ФАЙЛ (ад англ. file картатэка, падшыўка папер) у інфарматыцы, сукупнасць звестак, аб’яднаных па якой-н. прыкмеце (ці некалькіх прыкметах). Мае апісанне для ідэнтыфікацыі (напр., імя), пачатак і канец Ф. пазначаюцца спец. меткамі. Размяшчаецца пераважна на носьбітах інфармацыі ў знешняй памяці ЭВМ.

т. 16, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ Ігар Дзмітрыевіч (н. 28.3.1925, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1966). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1943), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Гал. балетмайстар ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета (з 1962), т-ра імя Кірава (з 1973), мюзік-хола (1979—92). З 1946 выкладчык Ленінградскага харэагр. вучылішча, з 1966 Ленінградскай (цяпер С.-Пецярбургскай) кансерваторыі, з 1992 маст. кіраўнік Акадэміі рускага балета. Сярод лепшых партый: Шурале («Шурале» Ф.​Яруліна), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса). Паставіў балеты «Бераг надзеі» А.​Пятрова, «Канёк-Гарбунок» Р.​Шчадрына, «Ленінградскую сімфонію» і «Адзінаццатую сімфонію» на муз. Дз.​Шастаковіча, «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага і інш. Сярод вучняў В.Елізар’еў, Г.Маёраў, Р.Нурыеў, М.Барышнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́ВА Людміла Мікалаеўна (н. 19.1.1950, Мінск),

мастак тэатра. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). У 1973—80 маст. рэдактар выд-ва «Беларусь», з 1983 у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі (з 1989 мастак-пастаноўшчык). Высокая культура малюнка, сакавітасць і гарманічная прыгажосць каларыту вызначаюць створаныя ёю эскізы касцюмаў да оперы «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1989), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1993), балета «Карсар» А.​Адана (1991), афармленне опер «Мадалена» С.​Пракоф’ева (1989), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1994), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1995), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1996), фантазіі «Шэкспір і Вердзі» (1992). Па яе эскізах створаны таксама касцюмы да спектакляў «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993) у Бел. т-ры імя Я.​Купалы і інш.

Л.Ганчарова. Эскіз касцюма да оперы «Кавалер руж» Р.​Штрауса.

т. 5, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДА́РЧЫК Таццяна Андрэеўна (12.11.1902, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 24.7.1974),

бел. актрыса. Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1920 на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драм. гурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Я.​Купалы «Паўлінка» і выканала гал. ролю. Працавала ў т-рах: Бел. дзярж. (цяпер імя Я.​Купалы, да 1921), Бел. імя Я.​Коласа (1926—48), драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе (1949—56), Бабруйскім вандроўным (1956—67). Майстар эпізоду. Яе мастацтву былі ўласцівыя яркая характарнасць, акрэсленасць малюнка. Найб. каларытныя характары стварыла ў бел. драматургіі: Паланея («Прымакі» Я.​Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Я.​Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Маці («Ірынка» К.​Чорнага), Жабрачка («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Аўдоцця, Акуліна («Любоў, Надзея, Вера» і «Дзіўны дом» П.​Васілеўскага).

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́РАЎ Міхаіл Іванавіч (27.10.1899, Масква — 15.12.1981),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). Герой Сац. Працы (1974). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1919. Працаваў у т-рах вандроўным франтавым, імя У.​Меерхольда, Камерным т-рах. З 1938 у Малым т-ры. Стварыў яркахарактарныя, камедыйна-сатыр. і драм. вобразы: Аляксей («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Прохар («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.​Талстога), Варанцоў («Так і будзе» К.​Сіманава) -і інш. З 1924 здымаўся ў кіно. Як і ў тэатры, камедыйная лёгкасць спалучалася ў яго выкананні з псіхал. глыбінёй; пры стварэнні адмоўных персанажаў найб. ярка праяўлялася сатыр. завостранасць: «Пуцёўка ў жыццё», «Пётр I», «Абарона Царыцына», «У імя Радзімы», «Выбаргская старана», «Вяртанне Максіма», «Вясковы дэтэктыў». Здымаўся ў бел. фільмах: «Мядзведзь», «Чалавек у футарале», «Чырвонае лісце». Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1947. Аўтар успамінаў «Жыццё, тэатр, кіно» (1967).

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЮ́К Міхаіл Аляксандравіч (н. 27.10.1948, с. Багданаўка Цярнопальскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1974). З 1971 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, высокай пеўчай культурай. Сярод партый: Рыка, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.​Картэса), Леў Данілавіч («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Раберт, Ялецкі («Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Маралес («Кармэн» Ж.​Бізэ), Шарплес («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні; прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе оперных спевакоў імя С.​Крушальніцкай, 1991, Львоў), Раеўскі («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), сола барытона ў вак.-харэагр. прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз.К.​Орфа. Выступае як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.​І.​Глінкі (1981).

