КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыяліт. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыярэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),
горад на ПнУ Італіі, на астравах у лагуне і на беразе Венецыянскага зал. Адрыятычнага м.Адм. ц. вобласці і правінцыі Венецыя. 306,5 тыс.ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт аўтадарог і чыгунак. Венецыя складаецца з 2 частак: гіст. цэнтра (каля 100 тыс.ж.), размешчанага на 118 невял. астравах Венецыянскай лагуны, падзеленых 150 каналамі і пратокамі (Вял. Канал — гал.трансп. артэрыя), цераз якія перакінута каля 400 мастоў, і прамысл.-партовай мацерыковай часткі (уключае гарады Маргера, Местрэ, Фузіна і інш.). У гіст. цэнтры — суднарамонтная, папяровая, трыкат.прам-сць. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла (гл.Венецыянскае шкло), карункаў, мазаікі, скураных і інш. вырабаў. У мацерыковай ч. — каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., харч., эл.-тэхн. прам-сць, суднабудаванне, дакладная механіка і оптыка. Ун-т. Акадэмія мастацтваў, Ін-т па вывучэнні Адрыятыкі. Музеі: Галерэя Акадэміі, Археалагічны, Корэр (мастакі 14—16 ст.), сабора св. Марка, на в-ве Мурана — музей шкла і інш. Оперны т-р. Астраўная ч. Венецыі — горад-музей, марскі курорт, цэнтр міжнар. турызму, месца правядзення міжнар. кінафестываляў, маст. выставак. Венецыя церпіць ад навадненняў. Унутрыгар. перавозкі ажыццяўляюцца на катэрах, баржах, гандолах. Венецыя і лагуна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Першыя паселішчы на тэр. Венецыі (на астравах лагуны каля паўн. ўзбярэжжа Адрыятычнага м.) узніклі ў 5 ст. да н.э. У перыяд нашэсця варварскіх плямён (4—7 ст.н.э.) колькасць насельніцтва павялічылася за кошт уцекачоў з мацерыковай ч. Італіі. У сярэдзіне 6 ст. астравы былі заваяваны Візантыяй, але фактычна засталіся незалежныя. На астравах узніклі абшчыны, якія ў канцы 7 — пач. 8 ст. ўтварылі рэспубліку на чале з дожам. Горад Венецыя ўзнік на пач. 9 ст. на в-ве Рыальта як цэнтр дуката (герцагства). У 9—10 ст. на Венецыі — буйны пасрэдніцкі цэнтр гандлю Зах. Еўропы з Усходам, развівалася прам-сць, суднабудаванне, апрацоўка металу, дрэва, выраб шоўку, зброі, шкла і інш. У канцы 10 ст. Візантыя разглядала Венецыю як незалежную дзяржаву. Былі далучаны істрыйскія гарады Кападыстрыя, Парэнца, Умага, Равіньё і інш. У 11—12 ст. Венецыя — багатая марская дзяржава. У часы крыжовых паходаў (11—13 ст.) ператварылася ў міжземнаморскую імперыю, авалодала часткай Канстанцінопаля, шэрагам гаваняў на Мармуровым м. і ў пралівах, а-вамі Эўбея, Крыт і інш. З канца 13 ст. рэспубліка Венецыя стала алігархічнай. Дзейнічалі вышэйшыя органы кіравання: Вял. савет (кіраваў усімі дзярж. справамі), Малы савет, ці Сіньёрыя (урад, які ўзначальваў пажыццёва абраны дож), Сенат (займаўся калан. справамі і пытаннямі знешняй палітыкі), Савет сарака (вышэйшы суд. орган). Значнага росквіту Венецыя дасягнула ў 14—15 ст., замацавалася ў Далмацыі, завалодала некалькімі пунктамі ў Албаніі, Іанічнымі а-вамі. У 14 — пач. 16 ст. Венецыя пашырыла свае ўладанні на кантыненце (былі далучаны гарады Падуя, Вічэнца, Верона, Брэшыя, Равена, Крэмона, Рыміні і інш.). Захоп туркамі Канстанцінопаля (1453), перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнамор’я на Атлантычны ак. (у выніку Вял.геагр. адкрыццяў) нанеслі ўдар магутнасці Венецыі. У венецыяна-тур. войнах 15—18 ст. яна страціла амаль усе тэр. на Балканах і ва Усх. Міжземнамор’і, што прывяло да паліт. і эканам. заняпаду. У 1797 Венецыя была акупіравана войскамі Напалеона I і паводле Кампафармійскага міру 1797 перададзена Аўстрыі. Паводле Прэсбургскага міру 1805 далучана да Італьян. каралеўства. Венскі кангрэс 1814—15 зноў перадаў Венецыю Аўстрыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ў Венецыі абвешчана (сак. 1848) рэспубліка (кіраўнік Д.Манін), у жн. 1849 пасля гераічнай абароны яна пала пад ударамі аўстр. арміі. Паводле Венскага міру 1866 увайшла ў склад Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, была цэнтрам руху Супраціўлення. Вызвалена ў выніку нар. паўстання 28—29.4.1945, 30 крас. занята войскамі саюзнікаў.
