ПРАЕКТАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае канструяванне сістэмы параметраў будучага сацыяльнага аб’екта або якасна новага стану існуючага аб’екта; адна з форм сац. кіравання. П.с. ўласцівы шматварыянтнасць, складаныя характарыстыкі, параметры, часам у выглядзе якасна-зместавых, каштоўнасна-арыентаваных ацэнак. П.с. абумоўлена існаваннем шэрагу заканамернасцей і прычынна-выніковых сувязей. Сярод аб’ектаў П.с. элементы і падсістэмы сац. структуры грамадства (прац. калектывы, рэгіёны, сац. групы і інш.), розныя грамадскія (эканам., паліт. і інш.) адносіны, элементы ладу жыцця, што паддаюцца праектаванню. Мэта П.с. — стварэнне сац. праектаў, якія ўяўляюць сабой сістэму падабраных і навукова абгрунтаваных паказчыкаў пра будучы стан сац. сістэмы пры канкрэтных дзеяннях людзей, наяўнасці пэўных фін., працоўных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў. Вынік П.с. адлюстроўваецца ў навукова абгрунтаваных аналітычных апісаннях, чарцяжах, табліцах, алгарытмах матэм. апарату і інш. П.с. праводзіцца пры дапамозе розных тэхн., матэм., лагічных і інш. сродкаў з выкарыстаннем сістэм аўтаматызаванага праектавання, па спецыяльна распрацаванай сац. тэхналогіі (упарадкаваная паслядоўнасць прыёмаў праектавання, комплекс сац. метадаў, спосабаў, навыкаў. Алгарытм П.с.: вызначэнне сац. заказу, пастаноўка мэт і задач, распрацоўка прагнозу, яго верыфікацыя і карэкціроўка, стварэнне мадэляў і прагнозаў.

Літ.:

Тощенко Ж.Т., Аитов Н.А., Лапин Н.И. Социальное проектирование. М., 1982;

Антонюк Г.А. Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методол. аспект. Мн., 1986;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ЗЕМЛЯРО́БСТВА,

комплекс узаемазвязаных агратэхн., меліярац. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні зямлі. Забяспечвае расшыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, атрыманне ўсё большых ураджаяў і выключае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць С.з. прымітыўныя (лядна-агнявая, аблогавая, лесапольная і інш.), экстэнсіўныя (папарныя) і інтэнсіўныя. На Беларусі з канца 3-га — пач. 2-га тысячагоддзяў да н.э. была пашырана лядна-агнявая С.з. (лес высякалі, дрэвы спальвалі, а зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва); урадлівасць глебы зніжалася і аднаўлялася толькі пад уплывам прыроднай расліннасці. Аблогавая С.з. ўзнікла пры скарачэнні плошчы вольных зямель, неабходнасці вяртання старых участкаў, якія зноў выкарыстоўвалі пад пасевы, а потым запускалі пад аблогу. Пазней, пры выкарыстанні лесапольнай С.з., плошча ўзараных зямель была павялічана, тэрмін аблогі і лесаполля скараціўся, урадлівасць не аднаўлялася. У час феадалізму панавалі экстэнсіўныя С.з. Папарная С.з. прадугледжвала чаргаванне культур — папар, азімыя, яравыя. У канцы 19 ст. ўзнікла і пашыралася травапольная С.з. (гал. недахоп — увядзенне ўсюды бабова-збожжавых сумесей і змяншэнне пасеваў збожжавых культур). Сучасныя інтэнсіўныя С.з. (палепшаная, пладазменная, з кармавымі севазваротамі і інш. спецыялізаваныя) уключаюць севазвароты з травасеяннем, культ. лугаводства з перыядычным перазалужэннем лугоў, апрацоўку глебы з чаргаваннем плужных і бясплужных апрацовак, рацыянальнае ўжыванне арган. і мінер. угнаенняў, вапнаванне глебы, барацьбу з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, рэгуляванне воднага рэжыму глеб і інш.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у канцы 19 — пач. 20 ст. на тэрыторыі, што ўключала г. Слуцк (пераважна мяшчан) і навакольныя вёскі. Яму ўласцівы аднатыпнасць форм адзення, сціпласць арнаментальнага аздаблення, перавага крамных тканін.

Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух і гарсэт. Кашулю шылі з каўняром (пры нашэнні прыпадымалі вакол шыі), з рукавамі, сабранымі на каўнерцы. Спадніцу шылі з крамнай шарсцянкі або з даматканай клятчастай тканіны светлых вясёлкавых колераў, фартух — з крамнага цёмнага ці белага набіванага паркалю з нашыўкамі шырокіх паскаў карункаў па нізе. Доўгі суцэльны гарсэт цёмна-сіняга ці чорнага колеру з аблямоўкай па крыссі меў вялікі, амаль да таліі, выраз, які запаўняўся вертыкальным шляком вышыўкі кашулі і шматлікімі нізкамі пацерак. Галаўныя ўборы жанчын — вялікія з махрамі набіваныя хусткі, завязаныя ў выглядзе турбана. У мужчынскі гарнітур уваходзіла кашуля з адкладным каўняром, ільняныя або суконныя нагавіцы, у якія запраўлялася кашуля, камізэлька. Галаўныя ўборы мужчын — саламяныя капелюшы з расшыраным верхам, футраванкі, картузы. Верхняе адзенне мужчын і жанчын значна адрознівалася: жаночую вопратку кроілі па тыпу гарсэта, да якога прыточвалі рукавы (чорныя суконныя курцікі, світы), а мужчыны насілі курты з чорнага ці карычневага сукна, кажухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Слуцкі строй. Маладуха ў традыцыйным адзенні. Случчына Пач. 20 ст.
Слуцкі строй. Дзяўчаткі ў святочным убранні. Случчына. Пач. 20 ст.

т. 15, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРО́БІН,

гарадскі пасёлак у Салігорскім р-не Мінскай вобл., на р. Случ. Аўтадарогамі злучаны з Салігорскам, Любанню, Мікашэвічамі. За 12 км на Пд ад горада і чыг. ст. Салігорск, за 145 км ад Мінска. 6 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. як слабада Слуцкага княства ВКЛ Уласнасць Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гогенлое. У 1654 атрымаў права на штогадовыя таргі і 4 кірмашы. Ў 1680 мястэчка Навагрудскага ваяв. З 1791 цэнтр воласці Случарэцкага пав. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1886—496 ж., 62 двары, школа, 3 яўр. школы, 2 царквы, піваварня, 2 крамы. У 1924—62 цэнтр Старобінскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў С. і раёне знішчылі 2886 чал.; 29.6.1944 партызаны 101-й брыгады імя Аляксандра Неўскага занялі гар. пасёлак (гл. Старобінскі бой 1944) і ўтрымлівалі да падыходу 2 ліп. часцей 1-га Бел. фронту. З 1962 у Любанскім, з 1965 у Салігорскім р-нах.

Працуюць Старобінскі торфабрыкетны завод, дрэваапр. камбінат, лясгас; гімназія, рэгіянальны цэнтр прафес. адукацыі, муз. школа, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму, магіла Героя Сав. Саюза Дз.​Ц.​Гуляева. Помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам.

З.​В.​Рамановіч.

т. 15, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́НГЭ Кэндзо (н. 4.9.1913, г. Імабары, Японія),

