АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),

раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.

Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.​Гарвей, італьян. М.​Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.​Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.​В.​Абрамовіч, А.​Я.​Мітрашэнка, М.​Ю.​Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.​Г.​Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.​Е.​Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.​М.​Грышын, А.​А.​Марціновіч).

Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.​Дз.​Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.​У.​Шот, І.​А.​Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.​М.​Саўчанка, У.​П.​Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.​А.​Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.​У.​Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.​М.​Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.​М.​Падгайскі). Гл. таксама ў арт. Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.

І.​М.​Грышын.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЫЁЛІ (Міхал Эльвіра) (26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),

жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.​Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ. народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.​Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага, А.​Мальчэўскага, Ю.​Крашэўскага, У.​Сыракомлі, Э.​Ажэшкі, У.​Шэкспіра, Дж.​Ф.​Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.

Літ.:

История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;

Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.

М.Андрыёлі. Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

від метрычнага вершаскладання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у радках. Узнікла ў 8 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, у 3 ст. да н.э. перайшло ў Рым. Асн. рытмічная адзінка антычнага верша — стапа з пэўным чаргаваннем доўгіх (-) і кароткіх (◡) складоў. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада, наз. морай (у доўгім складзе былі 2 моры). Раўнамернае чаргаванне пэўных стоп стварала выразны метрычны малюнак, або метр; паўтарэнне той ці іншай колькасці аднолькавых стоп утварала памер вершаваны. Часам у вершаваных радках у строгай паслядоўнасці чаргаваліся розныя стопы (такія вершы наз. лагаэдамі).

Найб. важныя стопы: 3-морныя — ямб (◡ -), харэй (- ◡), трыбрахій (◡◡◡); 4-морныя — дактыль (- ◡◡), амфібрахій (◡-◡), анапест (◡◡ -), спандэй (- -); 5-морныя — бакхій (◡ - -), амфімакр (- ◡ -), антыбакхій (- - ◡) і 4 пеоны (- ◡◡◡, ◡ - ◡◡, ◡◡ - ◡, ◡◡◡ -), 6-морныя — молас (- - -), харыямб (- ◡◡ -), антыспаст, або ямбахарэй (◡ - - ◡), і 2 іонікі (◡◡ - - і - - ◡◡); 7-морныя — 4 эпітрыты (◡ - - -, - ◡ - -, - - ◡ -, - - - ◡.

Найб. пашыраныя вершаваныя памеры антычнага вершаскладання — гекзаметр і пентаметр. Антычныя аўтары не ведалі рыфмы, аднак строга вытрымлівалі ў радках чаргаванне аднатыпных клаўзул. Асобныя радкі ядналіся ў строфы (алкеева страфа, сапфічная страфа, элегічны двуверш). Антычнае вершаскладанне зрабіла вял. ўплыў на ўсю еўрап. паэзію. У сілаба-танічным вершаскладанні захаваліся асн. прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы, радка і страфы (толькі замест доўгіх складоў — націскныя, а замест кароткіх — ненаціскныя). У бел. сярэдневяковай паэзіі на лац. мове сістэмай антычнага вершаскладання карысталіся Я.​Вісліцкі, І.​Іяўлевіч, антычным вершам напісана паэма М.​Гусоўскага «Песня пра зубра».

В.​П.​Рагойша.

т. 1, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),

1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.

2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.

Літ.:

