Як галіна прамысловасці энергетыка з’яўляецца паліўна-энергетычным комплексам, які ахоплівае здабычу энергетычных рэсурсаў, выпрацоўку, перадачу, размеркаванне і выкарыстанне розных відаў энергіі. На Беларусі з энергетычных рэсурсаў ёсць пэўная колькасць нафты і спадарожнага газу, торф, гаручыя сланцы, драўніна (дровы), водная, ветравая і сонечная энергія. Вядучымі галінамі энергетыкі з’яўляюцца электра- і цеплаэнергетыка, ёсць таксама гідраэнергетыка.
Электраэнергетыка на Беларусі пачала развівацца ў канцы 19 ст. Першая электрастанцыя пабудавана ў 1889 на папяровай фабрыцы ў Добрушы. У 1894 уведзена ў эксплуатацыю эл. станцыя магутнасцю 225 кВт у Мінску, у 1898 — электрастанцыя 425 кВт бельгійскага акц.т-ва ў Віцебску, у 1910 — у Магілёве, у 1911 — дызельная малой магутнасці ў Гродне, у 1913 — паратурбінная каля 2200 кВт у Добрушы, у 1920—660 кВт у Брэсце, у 1923—350 кВт у Гомелі, у 1926—1720 кВт у Бабруйску. У 1913 працавала 11 эл. станцый агульнай магутнасцю 5,3 тыс.кВт; найбольшыя з іх — у Добрушы, Мінская (960 кВт), Магілёўская (430 кВт), Віцебская, Гомельская. Працягласць ліній электраперадачы складала да 200 км, выпрацоўка электраэнергіі 3 млн.кВт∙гадз (да 1917 каля 4 млн.кВт∙гадз). У выніку грамадзянскай вайны, акупацый і звязаных з імі разбурэнняў магутнасці электрастанцый знізіліся да 1 тыс.кВт.
Развіццё электраэнергетыкі паскорылася з ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. У 1926 на Беларусі дзейнічалі 22 электрастанцыі агульнага прызначэння і 92 на прамысл. прадпрыемствах агульнай магутнасцю 9,7 тыс.кВт. У 1927—30 пабудавана Беларуская ДРЭС (10 МВт). За 1-ю пяцігодку (1928—32) створаны невял. эл. станцыі ў Бабруйску, Крычаве, Магілёве і інш. У 1932 агульная магутнасць электрастанцый дасягнула 60 тыс.кВт, выпрацоўка электраэнергіі — 176,7 млн.кВт∙гадз. За 2-ю пяцігодку (1933—37) пабудаваны Мінская ЦЭЦ-2 (6 МВт), Барысаўская, Мазырская, Полацкая эл. станцыі, Слуцкая ЦЭЦ. У 1940 закончана будаўніцтва 2-й чаргі БелДРЭС, магутнасць станцыі дасягнула 34,5 тыс.кВт. У 1930—31 пачала фарміравацца Бел. энергетычная сістэма, магутнасць электрастанцый якой да 1940 склала 128,8 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 508,4 млн.кВт∙гадз. У Вял.Айч. вайну энергетыка Беларусі амаль поўнасцю разбурана (знішчана больш за 150 электрастанцый рознага прызначэння). Магутнасць эл. станцый пасля вызвалення (1944) складала 3,4 тыс.кВт (2,6% даваен. ўзроўню).
У пасляваенны перыяд прадпрыемствы электраэнергетыкі аднаўляліся, будаваліся і ўводзіліся ў дзеянне эл. станцыі з сучасным айч. абсталяваннем. У 1946 пушчаны 1-ы агрэгат на БелДРЭС (12 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-2 (33 тыс.кВт). Адбудаваны электрастанцыі ў Магілёве, Гомелі, Бабруйску. У 1951 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-3 (435 тыс.кВт), у 1951—58 — пабудавана Смалявіцкая ДРЭС (у Жодзіне, 66 тыс.кВт), у 1954—58 — Васілевіцкая ДРЭС (у Светлагорску, 322 тыс.кВт), Усяго у 1945—61 адноўлена 13 электрастанцый (12 ЦЭЦ і 1 ДРЭС). Да канца 1960 устаноўленая магутнасць электрастанцый дасягнула 756 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 2,6 млрд.кВт∙гадз. Асноўным відам паліва быў торф, часткова выкарыстоўваўся вугаль.
З 1960-х г. развіццё электраэнергетыкі значна паскорылася. У 1961 пушчаны 1-ы блок Бярозаўскай ДРЭС (будавалася з 1958, 6-ы блок пушчаны ў 1967, агульная магутнасць 940 тыс.кВт, працуе на мазуце і газе), у 1963 — Наваполацкай ЦЭЦ (будавалася з 1959, 8-ы турбаагрэгат уведзены ў дзеянне ў 1977, агульная магутнасць 505 тыс.кВт). За 1960—70 магутнасць электрастанцый вырасла з 765 да 3464 МВт — у 3,6 раза, выпрацоўка электраэнергіі з 2,6 млрд. да 14,7 млрд.кВт∙гадз — амаль у 6 разоў.