Маляўнічасць і непаўторнасць Венецыі ствараюць вялікія і шматлікія маленькія каналы, дамы і палацы, што ўзнімаюцца з вады. Найб. значныя арх. ансамблі: пл.св. Марка з аднайм. саборам (829—832) і званіцай; пл. П’яцэта з Венецыянскім Палацам дожаў (9 ст.) і б-кай (1536—54, арх. Я.Сансавіна); пл. Санці-Джавані э Паала з аднайм. царквой (1246—1430), будынкам Скуола Грандэ ды Сан-Марка (1488—90) і помнікам кандацьеру Б.Калеоні (скульптар А.Верок’ё). Іншыя помнікі: склад Фандака дэі Туркі (13 ст.), Палацца Ка д’Ора, Палацца Вендрамін-Калерджы (абодва 15 ст.); цэрквы Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары (14—15 ст.), Санта-Марыя дэі Міраколі (15 ст.), Іль Рэдэнторэ (16 ст.), Скуола Грандэ ды Сан-Рока (16 ст.), царква і манастыр Сан-Джорджа Маджорэ (16 ст., арх. А.Паладыо), Санта-Марыя дэла Салутэ (17 ст., арх. Б.Лангена), мост Рыяльта (16 ст.), палацы Рэдзаніка (17 ст.), Пезара (скончаны ў 1710).
Літ.:
Соколов Н.П. Образование Венецианской колониальной империи. Саратов, 1963;
Всеволожская С.Н. Венеция. Л., 1970.
Да арт.Венецыя. Від з Вялікага канала на царкву Санта-Марыя дэла Салутэ. Арх. Б.Лангена. 1631—81.Панарама цэнтральнай часткі Венецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э.рым. імператарам Феадосіем I.
2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар.спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл.табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).
Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш атрыбутыка.
Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.
Літ.:
Олимпийская энциклопедия. М., 1980.
Г.К.Кісялёў.
Алімпійскія гульні
Алімпіяды
Год правядзення
Месца правядзення
Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I
1896
Афіны
13
II
1900
Парыж
21
III
1904
Сент-Луіс
12
IV
1908
Лондан
22
V
1912
Стакгольм
28
VI
1916
Берлін*
VII
1920
Антверпен
29
VIII
1924
Парыж
44
IX
1928
Амстэрдам
46
X
1932
Лос-Анджэлес
38
XI
1936
Берлін
49
XII
1940
Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII
1944
Лондан*
XIV
1948
Лондан
58
XV
1952
Хельсінкі
69
XVI
1956
Мельбурн
67
XVII
1960
Рым
84
XVIII
1964
Токіо
94
XIX
1968
Мехіко
113
XX
1972
Мюнхен
122
XXI
1976
Манрэаль
88
XXII
1980
Масква**
81
XXIII
1984
Лос-Анджэлес
140
XXIV
1988
Сеул
160
XXV
1992
Барселона
172
XXVI
1996
Атланта
* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.
