галіна паліўна-энергетычнага комплексу па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты вуглёў выкапнёвых. Уключае шахты, разрэзы, абагачальныя і брыкетныя ф-кі. Вугаль (каменны, антрацыт, буры) здабываецца ў 60 краінах свету падземным і адкрытым спосабам. Асн. від вугалю, які здабываецца, — каменны, спосаб здабычы — падземны. Сусв. рэсурсы вугалю ацэньваюцца амаль у 15 трлн. т (паводле некат. звестак, у 30 трлн. т), разведаныя запасы — у 1,7 трлн. т. Найб. рэсурсы маюць (трлн. т): Расія — 5 (разведаныя запасы 201 млрд.т), ЗША — 3,6 (445 млрд.т) і Кітай — 1,5 (272 млрд.т). Асн. сферы выкарыстання вугалю ў свеце (1990): вытв-сць электраэнергіі (61%), прам-сць (26%), вытв-сць доменнага і ліцейнага коксу (11%). З вугалю атрымліваюць таксама хім. сыравіну (300 найменняў), у нязначнай колькасці ажыццяўляецца яго газіфікацыя (гл.Газіфікацыя паліва).
Прымітыўная здабыча вугалю на паліва вядомая ў стараж. Грэцыі і Італіі з 4 ст. да н.э., Кітаі з 2 ст. да н.э. У Зах. Еўропе вугаль выкарыстоўваўся як хатняе паліва з 9—12 ст., а з 16 ст. ў Англіі, напр., увесь здабыты вугаль ішоў на выплаўку чыгуну. У Расіі здабываць вугаль пачалі з 18 ст. пры Пятру I. Вугальная прамысловасць як самастойная галіна аформілася ў 2-й пал. 18 ст., калі для выплаўкі чыгуну ў доменных печах сталі выкарыстоўваць вугальны кокс.
У свеце вядома каля 3000 вугальных радовішчаў і басейнаў. Буйнейшыя ў краінах СНД басейны (больш за 5 млрд.т паводле разведаных запасаў на 1988, у млрд.т): у Расіі Канска-Ачынскі (83), Кузнецкі (63), Пячорскі (8,2), Іркуцкі (7,5), Мінусінскі (5); на Украіне (часткова ў Расіі) Данецкі (50); у Казахстане Экібастузскі (8,7), Карагандзінскі (8,2), Тургайскі (6) (пра кожны гл. асобны артыкул). Вугаль здабываюць таксама ва Узбекістане, Кыргызстане, Грузіі, Таджыкістане. Найбольшыя басейны, якія распрацоўваюцца і маюць перспектыву ў інш. краінах: Апалачскі вугальны басейн у ЗША, Альберта ў Канадзе, Цэнтр. і Паўд. групы басейна ў Вялікабрытаніі, Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны, Ніжнярэйнскі буравугальны басейн і Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн у Германіі, Астурыйскі каменнавугальны басейн у Іспаніі, Вітбанк у ПАР, Сіднейскі вугальны басейн, Боўэн, Латроб-Валі ў Аўстраліі, Ісікары ў Японіі і інш. Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі ў Еўропе значныя запасы вугалю маюць Польшча (Верхнесілезскі каменнавугальны басейн і інш.), Украіна (Данецкі і Львоўска-Валынскі басейны) і Чэхія (Паўн.-Чэшскі буравугальны, Астраўска-Карвінскі каменнавугальны, гл.Верхнесілезскі—Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн) і інш.
Аб’ёмы сусветнай здабычы вугалю пастаянна растуць (млн.т): 1810 у 1950, 3740 у 1980, 4500 у 1993 (толькі таварны вугаль). На каменныя вуглі і антрацыт прыпадае каля 75% здабычы, на бурыя вуглі — 25%. Вугаль здабываюць больш за 60 краін свету (гл.табл.). <TABLE>
Аб’ёмы сусветнага гандлю вугалем таксама растуць (млн.т): 100 у 1975, 270 у 1980, 399 у 1990. Больш як палавіну іх складае энергетычны вугаль (1990). Асн. краіны-экспарцёры вугалю (1990, млн.т): Аўстралія — 106, ЗША — 90, ПАР — 49; краіны-імпарцёры: Японія — 107, Паўд. Карэя — 25, Італія — 20, Тайвань — 19.
Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту (1994, тыс.т): з Расіі — 504, Украіны — 294, Казахстана — 102. У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы 71,9 млн.т), Брынёўскае (запасы 38,5 млн.т) і Тонежскае (44 млн.т) радовішчы (пра кожнае гл. асобны артыкул). Для адкрытай распрацоўкі даступнае Жыткавіцкае радовішча, поўнасцю падрыхтаваны да прамысл. асваення Паўночны і Кольненскі паклады (прамысл. запасы 46,7 млн.т). Агульныя запасы вугалю на ўсіх радовішчах 152 млн.т.
В.М.Сасноўскі.
Буйнейшыя вытворцы вугалю (таварнага), 1994
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Краіна
Усяго, млн.т
На душу насельніцтва, кг
Кітай
1291
1059
Канада
74
2500
ЗША
933
3548
Чэхія
72
6963
Індыя
280
243
КНДР
72x)
4216
Расія
263
1773
Турцыя
58
928
Германія
251
3073
Грэцыя
54
5138
Аўстралія
244
13536
Вялікабрытанія
50
861
Польшча
200
5126
Румынія
38
1653
ПАР
195
4730
Інданезія
33
169
Украіна
84
1623
Іспанія
30x)
752
Казахстан
83
5010
Балгарыя
28
2790
x) 1994.
Да арт.Вугальная прамысловасць. Здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам на разрэзе Белхатаў у Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,
працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССРз мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст.вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦКВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл.Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.І.Бухарына, А.І.Рыкава, М.П.Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масавае раскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦКВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял.Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.
Літ.:
Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв.Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;
Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Сорокин АН. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.Ц.Петрыкаў.
Да арт.Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.Гуткоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,
дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў законтррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж.паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл.Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВКСССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВКСССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУССССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУССССР. 27.5.1935 загадам НКУССССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУССССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУССССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял.Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТР ((Sartre) Жан Поль) (21.6.1905, Парыж — 15.4.1980),
французскі філосаф, пісьменнік і літаратуразнавец, прадстаўнік экзістэнцыялізму і фенаменалогіі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1929). З 1931 выкладаў у ліцэях Парыжа, Гаўра і Ліёна. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнік руху Супраціўлення. З 1945 узначальваў час. «Les temps modernes» («Новыя часы»). У цэнтры філасофіі С. — феномен чалавека і анталогія яго свядомасці. Крытыкаваў псіхааналіз і эксперым. псіхалогію, якія ператвараюць чалавека ў «раба сваіх эмоцый» і здымаюць з яго адказнасць; распрацаваў экзістэнцыяльна-псіхааналітычны метад, які даследуе асобу ў працэсе «самавынаходніцтва». У гал.