У 1966—70 пабудавана Гродзенская ЦЭЦ-2 (170 тыс.кВт), у 1969 пушчана Магілёўская ЦЭЦ-2 (60 МВт, праектнай магутнасці ў 345 МВт дасягнула ў 1981); пачаў працаваць 1-ы энергаблок (300 МВт) Лукомскай ДРЭС (будаўніцтва пачата ў 1964, праектнай магутнасці ў 2,4 млн.кВт дасягнула ў 1974, 3-я чарга здадзена ў 1978, агульная магутнасць больш як 2,5 млн.кВт). У 1974 пушчана Мазырская ЦЭЦ на мазуце (60 МВт), у 1977 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-4 (турбіна на 60 тыс.кВт; да 1992 уведзены ў дзеянне 6 энергаблокаў праектнай магутнасцю 900 тыс.кВт), у 1994 уключаны 3-і энергаблок (180 МВт) Гомельскай ЦЭЦ-2 (будавацца пачала ў 1979, агульная магутнасць дасягнула 540 МВт). Усяго ў 1951—86 пушчана 13 новых электрастанцый (4 ДРЭС, 9 ЦЭЦ). У 1985 электрастанцыі Белгалоўэнерга спынілі спальванне вугалю і торфу; асноўным палівам для большасці эл. станцый стаў топачны мазут і газ.
З уводам новых энергетычных магутнасцей узнікла неабходнасць будаваць ЛЭП высокага напружання. Першыя ЛЭП напружаннем 35—110 кВ пачалі ўводзіцца ў дзеянне ў 1946. Створаны мясц. энергасістэмы: Цэнтральная (уключала асноўныя эл. станцыі Мінскай і Віцебскай абл.), Паўднёвая (аб’ядноўвала Гомельскую, Мазырскую, Васілевіцкую і Бабруйскую электрастанцыі), Паўночна-Заходняя (уключала Гродзенскую і Лідскую станцыі). У 1961—62 у асноўным закончылася фарміраванне адзінай энергет. сістэмы рэспублікі.
Лініяй электраперадачы Бярозаўская ДРЭС—Баранавічы—Мінск усе энергет. раёны Беларусі аб’яднаны ў адну эл. сетку. З ростам магутнасцей эл. станцый будаваліся новыя лініі электраперадачы высокага напружання: ЛЭП 220 кВ — у 1959, 330 кВ — у 1961, 750 кВ — у 1984. У 1961 уведзена ў дзеянне ЛЭП 330 кВ Мінск—Вільнюс. У 1963 Бел. энергасістэма злучана ЛЭП напружаннем 220 кВ з энергасістэмай Польшчы, у 1965 з энергасістэмамі Паўн. Захаду і цэнтра СССР і праз энергасістэму Польшчы — з энергасістэмай «Мір» (аб’ядноўвала энергасістэмы еўрапейскіх краін — членаў Савета Эканам. Узаемадапамогі). У 1983 уключана першая кабельная лінія 110 кВ у Мінску.
Лініі 220—330 кВ звязалі паміж сабой усе буйныя электрастанцыі Беларусі, а 38 ЛЭП рознага напружання забяспечылі сувязь з энергасістэмамі Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны. У 1986 уключана ЛЭП напружаннем 750 кВ паміж Ігналінскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская» каля г. Старыя Дарогі (часова працуе на 330 кВ), у 1992 — ЛЭП 750 кВ паміж Смаленскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская». З 1960 па 1990 агульная даўжыня паветраных электрасетак павялічылася ў 7,3 раза, а сістэмаўтваральных ЛЭП (220—330—750 кВ) — у 16 разоў і дасягнула 5875 км. На Мінскай ЦЭЦ-4 у 1992 пушчаны ў работу 6-ы блок магутнасцю 250 МВт, у 1993 закончаны мантаж 7-га катла прадукцыйнасцю 420 т пары за гадзіну. У 1994 на Гомельскай ЦЭЦ-2 уключаны 3-і энергаблок магутнасцю 180 МВт (магутнасць станцыі дасягнула 540 МВт). У 1999 пушчаны ў эксплуатацыю 1-ы блок (330 МВт) Мінскай ЦЭЦ-5. Усяго на канец 2000 у Рэспубліцы Беларусь эл. і цеплавую энергію выпрацоўваюць 25 цеплавых электрастанцый устаноўленай агульнай магутнасцю 783 8 МВт, працягласць сістэмаўтваральных ЛЭП высокага напружання складае каля 7 тыс.км. Працягваецца рэканструкцыя ЦЭЦ і ДРЭС: Аршанскай ЦЭЦ па парагазавай тэхналогіі (ПГУ 70 МВт), замена турбаўстановак на Пінскай, магілёўскіх ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, пераход на прыродны газ Бабруйскай ЦЭЦ-2, Наваполацкай, Полацкай і інш.ЦЭЦ. Уведзены ў эксплуатацыю першая ў краіне дэтандэр-генератарная ўстаноўка магутнасцю 5 МВт на Лукомскай ДРЭС. У канцы 2003 пушчаны мадэрнізаваны 4-ы энергаблок на Бярозаўскай ДРЭС. Выпрацоўка электраэнергіі ў 2003 склала 26 640 млн.кВт∙гадз (у т. л. цеплавымі электрастанцыямі 26 611 млн., гідраэлектрастанцыямі 29 млн.).
Гідраэнергетыка Беларусі дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі. Працуе 21 малая ГЭС з устаноўленай магутнасцю 10 МВт. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт, пушчана ў 1953), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт, 1960), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт, 1959). Вядуцца эксперыментальна-пошукавыя работы паветраэнергетыцы і сонечнай энергетыцы (геліятэхніцы).
На аснове электраэнергетыкі адбылася электрыфікацыя ўсіх галін нар. гаспадаркі Беларусі.