Т.​Г.​Мдыват.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУЛЬФІЯ́ (сапр. Ісраілава Зульфія; н. 14.3.1915, Ташкент),

узбекская паэтэса. Нар. паэтэса Узбекістана (1965). Герой Сац. Працы (1984). У паэт. зб-ках «Старонкі жыцця» (1932), «Блізкія сэрцу майму» (1958), «Сэрца ў дарозе» (1966), «Спатканне» (1972), «Радкі памяці» (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Роздум і пачуцці» (1982) і інш. вострае адчуванне сучаснасці, услаўленне жанчыны-працаўніцы, гуманістычны пафас. Змест кн. «Размова з сяброўкамі» (1953) — асэнсаванне ролі ўзб. жанчыны ў сям’і і ў грамадскім жыцці. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1970, Міжнар. прэміі імя Дж.​Нэру 1968 і «Лотас» 1970. Пераклала на ўзб. мову творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Танка, Э.​Агняцвет, Е.​Лось. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.​Агняцвет, Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, С.​Грахоўскі, А.​Грачанікаў, В.​Іпатава, А.​Лойка і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка. Мн., 1967;

Такое сэрца ў мяне. Мн., 1985.

Зульфія.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА Ліна Васілеўна (н. 19.3.1930, г.п. Ржышчаў Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),

украінская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1956). Друкуецца з 1946. Аўтар паэтычных кніг «Промні зямлі» (1957), «Ветразі» (1958), «Вандроўкі сэрца» (1961), «Над берагамі вечнай ракі» (1977), «Непаўторнасць» (1980), «Сад нятаючых скульптур» (1987), гіст. рамана ў вершах «Маруся Чурай» (1979), драм. паэмы «Снег у Фларэнцыі» (1985) і інш. Паэзіі К. ўласцівы філас. роздум пра лёс чалавека на скрыжаваннях нац. і сусв. гісторыі, унутр. драматызм, інтэлектуальнае напружанне, гіст.-культуралагічная асацыятыўнасць. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі В.​Аколава, Д.​Бічэль-Загнетава, В.​Вітка, У.​Карызна, В.​Коўтун, Н.​Мацяш, Р.​Семашкевіч, Я.​Сіпакоў, Я.​Янішчыц. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1987.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка. Мн., 1989.

Літ.:

Брюховецький В. Ліна Костенко. Київ, 1990.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЧЭНКА Мікалай Міхайлавіч (н. 16.3.1946, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). З 1969 у Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1971 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. З 1987 выкладае ў Бел. АМ. Яго акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладнасцю характарыстык, выразнасцю сцэн. малюнка вобраза; стваральнік яркіх характараў-тыпаў. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» М.​Чарота), Холад («Звон — не малітва» І.​Чыгрынава), Ягайла («Князь Вітаўт» А.​Дударава), Салёны («Тры сястры» А.​Чэхава), Вагін («Дзеці сонца» М.​Горкага), Менахем («Памінальная малітва» Р.​Горына), Палоній («Гамлет» У.​Шэкспіра), Гаспадар («Саўдзельнікі» І.​Гётэ), Жорж («Жахлівыя бацькі» Ж.​Както), Люнгетран («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Шындзін («Мы, ніжэй падпісаныя» А.​Гельмана), Фініган («Гаральд і Мод» К.​Хігінса).

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ Сцяпан Акімавіч (20.8.1897, в. Глухі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.4.1983),

Герой Сав. Саюза (1945), маршал авіяцыі (1959). Праф. (1966). Скончыў Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1936). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну камандуючы ВПС арміі, фронту, паветр. арміі. Удзельнічаў у баявых аперацыях на Каўказе, у Сталінградскай і Курскай бітвах, на Украіне, у Польшчы, Чэхаславакіі, у Вісла-Одэрскай, Пражскай і Берлінскай аперацыях. Пасля вайны камандуючы ВПС акруг, паветр. арміяй, у 1955—56 у БВА, у 1956—70 нач. Ваенна-паветр. акадэміі імя Ю.​А.​Гагарына, з 1970 у Мін-ве абароны СССР. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі КПСС у 1961—66. Чл. ЦК КПБ у 1956—60. Аўтар успамінаў «Жыццё ў авіяцыі» (3-е выд., 1976).

С.А.Красоўскі.

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)