філас. працы «Быццё і нішто» (1943) прапанаваў анталагічную канцэпцыю свету, які ўяўляў як сукупнасць 3 форм быцця: «быцця-ў-сабе» (цэласны, самадастатковы і нязменны наяўны матэрыяльны свет), «быцця-для-сябе» (свет чалавечай свядомасці), «быцця-для-іншага» (свет індывідуальнай свядомасці чалавека ва ўспрыняцці інш. асобы). Лічыў, што чалавек знаходзіцца ў адвечным антаганізме ў адносінах і да матэрыяльнага свету, і да «быцця-для-іншага», якое выяўляецца ў барацьбе за доказ уласнай свабоды. На думку С., чалавек «асуджаны» на свабоду; імкненне шляхам самападману («кепскай веры») ухіліцца ад свабоды і звязаных з ёй адзіноты і адказнасці за выбар ператварае чалавека са свядомай істоты ў адзінку матэрыяльнага свету. У «Крытыцы дыялектычнага розуму» (1960, незавершаная) вызначыў у якасці недахопаў марксізму жорсткі дэтэрмінізм і недаацэнку ролі асобы ў гіст. працэсе; распрацаваў сац. анталогію, заснаваную на сінтэзе экзістэнцыялізму, фенаменалогіі і марксізму. Празаічныя і драм. творы С. прасякнуты экзістэнцыяльнымі ідэямі адчужанасці ад знешняга свету і самаадчужанасці чалавека (раман «Млоснасць», 1938), немагчымасці пазбавіцца ад абсурднасці рэчаіснасці (зб.апавяд. «Мур», 1939), шляху да свабоды і цяжару адказнасці за выбар (п’еса «Мухі», 1943; незавершаная тэтралогія «Дарогі свабоды», 1945—49), асуджанасці на адзіноту (п’еса «Пры зачыненых дзвярах», 1945) і інш. Проза С. спалучае рысы традыц. рэалізму, «плыні свядомасці» і натуралізму, эсэістычнасці і дакументалізму. С. імкнуўся пашырыць межы біягр. жанру: распрацаваў канцэпцыю «рамана рэальнай асобы», у якім разглядаў чалавека як «тыповую універсальную адзінку сваёй эпохі», спалучаючы маст. метады з экзістэнцыялізмам, псіхааналізам і навук. аналізам сац. асяроддзя. Прынцыпы «рамана рэальнай асобы» развіваў у творах «Бадлер» (1947), «Святы Жанэ, камедыянт і пакутнік» (1952), аўтабіягр. аповесці «Словы» (1964) і канчаткова замацаваў у рамане «Ідыёт у сям’і» (т. 1—3, 1971—72). Асаблівае месца ў яго творчасці належыць драматургіі. У п’есах імкнуўся да прытчавасці і развіваў прынцыпы ўласнай канцэпцыі «тэатра сітуацый», у якім універсальныя першаасновы чалавечай экзістэнцыі выяўляюцца праз прызму канкрэтнай сітуацыі («Мёртвыя без пахавання», 1946; «Брудныя рукі», 1948; «Д’ябал і Гасподзь Бог», 1951; «Пустэльнікі Альтоны», 1960 і інш.). Гісторыю л-ры разглядаў у кантэксце агульнага культ.-гіст. працэсу, лічыў, што кожны літ. стыль быў «ангажыраваны» пэўным класам, які імкнуўся да панавання ў грамадстве. С. адстойваў сац.-пераўтваральную функцыю л-ры і канстатаваў крызіс зах.-еўрап. л-ры 20 ст. як вынік «дэкласаванасці пісьменнікаў» («Што такое літаратура?», 1947). На бел. мову прозу і драматургію С. перакладаў З.Колас. П’еса С. «Пры зачыненых дзвярах» пастаўлена ў Дзярж. маладзёжным тэатры Рэспублікі Беларусь (1994) і Мінскім абл. тэатры (1996). Нобелеўская прэмія 1964, ад якой С. адмовіўся.
Тв.:
Бел.пер. — Мур: Апавяданні. Мн., 1991;
Пры зачыненых дзвярах // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Герострат: [Сб.]. М., 1992;
Проблемы метода. М., 1994;
Ситуации: Антология лит.-эстет. мысли. М., 1997;
Идиот в семье: Г.Флобер от 1821 до 1857. СПб., 1998;
Грязными руками: Пьесы. Харьков;
М.;
Назрань, 1999;
Дороги свободы. М.;
Назрань;
Харьков, 1999;
Что такое литература?; Слова. Мн., 1999; Бытие и ничто: Опыт феноменол. онтологии. М., 2000; Тошнота: Роман; Стена: Рассказы. Харьков; М., 2000.
Літ.:
Долгов К.М. Эстетика Жана-Поля Сартра. М., 1990;
Арон Р. Мнимый марксизм: Пер. с фр.М., 1993;
Андреев Л.Г. Жан-Поль Сартр: Свободное сознание и XX в. М., 1994;
Мілаш Ч. Дастаеўскі й Сартр: Пер.з пол. // Arche. 2000. № 1.
Садружнасць Паўночных Марыянскіх Астравоў (Commonwealth of the Northern Mariana Islands), дзяржава на паўн. частцы Марыянскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак.Пл. 477 км². Нас. 69,4 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Урадавыя ўстановы знаходзяцца ў мясцовасці Гарапан на в-ве Сайпан. Краіна падзяляецца на 4 адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Садружнасці (8 студз.).