Спачатку электраэнергія выкарыстоўвалася пераважна для асвятлення. У пач. 20 ст. на некаторых прадпрыемствах (Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка каля Слоніма, рамонтныя майстэрні чыгунак у Пінску, Добрушская папяровая фабрыка) былі ўстаноўлены эл. рухавікі. У 1920—30-я г. з пабудовай дробных, а потым і буйных эл. станцый большасць электраэнергіі стала спажывацца на вытворчыя мэты. Найб. хуткімі тэмпамі расло выкарыстаннеэл. энергіі ў прамысловасці: у 1-ю пяцігодку значная частка станочнага парка пераведзена на электрапрывод, удзельная вага спажывання электраэнергіі на вытв. мэты склала 70,5%. У 1898 пушчаны трамвай у Віцебску, у 1929 — у Мінску. У 1940 нар. гаспадаркай Беларусі спажыта 478,4 млн.кВт∙гадзэл. энергіі, у т. л. (млн.кВт∙гадз): прамысловасцю і будаўніцтвам 326,7, сельскай гаспадаркай 10,1, транспартам 41,2. У пасляваен. гады з аднаўленнем і развіццём электраэнергетыкі павялічылася выкарыстанне электраэнергіі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Эл. энергія шырока выкарыстоўвалася для выплаўкі сталі, электразваркі, электралітычных працэсаў, на лесапільных рамах, млынах, для падымальна-транспартнага абсталявання і інш. З 1952 дзейнічае тралейбус у Мінску. З 1954 сельская гаспадарка атрымлівала электраэнергію не толькі ад уласных электрастанцый, а і ад дзяржаўнай сеткі.
Электрыфікацыя нар. гаспадаркі паскорылася з пач. 1960-х г. Будаваліся размеркавальныя электрычныя сеткі і трансфарматарныя падстанцыі, з дапамогай якіх да 1967 электрыфікаваны ўсе калгасы, саўгасы і іх населеныя пункты, якія мелі больш за 10 двароў.
Спажыта электраэнергіі ў 1975 (у млрд.кВт∙гадз): у прамысловасці 14,13 (у 1960—2,4), у сельскай гаспадарцы 2,32 (0,22), на транспарце 0,8 (0,12). Пушчаны тралейбусы ў Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Віцебску і Бабруйску (1978). Электрыфікаваны ўчасткі чыгункі ад Мінска да Маладзечна (1966), Асіповіч (1973), Барысава (1974), Стоўбцаў (1975).
Спажыванне электраэнергіі на Беларусі нарастала даволі хутка: за 25 гадоў (з 1965 да 1990) яно павялічылася (млрд.кВт∙гадз): у прамысловасці з 4,8 да 30,8 (у 6,4 раза), у сельскай гаспадарцы з 0,5 да 4,9 (у 9,8 раза), на транспарце з 0,2 да 0,9 (у 4,5 раза), у астатніх галінах з 1,2 да 7,3 (у 6 разоў; гл. таксама табл.). Электрыфікавана 900 км чыгунак. У 2001 сумарнае энергаспажыванне склала 33,34 млрд.кВт∙гадз. Значную долю энергаспажывання ў краіне займае вытворчасць прадукцыі хіміі і нафтахіміі — 12,1% у 1995 і 13,3% у 2001, а таксама машынабудаванне і металаапрацоўка — адпаведна 7,2 і 7,5%. Гэтыя вытворчасці складаюць асноўную даходаўтваральную частку ў бюджэце краіны, а таксама ўнутр. і знешняга гандл. абароту, хаця і з’яўляюцца энергаёмістымі, а асноўныя вытв. магутнасці (нафтаперапр. заводы, абсталяванне па вытворчасці хім. угнаенняў, здабычы калійных солей, нафты і спадарожнага газу) патрабуюць пастаяннай мадэрнізацыі і абнаўлення. Патрэбы ў электраэнергіі забяспечваюцца бел. электрастанцыямі і імпартам (у 2002 атрымана 3,7 млрд.кВт∙гадз з Расіі, 3,1 млрд.кВт∙гадз з Літвы). Асноўная спецыфіка электраэнергетыкі Беларусі — малая (каля 18%) доля энергарэсурсаў, што здабываюцца на яе тэр. (нафта, спадарожны газ, паліўны торф, дровы), астатнія купляюцца за мяжой (пераважна ў Расіі). У гэтых умовах найважнейшым з’яўляецца пошук альтэрнатыўных энергарэсурсаў і энергазберажэнне.
Цеплафікацыя забяспечвае камбінаваную выпрацоўку цеплавой і электрычнай энергіі на буйных і малых цеплаэлектрацэнтралях. На Беларусі пачалася ў 1936, калі цеплавую энергію для горада стала даваць Мінская ЦЭЦ-2. Будаваліся таксама цеплаэлектрацэнтралі пры буйных прамысл. прадпрыемствах. У 1950—60-я г. пушчана першая цеплаэлектрацэнтраль высокага ціску ў Мінску — ЦЭЦ-3 (25 МВт), пабудаваны ЦЭЦ у Віцебску, Пінску, Баранавічах, Полацку, Магілёве, Гродне, Бабруйску. Ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах створаны магутныя цэнтралізаваныя сістэмы цеплазабеспячэння. Цяпло прадпрыемствам і насельніцтву даюць таксама раённыя цеплавыя вузлы і кацельныя прамысл. прадпрыемстваў. У 1990 магутнасць ЦЭЦ дасягнула 3426,9 МВт (супраць 530 МВт у 1960). Сумарная прадукцыйнасць энергетычных катлоў склала 40 510 т пары за гадзіну, воданагравальных — 10 850 Гкал за гадзіну, устаноўленая цеплавая магутнасць турбаагрэгатаў — 7819 Гкал за гадзіну. Цеплафікацыю забяспечваюць новыя магутныя ЦЭЦ, раённыя кацельныя і больш за 2 тыс.км цеплавых сетак. Сярэднегадавы расход паліва на выпрацоўку электра- і цеплаэнергіі ў 2000 склаў 274,8 г на 1 кВт∙гадз і 172,3 кг на 1 Гкал, што адпавядае лепшым сусветным стандартам. У 2000 завершаны работы па ўкараненні міні-ЦЭЦ: 3,5 МВт у Віцебску, 3 МВт у Пінску, 3,5 МВт у Гродне.
