ТУЛУ́З-ЛАТРЭ́К [Toulouse-Lautrec; сапр. Тулуз-Латрэк-Манфа

(Toulouse-Lautrec-Monfa)] Анры Раймон Мары дэ (24.11.1864, г. Альбі, Францыя — 9.9.1901),

французскі жывапісец і графік, буйнейшы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Парыжы ў Л.​Бона (1882) і Ф.​Кармона (з 1883). Зазнаў уплыў Э.Дэга і яп. гравюры. Асн. тэма творчасці — забавы і быт начных парыжскіх кабарэ, кавярняў і інш., якія ён увасабляў без маральнасці, але з уласцівай яму хваравітай вастрынёй назіранняў, часта з едкай іроніяй, па-майстэрску перадаючы гратэскную дынаміку нібыта выпадкова выхапленых з жыцця мізансцэн, характарнасць поз і жэстаў: «Цырк Фернандо. Наезніца» (1888), «Танец у «Мулен Руж» (1890), «У «Мулен Руж» (1892), «Спявачка Івет Гільбер» (1894). Яго манеры ўласцівы абагульнены, гнуткі і ломкі малюнак, доўгія вібрыруючыя мазкі, халодная гама, адцененая буйнымі, яркімі, маляўнічымі плямамі. У 1890-я г. выканаў плакаты «У «Мулен Руж». Ла Гулю» (1891), «Арыстыд Бруан у «Амбасадэр» (1892), «Японская канапа», «Жан Аўрыль у «Жардэн дэ Пары» (абодва 1893) і інш., якія сталі рэв. крокам у развіцці рэкламнага плаката, у 1892—99 зрабіў больш як 300 літаграфій. Аўтар дэкарацый да спектакляў, ілюстрацый да твораў. Іл. гл. таксама да арт. Літаграфія.

Літ.:

Перрюшо А. Тулуз-Лотрек: Пер. с фр. М., 1969;

Воркунова Н. Тулуз-Лотрек. М., 1972.

Я.​Ф.​Шунейка.

А. дэ Тулуз-Латрэк. «У «Мулен Руж». 1892.

т. 16, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́Д,

вышэйшы калегіяльны выканаўчы орган дзяржавы. У розных краінах можа мець розныя назвы; Савет Міністраў (Рэспубліка Беларусь, Францыя, Польшча, Італія), Кабінет Міністраў (Вялікабрытанія, Узбекістан), Дзярж. савет (КНР) і да т.п. Парадак фарміравання У. залежыць ад формы праўлення. Ён можа быць беспартыйны, аднапартыйны і кааліцыйны. У парламенцкіх краінах У. фарміруецца па даручэнні кіраўніка дзяржавы лідэрам партыі, якая мае большасць у парламенце. У прэзідэнцкіх рэспубліках (дзе У. прадугледжаны канстытуцыяй) фарміруецца прэзідэнтам, прычым кожны з назначаных ім членаў У. ў шэрагу краін павінен быць зацверджаны парламентам. Члены У. (міністры і інш.) кіруюць канкрэтнымі цэнтр. ведамствамі дзярж. кіравання (міністэрствы і інш.). У парламенцкіх краінах яны звычайна павінны быць членамі парламента, у прэзідэнцкіх, як правіла, дзейнічае прынцып несумяшчальнасці пасады міністра з дэпутацкім мандатам. У парламенцкіх дзяржавах У. нясе калегіяльную адказнасць перад парламентам, што азначае абавязак пры страце парламенцкай большасці або выйсці ў адстаўку, або распусціць парламент і назначыць новыя датэрміновыя выбары. У федэратыўных дзяржавах існуе цэнтральны У. і У. дзярж. утварэнняў, якія ўваходзяць у склад федэрацыі. У. можа ствараць са свайго складу дапаможныя ўрадавыя камітэты. Рашэнні У. носяць характар паліт. дырэктыў або афармляюцца ў выглядзе нарматыўных актаў ці законапраектаў, якія потым уносяцца ў парламент. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́НДРЫЯ (франц. Flandre, фламандскае Vlaanderen),

гістарычная правінцыя ў паўн. ч. Зах. Еўропы, населеная пераважна фламандцамі. Тэр. Ф. ў складзе Бельгіі (Усходняя Ф. — адм. ц. Гент, пл. 3 тыс. км²; Заходняя Ф. — адм. ц. Бруге, пл. 3,1 тыс. км²), Францыі (дэпартамент Нор — адм. ц. Ліль, пл. 5,8 тыс. км²) і часткова Нідэрландаў. З 12—16 ст. фландрскія гарады (Бруге, Гент, Іпр, Ліль і інш.) — найб. цэнтры вытв-сці шарсцяных тканін і інш. рамеснай вытв-сці ў агульнаеўрап. гандлі.

