КАІ́РСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,

міжнародная нарада з удзелам прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля і кіраўніка гамінданаўскага ўрада Кітая Чан Кайшы ў 2-ю сусв. вайну. Адбылася 22—26.11.1943 у Каіры напярэдадні Тэгеранскай канферэнцыі 1943. На К.к. прынята рэзалюцыя (дэкларацыя) трох дзяржаў адносна палітыкі саюзнікаў у раёне Ціхага ак., дзе канстатаваўся намер пазбавіць Японію ўсіх захопленых тэрыторый, у т. л. і ціхаакіянскіх астравоў, акупіраваных ёю ў час 1-й сусв. вайны, выказвалася патрабаванне вярнуць Кітаю Маньчжурыю, Фармозу і Пескадорскія а-вы (Паўн.-Усх. Кітай, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао); падкрэслівалася незацікаўленасць вядучых краін свету ў тэр. экспансіі. У рэзалюцыі пракламавалася неабходнасць аднаўлення незалежнай Карэі, але вырашэнне гэтай праблемы адкладвалася на няпэўны час. Дамоўленасці, дасягнутыя на К.к., пазней парушаліся ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі.

В.​В.​Варановіч, М.​С.​Даўгяла.

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГ (King) Марцін Лютэр (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),

адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.

Тв.:

Рус. пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.

М.Л.Кінг.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАС (Marcos) Фердынанд Эдралін (11.9.1917, Сарат, каля г. Лаааг, Філіпіны — 28.9.1989),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Філіпін. Адвакат. Скончыў ун-т Філіпін (г. Кесан-Сіці). Удзельнік абарончых баёў супраць японцаў на Філіпінах (1941—42) у 2-ю сусв. вайну. З 1949 у кангрэсе Філіпін: чл. Палаты прадстаўнікоў (1949—59), сенатар (1959—66), прэзідэнт сената (1963—65). Адначасова ў 1960—64 старшыня Ліберальнай партыі, з 1964 у кіраўніцтве Партыі нацыяналістаў. У 1965—86 прэзідэнт Філіпін, адначасова ў 1973—81 прэм’ер-міністр. Рабіў захады па ўмацаванні дзярж. суверэнітэту краіны, у 1970 спыніў удзел Філіпін на баку ЗША у В’етнамскай вайне 1964—73. У 1972 увёў у краіне ваен. становішча (да 1981). Рэжым асабістай улады М. выклікаў шырокі апазіцыйны рух, пад націскам якога праведзены датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. З 1986 у эміграцыі ў ЗША.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕС (Milles) Карл (23.6.1875, Лага, каля г. Упсала, Швецыя — 19.9.1955),

шведскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і вячэрніх класах тэхнікума разьбы па дрэве (1892—97), Парыжы ў акадэміі Каларосі (1897—1904), Мюнхене (1905—06). У 1920—31 праф. Каралеўскай АМ у Стакгольме. У 1931—51 працаваў у ЗША. Зазнаў уплывы А.Радэна, сярэдневяковай пластыкі, грэч. архаікі. З канца 1910-х г. звярнуўся да манумент.-дэкар. скульптуры, якую імкнуўся звязаць з арх. і прыродным асяроддзем. Фантанныя кампазіцыі вылучаюцца складанасцю пабудовы, пышнасцю форм, маляўнічасцю, у стварэнні якой вял. ролю адыгрываюць вадзяныя струмені: «Водбліск сонца» (1918), «Арфей» (1936), «Чалавек і Пегас» (1949; усе ў Стакгольме), «Пасейдон» (1930, г. Гётэборг), «Сустрэча вод» (1940, г. Сент-Луіс, ЗША). Аўтар манумента «Рука бога» (1954, Стакгольм).

К.Мілес. Чалавек і Пегас. 1949.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТЭЛЬСАН (Mottelson) Бенжамін Рой (н. 9.7.1926, г. Чыкага, ЗША),

амерыканска-дацкі фізік-тэарэтык. Чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і літаратуры (1958). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1973). Скончыў ун-т Перд’ю (1947). З 1950 у Ін-це тэарэт. фізікі ў Капенгагене, з 1953 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў, з 1957 праф. Сканд. ін-та тэарэт. фізікі. У 1993—97 дырэктар Еўрап. цэнтра тэарэт. ядз. фізікі (Італія). Навук. працы па ядз. фізіцы. Распрацаваў абагульненую (калектыўную) мадэль ядра (разам з О.Борам; 1952). Пабудаваў звышцякучую мадэль ядра (разам з Борам, Д.​Пайнсам; 1958). Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Борам, Дж.Рэйнуотэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Структура атомного ядра. Т. 1—2. М., 1971—77 (разам з О.​Борам);

Элементарные виды возбуждения в ядрах // Успехи физ. наук. 1976. Т. 120, № 4.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НСАГЕР (Onsager) Ларс (27.11.1903, Осла — 5.10.1976),