Да арт.Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.Да арт.Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.Да арт.Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).Да арт.Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).Да арт.Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́УСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),
рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял.сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус.рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.
Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-варус. драмы, 1921; Бел.тэатр.-маст.ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—30. Л., 1972—90.
Літ.:
Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛО́ГІЯ (ад геа... + ...логія),
навука аб саставе, будове і гісторыі развіцця зямной кары і Зямлі, заканамернасцях утварэння і пашырэння горных парод, мінералаў, падземных вод і радовішчаў карысных выкапняў. Забяспечвае выяўленне і ацэнку мінер.-сыравінных рэсурсаў. Мае вял. гнасеалагічнае значэнне, паколькі аб’ект яе вывучэння — Зямля. Геалогія — адна з фундаментальных навук аб прыродзе Зямлі і Сусвету. Вылучаюць 3 кірункі геалогіі: апісальны (апісанне мінералаў, горных парод, геал. цел і інш.), дынамічны (вывучэнне геал. працэсаў і іх эвалюцыі), гістарычны (гісторыка-геал. рэканструкцыі). Геалогія падзяляецца на мінералогію, петраграфію, літалогію, стратыграфію, палеанталогію, палеагеаграфію, тэктоніку, гідрагеалогію, таксама геалогію антрапагену (гл.Чацвярцічная геалогія), інж., рэгіянальную, марскую, геалогію карысных выкапняў і інш.
Працэсы геал. мінулага даследуюцца на падставе вывучэння сучасных працэсаў з улікам эвалюцыі Зямлі (прынцып актуалізму). Геалогія карыстаецца метадамі назірання, картаграфавання, свідравання, комплексам геафіз. метадаў, касмічнай і аэрафотаздымкі, аптычнымі, электронна-мікраскапічнымі, рэнтгенаўскімі, спектральнымі, хім., ізатопнымі і інш. Цесна звязана з геагр. навукамі — геамарфалогіяй, фіз. геаграфіяй, кліматалогіяй, гідралогіяй, геадэзіяй, а таксама з навукамі, што вылучыліся з яе — геафізікай і геахіміяй. Геалогія шырока выкарыстоўвае дасягненні фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі і інш. Геалогія ўзнікла ў працэсе практычнай дзейнасці чалавека, які з глыбокай старажытнасці выкарыстоўваў у побыце каменне, ваду падземных крыніц, руды. Першыя звесткі пра мінералы, горныя пароды, падземныя воды і пошукі карысных выкапняў ёсць у пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, стараж. рукапісах Кітая, працах ант. вучоных Грэцыі і Рыма: Піфагора, Герадота, Арыстоцеля, Плінія Старэйшага. Перыяд да 18 ст. адметны назапашваннем разнастайных фактаў аб саставе горных парод і мінералаў, падземных вод, геал. з’явах. У 18 — 1-й пал.ст. М.В.Ламаносаў (Расія), Ж.Кюўе, Л.Элі дэ Бамон, А.Браньяр (Францыя), Л.Бух, А.Г.Вернер (Германія), У.Сміт, А.Седжвік, Р.І.Мурчысан, Ч.Лаель, Дж.Гетан (Вялікабрытанія), А.Грэслі (Швейцарыя) сістэматызавалі разрозненыя геал. звесткі, прапанавалі шэраг асноватворных уяўленняў геалогіі, заклалі фундамент геал. навукі, якая аформілася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.
Тэарэт. асновы сучаснай геалогіі складаюць вучэнні аб глабальнай тэктоніцы пліт (гл.Тэктанічныя гіпотэзы), платформах і геасінкліналях, фацыях і фармацыях, літагенезе, магматызме, рудаўтварэнні, падземных водах і інш. Уклад у развіццё геалогіі зрабілі А.Дз.Архангельскі, М.Бертран, С.М.Бубнаў, А.Вегенер, У.І.Вярнадскі, І.М.Губкін, Дж.Дана, А.М.Заварыцкі, Э.Зюс, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, Г.Ф.Мірчынк, Дз.В.Наліўкін, У.А.Обручаў, Э.Ог, А.П.Паўлаў, Ф.Дж.Петыджан, М.М.Страхаў, Я.С.Фёдараў, А.Я.Ферсман, В.Я.Хаін, Дж.Хол, М.С.Шацкі, Г.Штыле, А.Л.Яншын і інш.
