1957); 16 музеяў, у т. л.маст., гіст., марскі, прыроды; т-ры Нацыянальная опера «Эстонія» і Нац. балет, эстр., драм., рус.драм., юнага гледача, лялек. Гіст. цэнтр Т. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларусы ў Таліне. Пасля 1-й сусв. вайны ў горадзе дзейнічалі рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (снеж. 1919—жн. 1920). У выніку распаду СССР і абвяшчэння незалежнасці Эстоніі і Беларусі ў Т. актывізавалася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў. З 1993 выдаецца бел.гіст. часопіс «Грунвальд». У 1994 засн. Беларускі культ. цэнтр «Бацькаўшчына». У Т. жыве каля палавіны бел. дыяспары ў Эстоніі (прыбл. 10 тыс.чал.).
Літ.:
Брунс Д., Кангропооль Р. Таллин. 2 изд. Л., 1980;
Розенберг И. Музеи Таллина. Таллин, 1983.
Талін. Вежа «Пакс Маргарэтэ» («Тоўстая Маргарыта»).Талін. Фрагмент крапасной сцяны.Талін. Від Старога горада.Панарама Таліна.Талін. Пеўчае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКРАНІЗА́ЦЫЯ,
інтэрпрэтацыя сродкамі кіно твораў інш. роду або віду мастацтва — прозы, драмы, паэзіі, тэатра, оперы, балета. Э. складае вял.ч. вытворчасці кіна- і тэлефільмаў.
Да Э. кінематограф звярнуўся з першых гадоў існавання. Спачатку гэта былі кінаілюстрацыі, «жывыя. карціны» («Фауст і Мефістофель», 1896, рэж. Ж.Мельес; «Панізовая вольніца». 1908, рэж. В.Ганчароў). У 1900 экранізавана трагедыя У.Шэкспіра «Гамлет». Паводле твораў А.Пушкіна ў першы год кінавытворчасці ў Расіі знята каля 50 фільмаў. Пазней адносіны паміж кіно і л-рай становяцца больш глыбокімі і сур’ёзнымі. Паступова склаліся 2 падыходы да Э.: інтэрпрэтацыя вобразаў л-ры (нароўні з вобразамі фальклору, сюжэтамі гісторыі) нават з перанясеннем месца і часу дзеяння («Ідыёт», 1951, рэж. А.Курасава; «Белыя ночы», 1957, рэж. Л.Вісконці; «Пакорлівая», 1969, рэж. Р.Брэсон — усе паводле твораў Ф.Дастаеўскага; «Імя Кармэн», 1983, рэж. Ж.Л.Гадар, паводле П.Мерымэ; «Чэхаўскія матывы», 2002, рэж. К.Муратава, паводле А.Чэхава, і інш.) і амаль «парадковае» прачытанне (найперш у шматсерыйных тэлеэкранізацыях: «Гордасць і забабоны», 1995, рэж. С.Лэнгтан, паводле Дж.Осцін; «Ідыёт», 2003, рэж. У.Бортка, паводле Дастаеўскага, і інш.). Кінематаграфісты розных краін звярталіся да Э. нац. класікі: «Адвержаныя» паводле В.Гюго (1925, рэж. А.Фекур), «Маці» паводле М.Горкага (1926, рэж. У.Пудоўкін), «Генрых V» паводле Шэкспіра (1944, рэж. Л.Аліўе), «Вайна і мір» паводле Л.Талстога (1966—67, рэж. С.Бандарчук), «Дэкамерон» паводле Дж.Бакачыо (1970, рэж. П.П.Пазаліні), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» паводле твораў Чэхава (1977, рэж. М.Міхалкоў), «Каралева Марго» паводле А.Дзюма (1994, рэж. П.Шэро) і інш. Інтэрпрэтаваліся і замежныя творы: «Гамлет» (1964, рэж. Р.Козінцаў), «Салярыс» паводле С.Лема (1972, рэж. А.Таркоўскі), «Чатыры ночы летуценніка» паводле аповесці Дастаеўскага «Белыя ночы» (1972, рэж. Брэсон), «Кветка тысячы і адной ночы» паводле казак з «Тысячы і адной ночы» (1973, рэж. Пазаліні), «Дэрсу Узала» паводле У.Арсеньева (1976, рэж. Курасава) і інш. Сярод лепшых кінафільмаў таксама Э. твораў: «Макціг» Ф.Норыса («Прагнасць», 1924, рэж. Э.Штрогейм), «Чапаеў» Дз.Фурманава (1934, рэж. Г. і С. Васільевы), «Браты Карамазавы» Дастаеўскага (1969, рэж. І.Пыр’еў), «Сотнікаў» В.Быкава («Узыходжанне», 1977, рэж. Л.Шапіцька) і інш.