Прырода. Краіна займае 14 каралавых (на Пд) і вулканічных (на Пн) астравоў. Найб. астравы на Пд — Сайпан (120 км²), Тыніян (102 км²), Рота (85 км²). На паўн. а-вах Агрыхан (выш. 965 м) і Паган дзеючыя вулканы. Ёсць невял. радовішчы фасфарытаў, серы, жал. і марганцавай руд. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24 °C у студз. да 28 °C у ліпені. За год на наветраных схілах выпадае каля 2000 мм ападкаў, найб. у ліп.—кастр., у т. л. ў жн. каля 400 мм. Частыя тайфуны. Бываюць землетрасенні і цунамі. Натуральная расліннасць — вільготнатрапічныя лясы і саванны. Пад лесам і хмызнякамі каля 50% тэрыторыі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Каля 55% складае карэнны народ чамора. Мова чамора адносіцца да зах.-аўстранезійскай групы аўстранезійскай сям’і (блізкая да моў Філіпін і Інданезіі). Жывуць таксама выхадцы з Каралінскіх а-воў, амерыканцы, кітайцы, карэйцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць прыхільнікі мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост каля 4% за год. Сярэдняя шчыльнасць 145 чал. на 1 км². Населены толькі 6 найб. астравоў. На в-ве Сайпан жыве каля 50 тыс.чал., шчыльн. каля 400 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва занята ў сферы абслугоўвання, кіравання, гандлю, у прам-сці — каля 30%, у сельскай гаспадарцы — 3%. На астравах працуюць групы замежных рабочых (пераважна з Кітая).
Гісторыя. Заселены продкамі сучасных мікранэзійцаў у 2-м тыс. да н.э. Адкрыты ісп. мараплаўцамі ў 1520-я г., абвешчаны ў 1565 уладаннем Іспаніі. У 1898 набыты Германіяй. У 1914 захоплены Японіяй, якая атрымала ў 1921 мандат Лігі Нацый на кіраванне астравамі. У 2-ю сусв. вайну заняты войскамі ЗША (1944). З 1947 частка падапечнай тэр.ААН Ціхаакіянскія а-вы пад кіраваннем ЗША. У чэрв. 1975 плебісцыт ухваліў стварэнне Супольнасці Паўн. Марыянскіх а-воў (СПМА), як «свабодна далучанай да ЗША тэрыторыі». Са студз. 1978 набыла сілу канстытуцыя СПМА, паводле якой астравы атрымалі шырокую аўтаномію пры захаванні кантролю ЗША над знешняй палітыкай і абаронай. У 1986 жыхары СПМА атрымалі грамадзянства ЗША. У 1990 ААН спыніла рэжым апекі над П.М.а.
Гаспадарка. Краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 9,3 тыс.дол.за год. Гал. крыніца даходаў — абслугоўванне замежных (пераважна японскіх) турыстаў. Штогод астравы наведвае больш за 400 тыс. замежных грамадзян. Іх прывабліваюць цёплае мора, багатая расліннасць, цікавая гісторыя і мастацтва астравоў. Асн. турысцкі перыяд — асенне-зімовы сезон. У прам-сці дзейнічаюць невял. прадпрыемствы па вытв-сці адзення на экспарт. Меншае значэнне маюць харч., па перапрацоўцы копры, па вырабе сувеніраў і інш. прадпрыемствы. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Працуюць электрастанцыі на імпартным паліве. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 тыс.га пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 9 тыс.га пад пашу. Асн. культуры: какосавая пальма, хлебнае дрэва, бананы, рыс, агародніна (памідоры, дыні), бавоўнік, цукр. трыснёг, кава. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 4 тыс. галоў) і свіней. Цэнтр жывёлагадоўлі — в-аў Тыніян. Птушкагадоўля. Лоўля і перапрацоўка рыбы (пераважна тунец). Транспарт аўтамаб., авіяцыйны, марскі. На астравах каля 360 км аўтадарог, 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Сайпан, 2 марскія парты — на а-вах Сайпан і Тыніян. Гал. тавары экспарту — адзенне і копра, імпарту — харч. прадукты, прамысл. тавары і машыны, паліва. Імпарт намнога перавышае экспарт. Асн.гандл. партнёр — ЗША. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТ (Krētē),
востраў ва ўсх.ч. Міжземнага мора. Тэр. Грэцыі. Даўж.зЗ на У 260 км, шыр. ад 12 да 55 км, пл. 8,3 тыс.км². Нас. 537 тыс.чал. (1991). Рэльеф гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вял. масіваў: на У — Ласіты, або Дыкты (выш. да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на З — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е, выш. 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі, на Пд стромка абрываюцца да мора, на Пн зніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На Пд — Месарская раўніна, якая са старажытнасці была жытніцай вострава. Горы складзены пераважна з мезазойскіх вапнякоў (на З — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жал. руд, бурага вугалю. Частыя землетрасенні.