З 9 ст. Ф. — графства (у леннай залежнасці ад Францыі). У 12—15 ст. Ф. адна з найб. эканамічна развітых абласцей Еўропы. Яе сярэдневяковыя гарады Гент, Іпр, Бруге дасягнулі эканам. і паліт. магутнасці. У 1300 тэр. Ф. акупіравала Францыя, што выклікала паўстанне фламандцаў (пачалося ў 1302 «Бругскай ютранню») і Ф. стала незалежнай. У Стогадовую вайну 1337—1453 была аб’ектам англа-франц. барацьбы. З 1384 Ф. — уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 — Габсбургаў (стала правінцыяй Нідэрландаў гістарычных). У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. многія гарады Ф. далучыліся да Утрэхцкай уніі 1579. У 17 ст. частка яе тэр. адышла да Францыі, частка — да Рэспублікі Злучаных правінцый. У выніку вайны за Іспанскую спадчыну (1701—14) б.ч. Ф. перайшла да Аўстрыі. У 1797 далучана да Францыі, у 1815—30 — да Нідэрландаў. З 1830 у складзе Бельгіі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕТАЛО́ГІЯ,

комплекс дысцыплін, якія вывучаюць гісторыю, культуру і мову народаў, што адносяцца да хета-лувійскай моўнай групы індаеўрапейскай сям’і. Пачатак Х. пакладзены асірыёлагамі — англічанінам А.​Сейсам, нарвежцам А.​Кнудсанам і інш., якія выявілі факт існавання хецкай цывілізацыі (гл. Хеты, Хецкае царства). Практычнае яе даследаванне пачалося з раскопак у 1906 ням. археолагам Г.​Вінклерам рэшткаў хецкай сталіцы г. Хатусас (гл. Багазкёй) і знаходкі ім каля 10 тыс. хецкіх тэкстаў. У 1915—17 чэш. вучоны Б.​Грозны прачытаў хецкія клінапісныя тэксты і даказаў, што хецкая мова адносіцца да індаеўрап. моў. Прынцыпы філал. аналізу хецкіх тэкстаў закладзены ў 1920—24 ням. вучонымі Ф.​Зомерам і Х.​Эелольфам, развіты ў 1920—60-я г. ням. хетолагамі А.​Гётцэ і І.​Фрыдрыхам. Ням. археолагі на чале з К.​Бітэлем у супрацоўніцтве з тур. вучонымі ў 1930-я г. вялі раскопкі ў Багазкёй. Хецкія тэксты вывучалі Х.​Г.​Гютэрбак (ЗША), Х.​Отэн, А.​Каменхубер (Германія), Э.​Ларош (Францыя), П.​Мерыджы (Італія), К.​Балкан і Э.​Акургал (Турцыя); з сав. вучоных — І.​М.​Дзьяканаў, Г.​Г.​Гіяргадзе, Э.​А.​Менабдзе, В.​Ардзінба, І.​М.​Дунаеўская і інш.; на Беларусі — Г.​І.​Даўгяла.

Літ.:

Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;

Замаровский В. Тайны хеттов: Пер. со словац. М., 1968.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮРКАЛО́ГІЯ,

сукупнасць гуманітарных навук, што вывучаюць мовы, этнаграфію, гісторыю, л-ру, фальклор, культуру пародаў, якія гавораць на цюркскіх мовах. Зарадзілася ў 15—16 ст. з натуральнай цікавасці еўрапейцаў да тур. заваёўнікаў, таму напачатку яе асн. кірункам было вывучэнне Асманскай імперыі і тур. мовы. Сістэм. даследаванні ў Зах. Еўропе пачаў аўстр. ўсходазнавец і дыпламат І.​Гамер-Пургшталь (1774—1856), у Расіі (з 2-й пал. 18 ст.) — І.​Гіганаў і С.​Хальфін.

Рас. Ц. ў 19 — пач. 20 ст. развівалася комплексна: вывучэнне мовы, л-ры, гіст. помнікаў, нумізматыкі (працы М.​М.​Казем-бека, Ф.​Я.​Корша, В.В.Радлава і інш.). У сав. перыяд у галіне Ц. працавалі В.​У.​Бартальд, Я.​Э.​Бертэльс, У.​А.​Гардлеўскі, Т.​Г.​Кезма, М.Я.Мар, І.А.Арбелі і інш.; з 1970-х г. Ц. засяроджана ў Ін-це ўсходазнаўства АН СССР (з 1991 — Рас. АН). Сярод даследчыкаў зах. краін пытанні Ц. вывучалі Х.​Боўэн, Б.​Льюіс (Вялікабрытанія), Ф.​Бабінгер, Г.​Яшке (Германія), Ж.​Дэні, М.​Мала (Францыя), Дж.​В.​Беркер, Р.​Х.​Дэвісан (ЗША) і інш.

