манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.