Кіраванне энергетыкай краіны забяспечвала Галоўнае вытв. ўпраўленне энергетыкі і электрыфікацыі — Белгалоўэнерга, створанае ў 1957. У 1992 яно пераўтворана ў Мін-ва энергетыкі, у 1994 — у Мін-ва паліва і энергетыкі. У 1995 пастановай Кабінета Міністраў створаны Беларускі дзярж. энергетычны канцэрн «Белэнерга». У яго складзе 140 раёнаў электрычных сетак (РЭС), 27 раёнаў цеплавых сетак; 2 кандэнсацыйныя электрастанцыі (устаноўленая магутнасць 3330 МВт), 20 цеплаэлектрацэнтралей (4293,5 МВт), 12 прамысл. блок-станцый (99,5 МВт), 11 гідраэлектрастанцый (7 МВт), 35 раённых кацельных. Працягласць паветраных ЛЭП 35—750 кВ — 34 936 км (у т. л. 2 ЛЭП 750 кВ працягласцю 753 км), ЛЭП 6—10 кВ — 117 458 км (у т. л. кабельных 12 504 км). Энергасістэма спажывае 9071,8 млн.м³ прыроднага газу, 167 млн.м³ спадарожнага і 1206,9 тыс.т мазуту (даныя на канец 2000). Гл. таксама Энергетыка, Электраэнергетыка і Электрыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШЫЎКА,
від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш.Стараж.бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.Да арт.Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.Да арт.Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна паліўна-энергетычнага комплексу, якая ўключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў газаў прыродных, вытв-сць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па магістральных газаправодах, захоўванне, пастаўку розным галінам прам-сці і для камунальна-быт. гаспадаркі. Газ выкарыстоўваецца як крыніца энергіі і хім. сыравіна. Значная колькасць яго спажываецца ў хім., металургічнай, маш.-буд. прам-сці, у буд. індустрыі. На газаперапрацоўчых з-дах з прыроднага газу (у т. л. і са спадарожнага пры здабычы нафты) атрымліваюць газавы кандэнсат, які выкарыстоўваецца як паліва для рухавікоў (стабільны кандэнсат) і як хім. сыравіна, сухі і звадкаваны газ, сыравіну для вытв-сці азотных угнаенняў і інш.
Выкарыстанне прыродных гаручых газаў («вечных агнёў») вядома са стараж. часоў у Дагестане, Азербайджане, Іране і інш. краінах. Газавая прамысловасць пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст., калі газ сталі выкарыстоўваць для асвятлення вуліц і памяшканняў. У 1-й пал. 19 ст. з’явіліся ўстаноўкі для выпрацоўкі штучнага газу — газагенератары. Газ атрымлівалі з вугалю, асабліва пашырылася яго вытв-сць пры вырабе коксу. Здабыча прыроднага газу пачалася ў 2-й пал. 19 ст. (1870, ЗША). З сярэдзіны 19 ст. прыродныя газы выкарыстоўваюцца як тэхнал. паліва.
Асновай сучаснай газавай прамысловасці з’яўляецца прыродны газ, вытв-сць штучнага газу з вугалю і сланцаў не расце, у невял. аб’ёме газ атрымліваюць метадам падземнай газіфікацыі вугалю. У свеце здабываецца каля 2,1 трлн. м³ прыроднага газу (1993). Найб. запасы маюць: краіны б.СССР — Расія, Туркменія, Узбекістан, Азербайджан і інш. (больш за 17 трлн. м³, самыя вял.Астраханскае радовішча, Газлінскае радовішча, Урэнгойскае радовішча, Ямбургскае радовішча і інш.); Іран (10,5 трлн. м³, буйное радовішча Ахваз, Персідскага заліва нафтагазаносны басейн і інш.); ЗША (5,6 трлн. м³, Ілінойскі нафтагазаносны басейн, Каліфарнійскія нафтагазаносныя басейны, Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн і інш.); Алжыр (3,2 трлн. м³, Алжыра-Лівійскі нафтагазаносны басейн); Канада (2,6 трлн. м³, радовішча Пембіна і інш.); Мексіка (2,2 трлн. м³, Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн); Саудаўская Аравія (2 трлн. м³, Сафанія); Нідэрланды (1,6 трлн. м³, Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць, усе даныя на пач. 1980-х г.). Пра буйнейшых вытворцаў газу гл. ў табл. 1.
Транспарціроўка газу ад радовішча да спажыўца ажыццяўляецца па магістральных газаправодах (з дапамогай устаноўленых на іх газаперапамповачных агрэгатаў), агульная працягласць якіх у свеце 750 тыс.км (канец 1970-х г.), а водным шляхам — спец. танкерамі метанавозамі-газавозамі. Найб. агульную працягласць газатрансп. сістэм маюць ЗША (442 тыс.км), самыя працяглыя сістэмы ў краінах СНД — шматнітачная Урэнгой—Ухта—Таржок—Мінск—Івацэвічы—Даліна (11 тыс.км) і ў Паўн. Амерыцы Аляска—Канада—ЗША (7,7 тыс.км). Захоўваецца газ у наземных (газгольдэры), паверхневых падземных (участкі газаправодаў з павышаным ціскам) і падземных сховішчах. Найб. выкарыстоўваюцца падземныя сховішчы, якія ствараюць у выпрацаваных газавых ці нафтавых радовішчах (газ запампоўваюць праз свідравіны ў спустошаны прадуктыўны пласт).