На Беларусі цюркалагічныя даследаванні традыцыйна засяроджаны на вывучэнні гісторыі і культуры бел. татараў (працы Л.​К.​Крычынскага, А.В.Мухлінскага, Дж.​Александровіча, А.​І.​Дубінскага, С.​У.​Думіна, І.​Б.​Канапацкага, А.І.Смоліка, А.П.Грыцкевіча, В.​І.​Несцяровіча, Я.​А.​Якубоўскага і інш.).

т. 17, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНХА́Й,

найбуйнейшы горад на У Кітая. Яго тэр. з прылеглымі раёнамі (6,2 тыс. км²) вылучана ў самастойную адм. адзінку цэнтр. падпарадкавання. Нас. 9,862 млн. ж. (2000). Важны трансп. вузел. 2 аэрапорты. Найбуйн. марскі порт краіны (пераважна знешнегандл. грузы) у эстуарыі р. Янцзы, на яе правым прытоку р. Хуанпу, за 50 км ад Усх.-Кітайскага мора. У Ш. вырабляецца ​1/6 усёй прамысл. прадукцыі Кітая. Прам-сць: шматгаліновае машынабудаванне, у т. л. радыёэлектроннае, суднабудаванне, чорная і каляровая металургія, хім., лёгкая (асабліва тэкст.), фармацэўтычная, паліграф., папяровая, тытунёвая, харчовая. Разнастайныя саматужныя вытворчасці. 45 ВНУ (2001).

Вырас з рыбацкага пасёлка Хуту, які вядомы са старажытнасці. У 16 ст. — гандл. і рамесны цэнтр. Паводле Нанкінскага дагавора 1842 адкрыты для замежнага гандлю: у 1843 створаны англ., у 1848 амер. сетльменты, у 1849 — франц. канцэсія. У 1854 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША захапілі і кіравалі (да 1937) шанхайскай мытняй. У 1860 і 1862 у час Тайпінскага паўстання ў прадмесці Ш. ішлі баі паміж паўстанцамі і англа-франц. войскамі. З 2-й пал. 19 ст. Ш. — найбуйнейшы гандл. і прамысл. цэнтр Кітая. З 1919 адзін з гал. цэнтраў нац.-вызв. руху. У 1937—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1945 пад уладай гаміньданаўцаў. Вызвалены ў 1949 Нар.-вызв. арміяй Кітая.

Шанхай. Гандлёва-фінансавая зона Луцзяцзуй.

т. 17, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРЖ (ад франц. charge перабольшванне) у выяўленчым мастацтве, сатырычная ці дабрадушна-гумарыстычная выява (звычайна партрэт), у якой пры захаванні знешняга падабенства зменены і вылучаны найб. характэрныя рысы мадэлі; від карыкатуры. Лёгкасць і нязмушанасць кампазіцыі, парадыйнае выкарыстанне маст. прыёмаў, у т. л. гіпербалы і гратэску, даюць магчымасць гумарыстычна ці сатырычна паказаць пэўную асобу, падзеі міжнар. жыцця, быт. з’явы. У жанры Ш. працавалі А.​Дам’е (Францыя), Дз.​Маор (Расія); на Беларусі Я.​Дамель, К.​Бахматовіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, Я.​Бусел, М.​Лісоўскі, А.​Чуркін, В.​Швяцоў, В.​Шматаў і інш. Ш. найчасцей змяшчаюць у час. «Вожык». У літаратуры Ш. — паказ пэўнай з’явы ў змененым, скажоным выглядзе; вобраз, сатырычны або гумарыстычны твор, у якім наўмысна перабольшваюцца, вылучаюцца найб. характэрныя асаблівасці знешняга аблічча ці адмоўныя рысы ў характары чалавека. Асн. сродак адлюстравання ў памфлеце, фельетоне, эпіграме, пародыі. Трапныя гумарыстычныя Ш.-подпісы (часцей вершаваныя) дапаўняюць графічную ці жывапісную выяву, дапамагаюць дасягнуць большага камічнага эфекту. Ш. карысталіся Я.​Купала, К.​Чорны, К.​Крапіва і інш. Трапныя подпісы да сяброўскіх Ш. пішуць Р.​Барадулін, Г.​Юрчанка і інш.

