РУСТАВЕ́ЛІ Шата, грузінскі паэт 12 ст. Служыў пры двары царыцы Тамары. Трапіў у выгнанне і да смерці жыў у Іерусаліме, дзе ў груз. кляштары знойдзены (1960) яго партрэт і памінальны запіс. Аўтар паэмы «Віцязь у тыгравай шкуры». Паэма пазбаўлена рэліг.-містычнай асновы, характэрнай для л-ры сярэдневякоўя. Апярэдзіўшы гуманіст. ідэалы Рэнесансу, Р. славіць чалавека як носьбіта дабра, справядлівасці, мужнасці, любові да сваёй радзімы. Абвяшчаў свабоду думак і пачуццяў, услаўляў каханне і паэзію, прадэманстраваў глыбокае пранікненне ва ўнутр. сутнасць з’яў і псіхалогію чалавека. Паэма напісана 16-стопным памерам шаіры. Багатая лексіка, метафарычнасць, афарыстычнасць, трапнасць апісанняў і параўнанняў, народнасць паэт. мовы зрабілі Р. заснавальнікам новай груз.літ. мовы. На бел. мову паэму пераклалі А.Звонак і М.Хведаровіч.
Тв.:
Бел.пер. — Віцязь у тыгравай шкуры. Мн., 1996;
Рус.пер. — Витязь в тигровой шкуре. М., 1969.
Літ.:
Марр Н.Я. Об истоках творчества Руставели и его поэме. Тбилиси, 1964;
Нуцубидзе Ш.И. Творчество Руставели. Тбилиси, 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СТЫКА (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны) у архітэктуры, рэльефная муроўка ці дэкар. абліцоўка сцен будынка каменем з груба абколатай ці выпуклай вонкавай паверхняй (гл.Руст). Выпукласць каменю можа мець розную форму (найб. пашырана пірамідальная). Р. ажыўляе сцяну багатым зіхаценнем святлаценю, стварае ўражанне моцы, масіўнасці будынка. Пры аддзелцы фасада тынкоўкай Р. імітуецца разбіўкай сцяны на прамавугольнікі або палосы. Вядома са старажытнасці (Стараж. Грэцыя і Рым). Асабліва пашырана ў аддзелцы італьян. палацаў эпохі Адраджэння. Найчасцей Р. ўжывалася ў грамадз. і палацава-сядзібнай архітэктуры стылю класіцызму і ампіру. Ёю афармлялі цокаль ці 1-ы паверх будынка, вуглавыя пілястры, лапаткі, рызаліты. Часта выкарыстоўвалася і тынкоўка «пад руст». Пашырана ў афармленні фасадаў будынкаў (аконных і дзвярных праёмаў, архівольтаў і інш.) у архітэктуры канца 19—пач. 20 ст. У драўляным культавым і сядзібным буд-ве выкарыстоўвалася тэхніка разьбы, якая імітавала каменную муроўку, былі пашыраны шалёўка сцен і афармленне вуглоў «пад руст».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБЕ́РА (Ribera; празваны Спаньялета, Spagnoletto) Хусепе дэ (17.2.1591, г. Хаціва, Іспанія — 2.9.1652), іспанскі жывапісец і гравёр, прадстаўнік караваджызму. Вучыўся, верагодна, у Ф.Рыбальты ў Валенсіі. З 1613 у Італіі, у 1616—18 прыдворны жывапісец ісп. віцэ-каралёў у Неапалі. У ранніх творах (у т. л. ў афортах) пераважалі рэзкія святлоценявыя кантрасты, драм. сцэны пакутніцтва, у якіх падкрэсліваў перамогу волі над фіз. пакутамі («Пакутніцтва св. Варфаламея», 1624; «Сілен», «Св. Себасцьян і св. Ірына», абодва 1628; «Пустэльнік Павел», 1632), паўфігурныя выявы стараж. філосафаў, трактаваныя як простанародныя тыпажы («Дэмакрыт», 1630; «Дыяген», 1637). З сярэдзіны 1630-х г.