Э. адыгралі значную ролю ў станаўленні і развіцці бел. кіно. Першы бел. ігравы фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч) быў Э. аповесці М.Чарота «Свінапас». У 1920—30-я г. на кінастудыі «Савецкая Беларусь» экранізаваліся творы З.Бядулі, А.Вольнага, Я.Коласа, Я.Маўра, Ю.Тынянава, Чэхава і інш. У першыя пасляваен. гады экранізавалі пераважна п’есы, т.зв. фільмы-спектаклі: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (1949, рэж. У.Корш-Саблін і А.Файнцымер), «Паўлінка» Я.Купалы (1952, рэж. А.Зархі), «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954, рэж. Корш-Саблін) і інш. З 2-й пал. 1950-х г. са станаўленнем «празаічнага» кіно створаны кіна- і тэлефільмы паводле твораў М.Лынькова «Міколка-паравоз» (1957, рэж. Л.Голуб), Я.Коласа «На ростанях» («Першыя выпрабаванні», 1960—61, рэж. Корш-Саблін), Быкава «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Р.Віктараў), «Альпійская балада» (1966, рэж.Б.Сцяпанаў), «Доўгія вёрсты вайны» (1975, рэж. А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. В.Нікіфараў), «Знак бяды» (1986, рэж. М.Пташук), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.Князеў), А.Адамовіча «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой» (абодва 1970, рэж. В.Тураў), «Хатынская аповесць» і «Карнікі» («Ідзі і глядзі», 1985, рэж. Э.Клімаў; з «Масфільмам»), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980, рэж. В.Рубінчык), «Маці Урагану» (1990, рэж. Ю.Марухін), І.Шамякіна «Шлюбная ноч» (1980, рэж. Карпаў), «Вазьму твой боль» (1981, рэж. Пташук), Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (1982, рэж.Б.Луцэнка), «Тутэйшыя» (1993, рэж. В.Панамароў), І.Мележа «Людзі на балоце» (1982), «Подых навальніцы» (1983, рэж. абодвух Тураў), В.Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» (1983, рэж. В.Рыбараў), «Ятрынская ведзьма» (1991, Б.Шадурскі), В.Казько «Суд у слабадзе» («Сведка», 1985, рэж. Рыбараў), «Чорны бусел» (1993, рэж. Тураў), Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня» (1994, рэж. Тураў), а таксама П.Броўкі, Я.Брыля, С.Грахоўскага, А.Дударава, М.Зарэцкага, А.Кулакоўскага, А.Макаёнка, Г.Марчука, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, І.Чыгрынава і інш. На кінастудыі «Беларусьфільм» экранізаваны многія творы рус. і замежнай класікі, у т. л. А.Астроўскага, І.Буніна, Дастаеўскага, І.Тургенева, Х.К.Андэрсена, Дж.Лондана, О.Уайльда і інш. Ставіліся фільмы паводле твораў сучасных рус. і замежных пісьменнікаў: У.Багамолава («У жніўні 44-га», 2000, рэж. Пташук), В.Бялова, М.Варфаламеева, Т.Габэ, В.Драгунскага, А.Ліханава, В.Шукшына, Э.С.Гарднера, Ж.Сіменона, Р.Уорэна і інш.
Літ.:
Погожева Л. Из книги в фильм. М., 1961;
Маневич И. Кино и литература. М., 1966;
Гуральник У. Фильмы, рожденные книгой. М., 1973;
Экран и книга за рубежом. М., 1988;
Классическое наследие и современный кинематограф. Л., 1988.
Л.М.Зайцава.
