род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў 17 ст. Лёгка дзічэюць. На Беларусі ў лугавых згуртаваннях, каля жылля, дарог, па берагах рэк трапляюцца Р. рассечаная (R. laciniata) і шурпатая (R. hirta). У культуры вырошчваюць Р.: бліскучую (R. fulgida), глянцавітую (R. nitida), двухколерную (R. bicolor), Залаты Шар (махровы сорт Р. рассечанай), рассечаную, шурпатую і інш.
Адна-, двух- ці шматгадовыя карэнішчавыя травы. Сцёблы высокія, разгалінаваныя, голыя або апушаныя, Лісце суцэльнае ці перыстараздзельнае. Кветкі ў буйных адзіночных кошыках з камбінаванай жоўтай, пурпуровай і карычневай афарбоўкай. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТАРАМА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў. Пашырана ў Швейцарыі і на ПнУ Італіі. Нац. мова Швейцарыі (разам з ням., франц. і італьян. мовамі). Мае 3 асн. дыялекты: граўбюндэнскі, ладзінскі і фрыульскі. Па пераважнай большасці прыкмет належыць да зах.раманскіх моў (напр., захаванне канцавога -s, азванчэнне інтэрвакальных k, p, t), але некат. асаблівасці набліжаюць яе да румынскай мовы (напр., займеннікавая сістэма). Характэрны высокі ўзровень архаічнасці і варыятыўнасці форм, сляды моцнага ўплыву італьян. і ням. моў, асабліва ў фанетыцы і лексіцы. Пісьменства з 14 ст. на аснове лацінскага алфавіта (фрыульскі дыялект).
Літ.:
Бородина М.А. Современный литературный ретороманский язык Швейцарии. Л., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦ-АРТ,
адна з найб. значных плыней сав. неафіц. мастацтва (андэграўнду). Узнік у 1970-я г. ў творчасці рас. мастакоў В.Комара і А.Меламіда як ідэйная і эстэт. рэакцыя на панаваўшы метад сацыялістычнага рэалізму (парадыйная назва «С.а.» — літаральна «сацыялістычнае мастацтва»). С.-а. імкнуўся да пазбаўлення мастацтва ад ідэалаг. стэрэатыпаў, іранічна выкарыстоўваў і гратэскна (часам эпатажна) перапрацоўваў сімвалы сав. дзяржаўнасці, лозунгі камуніст. агітацыі і інш. Стылістычна не аформіўся ў дакладна вызначаны кірунак, аб’ядноўваў розных па творчай манеры мастакоў (Б.Арлоў, Р.Брускін, А.Касалапаў, Р.Лебедзеў, Дз.Прыгаў, Л.Сокаў і інш.). Прадстаўнік С.-а. на Беларусі — А.Пушкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГРЭГА́ЦЫЯ (ад позналац. segregatio аддзяленне),
палітыка прымусовага аддзялення груп насельніцтва па расавых або этнічных прыкметах; адна з форм расавай дыскрымінацыі. Існавала ў шэрагу краін (ЗША, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі і інш.) да 2-й пал. 20 ст. ў адносінах да «каляровага» нас. (эмігрантаў, карэнных жыхароў і інш.). Практыкавалася забарона жыць у адных раёнах горада з «белым» насельніцтвам, наведваць прызначаныя для «белых» школы, тэатры, бальніцы, гасцініцы і г.д., карыстацца адным транспартам. У наш час С. спынена як палітыка, што супярэчыць прынцыпам і нормам міжнароднага права, Статуту ААН, Міжнар. канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, Міжнар. пактам аб правах чалавека, Міжнар. канвенцыі аб спыненні апартэіду і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕНТА́ЛЬСКАЯ ПАРО́ДА (ад ням. Simmental Зіментальская даліна),
парода буйн., раг. жывёлы малочна-мяснога кірунку. Выведзена ў Швейцарыі паляпшэннем мясц. парод. Адна з найб. пашыраных парод у свеце. Выкарыстоўвалася пры вывядзенні роднасных (сіменталізаваных) груп буйн. раг. жывёлы (у Германіі — флэкфі, у Францыі — манбельярдская, у Венгрыі — венгерская пярэстая і інш.); у СССР — бястужаўскай, чырв. тамбоўскай, сычоўскай парод.