На Беларусі газавая прамысловасць развіваецца з 1960-х г. на базе прывазнога прыроднага газу (пасля будаўніцтва магістральнага газаправода Дашава—Мінск). Адзінае Старасельскае радовішча прыроднага газу не распрацоўваецца. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км. Здабываецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны Беларускі газаперапрацоўчы завод. Дынаміку выкарыстання газу ў газавай прамысловасці Беларусі гл. ў табл. 2.
Прыродны газ паступае з Расіі па газаправодзе Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын. У 1995 імпартавана 14 млрд.м³ — амаль увесь спажываны газ. Прыродны газ у эканоміцы Беларусі выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна (напр., на ВА «Азот» у Гродне для выпрацоўкі азотных тукаў), спадарожны пасля перапрацоўкі ідзе на паліва на Светлагорскай ЦЭЦ і ў кватэрах Рэчыцы і Светлагорска.
С.М.Зайцаў.
Табліца 1 Буйнейшыя вытворцы прыроднага газу (1993)
Краіна
Здабыча млрд.м³
Краіна
Здабыча. млрд.м³
СНД і інш. краіны б.СССР
743,0
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
29,6
ЗША
508,0
Нарвегія
26,5
Канада
128,0
Мексіка
26,0
Нідэрланды
84,0
Іран
25,0
Вялікабрытанія
61,0
Венесуэла
24,0
Алжыр
56,5
Аўстралія
23,5
Інданезія
56,0
Малайзія
23,0
Саудаўская Аравія
35,0
Румынія
22,0
Табліца 2 Вытворчасць і спажыванне прыроднага гаручага газу ў Беларусі (млрд.м³)
Вытворчасць і спажыванне
1990
1992
1994
1
2
3
4
Здабыча
0,297
0,292
0,294
Імпарт
18,8
18,0
14,3
Экспарт
3,1
—
—
Валавое спажыванне, усяго
15,5
18,3
14,7
у т. л.
на вытв-сць электраэнергіі
10,3
13,3
11,3
у якасці сыравіны
1,8
1,8
0,9
у якасці паліва ці энергіі
2,6
2,6
2,3
Страчана
0,2
0,1
0,1
Да арт.Газавая прамысловасць. Газаразмеркавальная станцыя ў Мінскім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),
пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.
У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх.ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.
Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал.цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.
У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстаннетропаў, паэт. сінтаксісу і інш.
У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл.Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз.навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн.муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).
Літ.:
Композиция в современной архитектуре. М., 1973.
Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА,
пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫКА
Гістарычна першай формай стат. практыкі на Беларусі быў улік з фіскальнымі мэтамі насельніцтва, зямельных угоддзяў і жывёлы, які праводзіўся з 9 ст. ў землях-княствах Кіеўскай Русі. У ВКЛ 15—18 ст. перыядычна праводзіліся вайсковыя рэгістрацыі і падлікі, т.зв. попісы ўзбр. сіл дзяржавы, вяліся інвентары маёнткаў; у 1764—94 дзейнічала Камісія скарбовая ВКЛ, якая шмат увагі аддавала ўліку дзярж. маёмасці. У Рас. імперыі, у склад якой з 1772—95 уваходзіла Беларусь, стат. звесткі змяшчаліся ў матэрыялах перыядычных рэвізій. У 1811 пры Мін-ве паліцыі створана стат. аддзяленне, у 1852 — стат. камітэт (у 1859 перайменаваны ў Цэнтр. стат. камітэт) і стат. камітэты ў губернях. Практычную статыстыку на месцах вялі валасныя і павятовыя органы ўлады. У 1911 для збору стат. матэрыялаў на Беларусі ўведзена земская статыстыка. З 1918 на Беларусі існавалі губернскія стат. бюро, у 1920 утворана Цэнтр. стат. бюро БССР, у 1924 — Цэнтр. стат. ўпраўленне (ЦСУ), якое ў 1948 пераўтворана ў Стат. ўпраўленне пры Савеце Міністраў БССР, у 1990 — у Дзярж. камітэт па статыстыцы і аналізе. У 1994 створана Мін-ва статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь. З 1953 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі існавала кафедра статыстыкі. З 1971 да пач.
1990-х г. на Беларусі дзейнічаў Бел. філіял Усесаюзнага праектна-тэхнал. ін-та ЦСУ СССР, які займаўся праектаваннем стат. форм, укараненнем аўтаматызаваных сістэм, кантрольнымі выпрабаваннямі найноўшай вылічальнай тэхнікі. У 1994 утвораны НДІ статыстыкі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь. Адным з заснавальнікаў метадалогіі практычнай статыстыкі быў ураджэнец Магілёўскай губ. Дз.П.Жураўскі, аўтар фундаментальных прац «Пра крыніцы і выкарыстанне статыстычных звестак» (1845) і «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні» (т. 1—3, 1856), у якіх вызначаны сутнасць і задачы статыстыкі, дакладнасць звестак, метады збору і апрацоўкі стат. інфармацыі. Ён адзін з першых ацаніў значэнне метаду груповак, прапанаваў сац. з’явы вывучаць у разрэзе грамадскіх груп. У сав. час дасягнуты значныя вынікі ў распрацоўцы метадалогіі эканам. статыстыкі: статыстыкі працы і працоўных рэсурсаў (І.А.Краваль, Л.Я Мінц); пабудовы балансаў нар. гаспадаркі і статыстыкі міжгаліновых сувязей (В.А.Собаль); статыстыкі сельскай гаспадаркі (А.С.Лібкінд); статыстыкі прамысловасці (А.Р.Шыфман); статыстыкі насельніцтва (М.В.Курман); міжнар. статыстыкі (Л.М.Цырлін); сацыяльна-эканам. статыстыкі і статыстыкі прадукцыйнасці працы (А.Р.Казачонак).
