«ВЕ́СНІК БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА»,
навукова-тэарэтычны часопіс. Выдаецца з 1969 у Мінску ў 4 серыях: 1-я — фізіка, матэматыка, інфарматыка; 2-я — хімія, біялогія, геаграфія; 3-я — гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка, права; 4-я — філалогія, журналістыка, педагогіка, псіхалогія. Перыядычнасць серый 3 разы на год. Асвятляе дасягненні бел. вучоных у розных галінах Навук. вынікі іх сумесных даследаванняў з вучонымі інш. краін. Публікуе крытыка-бібліягр. агляды і рэцэнзіі, інфармацыю пра навук. жыццё ф-таў БДУ, навук. канферэнцыі і дыскусіі, абарону канд. і доктарскіх дысертацый і інш.
т. 4, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК МИ́РА»,
газета Беларускага фонду міру. Выходзіць з ліст. 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра дзейнасць Бел. фонду міру, грамадскага аб’яднання «Дзеці ў бядзе», бел. і замежных дабрачынных арг-цый, што аказваюць дапамогу ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Асвятляе выкананне праграм па лячэнні і аздараўленні бел. дзяцей, устанаўленне і развіццё сувязей з замежнымі партнёрамі, размеркаванне гуманітарнай дапамогі і інш. Друкуе матэрыялы міжнар. сімпозіумаў, канферэнцый, круглых сталоў па праблемах Чарнобыля. Мае рубрыкі: «Супраць бяды — разам», «Крыніцы міласэрнасці», «Чорны боль мой» (фотаматэрыялы), «Нашы замежныя партнёры» і інш.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕЧЕ́РНЯЯ ГАЗЕ́ТА»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 18.9(1.10).1912 да 11(24).6.1915 у Вільні на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. жыццё, дзейнасць урада і Дзярж. думы, падзеі 1-й сусв. вайны. Выступала за буржуазна-дэмакр. рэформы, культ.-нац. самавызначэнне народаў Расіі, інфармавала пра рабочы і сял. рух на Беларусі і ў Літве. Прыхільна ставілася да бел. нац. руху, падтрымлівала газ. «Наша ніва» ў яе палеміцы з рус. і польск. выданнямі. Бачыла ў сац. і духоўным абуджэнні беларусаў значны культ. набытак чалавецтва.
т. 4, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІЯ-БІРУ́ЛІ , шляхецкі род герба «Бялыня» ў ВКЛ. Першым у дакументах згадваецца Гаўрыла Сямёнавіч Біруля, які ў час Лівонскай вайны 1558—83 быў ротмістрам казацкай харугвы. Магчыма, род паходзіць ад віцебскіх баяраў Харковічаў, бо ў 1635 Ян Біруля (верагодна, сын Гаўрылы) названы Харковічам. Першая частка прозвішча Бялыніцкіх-Біруляў паходзіць ад радавога маёнтка Бялынічы (сучасная в. Бялынавічы Віцебскага р-на). Валодалі таксама Навасёлкамі каля Бялынавіч, Зачарніччам, Тулавам, маёнткамі каля мяст. Бялынічы Аршанскага пав. (адсюль паданне пра іх паходжанне з гэтых мясцін). З роду Бялыніцкіх-Біруляў паходзяць А.А.Бялыніцкі-Біруля, В.К.Бялыніцкі-Біруля.
В.Л.Насевіч.
т. 3, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕНТЫ́НА (Valentino) Рудольф [сапр. Гульельмі ды Валентына
(Guqlielmi di Valentino) Радольфа; 6.5.1895, Кастэланета, каля г. Таранта, Італія — 23.8.1926], амерыканскі акцёр. У ЗША з 1913. У кіно з 1918. Здымаўся ў нямых фільмах 1920-х г. («Чатыры коннікі Апакаліпсіса», «Шэйх», «Кроў і пясок», «Сын шэйха», «Кобра» і інш.),
дзе стварыў вобраз экзатычнага «лацінскага палюбоўніка», ракавога спакусніка, рамантычнага шукальніка прыгод, што прынесла яму сусветную вядомасць. Валентына — адна з легенд кінематографа, герой раманаў, п’ес, муз. твораў. У 1977 англ. рэж. К.Расел зняў пра яго маст. фільм «Валентына».
т. 3, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 7—8 ст. у бас. р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРХА́НАЎ Аслі Бадрыдзінавіч
(н. 8.1.1915, г. Бухара, Узбекістан),
таджыкскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1965). Працаваў у т-ры імя Лахуці (Душанбе). У творчасці Бурханава тэмперамент спалучаецца з мяккім лірызмам і камедыйнасцю. Сярод роляў: Хушвакт («Паклёп» С.Саідмурадава і У.Ісмаілава), Сафар («У агні» С.Улуг-задэ), Ядгор («Дахунда» Дж.Ікрамі), Яга, Меркуцыо, Кент («Атэла», «Рамэо і Джульета», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «Настаўнік кахання» М.Міршакара (1945), «Два веронцы» Шэкспіра (1966) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Застава ў гарах», «Авіцэна», «Я сустрэў дзяўчыну», «Чалавек мяняе скуру», «Сказанне пра Сіявуш».
т. 3, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТАКО́Ў Аляксандр Іванавіч
(н. 6.9.1921, в. Ніжняя Валшанка Лузскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),
бел. тэатр. педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1953). Засл. дз. маст. Беларусі (1980).
Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1953 у Бел. акадэміі мастацтваў, дзе паставіў спектаклі: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Ішла вайна» паводле твораў В.Быкава, «Дачнікі», «На дне», «Варвары» М.Горкага, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага і інш. Аўтар манаграфіі «Мастацтва жыццёвай праўды» (1957) пра творчы шлях т-ра імя Я.Купалы ў 1920—40-я г., артыкулаў па пытаннях т-ра і выхавання акцёраў.
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́КАЎ Леанід Фёдаравіч
(12.12.1928, г.п. Чаркаскае Данецкай вобл., Украіна — 11.4.1979),
украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Украіны (1974). Скончыў Харкаўскі тэатр. ін-т (1951). Да 1960 працаваў у Харкаўскім т-ры імя Т.Шаўчэнкі. У кіно з 1952: «Лёс Марыны», «Максім Перапяліца», «Дарагі мой чалавек», «Добраахвотнікі» і інш. Яго мастацтва адметнае лірызмам, мяккім гумарам. Сярод рэжысёрскіх работ: «У бой ідуць адны «старыя» (і роля Цітарэнкі, 1974), «Аты-баты, ішлі салдаты...» (і роля Святкіна, 1977; за абедзве Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1977). Пра Быкава зняты фільм «...Якога любілі ўсе» (1982).
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,
рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл. бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел. правасл. царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел. нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.
Л.У.Языковіч.
т. 5, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)