пры захаванні агульнай суровасці вобразнага ладу перайшоў да большай ураўнаважанасці кампазіцыі і мяккасці святлаценю, у колеравай гаме пашырыліся залацістыя або серабрыстыя адценні: «Св. Ануфрый», «Апалон і Марсій» (абодва 1637), «Пакланенне пастухоў» (1638), «Пакутніцтва св. Філіпа», «Сон Іакава» (абодва 1639), «Святая Інеса» (1641), «Храманожка» («Кульгавы хлопчык», 1642) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ ЗБРО́Я,
від зброі, у якім сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі за кошт рэактыўнай цягі. Да Р.з. адносіцца наземная, авіяц. і марская рэактыўныя сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты. Пускавыя ўстаноўкі гэтых сістэм мнагаствольныя, малагабарытныя і простыя па канструкцыі (з-за выкарыстання прынцыпаў рэактыўнага руху адсутнічае аддача пры выстрале). Многазараднасць і залпавасць агню дазваляе паражаць цэлі адначасова на значных адлегласцях і плошчах, забяспечвае раптоўнасць, высокую эфектыўнасць і інш.Рэактыўная сістэма залпавага агню ўключае пускавую ўстаноўку, рэактыўныя снарады (некіравальныя ракеты, рэактыўныя глыбінныя бомбы), трансп. машыну і інш. Манціруецца на самаходных (баявыя машыны рэактыўнай артылерыі) і буксірных шасі, самалётах, верталётах (пускавыя ўстройствы), караблях (рэактыўныя бамбамётныя ўстаноўкі). Маюць калібр снарадаў да 375 мм, далёкасць стральбы да 45 км і больш, колькасць накіравальных 45—50 Сухап. войскі Беларусі маюць на ўзбраенні Р.з., у т. л. сістэмы БМ-21 «Град». Гл. таксама Рэактыўная артылерыя.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Рэактыўная зброя. Устаноўка БМ-21 «Град» у час пуску ракет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫЯ ГЛЕ́БЫ,
фізіка-хімічныя ўласцівасці глебы, звязаныя з колькасцю іонаў H+ і OH− у яе цвёрдай і вадкай частцы. Вызначаецца вадародным паказчыкам (pH), характарызуе кіслотнасць глебы. Адрозніваюць Р.г. кіслую (пераважаюць іоны H+), шчолачную (пераважаюць іоны OH−) і нейтральную (аднолькавая канцэнтрацыя іонаў H+ і OH−). Для колькаснай ацэнкі Р.г. выкарыстоўваюцца розныя паказчыкі, найчасцей pH суспензіі глебы ў вадзе ці ў растворы хлорыстага калію (KCl). Р.г. істотна ўплывае на міграцыю прадуктаў выветрывання; міграцыйная здольнасць злучэнняў жалеза, марганцу, стронцыю, медзі (Fe, Mn, Sr, Cu) павялічваецца ў кіслым асяроддзі, а злучэнняў крэмнію (Si), алюмінію (Al) — у шчолачным. Пры кіслай Р.г. многія расліны прыгнечваюцца ад павышанай канцэнтрацыі іонаў H+ і Al3+, таму кіслыя глебы неабходна вапнаваць (гл.Вапнаванне глебы). Моцнашчолачныя глебы таксама неспрыяльныя для с.-г. культур; іх паляпшаюць гіпсаваннем глеб і ўнясеннем арган. угнаенняў. На Беларусі Р.г. с.-г. угоддзяў ў межах pH у хлорыстым каліі (KCl) ад 3,9 на пераходных тарфяніках да 7,5 на дзярнова-карбанатных глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],
арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).
Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІ́ЗІЯ,
праверка фін.-гасп. дзейнасці прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў або службовых асоб за пэўны перыяд; асн. метад фінансавага кантролю; найб. глыбокае і поўнае абследаванне фін.-гасп. дзейнасці юрыд. асоб з мэтай праверкі яе законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці. Р. праводзяць розныя кантралюючыя органы, найчасцей фінансавыя, а таксама органы дзярж. кіравання ў адносінах да падведамных арг-цый. Могуць праводзіцца паводле плана гэтых органаў і па ўказанні інш. кампетэнтных органаў, у т. л. праваахоўных. Паводле аб’екта праверкі адрозніваюць Р. дакументальныя, фактычныя, поўныя (суцэльныя), выбарачныя (частковыя). Бываюць планавыя і пазапланавыя (калі патрабуецца неадкладная праверка), комплексныя (праводзяцца сумесна некалькімі кантралюючымі органамі). Пры правядзенні дакументальнай Р. правяраюцца дакументы (асабліва першасныя грашовыя), таксама справаздачы, каштарысы і да т.п. Фактычная Р. азначае праверку дакументаў, наяўнасць грошай, матэрыяльных каштоўнасцей. Вынікі Р. афармляюцца актам, які мае важнае юрыд. значэнне. Акт падпісваюць кіраўнік рэвізійнай групы, кіраўнік і гал. бухгалтар арг-цыі, якую рэвізуюць. Свае пярэчанні і заўвагі кіраўнік і гал. бухгалтар абавязаны ў пісьмовай форме прыкласці да акта і падпісаць яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУКАВА́НЫЯ ГАЛО́СНЫЯ,
1) звышкароткія галосныя сярэдняга пад’ёму, якія ўзніклі ў праславянскай мове з індаеўрап. i і u. У праслав. мове мелі статус фанем, але вызначаліся кароткім і слабым гучаннем. Абазначаюцца кірылічнымі знакамі ъ (рэдукаваны непярэдняга раду) і ь (рэдукаваны пярэдняга раду). Ва ўсіх слав. мовах Р.г. страціліся; у 10 — сярэдзіне 13 ст. адбылося т.зв. падзенне рэдукаваных праз знікненне гэтых галосных ці праз іх трансфармацыю ў галосныя поўнага ўтварэння. Знікненне Р.г. адбылося ў слабых пазіцыях — на канцы слоў, перад складам з галосным поўнага ўтварэння, перад складам з Р.г. ў моцнай пазіцыі (стараслав. «дымъ» — бел. «дым», стараслав. «пътица» — рус. «птица»). У моцных пазіцыях — пад націскам ці перад складам са слабым Р.г. — рэдукаваныя праясніліся ў розныя галосныя поўнага ўтварэння (стараслав. «сънъ» — бел. «сон», польск. «sen», сербскае «сан», балг. «сън»). Падзенне рэдукаваных уздзейнічала на фанетыку і марфалогію слав. моў.
2) Галосныя, якія пры маўленні падпалі пад рэдукцыю (рус. «книга» [книгъ]).
Літ.:
Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. 3 изд. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),
1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.
2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).
Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,
1) войскі, якія ў мірны час утрымліваюцца ў скарочаным складзе і прызначаны для хуткага мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл у час вайны (частковага разгортвання пры выкананні баявых і інш. задач у лакальных войнах).
Ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. у склад Р.в. уваходзяць: нац. гвардыя, рэзервы відаў узбр. сіл. войскі берагавой і пагран. аховы, а ў шэрагу армій — і сілы бяспекі, жандармерыя і некат. паўваен. фарміраванні. Камплектуюцца з асабовага складу, які прайшоў тэрміновую ваен. службу або атрымаў адпаведнае ваен. навучанне.
2) Катэгорыя вайск. фарміраванняў у Расіі, Аўстра-Венгрыі (ландвер і гонвед), Францыі і інш. у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (былі ў колькасна меншым складзе ў параўнанні з т.зв. палявымі войскамі). Прызначаліся для папаўнення дзеючай арміі, аховы камунікацый, нясення гарнізоннай службы ў крэпасцях. Шэраг палкоў і батальёнаў Р.в. рас. арміі мелі (да 1917) бел. найменні, напр., Мінскі, Брэсцкі, Віцебскі пях. рэзервовыя палкі.