інадаптыўная спецыялізацыя, кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.А.Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕНТАРЫЗА́ЦЫЯ,
перыядычная праверка адпаведнасці фактычнай наяўнасці гасп. сродкаў (матэрыяльных і інш. каштоўнасцей) даным бухгалтарскага ўліку; адзін са сродкаў кантролю за захаваннем уласнасці, фінансава-разліковай дысцыпліны. Праводзіцца ва ўстаноўленыя тэрміны (планавая І.), раптоўна (рэвізія), пры змене матэрыяльна-адказных асоб, пасля стыхійных бедстваў, па патрабаванні следчых органаў, у інш. выпадках. Вылучаюць бягучую (праводзіцца ў любы час на працягу года) і гадавую (пры складанні гадавой справаздачы), поўную (ахоплівае ўсе віды сродкаў прадпрыемства, фірмы, арганізацыі) і частковую. І. прыродных рэсурсаў, улік колькасці, якасці, дынамікі запасаў і ступені эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Ажыццяўляецца самастойна і ў працэсе складання кадастраў. Выкарыстоўваецца ў якасці асновы для распрацоўкі праектаў рацыянальнага прыродакарыстання, экалагічных прагнозаў, планавання прыродаахоўнай дзейнасці, вырашэння навук. праблем. На падставе фактаграфічных даных І. прыродных рэсурсаў складзены водны, зямельны, лясны кадастры Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКСЫў статыстыцы,
адносныя паказчыкі, якія характарызуюць суадносіны велічынь якой-н. эканам. з’явы ў часе (дынамічныя) або ў прасторы (тэрытарыяльныя), напр., кошт асобных тавараў, аб’ём прадукцыі, сабекошт і інш. З іх дапамогай параўноўваюць паказчыкі за шэраг гадоў, месяцаў і г.д. — дынамічны рад. На практыцы выкарыстоўваюць І., якія падзяляюцца на класы, роды, віды і разнавіднасці, на асабістыя і зводныя, яны адрозніваюцца ў залежнасці ад: індэксуемай велічыні — І. цэн, фіз. (натуральнага) аб’ёму прадукцыі, прадукцыйнасці працы і інш.; тыпу (формы) — агрэгатныя і сярэднія (сярэднія арыфметычныя, геаметрычныя і інш.); вагаў — простыя (няўзважаныя) і ўзважаныя (з пастаяннымі, нязменнымі і пераменнымі вагамі); тэрмінаў выкарыстання — базісныя з пастаяннай, нязменнай у часе базай і ланцуговыя (са зменнай базай). Элементамі І. з’яўляецца: індэксаваная велічыня, яе тып (форма), вага, тэрмін выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУЛЬ (кірг. гарачае возера),
бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс.км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Кульскага запаведніка. На беразе — магіла М.М.Пржавальскага. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯФА́УНА (ад іхтыя... + ... фауна),
сукупнасць відаў рыб пэўнага вадаёма, басейна, зоагеагр. вобласці і інш. або пэўнага адрэзка часу ў гісторыі Зямлі. І. большасці басейнаў складаецца з відаў, якія адрозніваюцца па геагр. паходжанні і групуюцца ў асобныя фауністычныя комплексы. Па колькасці відаў самая багатая І. экватарыяльных вод зах.ч. Ціхага ак., найбольш бедная І. высокаарктычных вод. На працягу развіцця рыб сфарміравалася больш за 25 тыс. відаў, з якіх засталося каля 20,9 тыс. На Беларусі ў вадаёмах 58 відаў рыб з 18 сям. (46 абарыгенных і 12 завезеных з інш.геагр. абласцей для акліматызацыі і гадоўлі); знікла 12 відаў каштоўных прахадных рыб з прычыны абмялення асн. рэк і зарэгулявання іх сцёку плацінамі электрастанцый. У Чырв. кнігу Беларусі занесены вусач, рыбец, стронга ручаёвая (гл.Стронгі), сцерлядзь, харыус звычайны. І. вывучае іхтыялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДЗЬ,
вёска ў Петкавіцкім с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.За 40 км ад Баранавіч, 241 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Хвоева. 364 ж., 159 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1-й пал. 15 ст., належала Неміровічам, Іллінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. У 1472 пабудаваны Троіцкі касцёл. У 1579 мястэчка, 82 сядзібы, 2 корчмы. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка і сяло Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1897 сяло, 628 ж., 120 двароў, царква, крама, карчма. 31921 у складзе Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 цэнтр сельсавета, з 1940 у Гарадзішчанскім, з 1963 у Баранавіцкім р-нах.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ішкалдскі Троіцкі касцёл (1472).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАНО́ВІЧ (Лазар Майсеевіч) (4.12.1893, в. Кабаны Кіеўскай губ. — 6.8.1991),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1943). Чл.КПСС у 1911—61 (выключаны). З вер. 1917 старшыня Палескага к-таРСДРП, кіраваў устанаўленнем сав. улады ў Гомелі.