Да арт.Экранізацыя. Кадр з кінафільма «Трэцяя ракета».Да арт.Экранізацыя. Кадр з кінафільма «Дэрсу Узала».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРАЛОГІЯ
Культуралагічныя даследаванні ў Беларусі пачаліся ў эпоху Адраджэння. Праблемы нац. і рэліг. самаідэнтыфікацыі, біблейскай і антычнай традыцый адлюстроўваліся ў творах Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Сарбеўскага, Сімяона Полацкага, М.Сматрыцкага, А.Філіповіча. Да навук. асэнсавання праблем айчыннай культуры бел. даследчыкі звярнуліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пытанні бел. культуры закраналіся ў этнаграфічных і фальклорных працах Л.Бароўскага, П.А.Бяссонава, Я.Ф.Карскага, М.І.Каспяровіча, А.Г.Кіркора, Ю.Ф.Крачкоўскага, М.Я.Нікіфароўскага, Я.П.Тышкевіча, Е.Р.Раманава, І.А.Сербава, М.Федароўскага, П.В. Шэйна і інш. На аснове комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення фактычнага матэрыялу яны абгрунтавалі нац. самабытнасць беларусаў як самастойнага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру. Культуралогія як частка комплекснай гуманіт. навукі фарміравалася на стыку гісторыі, філасофіі, сацыялогіі, псіхалогіі, антрапалогіі, этналогіі, мастацтвазнаўства, семіётыкі, лінгвістыкі і інш. навук.
У 2-й пал. 20 ст. вызначальную ролю ў распрацоўцы тэорыі і гісторыі айч. культуры адыгралі бел. вучоныя Г.І.Барышаў, Я.М.Бабосаў, Ю.А.Гусеў, Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, М.І.Крукоўскі, Г.А.Каханоўскі, А.Б.Ладыгіна, А.І.Лакотка, А.В.Мальдзіс, У.Ф.Мартынаў, І.В.Марозаў, В.Ф.Нячай, І.Д.Розенфельд, Я.М.Сахута, Р.Б.Смольскі, В.У.Пазнякоў, В.Ф.Шматаў і інш. У навук. працах разгледжаны праблемы развіцця бел. нацыі, сацыядынамікі культуры ў яе нац. традыцыях і асаблівасцях у кантэксце ўзаемадзеяння са станаўленнем і праяўленнямі спецыфічна бел. менталітэту, нац. самасвядомасці бел. народа ў мінулыя эпохі і ў сучасны перыяд.Бел. культуролагі даследуюць заканамернасці развіцця і функцыянавання культуры, яе структуру і дынаміку, (Я.М.Бабосаў, Э.К.Дарашэвіч, М.І.Крукоўскі, С.В.Лапіна, А.І.Смолік), этнічныя і духоўныя асновы культуры і быцця чалавека (Т.І.Адула, П.Р.Ігнатовіч, А.С.Майхровіч, Ю.В.Чарняўская), праблемы тэорыі каштоўнасці і варыятыўнасці культуры (А.М.Пакроўская), дыялектыку ментальнасці і нац. культуры, узаемадзеяння розных культур і цывілізацый свету (В.В.Брыгадзіна, Э.С.Дубянецкі, І.І.Касперава, У.П.Люкевіч). Новым кірункам у культуралогіі стала архітэктурная герменеўтыка (працы І.В.Марозава «Таямнічым шляхам Гермеса», 1994; «Архітэктурная герменеўтыка», 1999). Вывучэнню сутнасных праяў прыгажосці, што дэтэрмінуюць развіццё культуры, прысвечаны працы У.Ф.Мартынава «Філасофія прыгажосці» (1999) і «Эстэтыка» (2004). Вучоныя культуролагі Ю.Г.Болатава, С.Л.Вілейка, А.А.Каспярук, І.Л.Коган, Э.А.Усоўская, Т.І.Якавук і інш. даследуюць аксіялагічныя асновы маст. культуры, пытанні генезісу, тыпалогіі і механізмаў захавання традыц. культуры, ролі і месца этыкі і рэлігіі ў структуры культ. арганізма.
