акуметрыя, вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100 да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКЦЫЁН [лац. auctio (auctionis)],
пачарговы публічны продаж тавараў, уладальнікам якіх становіцца пакупнік, што прапанаваў за іх самую высокую цану. Праводзяцца ў вызначаных месцах, па ўстаноўленых правілах спец. фірмамі, што працуюць на камісійных пачатках. Адрозніваюць аўкцыёны прымусовыя (паводле рашэння суд. органаў, каб спагнаць даўгі з неплацельшчыка) і добраахвотныя (арганізуюць уладальнікі тавараў для іх продажу). Традыцыйная форма міжнар. гандлю — міжнар. аўкцыён, дзе рэалізуюцца тавары пэўнай наменклатуры (воўна, футра, чай, тытунь, кветкі, коні, прадметы раскошы, антыкварыят, творы мастацтва і інш.). На аўкцыёнах прадаюць таксама канфіскаваную і безгаспадарную маёмасць, якая паводле права на спадчыну пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы. На валютных аўкцыёнах ажыццяўляецца купля-продаж валюты праз упаўнаважаныя на гэта банкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1809,
вайна Аўстрыі за вызваленне ад франц. панавання. Рыхтуючыся да вайны, Аўстрыя ўступіла ў саюз з Англіяй (т.зв. 5-я антыфранц. Кааліцыя). 10 крас. яе армія нанесла ў Баварыі ўдар па групоўцы франц. войскаў. Напалеон перакінуў у раён баявых дзеянняў буйныя сілы, і ў баях 19—23 крас.аўстр. армія панесла значныя страты (каля 45 тыс.чал.). Гонячы праціўніка, французы 13 мая занялі Вену, аўстрыйцы нанеслі 21—22 мая каля Асперна і Эслінга паражэнне французам. У рашаючай бітве 5—6 ліп. пры Ваграме перамаглі франц. войскі. Аўстрыя прызнала сваё паражэнне і 14 кастр. 1809 падпісала Шонбрунскі мір, які замацоўваў яе залежнасць ад Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЧЫ́ННІКАЎ (Юрый Анатолевіч) (2.8.1934, Масква — 17.2.1988),
савецкі хімік і біяхімік. Акад.АНСССР (1970), віцэ-прэзідэнт АНСССР (1974). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). З 1960 у Ін-це біяарган. хіміі АНСССР (з 1970 дырэктар). Навук. працы па сінтэзе і будове розных тыпаў фізіялагічна актыўных злучэнняў, вывучэнні малекулярных механізмаў іх дзеяння. Распрацаваў мас-спектраметрычны метад вызначэння паслядоўнасці амінакіслотных рэшткаў у пептыдах і метад сінтэзу пептыдаў на палімерным носьбіце. Вызначыў будову шэрагу бялкоў — рыбасамальных, нейратаксінаў і інш.; адкрыў новы тып мембранаактыўных камплексонаў.
Тв.:
Мембрано-активные комплексоны. М., 1974 (разам з В.Ц.Івановым, А.М.Шкробам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́Р, Данакіль,
тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім.т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 м за год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАЎТАМА́З»,
аб’яднанне ў Беларусі па вытворчасці велікагрузных аўтамабіляў. Створана ў 1975. Уключае Мінскі аўтамабільны завод (галаўное прадпрыемства), Магілёўскі аўтамабільны завод, Мінскі рысорны з-д, кавальскі з-д цяжкіх штамповак у Жодзіне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Асіповіцкі з-даўтамаб. агрэгатаў, мінскі трэст «БелаўтаМАЗрамбудмантаж», упраўленне «БелаўтаМАЗраммантаж». «Белаўтамаз» — адно з вядучых у Еўропе аўтамабілебуд. аб’яднанняў. Выпускае каля 30 мадыфікацый аўтамабіляў і аўтапаяздоў грузападымальнасцю да 50 т. Спецыялізуецца на выпуску аўтамабіляў і аўтапаяздоў агульнатранспартнага прызначэння, 5—6-восевых і самаходных аўтапаяздоў, аднавосевых цягачоў, самаходных скрэпераў, пазадарожных аўтасамазвалаў і самаходных аўтапаяздоў для земляных і падземных работ. Гл. таксама ў арт.Аўтамабільная прамысловасць.
Да арт.«БелаўтаМАЗ». Самазвал Магілёўскага аўтазавода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ (Яўграф Іосіфавіч) (н. 18.2.1925, Мінск),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-ртэхн.н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Сын І.А.Бельскага. Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1948). З 1953 у Бел.політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне матэрыялазнаўства, машынабудавання і ліцейнай вытв-сці, па тэхналогіі вырабу інструменту для мех. і тэрмічнай апрацоўкі металаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Асновы апрацоўкі металаў ціскам» (з У.І.Казачонкам, 1956), «Новыя матэрыялы ў тэхніцы» (1964) і інш.
Тв.:
Стойкость кузнечных штампов. Мн., 1975;
Штампы для горячего деформирования металлов. М., 1977 (разам з М.А.Тылкіным);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАГАЎ (Барыс Сямёнавіч) (н. 30.8.1936, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд.тэхн.н. (1989). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча войскаў ППА (1959). З 1979 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі (з 1990 нам. дырэктара). Навук. працы па метадах і сродках апрацоўкі інфармацыі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу, стварэнні геаінфарм. сістэм, лічбавых картаў. Дзярж. прэмія СССР 1985.
Тв.:
Методы оценки качества изображений в системах дистанционного зондирования земной поверхности. Мн., 1988;
Automatic mapdigitising: problems and solution. Computing and Control (разам з С.У.Абламейка, А.М.Кручковым) // Engineering Journal. 1994. Vol. 5, № 1. р. 33—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСЧАЎНАКО́ВЫ СТАНО́К,
ткацкі станок, у якім уточная нітка ўводзіцца ў зеў (прастору паміж ніткамі асновы) не чаўнаком, а з дапамогай пракладчыка ўтку: рапіраў, іголак, вадзянога ці паветранага струменю, што выходзіць з сапла пад ціскам. Пасля кожнага пракладвання ўточнай ніткі яна абразаецца. У параўнанні са звычайным ткацкім станком, дзе ніткі ўтку змотваюцца са шпулі, якую нясе чаўнок, на бесчаўнаковым станку ніткі ўтку змотваюцца з нерухомых бабін, што знаходзяцца па-за зевам. Бесчаўнаковы станок адрозніваецца большай (у 2—4 разы) скорасцю пракладвання нітак, прадукцыйнасцю ткацтва, меншай вібрацыяй і шумам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС-ПЛАН,
дакумент з абгрунтаваннем запланаванай камерцыйнай дзейнасці фірмы на пэўны перыяд. Распрацоўваецца супрацоўнікамі фірмы з дапамогай кансультантаў і, як правіла, з удзелам яе кіраўніка для абгрунтавання заявак на атрыманне крэдыту ў камерцыйных банках, распрацоўкі праектаў стварэння прыватных фірмаў, складання праспектаў эмісіі каштоўных папер (акцый і аблігацый), прыватных прадпрыемстваў і тых, якія прыватызуюцца. Мэта бізнес-плана: вывучэнне рынку збыту запланаванай прадукцыі (паслуг) з улікам іх колькасці і якасці, аналіз выдаткаў вытв-сці і ступень прыбытковасці запланаванага камерцыйнага мерапрыемства, аналіз магчымага развіцця падзей у запланаванай справе, у т. л. цяжкасцяў і шляхоў іх пераадолення, вылучэнне прыярытэтных паказчыкаў, па якіх можна ацаніць пачатак задуманага мерапрыемства.