З развіццём рыначных адносін у эканоміцы Беларусі ў 1980—90-я г. з’явіліся новыя кірункі эканам. статыстыкі. Хуткімі тэмпамі пачалі развівацца: макраэканам. статыстыка, арганізацыя статыстыкі ў рамках сістэмы нац. рахункаў (М.М.Новікаў); статыстыка гандлю (А.В.Варапаева, В.І.Максіна); дэмаграфічная статыстыка (Л.П.Шахоцька); агульная тэорыя і гісторыя статыстыкі (І.М.Церліжэнка); метады шматмернага стат. аналізу (Л.А.Сошнікава, В.М.Тамашэвіч); матэрыяльная статыстыка, ацэнка надзейнасці стат. даных (Ю.С.Харын); статыстыка міжгаліновых сувязей (Л.А.Сошнікава), фінансавая (І.Я.Цяслюк), трансфармацыйных працэсаў у эканоміцы і сац. жыцці грамадства (В.М.Тамашэвіч), ценявой эканомікі (Н.Ч.Бокун), навукі і інавацыйнай дзейнасці (В.М.Фральцоў, М.І.Абламейка, А.М.Пехцерава). На мяжы 20 і 21 ст. ў статыстыцы павялічылася актуальнасць пытанняў практычнага выкарыстання выбарчых метадаў абследавання (Н.Ч.Бокун, С.У.Навасёлава) і ўкаранення сістэмы эколага-эканам. ўліку — спадарожнікавай сістэмы СНС (базавыя распрацоўкі Ж.М.Васілеўскай). У 1997 у Рэспубліцы Беларусь прыняты Закон аб дзярж. статыстыцы, які рэгламентуе парадак збору і пашырэння стат. інфармацыі.
Найб. вядомыя кіраўнікі бел. статыстыкі: М.І.Шкрубер (1923—27), Дз.Л.Чарванёў (1963—80), У.М.Нічыпаровіч (1980—98), У.І.Зіноўскі (з 1998).
Літ.:
Артемов В.Н., Терлиженк о И.Н. Общая и сельскохозяйственная статистика. Мн., 1971;
Казаченок А.Г. Проблемы экономической статистики. Мн., 1975;
Яго ж. Экономическая статистика. 2 изд. Мн., 1976;
Статистическое исследование производительности труда при системном подходе. Мн., 1985;
Теслюк И.Е. Статистика финансов. Мн., 1994;
Пинигин В.В. Национальная экономическая статистика и проблемы перехода к международным стандартам. Мн., 1995;
Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш.Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстаннедэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМА́ТЫКА (грэч. mathēmatikē ад mathēma веды, навука),
навука пра колькасныя адносіны і прасторавыя формы сапраўднага свету. Узнікла ў старажытнасці з практычных патрэб чалавека. У сувязі з развіццём і запатрабаваннямі тэхнікі і прыродазнаўства разнастайнасць колькасных адносін і прасторавых форм пастаянна пашыраецца і вызначэнне М. ўсё больш узбагачаецца. Паняцці М. абстрагаваныя ад якасных асаблівасцей з’яў і аб’ектаў, што надае агульнасць матэм. паняццям, дазваляе ўжываць іх да розных па сваёй прыродзе з’яў, да фіз., біял., тэхн. і інш. працэсаў. У М. шырока выкарыстоўваюцца працэсы абстрагавання розных ступеняў, а метады атрымання вынікаў заснаваны выключна на базе лагічных меркаванняў (законаў). Матэм. метады важныя ў механіцы, фізіцы, нябеснай механіцы. Выкарыстанне іх у біял. і гуманітарных навуках ажыццяўляецца пераважна праз кібернетыку (для гэтых навук істотнае значэнне мае матэматычная статыстыка). Важную ролю ў развіцці многіх галін навукі і тэхнікі адыгралі дыферэнцыяльныя ўраўненні і вылічальная матэматыка.
Пачатак развіцця М. адносяць да 6—5 ст. да н.э., калі сфармуляваны паняцці цэлага ліку, рацыянальнага дробу, адлегласці, плошчы, аб’ёму, створаны правілы дзеянняў з лікамі, вызначэння плошчаў фігур і аб’ёмаў цел (гл.Вавілона-асірыйская культура, Егіпет Старажытны, Грэцыя Старажытная). Назапашаны матэрыял паступова склаўся ў арыфметыку, вымярэнне плошчаў і аб’ёмаў садзейнічала станаўленню геаметрыі, метады арыфметычных вылічэнняў спарадзілі алгебру, а патрэбы астраноміі — трыганаметрыю. М. ў гэты перыяд яшчэ не была дэдуктыўнай навукай, а ўяўляла сабой збор правіл і прыкладаў рашэння асобных задач. Самастойнай навукай са сваім дакладна акрэсленым метадам і сістэмай асн. паняццяў М. становіцца да сярэдзіны 17 ст. Была створана дзесятковая сістэма лічэння (5 ст., Індыя), метад рашэння лінейных ураўненняў з 2 невядомымі. Узорам матэм. дэдуктыўна пабудаванай тэорыі стала эўклідава геаметрыя, з арыфметыкі паступова вылучылася лікаў тэорыя, створана сістэматызаванае вучэнне аб ліках і вымярэннях, фарміруецца паняцце сапраўднага ліку, развіваецца плоская і сферычная трыганаметрыя, уводзіцца паняцце трыганаметрычных функцый (гл. ў арт.Арабская культура). Значны ўплыў на развіццё М. зрабілі працы Піфагора Самоскага, Эўдокса Кнідскага, Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта Александрыйскага, Герона Александрыйскага, Арыябхаты, Ф.