АРЭО́Л (французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),
1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.
2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЦКІ (Людвіг Пятровіч) (н. 9.5.1929, в. Продвіна Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, манум. жывапісу. Творы прысвечаны сучаснасці і гісторыі: «Горад будуецца» (1963), «Падполле Мінска» (1968), «Па матывах трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1973), «Жодзіна» (1976), «Прыпяцкія мелодыі» (1981), «Балада аб Лаўскім баі» (1982), «Памяць» (1984), «Мір на планеце» (1986—87), серыя «Замкнёнасць круга» (1993—94) і інш.Для станковых работ характэрны арыгінальныя кампазіцыйныя вырашэнні, абвостраная, амаль гратэскавая выразнасць малюнка, святлоценявыя кантрасты.
Л.Ф.Салавей.
Л.Асецкі. Дзе ёсць ісціна. З серыі «Замкнёнасць круга». 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЦЬ,
старадаўняя гасп. пабудова для сушкі збажыны; тып сушні. Была пашырана ў паўн.-ўсх. раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе сушылі снапы. У сял. гаспадарках 19—пач. 20 ст. Асеці будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа. У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.
Існавала ў 1916—19 у Бабруйску. Рыхтавала настаўніц пач.нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. У 1916 навучаліся 34 выхаванкі. Выкладаліся прадметы: рус. мова і л-ра, царк.-слав. мова, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, мінералогія, геалогія, хімія, гісторыя і геаграфія, псіхалогія і педагогіка, дзіцячае чытанне, методыка выкладання прадметаў, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, рукадзелле, Закон Божы і інш. У 1918/19 навуч.г. ўведзена беларусазнаўства, польск. мова, гігіена. Пры семінарыі было ўзорнае пач. вучылішча, дзе выхаванкі праходзілі практыку. З кастр. 1918 — пяцікласная, рыхтавала выкладчыкаў для адзінай прац. школы 1-й ступені. Пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы.
балгарская паэтэса. Скончыла Сафійскі ун-т (1915). Першы зб. вершаў «Вечная і святая» (1927) напісаны пад уплывам нар.-песеннай паэзіі. У зб-ках «Зорка марака» (1932), «Сэрца чалавечае» (1936) уражанні ад вандраванняў па роднай краіне, Францыі, Італіі, Славеніі, вобраз горада з яго сац. кантрастамі, узмацненне трагічных і песімістычных нот. Аўтар лірычных зб-каў «Ад берага да берага» (1963), «Святлацені» (1977), «На беразе часу» (1983) і інш., кн.для дзяцей. Дзімітраўская прэмія 1950. На бел. мову яе вершы перакладаў Н.Гілевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАК ((Buck) Перл) (26.6.1892, г. Хілсбара, штат Зах. Віргінія, ЗША — 6.3.1973),
амерыканская пісьменніца. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1951). Аўтар раманаў пра Кітай: «Усходні вецер, заходні вецер» (1930), «Зямля» (1931, Пулітцэраўская прэмія; бел.пер. 1937), «Сыны» (1932), «Маці» (1934), «Дом, які распадаецца» (1935). Пад псеўд. І.Седж публікавала сац.-бытавыя і «сямейныя» раманы з амер. жыцця: «Партрэт аднаго шлюбу» (1945), «Родзічы» (1949) і інш. Выступала за раўнапраўе неграў, супраць каланіялізму, папярэджвала пра небяспеку атамнай вайны (раман «Загадай раніцы», 1959). Аўтар зб-каў апавяданняў («Далёка і блізка», 1948, і інш.), кн.для дзяцей, мемуараў («Некалькі маіх светаў», 1954). Нобелеўская прэмія 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)],
бактэрыцыдныя рэчывы, рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯФА́ГІ [ад бактэрыі +...фаг(і)],
фагі, вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.
Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НСАВАЯ ВА́РТАСЦЬасноўных фондаў,
ацэначная іх вартасць на пачатак і канец года. Складаецца з вартасці асн. фондаў, што знаходзяцца на балансе па аднаўленчай вартасці на момант апошняй іх ацэнкі, і вартасці асн. фондаў, уведзеных у эксплуатацыю ў наступныя гады і ацэненых па іх поўнай першапач. вартасці. Балансавая вартасць выкарыстоўваецца для разліку сярэднегадавых аб’ёмаў асн. фондаў, налічэння амартызацыі, вызначэння ўзроўню эфектыўнасці вытв-сці. У рыначнай эканоміцы вызначаюць балансавую вартасць актыву (як першапач. вартасць доўгатэрміновага актыву за вылікам зносу), балансавую вартасць кампаніі, ці чыстыя актывы, уласны капітал (як сукупныя актывы кампаніі за вылікам сукупных абавязацельстваў), балансавую вартасць акцыі (вызначаецца паводле спец. методыкі на аснове ўліковай дакументацыі кампаніі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІСТЫ́ТЫ,
адзін з відаў бяздымнага пораху на аснове нітратаў цэлюлозы, пластыфікаваных нітраэфірамі. Звычайны састаў балістытаў: 50—60% калаксіліну і 25—40% нітрагліцэрыну (нітрагліцэрынавы порах), дыэтыленгліколь дынітрату (дыгліколевы порах) ці іх сумесі. У балістыты ўводзяць да 10% парашку алюмінію ці магнію (для вырабу цвёрдага ракетнага паліва), таксама стабілізатары (цэнтраліты), каталізатары гарэння (солі ці аксіды металаў), тэхнал. дабаўкі (вазелінавае масла, воск). Атрымліваюць балістыты змешваннем кампанентаў з вадой; пасля яе аддзялення сумесь апрацоўваюць пры пэўнай тэмпературы і ціску на вальцах. Пры гарэнні балістыты не дэтануюць, але пры павольным тэрмічным раскладанні могуць самазагарацца. Балістыты ўпершыню атрыманы А.Нобелем у 1888. Выкарыстоўваюцца ў ствольнай агнястрэльнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.