Публ.:

Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;

Юрчанка Г. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979;

Абразы без абразы: Сяброўскія шаржы і эпіграмы. Мн., 1985.

В.​Д.​Сінякевіч (выяўл. мастацтва), Л.​М.​Гарэлік.

т. 17, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́КА (Monaco), Княства Манака (Principauté de Monaco),

дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г. Манака. Падзяляецца на 4 адм. гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).

Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.

Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-ра студз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс. чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.

Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э. тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст. н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.​Л.​Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн. Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.

У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн. паліт. арг-цыя — Нац. дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс. дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн. дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Манака.

т. 10, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫХ (Henri),

імя каралёў сярэдневяковай Францыі. Найб. значныя прадстаўнікі:

Генрых II (31.3.1519, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 10.7.1559), кароль у 1547—59. З дынастыі Валуа. Жанаты (з 1533) з Кацярынай Медычы. У 1550 адваяваў у Англіі Булонь, у 1558 — Кале. Жорстка праследаваў гугенотаў, для суда над імі ўвёў у 1547 «Вогненную палату», у 1559 выдаў эдыкт, паводле якога ерэтыкоў каралі смерцю. У саюзе з ням. пратэстанцкімі князямі ваяваў супраць імператара Карла V. У 1552 заняў епіскапствы Мец, Туль, Вердэн. У 1557 перамог ісп. войскі пад г. Сен-Кантэн. У 1559 падпісаў Като-Камбрэзійскі мір, які завяршыў Італьянскія войны 1494—1559. Смяротна паранены на турніры.

Генрых III (19.9.1551, г. Фантэнбло, Францыя — 2.8.1589), кароль Францыі ў 1574—89. Апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вял. князь літоўскі (1574, у польск. транскрыпцыі Генрык Валезы). У 1567 прызначаны ген. намеснікам польск. каралеўства. Баючыся паліт. ўзмацнення Генрых III у Францыі, яго брат Карл IX падтрымаў прапанову ажаніць Генрыха з Ганнай Ягелонкай, каб пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам кароны Рэчы Паспалітай. Звесткі пра падзеі Варфаламееўскай ночы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў Генрых III, выклікалі выступленні супраць яго пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Генрых III вымушаны быў даць пісьмовае пацвярджэнне ўмоў, на якіх ён будзе абраны каралём Рэчы Паспалітай (гл. Генрыкавы артыкулы). На сейме ў Варшаве 11.5.1573 гнезненскі арцыбіскуп Уханскі абвясціў выбранне Генрыха III каралём польск. і вял. князем літоўскім. Афіцыйна абвешчана абранне яго на трон 16.5.1573 пасля канчатковай згоды на гэта паслоў-пратэстантаў. 24.2.1574 каранаваны ў Кракаве. Пасля смерці Карла IX 19.6.1574 тайна пакінуў Польшчу, каб заняць франц. прастол. У час рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі (гл. Каталіцкая ліга 1576), якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бяздзетнасцю Генрыха III. У маі 1588 у час нар. паўстання ў Парыжы (дзень барыкад) уцёк у Шартр. Пасля забойства па загадзе Генрыха III герцага Г. дэ Гіза і яго брата кардынала Латарынгскага дэмакр. крыло Парыжскай лігі скінула яго. Генрых III разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. У час асады забіты манахам Жакам Клеманам па загадзе лігі.

Генрых IV, Генрых Наварскі (13.12.1553, г. По, Францыя — 14.5.1610) кароль Навары з 1562, кароль Францыі ў 1589 — 1610 (фактычна з 1594). Першы кароль з дынастыі Бурбонаў. У час рэлігійных войнаў (1568—70) узначальваў гугенотаў. У 1593 прыняў каталіцтва і ўвайшоў у Парыж. У 1595 вызваліў ад іспанцаў Бургундыю, у 1597 Пікардыю, у 1598 заключыў мір з Іспаніяй. Выдаў Нанцкі эдыкт 1598, які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і шмат прывілеяў. Палітыка Генрыха IV садзейнічала замацаванню абсалютызму. Пры ім не склікаліся Генеральныя штаты, абмежавана кампетэнцыя правінцыяльных сходаў, чыноўнікі дамагліся афіц. замацавання права спадчыннага наследавання і гандлю пасадамі. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочваў развіццё мануфактурнай вытв-сці і гандлю. Пры ім у 1604 пачалася каланізацыя французамі Канады. Вёў падрыхтоўку да вайны з Габсбургамі. Забіты католікам-фанатыкам Ф.​Равальякам.