Віета, Дж.Кардана і інш. У 17—18 ст. у М. ўводзяцца ідэі руху і змены ў форме пераменных велічынь і функцыянальнай залежнасці паміж імі, ствараецца аналітычная геаметрыя, дыферэнцыяльнае злічэнне, інтэгральнае злічэнне. У 18 ст. ўзнікаюць тэорыя дыферэнцыяльных ураўненняў, дыферэнцыяльная геаметрыя, варыяцыйнае злічэнне і інш. У 19 — пач. 20 ст. М. ўзнімаецца на новыя ступені абстракцыі, ствараюцца неэўклідавы геаметрыі. Развіццё М. гэтага перыяду звязана з імёнамі І.Ньютана, Г.В.Лейбніца, Р.Дэкарта, Б.Паскаля, П.Ферма, сям’і Бернулі, Ж.Л.Лагранжа, Н.Г.Абеля, Ж.Б.Ж.Фур’е, Э.Галуа, Я.Больяй, К.Ф.Гаўса, Г.Ф.Б.Рымана, К.Т.В.Веерштраса, Ж.Адамара, Ж.А.Пуанкарэ, Л.Эйлера, М.І.Лабачэўскага, П.Л.Чабышова, А.А.Маркава, М.В.Астраградскага, А.М.Ляпунова, У.А.Сцяклова і інш. У 20 ст. з’явіліся ці былі развіты новыя матэм. дысцыпліны і кірункі М.: праектыўная геаметрыя, мностваў тэорыя, функцыянальны аналіз, матэматычная логіка, груп тэорыя, імавернасцей тэорыя, тапалогія і інш. Лікавыя метады М. склалі яе самастойную галіну — вылічальную М., стымулявалі развіццё вылічальных машын. «Матэматызацыя» навукі, хуткае развіццё выліч. тэхнікі стымулявалі паяўленне такіх матэм. дысцыплін, як гульняў тэорыя, інфармацыі тэорыя, графаў тэорыя, дыскрэтная матэматыка, тэорыя аптымальнага кіравання. Значным укладам у М. былі працы Н.Бурбакі, Г.Кантара, М.У.Келдыша, А.М.Калмагорава, М.М.Крылова, М.М.Багалюбава, М.А.Лаўрэнцьева, Л.С.Пантрагіна і інш.
На Беларусі даследаванні па М. пачаліся ў 1920-я г., праводзіліся ў БДУ, БСГА, АН Беларусі, Віцебскім пед. ін-це і інш.Асн. кірункамі даследаванняў былі: дыферэнцыяльныя ўраўненні; геаметрыя, алгебра; тэорыі функцый рэчаіснай і комплекснай пераменных; лікавыя і графічныя метады, набліжаныя метады ў алгебры; тэорыя імавернасцей і матэм. статыстыка, матэм. апрацоўка вынікаў вымярэнняў; матэм. фізіка, матэм. метады ў механіцы; метадалогія навукі, філас. пытанні М. Ішло стварэнне бел. навуковай тэрміналогіі. У пасляваен. гады цэнтрам матэм. даследаванняў сталі Інстытут матэматыкіНац.АН Беларусі, БДУ. Асн. кірункі даследаванняў: алгебра, выліч. матэматыка, геаметрыя, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, матэм. кібернетыка, тэорыя лікаў, матэм. фізіка, праграмнае забеспячэнне ЭВМ, функцыянальны аналіз. Дасягненні бел. матэматыкаў у гэтых кірунках атрымалі міжнар. прызнанне. Значны ўклад у развіццё М. на Беларусі зрабілі М.П.Яругін, У.І.Крылоў, С.А.Чуніхін, Ф.Дз.Гахаў, Дз.А.Супруненка, Я.А.Барбашын, У.Г.Спрынджук і інш. У Мінску выдаюцца часопісы: «Дифференциальные уравнения» (з 1965), «Весці Нац.АН Беларусі. Сер. фіз.-матэм. навук» (з 1965; гл.«Весці Акадэміі навук Беларусі»), «Веснік БДУ. Сер. 1. Фізіка. Матэматыка. Механіка» (з 1969; гл.«Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта»), «Труды Института математики Нац.АН Беларуси» (з 1998). Створана Бел.матэм.т-ва (1993).
Літ.:
Математика, ее содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;
Курант Р., Роббинс Г. Что такое математика?: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;
Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974;
Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр.М., 1963;
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 3 изд. М., 1978;
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72;
История отечественной математики. Т. 1—4. Киев, 1966—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ХНІКА (ад грэч. technē майстэрства),
сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, створаных для ажыццяўлення матэрыяльнай вытворчасці і задавальнення невытворчых патрэб грамадства; сродкі працы, адзін з асн. элементаў сродкаў вытворчасці і прадукц. сіл грамадства. У Т. матэрыялізаваны назапашаныя чалавецтвам веды і вытв. вопыт, яна аблягчае працу і павышае яе прадукцыйнасць, пашырае магчымасці чалавека ў яго прац. дзейнасці, часткова або цалкам вызваляе чалавека ад працы ў небяспечных для здароўя умовах. Тэрмін «Т.» ўжываецца таксама для сукупнай характарыстыкі навыкаў і прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў якой-н. сферы дзейнасці (Т. жывапісу, Т. танца, Т. справаводства і інш.). Па меры развіцця вытв-сці Т. паступова замяняе чалавека ў выкананні тэхнал. функцый, звязаных з фіз. і разумовай працай.