У Бел. ун-це культуры падрыхтаваны і выдадзены працы, прысвечаныя ролі духоўнай культуры ў рэгуляцыі розных сфер сац. быцця ва ўмовах сістэмнай трансфармацыі грамадства, дзейнасці сацыякультурных інстытутаў, якія забяспечваюць функцыянаванне культуры: «Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме» А.І.Смоліка (1999), «Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію» М.І.Крукоўскага (2001), «Этнічныя асновы культуры» П.Р.Ігнатовіча і Ю.В.Чарняўскай (2001) і інш. Даследаванні культуры канкрэтных сац. арганізмаў, што існуюць у пэўных прасторава-часавых межах, а таксама культуры рэгіёнаў вядуцца ў Гродзенскім ун-це (І.В.Бусько, Э.А.Малько, С.З.Сямернік, І.Д.Розенфельд, М.А.Валковіч, Т.Р.Бараноўская). У Бел. ін-це праблем культуры (І.Б.Багачова, Р.Л.Бузук, І.І.Кулік, Л.І.Ракавецкая, У.П.Скараходаў) і Рэсп. ін-це вышэйшай школы (Ю.Ю.Гафарава, М.Р.Жбанкоў, В.У.Пазнякоў, Я.С.Яскевіч) праводзяцца фундаментальныя даследаванні асноў нац.-культ. развіцця ва ўмовах дэмакр. прававой дзяржавы, развіцця нар. творчасці і прафес. мастацтва, узаемадзеяння бел. культуры з інш. культурамі свету, распрацоўваецца канцэпцыя культуралагічнай адукацыі моладзі.
Выдадзены шэраг калект. і індывід.навуч. дапаможнікаў па культуралогіі, тэорыі і гісторыі культуры, асобных праблемах культуразнаўства і культурна-філас. антрапалогіі (В.В.Брыгадзіна, У.У.Качаноўскі, М.Д.Каўшараў, Н.А.Круталевіч, С.В.Лапіна, І.Я.Левяш, У.Ф.Мартынаў, Т.Я.Мінянкоў, С.Я.Парашкоў, Н.А.Рабцова, Ю.В.Чарняўская, І.Я.Шыршоў); навук. даведнік «Культура Беларусі XI—XIX ст.» А.І.Смоліка (1995). У 2003 выйшаў у свет энцыклапедычны даведнік Э.С.Дубянецкага «Культуралогія», у якім змест асн. паняццяў, тэрмінаў і феноменаў культуры арганічна ўвязаны з гісторыяй і рэальнымі працэсамі этнакультурнага развіцця бел. грамадства.
Літ.:
Роль культуры в формировании личности. Мн., 1980;
Ширшов И.Е. Динамика культуры. Мн., 1980;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996;
Смолік А.І. Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме. Мн., 1999;
Морозов И.В. Архетипы культуры: Основы культурологии. Мн., 2001;
Потапенко Н.Я. Культура как самоорганизующаяся система. Мн., 2003;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ
Гістарыяграфія як навуковая дысцыпліна на Беларусі пачала фарміравацца ў 1920-я г., калі з’явіліся першыя праблемныя працы з аналізам вывучэння гісторыі Беларусі, бальшавізму, рэв. руху, Кастр. рэвалюцыі, ідэйна-тэарэтычнай барацьбы (І.П.Ашаровіч, У.М.Ігнатоўскі, У.І.Пічэта, В.К.Шчарбакоў і інш.). Значны матэрыял па гісторыі навукі ў 19 — пач. 20 ст. ёсць у працы А.