род дробных патагенных шара- або палачкападобных бактэрый, якія выклікаюць бруцэлёз чалавека і жывёл. Бруцэлы — нерухомыя, грамадмоўныя клеткі (0,3—0,4×0,4—3,0 мкм), якія не ўтвараюць спораў, маюць эндатаксін, аэробы. Высокаўстойлівыя да неспрыяльных фактараў вонкавага асяроддзя; захоўваюць жыццяздольнасць у глебе ад 2—3 да 100 і больш сутак, у вадзе — 6—90 і больш сутак. У вільготным асяроддзі гінуць пры т-ры 60 °C праз 30 мін, пры кіпячэнні — імгненна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад ала... + поліплаідыя),
спадчынная змена ў клетках раслін, радзей жывёл, звязаная з кратным павелічэннем набораў храмасом, якія належаць розным відам або родам. Абумоўлена спантаннай або выкліканай у эксперыменце геномнай мутацыяй. Адбываецца найчасцей пры міжвідавой гібрыдызацыі. Мае асаблівае значэнне ў працэсах відаўтварэння ў раслін. Алапаліплоіды, якія ўтвараюцца праз цотнае павелічэнне храмасомных набораў пры скрыжаванні двух відаў або родаў, наз. амфідыплоідамі (напр., капусна-рэдзькавыя, аржана-пшанічныя, трыцікале і інш. выкарыстоўваюцца ў селекцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ЦЫЯ,
герметызацыя канала ствала пры выстрале для прадухілення прарыву парахавых газаў. Забяспечвае дальнабойнасць і бяспечнасць стральбы. У зброі з патронным зараджаннем абтурацыя дасягаецца выкарыстаннем латуннай гільзы, якая расшыраецца пры выстрале і забяспечвае герметызацыю ствала з боку затвора. У артыл. гарматах з бязгільзавым зараджаннем абтурацыя ажыццяўляецца з дапамогай абтуратара. Прарыву газаў у бок руху снарада перашкаджаюць вядучыя паяскі снарадаў і абалонкі куль, у мінамётах — канаўкі на цыліндрычнай частцы міны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРАФІ́Я (ад грэч. atrophia завяданне),
памяншэнне памераў органа ці тканкі, якое суправаджаецца паніжэннем або спыненнем іх функцыі. Адрозніваюць атрафію фізіялагічную (узроставая інвалюцыя вілачкавай залозы ў юнацтве, палавых залоз, касцей, мышцаў, скуры, унутраных органаў у старасці) і атрафію паталагічную, што бывае пры хваробах.
Атрафія ўзнікае ад памяншэння прытоку крыві да тканкі ці органа, пашкоджання нерваў пры траўмах ці запаленнях, ад працяглага бяздзеяння тканкі, парушэння дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі, дзеяння мех. фактараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЎРО́РА»,
крэйсер рас. Балтыйскага флоту. У страі з 1903; удзельнічаў у марскіх баях пры Цусіме (май 1905), на Балтыйскім м. ў 1-ю сусв. вайну. 25.10(7.11).1917 «Аўрора» зрабіла халасты стрэл — сігнал да штурму Зімняга палаца. З 1923 вучэбны карабель. У Вял.Айч. вайну гарматы «Аўроры» выкарыстоўваліся пры абароне Ленінграда. З 1948 крэйсер стаіць на Няве як помнік Кастр. рэвалюцыі ў Петраградзе; у 1957 на ім створаны музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛДЗЯРЖКІНО́, Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі. Існавала з 17.12.1924 да крас. 1938 пры Наркамаце асветы БССР. Займалася пытаннямі кінафікацыі і кінапракату на тэр.ўсх. Беларусі, падрыхтоўкі кадраў, арганізацыі вытворчасці кінахронікі і маст. фільмаў. У 1925 аб’ядналася з кінаарганізацыяй «Бел. пралеткіно» і пачало ўласную вытворчасць фільмаў. У 1928 арганізавала студыю маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1946 «Беларусьфільм»). Ліквідавана ў сувязі са стварэннем Кіраўніцтва кінафікацыі прыСНКБССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЕВАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
разнастайнасць цывільнай адказнасці пры наяўнасці ў абавязацельстве некалькіх даўжнікоў. Паводле агульнага правіла, замацаванага цывільным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, такое абавязацельства лічыцца долевым, прычым кожны з даўжнікоў абавязаны выканаць яго ў роўнай долі. У законе або ў дагаворы могуць быць устаноўлены інш. суадносіны памераў Д.а. Калі з закону або з дагавора іх не вынікае, дзейнічае прэзумпцыя роўнасці долей пры адказнасці кожнага з садаўжнікоў перад крэдыторам. Гл. таксама Салідарная адказнасць, Субсідыярная адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБО́ІДНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
від чарвячнай перадачы, у якой вядучы элемент — чарвяк мае ўвагнутую (глабоідную) форму. Ад перадачы з цыліндрычным чарвяком адрозніваецца адначасовым зачапленнем большай колькасці віткоў чарвяка з зубамі вядзёнага кола. Здольная перадаваць большыя намаганні, чым звычайная чарвячная перадача, мае большы ккдз (з-за лепшых умоў змазкі). Выкарыстоўваецца звычайна прывял. нагрузках, а таксама пры неабходнасці стварэння кампактнага і лёгкага абсталявання (у транспартных і горных машынах, самалётах і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГА́МІЯ (ад гетэра... + ...гамія),
1) тып палавога працэсу, пры якім мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца пры апладненні, адрозніваюцца формай і памерам. Для вышэйшых раслін і шматклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія; у адносінах да некаторых прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя, выкарыстоўваюць тэрмін «анізагамія». Гл. таксама Ізагамія.
2) Змена функцыі мужчынскіх і жаночых клетак або іх размяшчэнне на расліне (як анамалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАМАРФО́З,
рэгенерацыя, пры якой замест страчанага органа ўтвараецца новы з іншай формай і функцыяй. Пашыраны ў розных жывёл — ад прасцейшых да пазваночных, але часцей трапляецца ў жывёл з нізкай арганізацыяй як праяўленне мутацый, фенакопій, можа абумоўлівацца і спадчыннасцю. Напр., у рачных ракаў замест страчанага складанага фасетачнага вока можа рэгенерыраваць вусік; у дажджавога чарвяка замест ампутаванага галаўнога ўчастка развіваецца хваставая частка цела. Гетэрамарфоз можна выклікаць штучна пры змене ўмоў рэгенерацыі.