НІКО́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (13.11.1877, Масква — 19.11.1959),

бел. гісторык, усходазнавец. Сын М.В.Нікольскага. Акад. АН Беларусі (1931), чл.-кар. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). Праф. Смаленскага (з 1918), Беларускага (з 1922) ун-таў. З 1931 у Ін-це гісторыі АН БССР (заг. сектара этнаграфіі і фальклору, у 1937—53 дырэктар ін-та). Даследаваў праблемы гісторыі Стараж. Усходу, рэлігіі, этнаграфіі і фальклору Беларусі. Даказаў існаванне абшчыннага ладу і хатняга рабства ў Стараж. Двухрэччы і Фінікіі. Распрацоўваў гісторыю ранняга хрысціянства, царквы і сектанцтва ў Расіі. Даследаваў паходжанне бел. абрадавых песень, прасачыў гісторыю ўзнікнення і відазмянення бел. шлюбных рытуалаў да канца 19 ст.

Тв.:

Древний Вавилон. М., 1913;

Дохристианские верования и культуры днепровских славян. М., 1929;

Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі. Мн., 1931;

Частное землевладение и землепользование в Древнем Двуречье. Мн., 1948;

Этюды по истории финикийских общинных и земледельческих культов. Мн.. 1948;

Происхождение и история белорусской свадебной обрядности Мн., 1956;

Культура древней Вавилонии. Мн., 1959;

История русской церкви. Мн., 1990.

Літ.:

Ботвинник М. Н.М. Никольский. Мн.. 1967.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКЛО́НСКІ (Канстанцін Вацлаў Юр’евіч) (? — пасля 1661),

бел. военачальнік у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, палкоўнік. У пач. вайны перайшоў на бок рас. цара Аляксея Міхайлавіча, ад якога атрымаў званне бел. палкоўніка. Войска П. складалася з 6 тыс. чал. На працягу жн. 1654 узяў Чавусы і Магілёў (разам з арміяй ваяводы М.​Ваейкава). На падуладных тэр. усх. Беларусі спрабаваў праводзіць самаст. палітыку, незалежную ад царскага ўрада і ўкр. казакоў, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння і баявых дзеянняў з наказным гетманам укр. казацкага войска І.​Залатарэнкам. Да канца 1654 казакі былі выцеснены з Магілёўскага пав. У 1655 перайшоў на бок ВКЛ, пацярпеў паражэнні ад рас. войск пад Барысавам і Койданавам, ад казакоў Залатарэнкі пад Ашмянамі. З восені 1655 завербаваны ў войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, саюзніка Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў, з-за здрады электара, удзельнічаў у паходзе на Прусію пад кіраўніцтвам В.​Гасеўскага. 22.10.1656 у час бітвы са шведамі пад Філіпавам трапіў у палон, зняволены ў Мальбаркскай крэпасці. Пасля вызвалення на вайсковую службу не пайшоў, уласныя сродкі ахвяраваў на ўзбраенне войск ВКЛ.

А.​А.​Шпунт.

т. 11, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНІ́ЗМ,

слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).

П.​У.​Сцяцко.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),

навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.

Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.​С.​Грабніцкі, С.​С.​Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.​К.​Обердык, А.​Дыль, К.​Кох, Э.​Лукас і інш.

На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел. НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж. абл. с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.

Літ.:

Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;

М., 1930;

Помология БССР. [Т. 1—4]. Мн. 1972—80.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯБА́НІЯ (сярэднелац. plebania ад лац. plebs народ),

1) двор святара каталіцкай, рэфарматарскай ці уніяцкай царквы ў Польшчы і на Беларусі. Вядомы з 16 ст. На Беларусі аснову двара, які звычайна размяшчаўся каля храма, складалі жылы дом і гасп. пабудовы (свіран, хлявы, стайня і інш.). Забудова часцей была драўляная (хата 3-камерная) і вырашалася ў традыцыях нар. дойлідства.

Некат. дамы мелі ганкі, галерэі, падчэні на гал. фасадзе (вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага, Касцяневічы Вілейскага р-наў, 19 ст.). З канца 19 ст. будавалі П. больш складанай планіровачнай структуры: 2-павярховыя, мураваныя (гарады Мядзел, Глыбокае, Мінск і інш.). Выкарыстоўваліся П. і як своеасаблівыя грамадскія цэнтры (друкарня ў нясвіжскай П., 18 ст.). Сучасныя П. маюць шматфункцыян. залы для сходаў, б-кі, вучэбныя і камп’ютэрныя класы, канцылярыі і інш. (П. ў Смаргоні, 2000, арх. А.​Базевіч).

2) У рым.-каталіцкай царкве — адна з назваў царк. прыхода.

С.​А.​Сергачоў.

Будынак былой плябаніі ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Плябанія (справа) у г. Смаргонь Гродзенскай вобл. 2000. Арх. А.​Базевіч.