Да арт. Генрых (каралі Францыі). Генрых III.

т. 5, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЦЦАЦІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1618—48,

першая агульнаеўрапейская вайна паміж краінамі габсбургскага блока (ісп. і аўстр. Габсбургі, падтрыманыя каталіцкімі князямі Германіі, папствам і Рэччу Паспалітай — Каталіцкая ліга) і антыгабсбургскай кааліцыяй (Францыя, Швецыя, Данія, Галандыя, а таксама Расія і ў пэўнай меры Вялікабрытанія, якія абапіраліся на герм. пратэстанцкіх князёў і антыгабсбургскі рух у Чэхіі, Трансільваніі і Італіі — Пратэстанцкая унія). Пачалася з-за рэліг. рознагалоссяў паміж католікамі і пратэстантамі Германіі і паступова перарасла ў паліт. барацьбу дынастыі Габсбургаў за гегемонію «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў Еўропе супраць Францыі і пратэстанцкіх дзяржаў. Т.в. складалася з шэрагу асобных войнаў. Бітвы ішлі на тэр. Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Польшчы і ВКЛ.

У 1617—18 аўстр. Габсбургі пачалі наступленне на прывілеі Чэхіі, якая захоўвала некат. незалежнасць у складзе іх імперыі. Гэта выклікала ў Чэхіі паўстанне 1618—20, якое стала першым чэшскім, або чэшска-пфальцскім перыядам вайны (1618—23). У 1620 войскі Каталіцкай лігі разбілі чэш. армію каля Белай Гары і ўстанавілі ў Чэхіі і Маравіі неабмежаваную ўладу Габсбургаў. У 1625 ваен. дзеянні пачала Данія пры падтрымцы Англіі, Галандыі і Францыі; пачаўся другі, або дацкі перыяд вайны (1625—29). Нягледзячы на шырокі сялянскі рух і дапамогу саюзнікаў, войскі імперскія і Каталіцкай лігі выцеснілі датчан з Паўн. Германіі і Данія, паводле міру ў Любеку 1929, адмаўлялася ад умяшання ў герм. справы. Уступленнем у вайну Швецыі, якой пагражала ўмацаванне Германіі на Балтыйскім м., пачаўся трэці — шведскі, або шведска-рускі перыяд вайны (1630—35). Швед. войскі перамаглі немцаў у баях каля Лейпцыга (1631), Лютцэна (1632) і інш. Адной з прычын перамогі Швецыі была вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, якая адцягнула на сябе ч. сіл Каталіцкай лігі. Аднак, пацярпеўшы паражэнне пад Смаленскам, Расія пайшла на перагаворы з Рэччу Паспалітай, і пасля падпісання Палянаўскага міру 1634 становішча шведскай арміі ўскладнілася. Паражэнне Швецыі ў 1634 каля Нёрдлінгена (Паўд. Германія) падштурхнула да ўступлення ў вайну Францыю. У апошні франка-шведскі перыяд вайны (1635—48) да Францыі і Швецыі далучыліся Галандыя, Мантуя, Савоя і Венецыя. Перамогі каля Брэйтэнфельдэ (1642), Ракруа (1643), Янкава (1645) выявілі істотныя перавагі франка-швед. кааліцыі. Імператар Фердынанд III вымушаны быў згадзіцца на цяжкія для «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ўмовы Вестфальскага міру 1648. У выніку Т.в. Швецыя атрымала шэраг герм. тэрыторый, Францыя — землі ў Эльзасе і пацвярджэнне яе правоў на гарады Мец, Туль і Вердэн. Герм. князі замацавалі фактычную незалежнасць ад імператара; Швейцарскі саюз і Галандыя прызнаны самастойнымі дзяржавамі. Т.в. паклала канец спробам аўстра-ісп. Габсбургаў усталяваць сваю гегемонію на еўрап. кантыненце, на доўгі час замацавала паліт. раздробленасць Германіі, садзейнічала ператварэнню Францыі і Расіі ў найб. моцныя краіны Еўропы.

Літ.:

Поршнев Б.Ф. Тридцатилетняя война и вступление в нее Швеции и Московского государства. М., 1976;

Яго ж. Франция, английская революция и европейская политика в середине XVII в. М., 1970;

История войн. Ростов н/Д;

М., 1997. Т. 2. С. 16—41.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

Рабаванне германскай вёскі салдатамі ў час Трыццацігадовай вайны. Карціна Б.​Баўшке. 1954.

т. 16, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)