Цвікевіча «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX ст.» (1929, 2-е выд. 1993). У пасляваен. гады ў зборніках, прысвечаных юбілейным угодкам БССР, друкаваліся кароткія гістарыяграфічныя нарысы, падводзіліся вынікі вывучэння археалогіі і гісторыі Беларусі, аналізаваліся падрыхтоўка кадраў і дзейнасць н.-д. устаноў (М.Б.Біч, З.Ю.Капыскі, Я.М.Карпачоў, І.С.Краўчанка, І.Я.Марчанка, У.М.Перцаў, А.П. П’янкоў і інш.). Асн. ўвага ў іх сканцэнтравалася на асвятленні асобных праблем (Біч, Г.Я.Галенчанка, А.П.Грыцкевіч, Э.Р.Іофе, Н.У.Казлоўская, Н.В.Каменская, Г.А.Каханоўскі, Л.Ю.Малыхіна, У.М.Міхнюк, В.І.Мялешка, П.Ц.Петрыкаў, А.А.Савіч, П.А.Селіванаў, С.І.Сіткевіч, М.С.Сташкевіч і інш.). Выдадзены манаграфіі і абаронены дысертацыі пра У.М.Перцава і М.М.Нікольскага (аўтар М.Б.Батвіннік). У.І.Пічэту (калектыў аўтараў), Ігнатоўскага (І.Дз.Мацяс), П.В.Баброўскага (А.І.Мялешка), Дз.І.Даўгялу (М.Ф.Шумейка), М.В.Доўнар-Запольскага (П.С.Кручок) і інш. Даследавалася дзейнасць Ін-та бел. культуры, АНБССР, Ін-та гісторыі АНБССР, БДУ, Гродзенскага ун-та, Мінскага пед. ун-та і інш. Распрацоўваліся пытанні крыніцазнаўства, архіўнага будаўніцтва, археаграфіі (А.І.Азараў, З.Ю.Капыскі, Ю.У.Несцяровіч, М.М.Улашчык, С.М.Ходзін, І.Э.Яленская), гісторыі краязнаўства (Г.А.Каханоўскі), археалогіі (В.С.Вяргей), этнаграфіі (В.К.Бандарчык), усеагульнай гісторыі (В.А.Астрога, Г.М.Ліўшыц, Ф.М.Нячай, Л.М.Шнеерсон). Сфарміраваўся новы кірунак — вывучэнне немарксісцкай гістарыяграфіі. Работы, прысвечаныя гэтай тэматыцы, нясуць на сабе адбітак часу, выяўляюць тэарэтычна-метадалагічныя пазіцыі аўтараў, дазваляюць больш поўна зразумець гістарыяграфічную сітуацыю (І.А.Брадко, Г.Я.Галенчанка, М.Л.Іваноў, В.П.Раманоўскі, А.В.Сямёнава). З 1990-х г. яны трацяць свой апрыёрна-канфрантацыйны характар і пачынаюць больш узважана і пазітыўна ставіцца да набыткаў замежнай гістарыяграфіі (А.В.Кур’яновіч, В.І.Мянькоўскі, С.Я.Новікаў, В.М.Шутава). У 1980-я г. падрыхтавана манаграфія, прысвечаная гісторыі навукі ў міжваенны перыяд (У.М.Міхнюк), абаронены дысертацыі, прысвечаныя развіццю гіст. навукі ў пасляваен. гады (В.Ц.Леанавец, Л.П.Храпко, І.І.Шаўчук). З 1990-х г. робяцца спробы адысці ад папярэдніх штампаў у перыядызацыі гісторыі гіст. навукі (П.Ц.Петрыкаў і інш.). Пачаў комплексна даследавацца гістарыяграфічны працэс на Беларусі ў 18 — пач. 20 ст. (Дз.У.Караў). Спроба паказаць агульную карціну развіцця гіст. думкі з 9 да пач. 20 ст. зроблена ў калектыўнай працы «Нарысы гісторыі навукі і культуры Беларусі» (1996). Адметнай з’явай для гіст. навукі Беларусі стала ўвага даследчыкаў да тэарэтычна-метадалагічнага інструментарыя папярэдніх навукоўцаў — прадстаўнікоў рас. гістарыяграфіі (М.І.Мацюшэўская, А.М.Нечухрын), да філасофскіх і метадалагічных праблем гіст. навукі (А.Г.Каханоўскі, Б.М.Ляпешка, У.Н.Сідарцоў). Праведзены навук. канферэнцыі па гістарыяграфіі (Мінск, 1999; Гродна, 2001, і інш.).