т. 12, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,

апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.​Кмітам і канюшым трокскім М.​Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.​Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.​І.​Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЕЛІ́НІ ((Rossellini) Раберта) (8.5.1906, Рым — 3.6.1977),

італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе. У першых фільмах «Белы карабель» (1941, пад кіраўніцтвам Ф. Дэ Рабертыса), «Пілот вяртаецца» і «Чалавек з крыжам» (абодва 1942) імкнуўся наблізіць маст. кінематограф да дакументальнага. Фільм «Рым — адкрыты горад» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1946) стаў маніфестам неарэалізму ў кіно. Значным быў і трагічны па гучанні антыфаш. фільм «Пайза» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Тэма маральнай дэградацыі, звязанай з грамадскім спадам канца 1940-х г., адлюстравана ў карцінах «Германія, год нулявы», «Машына забівае дрэнных» (абедзве 1948), «Дзе свабода?» (1953). Зняў шэраг фільмаў на рэліг. тэматыку: «Францыск, менестрэль Божы», «Стромбалі, зямля Божая» (абодва 1950), «Еўропа, 51» (1952). Пасля творчага крызісу вярнуўся да патрыят. і антыфаш. тэматыкі: «Генерал Дэла Раверэ» (1959, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «У Рыме была ноч», «Няхай жыве Італія!» (абодва 1960). У сярэдзіне 1960-х г. працаваў на тэлебачанні, дзе зняў шэраг фільмаў пра гіст. дзеячаў («Сакрат», 1970; «Блез Паскаль», 1971; «Дэкарт», 1973, і інш.) і гіст. падзеі («Гісторыя амерыканскай рэвалюцыі», 1971; «Італія, год першы», 1975).

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖСКІ ДО́МСКІ САБО́Р, сабор Марас,

помнік сярэдневяковага дойлідства ў Рызе. Закладзены ў 1211 — каля 1215 як 3-нефавая раманская базіліка з манастыром для капітула (вышэйшага духавенства Лівоніі). Завершаны каля 1270 невядомым майстрам з г. Кёльн (Германія) па тыпу зальнага храма з вежай на зах. фасадзе. Каля 1300 сабор дабудаваны як базіліка, перакрыты гатычнымі скляпеннямі (выш. сярэдняга нефа 26 м). Часткова перабудоўваўся да канца 19 ст. Бакавыя капэлы — 13 (?) і 15 ст.; клуатр і зала капітула з разьбой на капітэлях — 1-я пал. 13 ст. У 1776 завяршэнне сабора набыло рысы барока. У інтэр’еры захаваліся скульпт. надмагіллі 14—17 ст., разны амбон 1641, жывапіс 18 ст., вітражы 19 ст. Буд-ва сабора паспрыяла пашырэнню ў архітэктуры Прыбалтыкі пераходных рамана-гатычных форм. Разам з манастыром і інш. пабудовамі 13—19 ст. сабор уяўляе сабой цэласны арх. комплекс; адна з асн. горадабуд. дамінантаў Старога горада. Пасля рэстаўрацыі 1959—60 сабор ператвораны ў канцэртную залу, дзе ўстаноўлены вял. арган, і музей. З 1989 дзеючы храм. Іл. гл. да арт. Латвія.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕТАЛО́ГІЯ,

сукупнасць даследаванняў аб СССР у галіне гісторыі, палітыкі, ідэалогіі, гаспадаркі, культуры, якія праводзіліся да 1991 у заходніх краінах або ў цэнтрах, звязаных з імі. Частка даследчыкаў уключала ў С. і вывучэнне сацыяліст. краін — саюзнікаў СССР. Папярэднікамі ўласна С. былі пераважна рас. эмігранты 1920-х г. М.​Бярдзяеў, Г.​Фядотаў, М.​Суханаў, а таксама К.​Каўцкі і інш. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 1940—50-я г. Гал. цэнтрамі былі Гувераўскі ін-т вайны і рэвалюцыі ў ЗША, ун-ты ЗША і Зах. Еўропы (у Фрыбуры, Лондане, Парыжы). Выдаваліся часопісы па С.: «The Journal on Communist Studies» («Часопіс камуністычных даследаванняў»), «Slavic Review» («Славянскі агляд»), «Soviet Studies» («Савецкія даследаванні»), «Soviet Jewish Affairs» («Справы савецкіх яўрэяў» і інш. Найб. вядомыя саветолагі: З.​Бжазінскі, Р.​Конквест, С.​Коэн, Р.​Э.​Пайпс, Л.​Шапіра і інш. Напачатку С. мела практычна-прапагандысцкі характар ва ўмовах ідэалагічнага процістаяння капіталіст. і сацыяліст. сістэм. Творы вядучых саветолагаў пачалі выдавацца ў СССР з канца 1980-х г. Пасля распаду СССР (1991) цэнтры С. даследуюць посткамуністычныя і камуністычныя дзяржавы, пераважна ў Азіі (В’етнам, Кітай, Паўн. Карэя).

т. 14, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да пач. 1923. Утвораны 22.7.1773 у складзе Аршанскай правінцыі, з 22.3.1777 Магілёўскай губ. Цэнтр. — г. Сянно. У 1795 у С.п. перададзена частка тэрыторыі, далучанай у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай, з мяст. Лукомль і Чарэя. 12.12.1796 павет уключаны ў Беларускую губ. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1795. Пл. С.п. 3,3 тыс. км². У 1861 далучана частка скасаванага Копыскага пав., пасля чаго пл. стала 4,9 тыс км². Тэр. С.п. была падзелена на 15 валасцей. У 1864 нас. павета 85,5 тыс. чал. У 1881 у С.п. (без г. Сянно) было 67 прадпрыемстваў, на якіх працавала 198 чал. У 1883 у 2 школах і 17 нар. вучылішчах навучалася 637 вучняў; былі 4 бальніцы на 72 ложкі, 2 аптэкі. На 1889 у павеце 786 паселішчаў, у 1897 161,7 тыс. чал., з іх у Сянне 4,1 тыс. З 26.4.1919 С.п. у складзе Віцебскай губ. 15.2. 1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Аршанскі, Бачэйкаўскі і Віцебскі паветы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)