бой партызан аб’яднанага гарнізона Ф.І.Паўлоўскага па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Муляраўка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на лініі Жыткавічы—Калінкавічы 22 лют. ў Вял.Айч. вайну. Для выканання аднаўленчых работ на чыгунцы на станцыю прыбыла частка буд. батальёна гітлераўцаў. Атрадам А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін) і Капаткевіцкаму (камандзір А.Ц.Міхайлоўскі) было даручана разграміць гарнізон праціўніка. Да раніцы 21 лют. атрады сканцэнтраваліся ў в. Залессе Акцябрскага р-на, правялі разведку, удакладнілі сілы, узбраенне праціўніка. Аперацыяй кіравалі Паўлоўскі і камісар С.В.Маханько. 22 лют. раніцай партызаны акружылі станцыю і казарму, у якой размяшчаліся гітлераўцы, і адкрылі агонь. У выніку аперацыі фаш. гарнізон на ст. Муляраўка разгромлены, аднаўленчыя работы сарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. брыгад «Народныя мсціўцы» і «Дзядзькі Колі» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. ў сак.—жн. 1943 у Вял.Айч. вайну. Паводле звестак партыз. разведкі ням. гарнізон вясной 1943 пачаў работы для свайго ўзмацнення. Партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» неаднаразова спрабавалі перашкодзіць гэтаму: наносілі ўдары па аванпостах, спынялі спробы дэблакіраваць гарнізон звонку, знішчылі мотамеханіз. патруль, нанеслі вял. страты асобаму батальёну СС Дырлевангера, які спрабаваў прарвацца на дапамогу гарнізону. 17 жн. партызаны перакрылі ўсе шляхі да Плешчаніц і ўварваліся ў пасёлак. Адначасова брыгада «Дзядзькі Колі» завязала баі з гарнізонамі на Зембінскім напрамку. У выніку аперацыі гарнізон быў поўнасцю разгромлены, яго дзейнасць спынена больш як на паўгода. Страты партызан — 48 забітымі і параненымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баі бел.партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст. — снеж. 1942 у Вял.Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш.чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЦЭ́ВІЧ (Васіль Савіч) (19.4.1893, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.9.1985),
бел.драматург.Засл. настаўнік Беларусі (1947). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1913), Мінскі настаўніцкі (1918) і вышэйшы пед. (1933) ін-ты. Працаваў настаўнікам на Сенненшчыне (1913—15), у Дукорскай школе (1918—24, 1933—57), выкладаў бел. мову ў Магілёўскім педтэхнікуме (1924—29). Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі «Маладняк». Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Вяселле» (нап. на аснове бел. вясельнага абраду, паст. БДТ 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апубл. 1923) пра подзвіг дукорскіх партызан у барацьбе супраць польскіх акупантаў, «Пад вішнёвымі садкамі» (1927) і «Песні нашых дзён» (1930, прысвечана калектывізацыі) і інш. Напісаў успаміны пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі.
Тв.:
Чырвоныя кветкі Беларусі: П’есы. Мн., 1983;
у кн.: Шлях паэта. Мн., 1975.