японскі архітэктар, педагог, тэарэтык архітэктуры. Вучыўся ў Такійскім ун-це (1935—38) і выкладаў у ім (з 1942, з 1949 праф.). Ганаровы чл. Берлінскай акадэміі выяўл. мастацтва (1958), Рас. АМ (1988) і інш. Зазнаў уплыў пластычных эксперыментаў Ле Карбюзье, бруталізму. У 1961 стварыў групу урбаністаў і архітэктараў URTEC, якая прадугледжвала калект. прынцыпы творчай дзейнасці. Творчасць Т. адносіцца да рэгіянальнага кірунку сучаснай архітэктуры, што грунтуецца на формах канструктывізму, адметная пошукамі гарманічнага суіснавання чалавека з новым дынамічна-функцыян. гар. асяроддзем. Яна апіраецца на традыцыі яп. архітэктуры, але па-наватарску сінтэзуе іх для сучасных функцый, выкарыстоўвае новыя буд. матэрыялы, жал.-бетонныя канструкцыі, арх. структуры бетонных шахтаў з інж. камунікацыямі. Асн. работы (у сааўт.): у Токіо — Цэнтр мастацтваў Сагэцу (1956), будынак муніцыпалітэта (1952—57), Алімп. спарт. комплекс (1961—64), кафедральны сабор св. Марыі (1963—64); цэнтры Міру ў г. Хірасіма (1949—56), масавай інфармацыі ў г. Кофу (1962—67) і інш. Аўтар плана-праекта рэарганізацыі і пашырэння Токіо (1960), праектаў Сусв. выстаўкі «ЭКСПО-70» у г. Осака (1967), рэканструкцыі г. Скоп’е (1965).

Тв.:

Рус. пер. — Архитектура Японии. М., 1976.

Літ.:

Кендзо Танге: Архитектура и градостроительство. М., 1978.

Я.​Ф.​Шунейка.

К.Тангэ.
К.Тангэ. Цэнтр масавай інфармацыі ў г. Кофу.

т. 15, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРБАЭКАЛО́ГІЯ (ад лац. urbanus гарадскі + экалогія),

прыкладная навук. дысцыпліна, што вывучае ўзаемадзеянне і ўзаемаўплыў дзейнасці чалавека і прыродных фактараў, працэсаў у гарадах, зонах іх уплыву, сістэмах рассялення. Тэрмін «У.» ўзнік у 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з узмацненнем экалагічных праблем у гарадах, выкліканых нерацыянальнай гасп. дзейнасцю чалавека. Арыентавана на аздараўленне і паляпшэнне якасных характарыстык гар. асяроддзя, забеспячэнне экалагічнай раўнавагі антрапагенных і прыродных кампанентаў асяроддзя ў межах урбанізаваных тэрыторый (гл. Урбанізацыя). З мэтай памяншэння забруджвання наваколля ў гарадах распрацоўваецца комплекс тэхнал., тэхн., планіровачных, юрыд. і інш. мерапрыемстваў. Сярод планіровачных мерапрыемстваў вядучая роля належыць фарміраванню водна-зялёных сістэм гарадоў (гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў). Асн. метадалагічныя падыходы У. — экалагічны і ландшафтны. Экалагічны падыход разглядае прыроду і грамадства ва ўзаемадзеянні і ўзаемаабумоўленасці, прадугледжвае арыентацыю горадабуд. вырашэнняў на забеспячэнне ўстойлівага развіцця паселішчаў і аптымізацыю экасістэм. Ландшафтны падыход у горадабудаўніцтве заключаецца ва ўліку структуры, устойлівасці, асаблівасцей функцыянавання прыродных і антрапагенных ландшафтаў, што дазваляе фарміраваць новыя культ. ландшафты, адметныя высокімі эстэт. і экалагічнымі вартасцямі. Для ацэнкі якасці гар. асяроддзя здзяйсняецца экалагічны маніторынг.

Літ.:

Чистякова С.Б. Охрана окружающей среды. М., 1988;

Реймерс Н.Ф. Природопользование: Словарь-справ. М., 1990;

Градостроительство и территориальная планировка: Понятийно-терминол. словарь. Мн., 1999.

Г.​А.​Патаеў.