На Беларусі геал. вывучэнне тэрыторыі вядзецца з пач. 19 ст.: рабіліся маршрутныя апісанні, даследаваліся асобныя радовішчы карысных выкапняў (А.Э.Гедройц, Р.П.Гельмерсен, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна, В.М.Севяргін, П.А.Туткоўскі і інш.). Планамернае вывучэнне геал. будовы пачалося з 1927, калі быў арганізаваны геал.ін-т у складзе Інбелкульта. У 1937 створана Геал. ўпраўленне для кіравання геолага-здымачнымі і геолага-пошукавымі работамі. Пасля Вял.Айч. вайны праведзена сярэднемаштабная, часткова дэталёвая геал. і гідрагеал. здымка, выконваліся геафіз. даследаванні, пошукава-разведачныя работы, накіраваныя на выяўленне радовішчаў карысных выкапняў. Высветлена геал. будова і гісторыя геал. развіцця, тэктоніка тэр. Беларусі, дэталёва даследаваны петраграфія і мінералогія крышт. фундамента, літалогія і геахімія платформавага чахла. Разведаны запасы калійных і каменнай солей, прэсных і мінер. падземных вод і ёдабромных расолаў, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў. Выяўлены радовішчы нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руд, фасфарытаў, даўсаніту, сіліцытаў, рэдкіх металаў і інш. Вядуцца значныя інж.-геал. і геаэкалагічныя даследаванні. Вялікі ўклад у вывучэнне нетраў зрабілі: арганізатар геал. службы на Беларусі М.Ф.Бліадухо, бел.навук. школы, заснаваныя Г.І.Гарэцкім (геалогія антрапагену), А.С.Махначом (літалогія і геахімія даантрапагенных адкладаў), К.І.Лукашовым (геахімія навакольнага асяроддзя), Р.Г.Гарэцкім (геатэктоніка), Г.В.Багамолавым (гідрагеалогія), А.В.Мацвеевым (вывучэнне сучасных геал. працэсаў і геамарфалогія), Э.А.Ляўковым (неагеадынаміка), а таксама У.А.Багіна, Г.І.Ількевіч, П.А.Леановіч, В.І.Пасюкевіч, П.З.Хоміч і інш. Вытворчыя і н.-д.геал. работы праводзяць ВА«Беларусьгеалогія» і «Беларусьнафта», Геолагаразведачны беларускі навукова-даследчы інстытут, Інстытут геалагічных навук (ІГН) Нац.АН Беларусі, Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства (Белгеа), Бел.дзярж.ін-тінж. вышуканняў («Геасервіс») і інш. Кадры па геалогіі рыхтуюць БДУ і Гомельскі дзярж.ун-т. Геал. даследаванні і іх каардынацыю ажыццяўляюць таксама Геалагічны міжнародны кангрэс, Міжнар. саюз геал. навук, Беларускае геалагічнае таварыства, Бел.нац. камітэт геолагаў. Асн.перыяд. выданні: «Літасфера», «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» : інш.