Чл. ЦК (1924—57), Палітбюро (Прэзідыума, 1930—57) і сакратар ЦК (1928—39) КПСС, кіраўнік парт. арг-цыі Масквы і вобл. (1930—35). У 1925—28 і ў 1947 1-ы сакратар ЦК КП(б) Украіны. У 1935—44 нарком шляхоў зносін, з 1938 нам. старшыні СНКСССР. У Вял.Айч. вайну чл.Дзярж.к-та абароны (з 1942) і ваен. саветаў шэрагу франтоў. Нам. старшыні СНК (1944—46) і СМСССР (1946—57). Нясе асабістую адказнасць за масавыя рэпрэсіі 1930 — пач. 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖАНЫ́, лятучыя мышы (Microchiroptera),
падатрад гладканосых лятучых мышэй атр.рукакрылых. 20 сям., больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 15 відаў, найб. пашыраны вячэрніца рыжая (гл.Вячэрніцы), начніцы вадзяная і вусатая (гл.Начніцы), вушан звычайны, нетапыр-карлік і кажан двухколерны. Селяцца ў пячорах, дуплах дрэў, на гарышчах. Утвараюць калоніі.
Даўж. цела да 14 см. Зубы дробныя, вострыя. Зрок развіты слаба. Арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Гетэратэрмныя (у перыяд спакою т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя). Ва ўмовах умеранага і халоднага клімату зімой упадаюць у спячку, некат. мігрыруюць. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці Большасць насякомаедныя. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў і 3 падвіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́БРЫ (Trochilli),
падатрад птушак атр. стрыжападобных. 1 сям., 319 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Пд Аляскі і Лабрадора да Вогненнай Зямлі). Жывуць у розных ландшафтах, пераважна аселыя.
Самыя дробныя птушкі на зямлі. Даўж.5,7—30 мм 5,7—21,6 см, маса 1,6—20 г. Апярэнне рознакаляровае, бліскучае. Дзюба доўгая, тонкая, у некат. выгнутая. Палігамы. Нясуць 1—2 яйцы. Кормяцца на ляту кветкавым нектарам і часткова дробнымі насякомымі. Адносная маса сэрца К. найб. сярод птушак. Інтэнсіўны абмен рэчываў, т-ра цела каля 43 °C. Ноччу і пры недахопе корму ўпадаюць у здранцвенне, т-ра цела зніжаецца да 14,5 °C. Лётаюць хутка (да 80 км/гадз). Могуць завісаць у паветры і даваць задні ход. Дробныя віды робяць крыламі да 80 узмахаў за секунду. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́РГ (Camargue),
рэзерват у Францыі, У дэльце р. Рона. Засн. ў 1928 як бат. і заал. рэзерват з ахоўнымі і навук. мэтамі (без ператварэння ў нац. парк з наведваннем турыстамі). Пл. 13,5 тыс.га. Астравы, пратокі, мелкаводдзі, саланчаковыя лугі, балоты. Унікальны лес з рэліктавымі ўчасткамі з ядлоўцу са старымі дрэвамі выш. да 6 м і дыям. ствала да 20 см, з асаблівай флорай лішайнікаў і імхоў. У фауне больш за 300 відаў птушак, месцы масавых зімовак еўрап. качак, гняздоўі ружовых фламінга, белых чапляў і інш.; сярод 30 відаў млекакормячых табуны паўдзікіх белых коней і чорныя быкі; пашыраны амфібіі і паўзуны, у т. л. шматлікія міжземнаморскія віды: перапончатапальцы трытон, ісп. часночніца, сценная яшчарка і інш. У К. знаходзяцца буйны цэнтр па вывучэнні міграцыі птушак, біястанцыя.