Літ.:
Казека Я. Прызванне // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
разгром партызанамі часцей ням.-фаш. арміі ў в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. 18 ліст. ў Вял.Айч. вайну. Праведзена партыз. брыгадамі «Жалязняк» (камандзір В.І.Шаруда), імя Панамарэнкі (І.І.Бандарэнка) і 108-м партыз. атрадам імя Катоўскага (М.А.Трусноў) у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Задача аперацыі — перакрыўшы дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі, не прапусціць часці гітлераўцаў, якія адступалі ў напрамку Бабруйска. У ходзе аперацыі партызаны пад кіраўніцтвам камісара партыз. брыгады імя Панамарэнкі Я.Р.Садовага імклівай атакай уварваліся ў Горваль і разграмілі праціўніка, захапілі танкі, бронемашыны, артылерыю, 110 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі захапіць Горваль, але партызаны моцна ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу 5 сутак да падыходу часцей Чырв. Арміі. У гонар баявых дзеянняў партызан у Горвалі ў 1977 пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну,
састаўная частка Расонскага патрыятычнага падполля. Дзейнічала ў жн. 1941 — крас. 1942 (кіраўнік У.В.Петрачэнка) на тэр. Віцебскай вобл. Мела 3 групы (23 чал.): у вёсках Аўсюкова і Забор’е (А.Дз.Цітоў, І.Ф.Лапатка), Лакці і Пакоціна (Я.А.Каган, А.І. і Н.І.Папляцеевы), Баканіха і Шарстова (М.Ф.Максіменка). Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з партызанамі, збіралі для іх зброю, разведданыя, харчаванне, медыкаменты. Разам з партызанамі ўдзельнічалі ў падрыве моста цераз р. Дрыса, 6 мастоў на шашэйных дарогах, спалілі будынак ням. камендатуры ў в. Забор’е, здзейснілі шэраг дыверсій па знішчэнні баявой тэхнікі, аўтатранспарту і жывой сілы ворага. Вясной і летам 1942 амаль усе падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці бел., рус., латв. і літ.партызан у г.п. Расоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСПІ́ЦКІ (Андрэй Міхайлавіч) (н. 16.2.1924, г. Мазовец, Польшча),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Вучыўся ў Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1940—41). Стварыў партрэты Цёткі (А.Пашкевіч; 1957), Ф.Шапэна (1960); бюст А.Міцкевіча (1995); станковыя творы «У полі» (1958), «Гімнасткі» (1971), кампазіцыі «Партызан-падрыўнік» (1957), «Дружба» (1964), «Рэквіем» (1996); і інш. Яго манум. творам характэрны дакладныя суадносіны маштабаў і масы, узбагачаныя кантрастамі святлаценяў, выразным лінейным рытмам: помнікі Ф.Скарыну ў Полацку (1973; па эскізу А.К.Глебава), Я.Купалу ў Мінску (1972; з А.Анікейчыкам і Л.Гумілеўскім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у гонар вызвалення Віцебска (1989; з М.Рыжанковым) ў Віцебску, манумент у гонар маці-патрыёткі (Дзярж. прэмія СССР 1977), мемар. знак у памяць ахвяр фашызму ў Стоўбцах (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Фёдар Іларыёнавіч) (27.11. 1908, г.п. Міхайлаўка Запарожскай вобл., Украіна — 6.4.1989),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл., Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў палкавую кав. школу (1932), курсы сав. будаўніцтва (1939) і палітсаставу (1940). З 1940 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў на воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну ў пач.ліп. 1941 стварыў разам з Ц.П.Бумажковым і ўзначаліў партыз. атрад у Акцябрскім р-не Палескай вобл., са студз. 1942 камандзір Палескага партыз. злучэння, з мая 1942 камандзір 123-й Акцябрскай партыз. брыгады, адначасова з крас. 1943 чл. Палескага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1943 — Акцябрскага падп. райкома КП(б)Б. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена ў ліку першых сав.партызан. Пасля вайны да 1966 на сав. і гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШНА,
вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 133 км ад Віцебска. 355 ж., 139 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У ВКЛ прыватнаўласніцкае мястэчка. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, цэнтр воласці Лепельскага пав. У 1886 у П. 128 ж., 14 двароў, пач. школа, валасная ўправа, царква, яўр. малітоўны дом, гарбарня, крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Лепельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў кастр. 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава» разграміла ў П. гарнізон гітлераўцаў і аднавіла сав. ўладу. Фашысты імкнуліся зноў захапіць П., адбыліся Пышнянскія баі 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗДА́ВІМ ФАШЫ́СЦКУЮ ГА́ДЗІНУ»,
сатырычнае выданне для насельніцтва і партызан Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Выходзіла з ліп. 1941 да мая 1945, спачатку на рус., з сак. 1942 на бел. мове; да сак. 1942 агітплакат, пазней газета-плакат, сатыр. часопіс ЦККП(б)Б. Выдавалася ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе і ў Маскве, пасля ў Навабеліцы (цяпер у межах Гомеля) і Мінску. Змяшчала фельетоны, памфлеты, сатыр. вершаваныя і празаічныя літ. творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да актыўнай барацьбы з ворагам. У выданні друкаваліся творы Я.Коласа, Я.Купалы, А.Астрэйкі, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, К.Крапівы, М.Лужаніна, П.Панчанкі, М.Танка, М.Чавускага, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, малюнкі І.Ахрэмчыка, Л.Брадатага, В.Букатага, К.Елісеева і інш. мастакоў. Са жн. 1945 выходзіць як сатыр.-гумарыстычны час.«Вожык».