Літ.:
Аллисон А., Палмер Д. Геология: Наука о вечно меняющейся Земле: Пер. с англ.М., 1984;
Уотсон Дж. Геология и человек: Введение в прикладную геологию: Пер. с англ.Л., 1986;
Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі. Мн., 1959;
Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;
История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;
Геология Белоруссии: Достижения и пробл.: Сб науч. тр.Мн., 1988;
Гарэцкі Р.Г. і інш. Праблемы вывучэння літасферы Беларусі // Літасфера. 1994. № 1;
Гарецкий Р.Г., Каратаев Г.И. Основные проблемы экологической геологии // Там жа. 1995. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац industria стараннасць, дзейнасць),
працэс стварэння буйной машыннай вытв-сці, у першую чаргу ў прамысловасці. Перадумовы І. складваліся ў перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу (ахапіла краіны Зах. Еўропы ў 16—18 ст., Расію ў 17—19 ст.). Гэты працэс прывёў да экспрапрыяцыі многіх сялян і фарміравання вольнай прац. сілы. Аднак рэальныя ўмовы для разгортвання І. склаліся ў працэсе індустр. рэвалюцыі (прамысл. перавароту), якая адбывалася ў апошняй трэці 17 ст. — 1-й чвэрці 19 ст. першапачаткова ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы і ў ЗША. Прамысл. пераварот меў сваім вынікам стварэнне прам-сці фабрычна-заводскага тыпу, якая паступова выцясняла дробную таварную вытв-сць і мануфактуру. Гэта прывяло да ўзнікнення новага тыпу цывілізацыі — індустрыяльнага грамадства, якое прыйшло на змену агр.-рамеснай цывілізацыі. Сімвалам і гал. рухальнай сілай гэтага грамадства стала фабрыка, потым — прамысл. карпарацыя. Узніклі вольнае прадпрымальніцтва, нуклеарная сям’я, нац. дзяржава, рэпрэзентатыўны ўрад, пачала пашырацца адукацыя, інстытутыялізавалася навука. І. капіталіст. тыпу ахоплівае працяглы перыяд і найчасцей пачынаецца з лёгкай прам-сці, якая патрабуе менш капіталаўкладанняў, а абарачальнасць капіталу адбываецца больш хуткімі тэмпамі, у выніку чаго хутчэй і ў большай масе ствараецца прыбытак. Тэрміны і тэмпы ажыццяўлення І. ў розных краінах неаднолькавыя. Толькі ў Вялікабрытаніі прамысл. рэвалюцыя і І. супалі ў часе. Менавіта таму яна ўжо да сярэдзіны 19 ст. ператварылася ў індустр. развітую краіну («фабрыку свету»), якая забяспечвала прамысл. таварамі інш. краіны. У Германіі, Францыі, ЗША і інш. краінах І. зацягнулася на многія дзесяцігоддзі. Германія ператварылася ў індустр.-агр. краіну толькі ў канцы 19 ст., Францыя — у пач. 20 ст. У Расіі І. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., але так і не завяршылася да 1-й сусв. вайны і Кастр. рэвалюцыі 1917.
І. ў межах Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, свой завяршальны этап рэалізавала ўжо ва ўмовах сав. улады. Гэты этап праводзіўся з сярэдзіны 1920-х г., пасля таго як XIV з’езд КПСС (1925) абвясціў курс на І. краіны ў якасці ген. лініі эканам. развіцця. У той час Беларусь характарызавалася нізкім узроўнем вытв-сці. Яна мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У 1926 дробныя саматужнікі выпускалі больш за 41% прадукцыі ўсёй прам-сці, а рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых Беларусі. Тут пераважалі дрэваапр., вытворч. і лёгкая галіна прам-сці, што вымагала больш інтэнсіўнага індустр. развіцця, чым у краіне ў цэлым. Сума бюджэтных укладанняў у разліку на душу насельніцтва ў нар. гаспадарку Беларусі ў 1928—32 павялічылася ў 2,8 разы, а ў Расіі — у 1,2 разы. Асн. сродкі накіроўваліся ў той час у паліўную, дрэваапр., папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо іх развіццё патрабавала менш выдаткаў і часу. У 1932 на долю групы «Б» прыпадала больш за 65% усёй прамысл. прадукцыі, якая выраблялася на Беларусі. Паступова павялічваліся капіталаўкладанні ў развіццё энергет., машынабудаўнічай, станкабудаўнічай прам-сці і на вытв-сць будматэрыялаў. За першыя 2 гады 1-й пяцігодкі замест запланаванага павелічэння аб’ёмаў вытв-сці прамысл. прадукцыі на 87,8%, фактычны прырост склаў 149,3%. Выпуск прамысл. прадукцыі ў 1932 павялічыўся ў параўнанні з 1928 у 2,7 разы. За гады 1-й пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 538 новых прадпрыемстваў, з іх 78 буйных. Хутка расла колькасць рабочага класа: у пачатку пяцігодкі на адно буйное прадпрыемства рэспублікі прыпадала 250 рабочых, а праз 2 гады — 870. Фарміраваліся новыя рабочыя прафесіі — металісты, машынабудаўнікі, тэкстыльшчыкі, хімікі. Хуткімі тэмпамі павялічвалася колькасць інжынераў, тэхнікаў, інш. спецыялістаў.