Літ.:
Пичета В.И. Новые работы по истории Белоруссии // Вестн. Наркомпроса Белоруссии. 1921. №2; 1922. №1—4; Шчарбакоў В.К. Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі. Мн., 1934; Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973; Достижения исторической науки в БССР за 60 лет. Мн., 1979; Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984; Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985; Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР: Эпоха феодализма. Мн., 1986; Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992; Институт истории АН Беларуси: Краткий очерк. Мн., 1992; Карев Д.В. Белорусская историография конца XVIII — начала XX вв. // Наш радавод. Гродна, 1993. Кн. 5, ч. 2; Шутова О. На пути к Истории Людей: заметки по истории исторической мысли (конец XX века). Мн., 1999; Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця: Матэрыялы навук.канф., прысвечанай 70-годдзю Ін-та гісторыі НАН Беларусі (Мінск, 6—7 кастр. 1999 г.). Мн., 2000; Гістарычны альманах. Т. 4. Гародня, 2001; Шумейко М.Ф. Архивист и археограф Дмитрий Иванович Довгяло. Мн., 2002; Нечухрин А.Н. Теоретико-методологические основы российской позитивистской историографии (80-е годы XIX в. — 1917 г.). Гродно, 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТ (Descartes) Рэнэ (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТУРГІ́Я (грэч. leiturgia),
1) найбольш важнае богаслужэнне правасл. царквы (у католікаў і пратэстантаў наз.імша). Праводзіцца звычайна ў перадабедзенны час (адсюль другая назва — абедня). Рэлігійны сэнс Л. — здзяйсненне таінства прычасці, ці еўхарыстыі. Паводле евангелляў, першая еўхарыстычная трапеза адбылася ў вял. чацвер у час Тайнай вячэры Ісуса Хрыста з апосталамі. Большасць тэкстаў правасл. Л. нязменныя, у адрозненне ад зах. традыцыі, дзе асн. іх частка мяняецца ў залежнасці ад канкрэтнага рэліг. свята. Гістарычна сфарміраваліся 3 асн. чыны Л.: блізкія паводле зместу Іаана Хрызастома, ці Златавуста (штодзённы) і Васіля Вялікага (святкуецца 10 разоў на год); папярэдне асвячоных дароў, ці Грыгорыя Дваяслова (у час вял. посту і ў першыя 3 дні Перадвелікоднага тыдня). Парадак іх правядзення выкладзены ў Служэбніку. Л. ўключае праскамідыю — спец. рытуальнае прыгатаванне «рэчыва для св. еўхарыстыі» з просвір і разбаўленага чырв. віна; Л. апавешчаных для тых, хто рыхтуецца да хрышчэння, і тых, хто адлучаны ад прычасці і каецца ў грахах; Л. верных, на якой спачатку прысутнічалі толькі хрысціяне. Л. складаецца з чытання выбраных урыўкаў з Бібліі, малітваў, шэрагу сімвалічных дзеянняў і працэсій, песнапенняў.
Сутнасная і неад’емная частка Л. — псалмодыя, антыфонны і рэспансорны спеў. Да 16 ст. музыка Л. развівалася ў рэчышчы манадыйнай традыцыі. Важнейшыя тэксты распяваліся ў традыцыйным знаменным, дзямественным, вялікім, малым, грэчаскім і інш. стылях. На Беларусі найб. пашыраны былі мелодыі т. зв. кіеўскага і балг. роспеваў, а таксама мясц. меладычныя варыянты (супрасльскія, віленскія, мірскія і інш.). У 17—18 ст. у муз. афармленні большую ролю адыгрывалі партэсныя кампазіцыі, якія паступова пачалі дамінаваць. Асобныя «херувімскія» і інш. кампазіцыі на тэксты Л. і цыклы т. зв. «службаў божых», аб’яднаныя адзінай аўтарскай задумай, стварылі М.Дылецкі, В.Цітоў, А.Ведаль, С.Давыдаў і інш. З канца 18 ст. важную ролю пачалі адыгрываць хар. канцэрты a cappella, кампазіцыі досыць вольнай формы, якія выконваліся ў час Л. (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі, С.Дзегцяроў, Ведаль і інш.). Росквіт правасл. музыкі канца 19 — пач. 20 ст. звязаны са стварэннем літургічных цыклаў П.Чайкоўскага, А.Грачанінава, А.Кастальскага, С.Рахманінава і інш. Да 1-й пал. 18 ст.традыц. чыны Л. — нязменная аснова літургічнай практыкі уніяцкай царквы Беларусі. Менавіта ў Л. — набажэнства, прызначанае для шырокіх колаў вернікаў, найб. актыўна ўводзіліся кампазіцыі ў новых муз. стылях. Захаваліся унікальныя помнікі уніяцкай муз. традыцыі «Херувік балгарскі» св. Іасафата Кунцэвіча (аднагалосая кампазіцыя страфічнай будовы; Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Нац.б-кі Рэспублікі Беларусь) і першы вядомы помнік шматгалосай партэснай кампазіцыі «Херувімская» з Супрасльскага ірмалоя 1639 (б-каАН Літвы). У сучаснай бел. музыцы цыклы Л. стварылі М.Равенскі, М.Шчаглоў-Куліковіч, А.Хадоска, А.Залётнеў, А.Бандарэнка, Л.Шлег.