т. 16, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕТАЛО́ГІЯ,

комплекс дысцыплін, якія вывучаюць гісторыю, культуру і мову народаў, што адносяцца да хета-лувійскай моўнай групы індаеўрапейскай сям’і. Пачатак Х. пакладзены асірыёлагамі — англічанінам А.​Сейсам, нарвежцам А.​Кнудсанам і інш., якія выявілі факт існавання хецкай цывілізацыі (гл. Хеты, Хецкае царства). Практычнае яе даследаванне пачалося з раскопак у 1906 ням. археолагам Г.​Вінклерам рэшткаў хецкай сталіцы г. Хатусас (гл. Багазкёй) і знаходкі ім каля 10 тыс. хецкіх тэкстаў. У 1915—17 чэш. вучоны Б.​Грозны прачытаў хецкія клінапісныя тэксты і даказаў, што хецкая мова адносіцца да індаеўрап. моў. Прынцыпы філал. аналізу хецкіх тэкстаў закладзены ў 1920—24 ням. вучонымі Ф.​Зомерам і Х.​Эелольфам, развіты ў 1920—60-я г. ням. хетолагамі А.​Гётцэ і І.​Фрыдрыхам. Ням. археолагі на чале з К.​Бітэлем у супрацоўніцтве з тур. вучонымі ў 1930-я г. вялі раскопкі ў Багазкёй. Хецкія тэксты вывучалі Х.​Г.​Гютэрбак (ЗША), Х.​Отэн, А.​Каменхубер (Германія), Э.​Ларош (Францыя), П.​Мерыджы (Італія), К.​Балкан і Э.​Акургал (Турцыя); з сав. вучоных — І.​М.​Дзьяканаў, Г.​Г.​Гіяргадзе, Э.​А.​Менабдзе, В.​Ардзінба, І.​М.​Дунаеўская і інш.; на Беларусі — Г.​І.​Даўгяла.

Літ.:

Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;

Замаровский В. Тайны хеттов: Пер. со словац. М., 1968.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧА́ТКАВА,

археалагічныя помнікі (гарадзішча і 3 селішчы) каля в. Шчаткава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. Даследавалі ў 1930 А.​М.​Ляўданскі, у 1959 Я.​Г.​Краскоўская, у 1963 Л.​Д.​Побаль. Гарадзішча (пляцоўка авальная, 120×75 м, з боку поля ўмацавана 2 валамі і равамі) адносіцца да ранняга жал. веку (мілаградская і зарубінецкая культуры), датуецца канцом 6 ст. да н.э. — 1—2 ст. н.э. На ім выяўлены паўзямлянкавая пабудова, заглыбленая ў мацярык на 0,5 м, рэшткі агнішча, фрагменты ляпных гладкасценных і штрыхаваных пасудзін, у т. л. гаршкі і міскі з слабапрафіляваным тулавам і плоскім днішчам. Сярод знаходак жал. нож, шыла, шпілька, рыбалоўны кручок, гліняныя абломкі тыгляў, прасліцы, грузікі, каменныя брускі, крамянёвыя прылады працы, упрыгожанні з грыбападобнымі навершамі, падковападобная і позналатэнская фібулы, трапецападобная падвеска, дэкарыраваная кропкавымі адбіткамі, пярсцёнак, 2 шкляныя антычныя пацеркі і інш. Селішча-1 (каля ўсх. боку гарадзішча) адносіцца да зарубінецкай і быхаўска-калочынскай культур і часоў Кіеўскай Русі. На ім выяўлены 2 паўзямлянкавыя жытлы памерамі 3,7×3,3 м і 3×3 м, у куце аднаго жытла рэшткі печы-каменкі. Знойдзены жалезныя нож і шпілька, фрагменты слабапрафіляваных гаршкоў. У другой паўзямлянцы знойдзены фрагменты ляпной гладкасценнай керамікі з расчосамі, жал. цвікападобныя шпількі і шпора. У комплекс уваходзяць яшчэ 2 селішчы (у 1962—63 абследаваў Побаль).

Л.​Д.​Побаль.

т. 17, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́Д,

комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.

Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.

Бел. нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл. Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл. Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл. Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл. Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл. Саборная субота), каравайны абрад (гл. Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл. Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.

Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант. народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.

