дзярж. падатак у ВКЛ у 15—16 ст., які ішоў на выплату даніны крымскаму хану. Накладвалася на воласць, горад ці мястэчка, спаганялася з мяшчан і сялян. У гады спагнання ардыншчыны з падаткаплацельшчыкаў, як правіла, не збіраўся дзярж. падатак на патрэбы войска — сярэбшчына. У адрозненне ад грашовай сярэбшчыны ардыншчына пераважна сплачвалася пушнінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАГРАМАВА́ННЯ,
раздзел прыкладнога праграмавання, які распрацоўвае метады аўтам. складання праграм і рашэння задач на ЭВМ.
Аснову аўтаматызацыі праграмавання складаюць мовы праграмавання. Сістэмы аўтаматызацыі праграмавання ў выніку стварэння адпаведнага матэм. забеспячэння ЭВМ спрашчаюць метады падрыхтоўкі заданняў для выканання на ЭВМ, павялічваюць эфектыўнасць іх выкарыстання, садзейнічаюць стварэнню сродкаў праграмавання, наладцы і захоўванню праграм і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАШЫНІ́СТ,
сістэма аўтаматычнага кіравання рухам паяздоў. Грунтуецца на параўнанні сапраўднага часу перамяшчэння поезда з праграмным, які абмежаваны дапушчальнымі скарасцямі, інтэнсіўнасцю тармажэння і інш.Асн. частка аўтамашыніста — ЭВМ, якая па паказаннях датчыкаў скорасці поезда і шляху, што ён прайшоў, выбірае аптымальны рэжым руху. Выкарыстоўваецца пераважна на чыгунках з невял. інтэрваламі часу паміж паяздамі і на метрапалітэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГА́НЕЦ,
мясцовы паўд.-зах. або паўд. вецер, які дзьме з Афганістана ў раёны зах. Паміра і вярхоўі Амудар’і. Сухі, моцны (скорасць 17—25 м/с), вельмі пыльны. Узнікае пры ўварванні халодных паветраных масаў у паўд. раёны Сярэдняй Азіі. У г. Тэрмез (Узбекістан) бывае да 70 дзён за год. Прыгнечвае расліннасць, наносіць шкоду сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СА ПРАЛІ́Ў (Bass Strait),
праліў паміж Аўстраліяй і в-вам Тасманія. Злучае Тасманава м. з Індыйскім ак.Даўж. каля 317 км, шыр. да 224 км. Найменшая глыб. на фарватэры 49 км. У зах.ч. — в-аў Кінг, на У — а-вы Фюрно. Порт Мельбурн. Названы імем англ. даследчыка Дж.Баса, які адкрыў праліў у 1798.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРБЕДЖ ((Burbage) Рычард) (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),
англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦЫ́КЛ (ад бія... + цыкл),
1) самы вял. экалагічны падраздзел біясферы. Вылучаюць біяцыклы: суша, акіян і кантынентальныя вадаёмы. Кожны біяцыкл падзяляецца на біяхоры (сукупнасць падобных біятопаў); напр., біятопы пясчаных, гліністых, камяністых пустыняў аб’ядноўваюцца ў біяхор пустыняў, які разам з біяхорамі лясоў, стэпаў і інш. складае біяцыкл сушы.
2) Заканамерная змена фазаў або стадый развіцця арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,
квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій 4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРМАШЫ́НА,
медыцынскі апарат, які надае вярчальны рух бору, прызначанаму для прэпаравання цвёрдых тканак зуба. У нажных бормашынах скорасць вярчэння бора 800—1500, у электрычных — да 30 000 аб/мін. Шырока выкарыстоўваецца турбінная бормашына са скорасцю да 300 000 аб/мін, пры якой значна скарачаецца час апрацоўкі зуба і змяншаюцца болевыя адчуванні.