амерыканскі фізік і фізікахімік, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Чл. Нац. АН ЗША (1947), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1953). Скончыў Нарв. вышэйшую тэхн. школу ў Тронхейме (1925). З 1928 у ЗША. З 1933 у Іельскім ун-це (з 1945 праф.), з 1972 ва ун-це Маямі. Навук. працы па тэорыі нераўнаважных працэсаў, тэорыі электралітаў, тэорыі фазавых пераходаў, дынаміцы квантавых вадкасцей. Вывеў ураўн. залежнасці электраправоднасці раствораў ад іх канцэнтрацыі (1926; ураўн. О.). Адкрыў прынцып сіметрыі кінетычных каэф. і вывеў суадносіны ўзаемнасці (гл. Онсагера тэарэма). Распрацаваў тэорыю тэрмадынамічных уласцівасцей плоскай крышт. рашоткі. Прапанаваў тэорыю квантавых віхроў у звышцякучым геліі (1949). Залаты медаль імя Б.​Румфарда (1953), медаль імя Х.​Лорэнца (1958). Нобелеўская прэмія 1968.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Онсагер.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭН РЫ́ЦАРАЎ ПРА́ЦЫ, Высакародны ордэн рыцараў працы (The Noble Order of Knights of Labor),

масавая арг-цыя рабочых ЗША у апошняй трэці 19 ст. Засн. ў 1869 у г. Філадэльфія краўцом У.​Стэфенсам, да 1878 дзейнічаў тайна. Меў складаны рытуал і абрады. Аб’ядноўваў гал. чынам некваліфікаваных рабочых розных прафесій і некаторыя інш. катэгорыі працоўных. Мэта — стварэнне вытв. кааператываў, арг-цыя ўзаемадапамогі працоўных, барацьба за лепшыя ўмовы працы. Легалізацыя О.р.п. спрыяла яго ператварэнню ў найб. ўплывовую арг-цыю рабочых ЗША (700 тыс. членаў у 1886). Да 1886 ордэн правёў шэраг паспяховых забастовак, у далейшым яго кіраўніцтва на чале з Т.​В.​Паўдэрлі выступала за мірныя спосабы вырашэння прац. спрэчак. З канца 1880-х г. уплыў і колькасць членаў О.р.п. няўхільна скарачаліся, у канцы 1890-х г. ён распаўся.

т. 11, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1973,

пагадненне аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме. Падпісана 27 студз. ў Парыжы міністрамі замежных спраў Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), часовага ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам (РПВ), Рэспублікі В’етнам (РВ) і дзярж. сакратаром ЗША У.​Роджэрсам пры асабістым удзеле Г.А.Кісінджэра і Ле Дык Тхо. Прадугледжвала спыненне агню ў Паўд. В’етнаме; ЗША абавязаліся спыніць усе ваен. аперацыі супраць ДРВ і вывесці свае войскі з Паўд. В’етнама. Паводле дагавора ствараўся Савет нац. прымірэння з прадстаўнікоў урадаў РПВ і РВ, які павінен быў арганізаваць на Пд В’етнама свабодныя, дэмакр. выбары. Аднак падпісанне дагавора не спыніла сутыкненняў паміж бакамі, у чым яны абвінавачвалі адзін аднаго. У сак.—крас. 1975 войскі ДРВ і РПВ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. В’етнама, што фактычна скасавала П.п., але прывяло да аб’яднання краіны.

т. 12, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЭРЛІ́ФТЫНГ (англ. powerlifting ад power сіла, моц + lift падымаць), трохбор’е сілавое,

сілавы від спорту па падыманні цяжару. Уключае 3 практыкаванні: прысяданні са штангай, жым штангі лежачы, станавую цягу.

Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і ЗША Еўрап. федэрацыя П. існуе з 1978. Мужчыны выступаюць у 11, жанчыны ў 10 вагавых катэгорыях. Штогод праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы сярод мужчын і жанчын, ветэранаў і юніёраў, сярод інвалідаў — у жыме лежачы. Першы чэмпіянат свету (адкрыты нац. чэмпіянат ЗША) адбыўся ў 1964.

Федэрацыя П. Беларусі засн. ў 1994. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету ў трохбор’і У.​Мінаў (1998), А.​Пашалюк (сярод юніёраў, 2000), у жыме лежачы — 3-разовая чэмпіёнка свету, 2-разовая чэмпіёнка Еўропы Л.​Бялова, чэмпіёны свету Э.​Грынкевіч (1994), Ю.​Жыльская (1999), У.​Бубен (сярод інвалідаў, 1998).

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНС (Robbins) Фрэдэрык Чапмэн (н. 25.8.1916, г. Оберн, штат Алабама, ЗША),

амерыканскі вірусолаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Місурыйскі ун-т (1936) і Гарвардскую мед. школу (1940). У 1940—42 і ў 1948—50 супрацоўнік дзіцячай бальніцы ў г. Бостан, у 1952—66 кіраўнік аддзела ў Гал. гар. бальніцы г. Кліўленд, з 1952 праф. мед. школы пры ун-це ў г. Кліўленд, у 1966—80 дэкан; пасля — у Ін-це медыцыны ў г. Бетэсда (да 1985 дырэктар). Навук. працы па праблемах вірусных хвароб, эпідэміялогіі інфекц. гепатыту, сыпнога тыфу, Ку-ліхаманкі. Распрацаваў тэхніку культывавання віруса поліяміэліту ў тканкавых культурах, адзін са стваральнікаў вакцыны супраць поліяміэліту і метадаў вызначэння і вылучэння розных відаў вірусаў. Нобелеўская прэмія 1954 (разам з Дж.​Ф.​Эндэрсам, Т.​Х.​Уэлерам).

А.​Ю.​Маніна.

Ф.Ч.Робінс.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)