рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),
раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКАФО́НІЯ (грэч. kakophōnia ад kakos благі + phone гук),
антыгарманічнае, недарэчнае, бязладнае, хаатычнае спалучэнне муз. гукаў. Узнікае звычайна спантанна (напр., пры настройцы сімф. аркестра) Уяўленні пра К. крыху ўмоўныя і гістарычна мяняюцца (спалучэнні гукаў, якія лічыліся К. для пэўнай муз. культуры і эпохі, могуць успрымацца як асэнсаваныя слухачом інш. эпохі). Уражанне К. можа стварацца і пры неадпаведнасці музыкі слыхавому вопыту аўдыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕО́ПТЫЛЬ (ад грэч. koleos ножны, футарал + ptilon пяро),
калеоптыле, похвенны ліст першы ліст злакаў. Мае выгляд замкнёнай трубкі, дзе змешчаны малады праростак, ліставыя зачаткі (першы — пёрка) і конус нарастання, якія ён ахоўвае ад пашкоджання; не мае ліставой пласцінкі. Пры прарастанні зярняўкі К. прабівае глебу цвёрдай верхавінкай, разрываецца і праз прарыў выходзіць першы зялёны ліст (развіваецца з пёрка), потым К. засыхае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. canonizō узаконьваю),
у каталіцтве і праваслаўі акт прылічэння тых ці інш. асоб да святых. Ушаноўванне святых пачалося ў перыяд станаўлення хрысц. культу, пэўны парадак К. ўведзены ў 10 ст. Кананізацыйныя працэсы працягваюцца і ў наш час. У Рус.правасл. царкве пытаннямі К. займаецца спец. камісія, прапановы якой разглядаюцца і па іх прымаюцца рашэнні Памесным саборам. Гл. таксама Святыя Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫФЕ́Й (ад грэч. koryphaios правадыр, кіраўнік),
1) у старажытна-грэчаскай трагедыі кіраўнік хору, яго найб. кваліфікаваны ўдзельнік. Выконваў меладэкламацыйныя рэчытатывы, вёў дыялогі з гал. героямі.
2) Вядучы танцоўшчык (танцоўшчыца) кардэбалета, які выступае ў першай лініі і выконвае асобныя невял. танцы. У сучаснай балетнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца рэдка.
3) У пераносным сэнсе — выдатны дзеяч у якой-н. галіне ведаў, звычайна ў навуцы ці мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯТЫ́ДА (грэч. kaiyatides літар. жрыцы храма Артэміды ў Карыях Стараж. Грэцыі),
скульптурная выява жанчыны ў поўны рост, якая служыць апорай бэлькі ў арх. збудаванні ці вобразна выяўляе гэту функцыю. К. звычайна прылягаюць да сцяны ці выступаюць з яе. Пашырана ў ант. (храм Эрэхтэён у Афінах) і еўрап. архітэктуры 17—19 ст. На Беларусі трапляюцца з канца 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́РНЫ (лац. cothurni, грэч. kothorni),
у антычным тэатры род абутку трагедыйнага акцёра; сандалі на высокай падэшве, што павялічвала рост акцёра, надавала постаці велічнасць і ўрачыстасць. Выкарыстанне К. было абумоўлена тэхн. асаблівасцямі ант.т-ра: пры вял. памерах тэатр. пабудоў узнікала патрэба павялічваць фігуру акцёра. Увядзенне К. і інш. кампанентаў касцюма трагедыйнага акцёра ант. традыцыя прыпісвае Эсхілу. У пераносным значэнні — ілжывая паказная веліч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭПСІ́НЫ (ад грэч. kathepsō ператраўляю),
пратэалітычныя ферменты з групы эндапептыдаз. Знаходзяцца ў лізасомах клетак жывёл, ажыццяўляюць унутрыклетачнае ператраўленне бялкоў. Маюць шырокую спецыфічнасць, оптымум актыўнасці — пры слабакіслым значэнні pH. Ёсць амаль ва ўсіх тканках цела, удзельнічаюць у працэсах распаду (катабалізму). Ва ўмовах нармальнай жыццядзейнасці распад бялкоў кампенсуецца іх сінтэзам. Пры гібелі ці пашкоджанні клетак К. выходзяць з лізасом і выклікаюць самаператраўленне тканак (аўтоліз).