Літ.:

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;

Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Зімовыя песні. Мн., 1975;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Палескае вяселле. Мн., 1984;

Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986;

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;

Борисенко В.К. Весільні звичаї та обряди на Україні. Київ, 1988;

Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн., 1990;

Кухаронак Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993;

Беларускія народныя абрады / Скл. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА ЯДЗЕРНЫХ РЭАКТАРАЎ

Даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў пачаліся ў 1960, калі ў Ін-це энергетыкі АН Беларусі было створана Аддзяленне атамнай энергетыкі (узначаліў А.​К.​Красін). Тэарэт. работы выконваліся ў лабараторыях атамнай энергетыкі (Красін) і фіз. разлікаў (В.​А.​Навумаў), эксперым. — на доследным рэактары ІРТ-1000 (здадзены ў эксплуатацыю ў 1962). У 1965 створаны Ін-т ядз. энергетыкі АН Беларусі (ІЯЭ), дзе былі сканцэнтраваны работы па фізіцы ядз. рэактараў. У ім вяліся доследныя работы па стварэнні новых тыпаў ядз. рэактараў: уран-гідрыдцырконіевага для перасоўнай АЭС «Памір-630 Д», хуткіх газаахаладжальных (N2O4) тыпу БРІГ і БРГ, спецыялізаваных ядз.-хім. рэактараў.

Першы рэактар фіз. магутнасці (крытычны стэнд) «Ружа» створаны ў 1965. На ім праведзены даследаванні аднародных уран-водных сістэм з палівам 10%, 36% і 75% абагачэння па ​235U у шырокім дыяпазоне змяненняў адносін канцэнтрацыі ядзер вадароду і урану-235 (В.​А.​Лявадны, Ю.​І.​Чуркін, А.​І.​Ярашэвіч). Для эксперым. абгрунтавання фізікі рэактара «Памір» на ўсіх стадыях яго праектавання былі створаны рэактары фіз. магутнасці «Эдэльвейс», «Крышталь», на якіх выкананы комплекс даследаванняў «халодных» і «гарачых» UO2—ZrHn — крытычных сістэм з палівам 21%, 36% і 45% абагачэння па ​235U (І.​А.​Едчык, А.​П.​Малыхін, У.​У.​Сапожнікаў, С.​М.​Сікорын, А.​І.​Ярашэвіч). Распрацаваны ці ўдасканалены розныя метады вымярэнняў асн. нейтронна-фіз. параметраў рэактарных сістэм: метад цвёрдых трэкавых дэтэктараў ядзер (І.​У.​Жук, Малыхін), метады аналізу шумоў рэактара (Лявадны, Сапожнікаў), метады неразбуральнага кантролю наяўнасці нейтронна-паглынальных і падзельных матэрыялаў у асн. элементах актыўных зон (Сапожнікаў, Сікорын). Створаны вымяральныя ўстаноўкі для спектраметрыі гама-выпрамянення, размеркавання шчыльнасці дзяленняў у актыўных зонах рэактараў і параметраў кінетыкі рэактараў.