Клімат міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 12 °C, ліп 26 °C Ападкаў на З выпадае 800 ммза год, на У — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя снегапады, снег на вяршынях ляжыць да мая. Летняя засуха доўжыцца 6—7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расліннасць другаснага паходжання. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаннік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызнякі (маквіс). У гарах на выш. 800—1600 м трапляюцца рэдкалессі з дуба палесцінскага, хвоі калабрыйскай, платана, кіпарыса гарызантальнага. На вяршынях гор альпійскія лугі. На раўнінах і тэрасах плантацыі аліў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак. Нац. парк Самарыя (ахова горнай фауны і флоры). Захаваліся шматлікія помнікі ант. культуры і сярэдневякоўя. Асн. парты Іракліян і Ханья.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на К. вядомы з часоў палеаліту. К. — адзін з цэнтраў найстараж. еўрап. культуры (гл.Крыта-мікенская культура, Крыцкае пісьмо). У 3-м тыс. да н.э. тут узніклі першыя ў Еўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фест і інш.). У 2-м тыс. да н.э. ўвесь К., верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кноса ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н.э.: мела вял. флот і, паводле падання, захаванага стараж.-грэч. гісторыкамі, панавала на Эгейскім м. У 14 ст. да н.э. частка К. заваявана кааліцыяй ахейскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахейскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. У 1-м тыс. да н.э. крыцкія полісы адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Грэцыі. З 67 да н.э. ў складзе Рым. дзяржавы, з 395 н.э. — Візантыі. Належаў у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Візантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Венецыі. У перыяд венецыянскага панавання шматлікія паўстанні мясц. насельніцтва; у 15—17 ст. развівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і л-ра (В.Карнарас) — т.зв. крыцкі рэнесанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва К. ўдзельнічала ў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97 тут адбыліся Крыцкія паўстанні супраць тур. панавання. У 1898 К. атрымаў адм. аўтаномію. Пасля Балканскіх войнаў 1912—13 паводле грэка-тур. дагавора ад 14.11.1913 далучаны да Грэцыі. У 2-ю сусв. вайну ў маі 1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі ў выніку паветрана-дэсантнай аперацыі (буйнейшая паветр. аперацыя вермахта ў час вайны). Вызвалены ў ліст. 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДЭНБУРГ (Brandenburg),
зямля (адм. адзінка) на ПнУФРГ. Пл. 29,05 тыс.км². Нас. 2,67 млн.чал. (1995). Адм. ц. — г.Патсдам. Займае ч. Сярэднееўрап. раўніны, у межах якой вылучаюцца Мекленбургскае паазер’е на Пн і марэннае узв. Флемінг (да 201 м) на Пд; паміж імі — паласа пясчаных нізінных раўнін з шырокімі забалочанымі стараж. лагчынамі. Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 18 °C, студз. каля 0 °C, ападкаў 550 ммза год. З карысных выкапняў найб. значэнне мае буры вугаль, ёсць буд. матэрыялы і торф. Букавыя і дубова-букавыя лясы. Асн.прамысл. цэнтры (выплаўка сталі, металаапрацоўка, машынабудаванне, электратэхніка) сканцэнтраваны вакол Берліна: Араніенбург, Генігсдорф, Патсдам, Брандэнбург, Тэльтаў і інш. Другі прамысл. раён — Нідэрлаўзіц на ПдУ, дзе на базе здабычы бурага вугалю развіта энергетыка (буйныя ЦЭС у гарадах Любенаў, Фечаў, Лаўгамеры і інш.) і хім.прам-сць. Франкфурт-на-Одэры — буйны цэнтр эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вырошчванне збожжавых (пшаніца, жыта), бульбы, цукр. буракоў, агародніны і садавіны. Малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны.