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ТАРСКАЯ ПРО́ЗА,

помнікі красамоўства, а таксама літаратурныя творы, напісаныя ў прамоўніцкім стылі. Найб. росквіту дасягнула ў Грэцыі (5—4 ст. да н. э.) і Рыме (1 ст. да н. э.), дзе выпрацавана тэорыя аратарскага мастацтва — рыторыка. Узоры класічнага красамоўства — прамовы Цыцэрона, буйнейшага тэарэтыка і практыка аратарскай прозы. У перыяд сярэднявечча мела пераважна царкоўна-рэліг. характар. Эпоха Адраджэння садзейнічала развіццю свецкай аратарскай прозы. На Беларусі першыя выдатныя прадстаўнікі царк. красамоўства Іларыён і Кірыла Тураўскі. Жанравую сувязь з аратарскай прозай мае «Слова пра паход Ігараў». У 16—17 ст. у перыяд рэліг. палемікі бытавалі «слова», прамова, казанне, пропаведзь. Развіццю аратарскай прозы садзейнічалі і арацыі. Выдатным прамоўцам быў грамадска-паліт. дзеяч і дыпламат Л.​Сапега (прамова на Варшаўскім сейме 1588). Сярод прадстаўнікоў бел. царк. красамоўства вылучаліся Л.​Карповіч, М.​Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. У 17—18 ст. на Беларусі з’явіліся гумарыстычна-парадыйныя і сатыр. творы, складзеныя ў прамоўніцкім стылі («Прамова Мялешкі», «Прамова русіна», Жыровіцкія арацыі і інш.). У стылі прамоў напісаны публіцыст. маналогі, «словы» да чытачоў К.​Каліноўскага ў газ. «Мужыцкая праўда». У аратарскай прозе 20 ст. пакінуў след сваімі палкімі прамовамі ў польскім сейме Б.​Тарашкевіч, які выступаў у абарону нац. і сац. правоў працоўных Зах. Беларусі. Цесна звязаныя з надзённымі праблемамі грамадскага жыцця творы аратарскай прозы — каштоўная крыніца ведаў пра культ. і гіст. мінулае краіны.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНАЯ АРХІТЭКТУ́РА,

творчы кірунак, у аснове якога ляжыць прынцып падпарадкавання формы архітэктурнага твора яго зместу. Узнікла ў 1-й пал. 20 ст. як рэакцыя супраць акадэмізму, рацыяналізму і эклектыкі. Ідэі арганічнай архітэктуры закладзены ў 1890-я г. амер. арх. Л.Салівенам, развіты ў тэорыі і практыцы буд-ва яго вучнем Ф.Л.Райтам. Канцэпцыі арганічнай архітэктуры зыходзяць з цеснай сувязі архітэктуры з прыродай, грунтуюцца на бесперапыннасці арх. прасторы, на праектаванні «з сярэдзіны — да навакольнага асяроддзя», рацыянальным выкарыстанні якасцяў буд. матэрыялаў, увядзенні элементаў нар. творчасці; сама функцыя будынка не абмяжоўвалася тэхнал. і фізіял. фактарамі, а ўключала і эстэтычны, таму арх. твор уяўляў сабой цэласны арганізм.

Пад уздзеяннем ідэй арганічнай архітэктуры склаліся рэгіянальныя арх. школы ў сканд. краінах (творчасць А.Аалта і інш.); у ЗША прынцыпы арганічнай архітэктуры выкарыстоўвала т.зв. каліфарнійская школа на чале з Р.Нейтрай. У 1940-я г. тэорыя падхоплена ў Італіі арх. Б.​Дзэві; у 1945 у Рыме створана група АРАО (Associazione per Architettura Organica, Асацыяцыя арганічнай архітэктуры), якая падкрэслівала гуманіст. кірунак асн. палажэнняў арганічнай архітэктуры. Дыяпазон арганічнай архітэктуры быў абмежаваны гал. чынам буд-вам асабнякоў, вілаў, загарадных атэляў; у 1960-я г. арганічная архітэктура растварылася сярод рацыяналістычных кірункаў архітэктуры. Прынцыпы формаўтварэння, выпрацаваныя арганічнай архітэктурай, выкарыстоўваюцца ў бел. архітэктуры.

Літ.:

Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. з англ. М., 1960;

Zevi B. Towards an organic architecture. London, 1950.

Да арт. Арганічная архітэктура. Дом над вадаспадам. Арх. Ф.​Л.​Райт. 1937.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛЬБА,

шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сям. паслёнавых. Больш як 170 дзікарослых і культ. відаў. Радзіма — Паўд. Амерыка. Вырошчваюць бульбу андыйскую (Solanum andigenum; у Паўд. Амерыцы) і бульбу еўрапейскую, ці чылійскую (S. tuberosum; як аднагадовая расліна ў краінах з умераным кліматам). У Еўропу завезены ў сярэдзіне 16 ст.; у палявой культуры (у т. л. на Беларусі) з 18 ст. Палавіна пасяўной плошчы бульбы ў Еўропе, чвэрць — у Азіі. На Беларусі бульба лічыцца нац. культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс. га (1993). З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў страў, яна ідзе на корм жывёле.