У 1970—80-я г. ў ІЯЭ створаны розныя мадыфікацыі рэактараў фіз. магутнасці БТС-1 — БТС-5 з хуткацеплавымі крытычнымі зборкамі для даследаванняў па фізіцы энергет. хуткіх рэактараў, што ахалоджваюцца дысацыіруючым газам і паравадзяной сумессю (М.​М.​Груша, І.​Р.​Серафімовіч, Чуркін, Ярашэвіч) і крытычны стэнд «Астра» для даследаванняў віхравых рэактараў з мікрацвэламі (Лявадны, С.​У.​Макін). Распрацаваны метады рашэння кінетычнага ўраўнення пераносу нейтронаў і ўліку тэрмалізацыі нейтронаў у Pn-набліжэнні канечна-рознасным метадам (А.​П.​Сямашка, Ю.​К.​Шчокін), удасканалены метады альбеда (В.​П.​Слізоў), імавернасці першых сутыкненняў (А.​І.​Додзь), Монтэ-Карла (С.​Р.​Розін). Праведзены тэарэт. даследаванні па ацэнцы сячэнняў узаемадзеяння нейтронаў з ядрамі падзельных, сыравінных і канстр. матэрыялаў ва ўсім дыяпазоне энергій нейтронаў рэактарнага спектра (В.​А.​Коньшын, У.​М.​Маслаў, Ю.​У.​Парадзінскі, Я.​Ш.​Сухавіцкі), створаны новыя матэм. мадэлі і праграмы разліку ядз.-фіз. канстантаў. Для дыфузійнага разліку цеплавых ядз. рэактараў з улікам выгарання паліва і ўтварэння прадуктаў дзялення распрацаваны інжынерны разліковы комплекс «Гера» (В.​А.​Навумаў), які пераўтвораны ў комплекс «Кратэр» (Я.​М.​Дунец, Б.​А.​Літвіненка, В.​А.​Навумаў, І.​Я.​Рубін). Для апісання гетэрагенных эфектаў у ячэйках ядз. рэактараў ва ўсёй вобласці энергіі нейтронаў створана 95-групавая дыфузійная праграма «Рытм» (Навумаў, Рубін). Праведзены разліковыя даследаванні фізікі ядз.-хім. рэактараў і шматмэтавых рэактараў для адначасовай выпрацоўкі электраэнергіі, цяпла і радыяцыйна-хім. прадукцыі (Красін, Літвіненка, І.​А.​Савушкін).

У ІЯЭ была створана база для разліковых і эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў розных тыпаў, ін-т стаў адным з буйнейшых цэнтраў па гэтай галіне ў СССР. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 і наступнага распаду СССР даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў на Беларусі былі істотна згорнуты. Спынены ўсе эксперым. даследаванні на рэактарах фіз. магутнасці, з якіх выгружаны падзельныя матэрыялы; менш інтэнсіўна вяліся работы па стварэнні новых метадаў фіз. разліку ядз. рэактараў. У наш час, дзякуючы міжнар. грантам, у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» паводле праграмы эксперым. даследаванняў па трансмутацыі доўгажывучых прадуктаў дзялення і малодшых актынідаў вядуцца тэарэт. работы па ўдасканаленні ядз.-фіз. канстантаў у пашыраным дыяпазоне энергій нейтронаў (да 200 МэВ) і разлікова-эксперым. работы па фізіцы падкрытычных сістэм, што кіруюцца паскаральнікамі часціц высокіх энергій. Створана і даследуецца з 1999 цеплавая падкрытычная зборка «Яліна»; ствараецца бустэрная (каскадная), якія кіруюцца генератарам нейтронаў (В.​В.​Бурнос, А.​І.​Кіявіцкая, І.​Р.​Серафімовіч, Ю.​Г.​Фокаў, С.​Я.​Чыгрынаў), што дазволіць праводзіць эксперым. даследаванні ў шырокім дыяпазоне спектра нейтронаў. З 1998 пачаты работы па рэканструкцыі аднаго з рэактараў фіз. магутнасці (С.​І.​Гульнік, С.​Г.​Мандзік, Сікорын), па завяршэнні якіх значна пашырыцца аб’ём эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў.

Літ.:

Определение критических загрузок однородных систем UO2 — ZrH1,89 и UO2 — H2O с топливом 21 % и 36% обогащения по ​235U // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Физика ядерных реакторов. 1991. Вып. 1;

Экспериментальные исследования по физике передвижной АЭС «Памир» // Проблемы использования атомной энергии: Сб. докл. науч. семинара, посвящ. 85-летию акад. А.​К.​Красина. Мн., 1996;

Расчетные возможности программного комплекса КРАТЕР для определения нейтронно-физических характеристик тепловых ядерных реакций // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1996. №1.

А.​І.​Ярашэвіч.

Рэактар фізічнай магутнасці «Крышталь» — поўнамаштабная мадэль рэактара перасоўнай АЭС «Памір-630Д».

т. 18, кн. 2, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)