Паводле целаскладу існуе некалькі пародных груп: груба- і тонкакасцявыя, высака- і нізканогія і інш. Маса быкоў 800—1100, кароў 550—600 кг. Масць палева-пярэстая, зрэдку чырв.-пярэстая. Сярэдні гадавы надой 3500—4000 кг, тлустасць малака 3,8—3,9%. Мясныя якасці здавальняючыя (забойны выхад каля 60%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАПЦЫ́,
адна са старых рускіх сектаў, якая вылучылася з хрыставер’я (хлыстоў). У 1760—70-я г. пашырылася сярод аброчных сялян у шэрагу цэнтр. губерняў Расіі. Заснавальнікам і найб. аўтарытэтам С. лічыўся К.Селіванаў. Аскетызм у С. прыняў крайнюю форму: патрабаваў ад вернікаў «вогненнага хрышчэння» — кастрацыі. Лічылася, што менавіта С. (са спасылкай на Евангелле, дзе ідзе размова пра С., якія самі спаклалі сябе для царства нябеснага) будуць тымі выбраннікамі, «ангелападобнымі людзьмі», якія застануцца пасля страшнага суда. Царскія ўлады жорстка праследавалі С., неаднаразова ссылалі. У пачатку 20 ст. налічвалася прыблізна 5—6 тыс. С. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі абшчыны С. распаліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІНІ́ЗМ,
адна з найб. плыней пратэстантызму. Засн. Ж.Кальвінам у перыяд Рэфармацыі ў 1-й пал. 16 ст. ў Жэневе (Швейцарыя), потым распаўсюдзіўся ў Францыі (гугеноты), Англіі, Шатландыі (пурытанізм), Германіі і інш. краінах. Адзінай крыніцай веры ў К. лічыцца Біблія, гал. прынцып веравызнання — спрадвечная наканаванасць чалавечага лёсу. Чалавецтва падзяляецца на абраных і асуджаных: не вера гарантуе выратаванне, а наадварот, выратаванне (наканаванае загадзя Богам) вымушае верыць. Смяротным грахом К. лічыць марнаванне часу, невытв. стаўленне да капіталу, заспакоенасць на дасягнутым узроўні кар’еры і багацця. З хрысц. таінстваў прызнаецца толькі хрышчэнне. У кальвінскім зборы няма абразоў, скульптуры, насценнага жывапісу, алтароў, аргана; маленні суправаджаюцца толькі спевамі псалмоў. Няма ін-та епіскапаў, святароў (пастараў). Царк. кіраўніцтва (прэсвітэры) выбіраюцца вернікамі на пэўны тэрмін. К. існуе ў трох плынях: рэфармацтва, прэсвітэрыянства, кангрэгацыяналізм (індэпендэнты). Найб. распаўсюджаны ў Швейцарыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, ЗША і інш.
На Беларусі К. з’явіўся ў 1533 пры садзейнічанні М.Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Брэсце першы кальвінскі збор з друкарняй. Праз 10 гадоў кальвінская шляхта была ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. У канцы 16 ст. ў ВКЛ дзейнічала каля 200 збораў, пры якіх існавалі шпіталі, школы, друкарні. К. існаваў у выглядзе сацыніянства, антытрынітарызму, унітарызму, руху т. зв. «польскіх братоў». У перыяд Контррэфармацыі (2-я пал. 16—17 ст.) большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва. У пач. 20 ст. на Беларусі заставаліся адзінкавыя кальвінісцкія суполкі, частка з іх праіснавала да 2-й сусв. вайны. У 1998 у Мінску дзейнічала адна рэфармацкая суполка.
Літ.:
Любович Н. История Реформации в Польше. Варшава, 1883;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЫЯНА́ЛЫ (позналац. cantional ад лац. cantio спевы, песня),
зборнікі рэлігійных і свецкіх адна- і шматгалосых песнапенняў. Сярод жанраў у складзе К.: літургічныя песнапенні і малітвы, пратэстанцкія харалы, псальмы і канты, гейналы і інш. Вядомы з 1-й пал. 15 ст. (Чэхія, Германія), асабліва пашыраны ў час Рэфармацыі. На Беларусі ў 16 ст. друкаваліся мясц. пратэстанцкія, а таксама чэш., ням., польскія К. Першы ўзор нотадрукавання на Беларусі і адзін з самых ранніх ва Усх. Еўропе — брэсцкі зб. «Песні хвал боскіх», складзены і выдадзены Я. Зарэмбам (1558). Ён змяшчае каля 100 адна- і чатырохгалосых псальмаў і кантаў на польскай і лац. мовах, запісаных мензуральнай натацыяй на 5-лінейным нотным стане (захаваліся ў фотакопіі 10 мелодый і заканчэнне; 38 мелодый з яго перадрукаваны ў канцыянале Я.Секлюцыяна, 1559). Аўтары шэрагу муз. узораў — Вацлаў з Шамотул і Ц.Базылік. У 1562 у Нясвіжы М.Кавячынскі выдаў «Катэхізіс», у адну з частак якога ўключыў К., дзе змешчаны 40 псальмаў, 110 песень і свецкіх кантаў з нотамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. нотныя К. выдаваліся ў Любчы, у т. л. зборнік 1-галосых песнапенняў 1620 (у аснове многіх псальмаў і кантаў мелодыі франц. свецкіх, ням.нар. песень, гусіцкіх, гугеноцкіх, лютэранскіх, кальвінісцкіх гімнаў і харалаў, касцельных песень, лац. секвенцый, гімнаў і антыфонаў, зах.-еўрап. і слав. песень і танцаў, усх.-слав. лірычных нар. песень). Бел. К. — помнікі кантавай культуры 16—17 ст.
Літ.:
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Kot S. Kancjonał brzeski lana Zaręby z 1558 r. // Reformacja w Polsce. Warszawa, 1937—39. R. 9—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА,
адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р.Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр.гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст.наз.Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял.Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.Горкага (цяпер М.Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.Мусінскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАСНЯ́ЛЬНІК,
тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.