2) З 16 ст. ў каталіцкай тэалагічнай л-ры тэрмін «Л.» абазначае сукупнасць афіц. богаслужэнняў і цырымоній.
Літ.:
Арранц М. Историческое развитие Божественной литургии. Л., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ РАЁН.
На ПнУ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 4.10.1957). Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Ляхавічы. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 11 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Навасёлкаўскі, Начаўскі, Падлескі, Свяціцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана ў межах Баранавіцкай раўніны, Клецкай раўніны і Капыльскай грады, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня б.ч. тэрыторыі ўзгорыста-раўнінная, плоская, на Пд дзюнна-бугрыстыя ўчасткі. 70% тэрыторыі на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 218,5 м (за 2 км на З ад в. Канюхі). Карысныя выкапні: торф, мел, гліны, суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 635 мм. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб.р. Шчара з прытокамі Мышанка, Ліпнянка, Ведзьма; на ПдУ верхняе цячэнне р. Бобрык, на ПнУ — р. Нача. Азёры: Выганашчанскае (на мяжы з Івацэвіцкім р-нам), Качайла; вадасховішчы: Шчара, Нетчынскае. Меліярацыйны Свяціцкі канал. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), тарфяна-балотныя (20,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (15,1%). Пад лесам 37,6% тэр. раёна, з іх 15,6% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя і інш.Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты займаюць каля 46 тыс.га, частка з іх асушана. Найб.Выганашчанскае балота. На Пд раёна частка гідралагічнага заказніка рэсп. значэння Выганашчанскае; заказнікі мясц. значэння: ландшафтна-гідралагічны ў пойме р. Шчара (ад в. Хацяж да в. Дарава) і гідралагічны — Ліпск (у пойме р. Шчара). Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Савейкі» (палацава-паркавы ансамбль, 1850, у в. Савейкі), рададэндран жоўты ў Мядзведзіцкім лясніцтве. Зона адпачынку «Шчара».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,7 тыс.га, з іх асушаных 20 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 3 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, эксперым. база, ільнонасенная станцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі, конегадоўлі, вытв-сці збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы, насенняводстве лёну-даўгунцу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д«Ляхавіцкі»), харч., ільняной, буд. матэрыялаў прам-сці; з-д «Металапластмас»; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы—Лунінец і Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Брэст—Слуцк, Баранавічы—Ляхавічы—Клецк. У раёне гімназія, 18 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., маст., 2 муз., спарт. школы, 4 комплексы «Школа-сад», с.-г. тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, 22 дашкольныя ўстановы, 24 дамы культуры, 21 клуб, кінатэатр, 45 б-к, 6 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Грушаўка, Пакроўская царква (1670, перабудавана ў 1863) у в. Крывошын, Петрапаўлаўскі касцёл (1908) у в. Мядзведзічы, сядзіба (1810—15) у в. Нача, Святадухаўская царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Падлессе, парк (2-я палавіна 18 ст.) у в. Сваятычы; сядзіба і парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Ураджайная, сядзіба (19 ст.) у в. Флер’янова. Выдаецца газ. «Ляхавіцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),
выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл.Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; від манументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв.фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.
Найб. стараж. М. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г.бел. мастак Н.Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.Васняцова, Р.Гутуза, А.Дайнекі, Г.Клімта, Ф.Лежэ, І.Рабіновіча, Д.Рыверы, Д.Сікейраса, Б.Тальберга, М.Урубеля, Х.Эрні, архітэктара А.Гаўдзі і інш.
На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.Данцыг, Б.Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.Стальмашонак, В.Даўгала), «Інстытут культуры» (В.Чайка, С.Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.Самсонаў) і інш.
А.М.Пікулік.
Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.Да арт.Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.Да арт.Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.В.Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.