Сродкі Т. выкарыстоўваюцца: для ўздзеяння на прадметы працы пры стварэнні матэрыяльных і культ. каштоўнасцей; даследавання законаў развіцця прыроды і грамадства; атрымання, перадачы і пераўтварэння энергіі; збору, захоўвання, апрацоўкі і перадачы інфармацыі; кіравання вытв. працэсамі і грамадствам; стварэння матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі; перамяшчэння грузаў, людзей і сувязі; быт. і культ. абслугоўвання; забеспячэння абараназдольнасці і вядзення вайны. Адрозніваюць Т. вытворчую (машыны, у т. л.рухавікі, механізмы, інструменты, апаратура кіравання машынамі і тэхнал. працэсамі, сродкі аўтаматызацыі вытворчасці, вытв. будынкі і збудаванні, дарогі, чыгункі, масты, каналы, сродкі транспарту, энергетыкі, камунікацый, сувязі і інш.) і невытворчую (сродкі камунальнага і быт. прызначэння — камунальныя машыны, легкавыя аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, халадзільнікі, тэлевізары, магнітафоны, пыласосы, пральныя і кухонныя машыны, спарт. і турысцкі рыштунак, кіна- і фотаапаратура, тэхн. сродкі навучання, аргтэхніка, чарцёжна-канструктарская тэхніка, сцэнічная Т. і інш.). Асобную групу складаюць тэхн. сродкі ваен. прызначэння: танкі, артылерыя, ракеты і ракетныя комплексы, караблі ваенныя (у т. л.падводныя лодкі), лятальныя апараты (у т. л.бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, інш. баявыя і ваенна-трансп.самалёты і верталёты). Звычайна Т. класіфікуюць паводле галіновай структуры вытв-сці (напр., Т. прамысловасці, транспарту, сельскагаспадарчая тэхніка), яе галіновых падраздзяленняў (напр., авіяц., меліярац., энергет. Т.), часам па навук. асновах асобных галін Т. (напр., ядзерная тэхніка, халадзільная тэхніка, вылічальная тэхніка, вымяральная тэхніка, робататэхніка). Асноўныя паказчыкі Т.: прадукцыйнасць (колькасць прадукцыі, якая вырабляецца, апрацоўваецца або перавозіцца за адзінку часу), надзейнасць, эканамічнасць эксплуатацыі (расход спажытай сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі, неабходных для нармальных умоў выкарыстання Т). Сучасная Т. павінна адпавядаць патрабаванням эрганомікі, тэхн. эстэтыкі, экалогіі. Яна характарызуецца высокімі тэмпамі мадэрнізацыі і аўтаматызацыі, уніфікацыяй, стандартызацыяй, інтэнсіўным развіццём энергетыкі, электра- і радыётэхнікі, электронікі, прыладабудавання, авіяц., хім. і нафтахім. Т., шырокім выкарыстаннем аўтаматыкі, прамысловых робатаў, ЭВМ і інш. Дасягненні Т. грунтуюцца на фундаментальных навук. адкрыццях і даследаваннях, з’яўляюцца асновай навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Асн. этапы развіцця Т. адпавядаюць гіст. перыядам (археал. эпохам) чалавецтва, этапам развіцця грамадскай вытв-сці. Першыя прылады працы і віды зброі ўзніклі ў каменным веку: грубаабабітыя каменныя ручныя рубілы, востраканечнікі, скрэблы, разцы, касцяныя прылады (усяго ў познім палеаліце было да 100 тыпаў прылад); у мезаліце — лук і стрэлы з крамянёвымі наканечнікамі, дзіды, дроцікі, нажы, скрабкі і інш.; у неаліце — гліняны посуд, сякеры, долаты, булавы, кліны, шырокія нажы, цёслы, пілы, молаты, матыкі, зерняцёркі, сярпы і інш.; у энеаліце — першыя медныя прылады. У бронзавым веку разам з каменнымі пашырыліся вырабы з бронзы (матыкі, сякеры, сярпы, молаты, мячы, нажы і інш.), удасканальваліся вёсельныя і ветразевыя судны, колавыя павозкі і інш. У жалезным веку асвоены выраб крычнага жалеза з дапамогай сырадутнага працэсу; пашырылася вытв-сцьжал. прылад і зброі, кавальскае і ганчарнае рамяство. Вынаходства мех. прадзільнай і паравой машын далі штуршок прамысловаму перавароту канца 18 — пач. 19 ст., у выніку якога адбыўся пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці. Замест ручнога (рамеснага) вырабу мех. станкоў і машын паступова ўзнікла іх прамысл.вытв-сць — машынабудаванне. З канца 19 ст. паравыя машыны выцясняюцца больш эканамічнымі і кампактнымі рухавікамі ўнутранага згарання, якія дазволілі стварыць новыя тыпы рабочых і трансп. машын (аўтамабілі, самалёты, цеплаходы, экскаватары, трактары і інш.). Укараненне электрычных рухавікоў прывяло да паўсюднага выкарыстання іх у групавых і індывідуальных прыводах машын. Выкарыстанне аўтаматаў, ЭВМ, камп’ютэрных сістэм і інш. садзейнічала шырокаму ўкараненню аўтаматызацыі вытворчасці. У сярэдзіне 1940-х г. пачалася навукова-тэхнічная рэвалюцыя, якая прывяла да ўзнікнення новых і якасных змен ва ўсіх галінах Т. і ў тэхнал. метадах вытв-сці (гл.Тэхналогія).
Літ.:
История техники. М., 1962;
Шухардин С.В. Основы истории техники. М., 1961;
Мелещенко Ю.С. Техника и закономерности ее развития. Л., 1970;
Лилли С. Люди, машины и история: Пер. с англ.М., 1970;
Боголюбов А.Н. Творения рук человеческих: Естественная история машин. М., 1988;
Кириллин В.А. Страницы истории науки и техники. 3 изд. М., 1994;
Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991;
Поликарпов В.С. История науки и техники. Ростов н/Д, 1999.