Гэтыя дасягненні з’явіліся вынікам не толькі добрасумленнай і самаахвярнай працы бел. народа, але і значных страт. За гады пяцігодкі рэзка абвастрылася праблема накапленняў. Не абумоўленая аб’ектыўнымі патрэбнасцямі сац.-эканам. развіцця калектывізацыя знізіла вытв-сцьс.-г. прадукцыі, у выніку значна пагоршыўся жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва, з’явіліся карткі на харч. тавары. Негатыўны ўплыў адм.-каманднай сістэмы кіравання, распачатыя рэпрэсіі прывялі ў рэшце рэшт да запавольвання тэмпаў індустр. развіцця. У выніку гэтага за гады 2-й пяцігодкі (1933—37) аб’ём прамысл. вытв-сці ў Беларусі вырас у 1,9 разы, што ніжэй не толькі ад запланаванага (у 3,8 разы), але і агульнасаюзнага (2,2 разы). Такія паказчыкі індустр. развіцця адмоўна адбіваліся на жыццёвым узроўні насельніцтва. Пакупная здольнасць рубля ў 1932 у параўнанні з 1928 знізілася на 60%, а індэкс рознічных цэн у 1940 перавысіў узровень 1928 у 6,3 разы. Рэальная зарплата рабочых дасягнула ўзроўню 1928 толькі ў 1940. Такім чынам, завяршальны этап І. ў Беларусі, як і ў цэлым у Сав. Саюзе, быў вельмі супярэчлівым: вялікія здабыткі самаахвярнай напружанай працы народа суправаджаліся шматлікімі стратамі і неабгрунтаванымі ахвярамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І ФАЛЬКЛО́РУімя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1957 на базе сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі і сектара мастацтва Ін-та л-ры АНБССР. З 1993 імя К.Крапівы. Аддзелы: тэатр. мастацтва; кіно і тэлемастацтва; музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі; выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва; архітэктуры; этналогіі; антрапалогіі і экалогіі; фалькларыстыкі; славістыкі; стараж.бел. культуры. Аспірантура (з 1957), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: заканамернасці развіцця бел. мастацтва, яго роля і значэнне ў сістэме культуры бел. народа і ў працэсе ўзаемадзеяння з культурамі інш. народаў, тэарэт. асэнсаванне мастацтвазнаўчых праблем; вывучэнне побыту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, біясацыяльных заканамернасцей фарміравання і зменлівасці іх антрапал. рыс; даследаванне гісторыі і тэорыі бел. фальклору, яго ўзаемасувязей з вуснапаэт. творчасцю інш.слав. народаў; вывучэнне эканам. і культ. развіцця гарадоў і вёсак Беларусі, бел. архітэктуры, помнікаў стараж.-бел. мастацтва.
