гістарычная вобласць на ПнЗ М.Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Назва ад фракійскага племя фінаў (або віфінаў), якое прыйшло з Еўропы каля 700 да н.э. У 8—7 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Віфініі былі заснаваны грэч. калоніі Астак, Гераклея і інш. У 7—6 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Лідыі, у 6—4 ст. да н.э. — Ахеменідам. У 297 да н.э. абвешчана незалежнай дзяржавай. Цар В.Нікамед I [280 ці 278 — каля 255 да н.э.] пашырыў межы Віфініі і заснаваў у 264 да н.э. сталіцу Нікамедыю. З 74 да н.э.рым. правінцыя, адыгрывала значную ролю ў эканам. і культ. жыцці Рым. імперыі, потым Візантыі. У 14 ст.н.э. захоплена туркамі-асманамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́на Пескаватыку.
Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПЛО́ШЧА, рынак,
адна з галоўных плошчаў стараж. гарадоў і мястэчкаў, дзе праходзілі таргі і кірмашы. На Беларусі ўзніклі ў эпоху Кіеўскай Русі з развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю. Звычайна размяшчаліся ў гіст. цэнтры горада, часам каля рэк (дзе былі прыстані), прылягалі да замкаў. Гандлёвая плошча была кампазіцыйным цэнтрам сялібнай тэр. гарадоў і мястэчкаў. Мела прамавугольны, радзей трохвугольны шматгранны план, ад яе ў радыяльных напрамках адыходзілі вуліцы, што вялі да гар.брам. У цэнтры плошчы гарадоў размяшчаліся ратушы (нярэдка аб’яднаныя з гандлёвымі радамі), гасціныя двары, у мястэчках — крамы. Перыферыйныя часткі займалі культавыя будынкі, корчмы і аўстэрыі, важніцы, каморы, жылыя дамы рамеснікаў і гандляроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАБУ́РДЫ,
ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, радавы герб «Габданк». Паходзяць, верагодна, з полацкіх баяр. Найб. вядомыя:
Сямён Багданавіч, полацкі баярын, у час Лівонскай вайны 1558—83 трапіў у маскоўскі палон. Валодаў у Полацкім ваяв. Азярцамі, Гарадзеяй, Ушачамі і інш.Лукаш Багданавіч, каралеўскі дваранін, удзельнік пасольстваў у Маскву ў 1537 і 1558. У 1563—66 у маскоўскім палоне. Міхаіл (? — 1586), дыпламат, гл.Гарабурда М. Васіль Міхайлавіч, друкар, гл.Гарабурда В.М. Міхал Кароль (каля 1640—1709), дзярж. і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1666 дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы 1688—99, з 1691 маршалак слонімскі. Выступаў супраць групоўкі Сапегаў. Камандаваў слонімскай харугвай у Алькеніцкай бітве 1700, дзе Сапегі былі разбіты.
башкірскі і татарскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1923). Упершыню выступіў у друку ў 1904 (зб. вершаў «Сібірская чыгунка»). Паэт.зб-кі «Маё маладое жыццё» (1906), «Любоў да нацыі» (1907) былі забаронены цэнзурай. Аўтар жанрава разнастайных твораў пра грамадз. вайну, станаўленне новага ладу жыцця ў краіне, лёс жанчыны (зб. вершаў «Чырвоны сцяг», 1917; паэма «Рабочы», 1921; п’еса «Чырвоная зорка», 1926; аповесці «Чарнатварыя», 1927; «Ступені жыцця», 1930; «На залатых капальнях паэта», аўтабіягр., 1931, і інш.). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Гафуры пераклалі Э.Валасевіч, Ю.Свірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕСТЫКА́ЦЫЯ (ад лац. domesticus хатні),
адамашніванне дзікіх відаў жывёл, ператварэнне іх у свойскіх. Працяглы працэс прыручэння, які вядзе да змен у паводзінах і анатама-марфал. будове жывёл. Паводле звестак археалогіі, раней за іншых былі прыручаны сабака (каля 10—5 тыс.г. да н.э.) і свіння (каля 8—3 тыс.г. да н.э.), потым каза, авечка, буйн. раг. жывёла, пазней конь, алень. У параўнанні з дзікімі жывёламі у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, танчэйшая скура. Змяніліся і ўнутр. органы: менш, чым у дзікіх, развіты лёгкія, сэрца, ныркі, але лепш функцыянуюць млечныя залозы, вышэйшая пладавітасць; у многіх жывёл знікла сезоннасць у расплоджванні. Працэс Д. працягваецца: прыручаюцца ласі, лісы, норкі, нутрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКА-КРУЛЁЎШЧЫНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943.
Праведзена 16—17.8.1943 1-й Антыфаш. партыз. брыгадай ва ўзаемадзеянні з партыз. брыгадай «Жалязняк».
Вечарам 16 жн. партызаны акружылі Докшыцы і ачапілі ўсе ваен. аб’екты гарнізона. У 6 гадз раніцы 17 жн. штурмавыя групы абяззброілі і знішчылі 38 і ўзялі ў палон 60 гітлераўцаў. 1-я Антыфаш. брыгада зрабіла пераход да ст. Крулеўшчына. Да вечара 17 жн. Докшыцы і ст. Крулеўшчына былі поўнасцю ачышчаны ад праціўніка. У выніку бою разбураны ўсе станцыйныя збудаванні, узарваны 4 масты, паравознае дэпо, нафтабаза, склад з боепрыпасамі, гараж з аўтамашынамі і інш., на суткі выведзены са строю ўчастак чыгункі Крулеўшчына—Параф’янава. У Крулеўшчыне ў гонар баявой аперацыі партызан пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ (Вікенцій Іосіфавіч) (15.8.1911, в. Навасёлкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 3.12.1942),
удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). З жн. 1941 ствараў падп. арг-цыі на радзіме. З ліп. 1942 камандзір узвода ў атрадзе імя Катоўскага партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава Мінскай вобл. У час карнай экспедыцыі гітлераўцаў супраць партызан у Капыльскім р-не Д. узначаліў партыз. засаду каля в. Клецішча. 18 партызан на працягу 4 гадзін адбілі 8 атак фаш. батальёна, сарвалі намер ворага нанесці раптоўны ўдар па партыз. брыгадзе, аднак былі акружаны і ўсе загінулі ў баі (гл.Лаўскі бой 1942). У в. Навасёлкі Д. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Урубель) Надзея Іванаўна
(1.4.1868, г. Каўнас, Літва — 4.7.1913),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Жонка М.А.Урубеля. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1891). Спявала ў оперных т-рах Кіева, Тбілісі, Пецярбурга і інш. У 1897—1902 салістка Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.Мамантава, у 1904—11 у Марыінскім т-ры. Найб. блізкія ёй былі вобразы гераінь у операх М.Рымскага-Корсакава: Вольга, Панначка, Снягурачка, Валхава («Пскавіцянка», «Майская ноч», «Снягурачка», «Садко»); упершыню выканала партыі Веры, Марфы, Царэўны-лебедзі, царэўны Ненагляднай Красы («Баярыня Вера Шэлога», «Царская нявеста», «Казка пра цара Салтана», «Кашчэй бессмяротны»), напісаныя спецыяльна для яе. У апошнія гады жыцця выступала ў канцэртах, пераважна з рамансамі Рымскага-Корсакава.
Літ.:
Барсава Л. Н.И.Забела-Врубель глазами современников. Л., 1982.