СТАРО́БІН,
гарадскі пасёлак у Салігорскім р-не Мінскай вобл., на р. Случ. Аўтадарогамі злучаны з Салігорскам, Любанню, Мікашэвічамі. За 12 км на Пд ад горада і чыг. ст. Салігорск, за 145 км ад Мінска. 6 тыс. ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як слабада Слуцкага княства ВКЛ Уласнасць Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гогенлое. У 1654 атрымаў права на штогадовыя таргі і 4 кірмашы. Ў 1680 мястэчка Навагрудскага ваяв. З 1791 цэнтр воласці Случарэцкага пав. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1886—496 ж., 62 двары, школа, 3 яўр. школы, 2 царквы, піваварня, 2 крамы. У 1924—62 цэнтр Старобінскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў С. і раёне знішчылі 2886 чал.; 29.6.1944 партызаны 101-й брыгады імя Аляксандра Неўскага занялі гар. пасёлак (гл. Старобінскі бой 1944) і ўтрымлівалі да падыходу 2 ліп. часцей 1-га Бел. фронту. З 1962 у Любанскім, з 1965 у Салігорскім р-нах.
Працуюць Старобінскі торфабрыкетны завод, дрэваапр. камбінат, лясгас; гімназія, рэгіянальны цэнтр прафес. адукацыі, муз. школа, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму, магіла Героя Сав. Саюза Дз.Ц.Гуляева. Помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам.
З.В.Рамановіч.
т. 15, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)