У галіне тэатразнаўства даследуюцца гісторыя бел.сцэн. культуры, праблемы бел. драматургіі і яе сцэн. ўвасаблення, развіццё аматарскага т-ра і інш. Выдадзена калектыўная праца «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), манаграфіі У.І.Няфёда «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965, за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1966) і інш. У галіне кіно і тэлемастацтва даследуюцца станаўленне, гісторыя і тэндэнцыі сучаснага развіцця бел. кіно, тэарэт. праблемы тэлемастацтва, спецыфіка экранізацыі твораў маст. л-ры, дзейнасць асобных рэжысёраў, акцёраў. Выдадзены «Гісторыя беларускага кіно» ў 2 кнігах (1969—70), «Экран і культура: Беларускае кіно і тэлебачанне ў сістэме мастацкай культуры» (1988), даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы» (т. 1, 1996) і інш. У галіне музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі вывучаюцца вытокі, асн. кірункі, эвалюцыя стыляў, жанравая тыпалогія і сучасны стан бел.прафес. музыкі, праблемы опернай драматургіі, балета, муз. камедыі, аперэты, тэарэт. асновы бел.нар.муз. мастацтва, сістэмная тыпалогія бел. песеннага фальклору, яго рэгіянальныя асаблівасці, бел.нар. інструменты, муз. аўтэнтычны фальклор у сістэме сучаснай культуры. Сярод прац «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97), «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997); «Каляндарна-песенная культура Беларусі» З.Я.Мажэйкі (1985), «Кампазітары Беларусі» Т.Г.Мдзівані, Р.І.Сергіенка (1997) і інш. У галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і архітэктуры даследуюцца гісторыя бел.выяўл., дэкар.-прыкладнога мастацтва і архітэктуры, станаўленне і развіццё асобных жанраў мастацтва (жывапісу, графікі, скульптуры, маст. разьбы па дрэве і інш.), гісторыка-культ., маст. помнікі Беларусі, узаемасувязі і ўзаемадзеянне выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва беларусаў з мастацтвам суседніх народаў, тэндэнцыі развіцця сучаснага бел. мастацтва. Выдадзены фундаментальная праца «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння» (1994) і інш. У галіне этналогіі даследуюцца яе гісторыя, вытокі і этнічнае развіццё бел. этнасу, эвалюцыя яго гасп. заняткаў (земляробства, пчалярства, ткацтва, дрэваапр. промыслаў і інш.), матэрыяльнай культуры (жылля, адзення), грамадскіх традыцый і духоўнай культуры. Падрыхтаваны і выдадзены цыкл манаграфій В.К.Бандарчыка па гісторыі бел. этнаграфіі (1964, 1970, 1972, 1979), калектыўныя працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Этнічныя працэсы і лад жыцця» (1980), «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), першыя тамы абагульняльнай шматтомнай працы «Беларусы» (1995—97). У галіне антрапалогіі вывучаюцца фіз. тып стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі, роля спадчынных, прыродных і сац. фактараў у фарміраванні фіз. тыпу беларусаў, адаптыўныя працэсы ў сувязі са зменлівымі ўмовамі асяроддзя на тэр. рэспублікі, генетычна дэтэрмінаваныя сістэмы (дэрматагліфічныя, аданталагічныя, генагеагр. паказчыкі). Выдадзены працы «Нарысы па антрапалогіі. Беларусі» (1976), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978) і «Біялагічнае і сацыяльнае ў фарміраванні антрапалагічных асаблівасцей» (1981) Л.І.Цягака, І.І.Салівон, А.І.Мікуліча, «Экалагічныя змены і біякультурная адаптацыя чалавека» (1996) і інш. У галіне фалькларыстыкі ажыццяўляецца збіранне, сістэматызацыя, публікацыя вуснапаэт. твораў, даследуюцца тэорыя і гісторыя бел. фальклору, вывучаюцца сучасныя фалькл. працэсы, праводзіцца параўнальны аналіз фалькл. твораў славян і інш. Выдадзены 44 т. шматтомнага збору «Беларуская народная творчасць» (1970—97, Дзярж. прэмія Беларусі 1986), кнігі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», «Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі» (абедзве 1993), цыкл навук. прац па гісторыі бел. фалькларыстыкі ў 3 кнігах (1987—89), гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967) і інш. У ін-це створаны Музей старажытнабеларускай культуры.
У ін-це працавалі акад.АН Беларусі П.Ф.Глебка, чл.-кар. І.В.Гутараў; працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі В.К.Бандарчык, С.В.Марцэлеў, У.І.Няфёд, М.Ф.Піліпенка (дырэктар з 1994).
Літ.:
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы: (Да саракагоддзя стварэння). Мн., 1997.