Шматсцябловая расліна выш. 50—100 см, сцёблы прамыя, зялёныя або афарбаваныя антацыянам. На падземных сцябловых парастках (сталонах) фарміруюцца патаўшчэнні — клубні круглай, падоўжанай, рэпападобнай формы, белага, жоўтага, чырвона-фіялетавага, сіняга колеру. На паверхні клубня — вочкі з 3—4 пупышкамі. Лісце няпарнаперыстарассечанае, гладкае ці маршчакаватае. Кветкі двухполыя, белыя, чырвона-фіялетавыя, сіне-фіялетавыя. Суквецце складаецца з 2—3 і больш завіткоў. Плод — шматнасенная ягада. Цвіце ў чэрв.—жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у селекцыі — насеннем). Добра расце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінер. глебах, на сярэднякіслых тарфяна-балотных. Сарты, раянаваныя на Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Бел. ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская, Беларуская 3, Тэмп, Арбіта.

Сарты бульбы: 1 — Беларуская ранняя; 2 — Дзецкасельская; 3 — Агеньчык; 4 — Тэмп; 5 — Лошыцкая.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),

камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.​Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн. час.

Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.​Ядзешка, Т.​Івінская, І.​Сумнікава, А.​Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).

Да арт. Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДОБРААХВО́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,

масавая грамадская арг-цыя. Утворана ў 1966. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (склікаецца не радзей як 1 раз у 5 гадоў), які разглядае і прымае статут, уносіць у яго змены і дапаўненні, выбірае Рэсп. савет, прэзідыум і рэвіз. камісію. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. савет, выканаўчы орган — прэзідыум. У складзе т-ва працуюць абл., раённыя і гар. саветы, пярвічныя арг-цыі. Т-ва з дапамогай насельніцтва, грамадскасці праводзіць работу па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры, забеспячэнні іх аховы, фінансуе работы па кансервацыі і рэстаўрацыі унікальных помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі (у т. л. Полацкі Сафійскі сабор, Мірскі замак, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.). Выдае кнігі, брашуры, буклеты, плакаты гіст. і археал. тэматыкі. У 1970—89 выдавала штоквартальны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час. «Спадчына».

Пры т-ве дзейнічаюць навукова-метадычны, рэдакцыйна-экспертны саветы, секцыі прапаганды, гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, мастацтва, моладзі, дакументальных помнікаў. Т-ва супрацоўнічае з дзярж. органамі, грамадскімі і рэліг. арг-цыямі. Арганізоўвае канферэнцыі, семінары, інш. формы абмеркавання актуальных пытанняў стану, аховы, прапаганды помнікаў. Выкарыстоўвае ў адпаведнасці са статутам сваю ўласнасць для матэр. забеспячэння мэт і задач т-ва. Ажыццяўляе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, вытв., гасп. і інш. дзейнасць.

Г.​А.​Саўчанка.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ за мяжой

(БАПЦ),

рэлігійная арг-цыя беларусаў на эміграцыі. Засн. ў чэрв. 1948 у Германіі рэліг. і грамадскімі дзеячамі, прыхільнікамі ўрада БНР. Дзейнічала ў Еўропе (Германія, Англія, Францыя, Бельгія), з пач. 1950-х г. — у ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Прыходы БАПЦ (у 1990-я г. каля 20, з іх 10 у ЗША) прызнаны і афіц. зарэгістраваны дзярж. структурамі гэтых краін. Богаслужэнні вядуцца на бел. мове. Займаецца таксама культ.-асв., выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нац. духоўную спадчыну. Маскоўская патрыярхія і шэраг інш. правасл. цэркваў не прызналі БАПЦ.

Першапачаткова БАПЦ узначальваў епіскап Украінскай аўтакефальнай правасл. царквы Сергій (Грыгор Ахатэнка), з 1971 — епіскап Андрэй (Аляксандр Крыт). У 1949 быў створаны сабор епіскапаў БАПЦ, у які ўваходзіў і епіскап Васіль (Уладзімір Тамашчык), у 1951—70 кіраваў амер. епархіяй. У 1983 БАПЦ раскалолася на 2 рэліг. арг-цыі, якія ўзначалілі рада БАПЦ з мітрапалітам Мікалаем (Міхаілам Мацукевічам) і кансісторыя БАПЦ з мітрапалітам Ізяславам (Янам Бруцкім). Друкаваныя выданні: «Голас царквы», «Царкоўны пасланец» і інш.

Літ.:

Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990).

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой. Царква Жыровіцкай Маці Божай у г. Кліўленд (ЗША).

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)