Тэр. сучаснага Брандэнбурга да 4 ст. насялялі герм. плямёны, з 5 ст. — палабскія славяне (стадаране, або гаваляне). У 1157 ням. войскі на чале з маркграфам Альбрэхтам Мядзведзем заваявалі сталіцу стадаран Брэну (Бранібор) пераназвалі яе Брандэнбургам і зрабілі цэнтрам новаўтворанага Брандэнбургскага маркграфства — фарпоста герм. экспансіі на У (войны з Польшчай у сярэдзіне 13 ст., 1308, 1315—17 і інш.). З 1356 Брандэнбург — курфюрства (з 1415 правілі Гогенцолерны; іх рэзідэнцыя з 1486 — Берлін). У 1618 Брандэнбург аб’яднаны з герцагствам Прусія ў Брандэнбургска-прускую дзяржаву (гл.Прусія). У 1815 утворана пруская правінцыя Брандэнбург (існавала да 1945). З 1945 у складзе сав. зоны акупацыі. З 1949 зямля ГДР, з 1990 зямля ФРГ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,
дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛЯгайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты зВКЛз-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛз дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне зінш. краінамі Еўропы.
(Маскоўская вобл.). Бярэ пачатак са збораў кінадакументаў Маскоўскага і Петраградскага кінакамітэтаў пры Наркамасветы РСФСР (з 1918). Фотадакументы з 1919 канцэнтраваліся ў 8-й секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду ў іканаграфічным аддзеле Архіва Кастр. рэвалюцыі. У 1926 створаны Цэнтр. архіў кінафотадакументаў РСФСР, з 1934 — Цэнтр. фотафонакінаархіў СССР, з 1941 Цэнтр.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў СССР, з 1967 Цэнтр.дзярж. архіў кінафотадакументаў СССР, з 1992 сучасная назва. У 1978 у г. Уладзімір створаны Цэнтр.дзярж. архіў кінафотадакументаў РСФСР, які ў 1992 падпарадкаваны як філіял архіва ў Краснагорску; у 1998 спыніў існаванне ў сувязі з перамяшчэннем дакументаў у Краснагорск. Захоўвае 38 806 адзінак уліку (назваў),
што складае 217 982 адзінкі захоўвання (скрыні) кінадакументаў з 1896 да нашага часу; 1 018 140 адзінак захоўвання фотадакументаў з 1855; 217 адзінак захоўвання відэафанаграм з 1988. Зберагае хроніка-дакумент. фільмы і фотаздымкі, якія асвятляюць гісторыю Расіі і СССРз сярэдзіны 19 ст., у т. л. Крымскую, рус.-японскую, 1-ю сусв., грамадз., сав.-фінл. войны, Вял.Айч. вайну (больш за 80 500 фотаздымкаў); ваен. вучэнні, парады; паліт. падзеі і мерапрыемствы (жыццё імператарскага двара, пратакольныя прыёмы, з’езды, паліт. працэсы і інш.); новабудоўлі, асваенне космасу, развіццё навукі. Асн. крыніцы камплектавання архіва: Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў, акц.т-ва «Фармат», кінастудыі «Бацькаўшчына», «Юнацтва», «Сучаснік» і інш., агенцтва Фота—ІТАР—ТАСС, Рас.інфарм. агенцтва «Весці», «Фатаграфія» Упраўлення справамі Прэзідэнта Рас. Федэрацыі, Дырэкцыя Міжнар. фотавыставак, рэдакцыі рас. газет і часопісаў і інш. Кінафотадакументы архіва асвятляюць і гісторыю Беларусі 1920—80-х г. У пач. 1990-х г.бел. ўлады выкупілі ў архіва шэраг кінафільмаў і сюжэтаў з кіначасопісаў пра падзеі на Беларусі ў пач. — сярэдзіне 20 ст.
Літ.:
Российский государственный архив кинофотодокументов: (Краткий док. обзор). Красногорск, 1994;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 190—195.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 зазб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.