нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каляв. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСК,
горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс.ж. (1996).
Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл.Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл.Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл.Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс.ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ.«Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар.тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр.к-т Бунда, з 1903 — арг-цыяРСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс.ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.
У 1940 — 180 тыс.ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.
Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст.сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц.т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл.Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны заводакц.т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс.чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл.Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл.«Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл.Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл.«Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл.Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл.Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля 1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.
Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл.Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл.Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл.Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед.ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец.навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч.г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў, у т. л.Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж.ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.
Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст.Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел.драм.т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.
Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагаланар.маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя«Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр.т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац.маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.
Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.
Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).
У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.
У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст.«Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ.«Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ.«Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ.час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».
Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.
Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес.драм.т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел.тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.
Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес.сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус.муз.т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз.муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л.міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Герб Віцебска 1597.Да арт.Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.Да арт.Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.Пешкі. 1-я пал. 19 ст.Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.Да арт.Віцебск. Гасцініца «Віцебск».Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.Да арт.Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.
першая ў гісторыі Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова. Існаваў у 1922—28, ператвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Засн. 30.1.1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. У распрацоўцы першага статута ІБК ўдзельнічалі У.І.Пічэта, Я.Ф.Карскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Л.Дыла. Старшыні ІБК: С.М.Некрашэвіч (1922—24), У.М.Ігнатоўскі (1924—26, з 1927 прэзідэнт). Першыя супрацоўнікі: У.В.Чаржынскі (сакратар ІБК, гл.Дзяржынскі У., М.В.Азбукін, М.Я.Байкоў, Л.Більдзюкевіч, М.А.Грамыка, М.М.Гуткоўскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), Ч.І.Родзевіч і інш. Напачатку меў 2 секцыі: гуманітарную (з слоўнікавай, тэрміналагічнай і літ.-даследчай камісіямі) і прыроды (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем бел. мовазнаўства, вывучэнне бел. л-ры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—24 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і мед. секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сак. 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі, медыка-ветэрынарная, сац.-эканамічная. У ліп. 1924 ЦВК і СНКБССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзярж.навук. установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукц. сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўр. і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самаст.навук. ўстанову пры СНКБССР. На 1.7.1926 у ін-це працавала 77 правадз. членаў, 69 чл.-супрацоўнікаў і 60 чл.-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ. У чэрв. 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура ін-та была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.А.Смоліч). Створана аспірантура. У ліст. 1927 СНКБССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: Ігнатоўскі (прэзідэнт), М.І.Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В.Ю.Ластоўскі (сакратар), Некрашэвіч, С.Л.Гельтман (заг. польск. сектара), В.М.Аршанскі (заг.яўр. сектара) і 14 правадз. членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А.М.Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С.Ю.Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), Некрашэвіч (кафедра жывой бел. мовы), Я.Ю.Лёсік (кафедра бел.навук. мовы), І.І.Замоцін (кафедра бел. л-ры), Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны (Жылуновіч, кафедра маст. л-ры), М.Ф.Бліадуха (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я.М.Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі бел. мовы (з камісіяй па складанні гіст. слоўніка бел. мовы), жывой бел. мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой бел. мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні бел. дыялектаў, у складзе кафедры Ін-тнавук. мовы), гісторыі бел. л-ры (з камісіяй па выданні твораў бел. пісьменнікаў), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі бел. права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі нар. гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі (з бат. камісіяй і Бат. садам каля Віцебска), заалогіі (з заал. музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геагр. слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтр.хім. лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нерв. дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперым. біялогіі), Ін-тбел. мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі бел. мастацтва, бел. тэатра, бел. песні і музыкі, музеем бел. мастацтва), геал.ін-т (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Зах. Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прам-сці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навук.т-ва па вывучэнні Беларусі (пры Бел.с.-г. акадэміі), б-ка, друкарня.
Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты. У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебел. глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фауна. У 1923—28 ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В.П.Аўрамчык, Н.А.Збітнеўскі, В.А.Міхайлоўская, В.С.Палянская і інш.). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Пад рэд. Н.П.Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найб. важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А.У.Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фауну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фауны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы). З 1927 кафедра геаграфіі вывучала эканам. раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геагр. апісанне Беларусі. Метэаралаг. бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 пад кіраўніцтвам А.І.Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Бел.с.-г. акадэміі. Мед. секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. С.-г. секцыя вывучала с.-г. гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай. Да канца 1929 у Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10,5 тыс. членаў. Краязнаўцы сабралі велізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў час.«Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю.
ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АНСССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навук. ўстановамі. 13.10.1928 пастановай ЦВК і СНКБССР рэарганізаваны ў АН Беларусі.
ІБК выдаў працы: «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925), «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927), «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кн. 1—5, 1926—28), «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кн. 1—3, 1926—27), «Беларускі архіў» (т. 1—2, 1927—28), «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (т. 1—2, 1927—28), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.М.Піятуховіча (ч. 1, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.М.Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.А.Бузука (ч. 1, вып. 1, 1928), «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А.У.Фядзюшына (1929), «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (т. 1—2, 1928—29), «Творы» М.Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), «Матчын дар: Думы і песні, 1907—1914» А.Гаруна (1929) і інш. Выдаваў «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—30), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16—17 крас. 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.» (кн. 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927).
Літ.:
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Палуян В.А. Інстытут беларускай культуры і станаўленне беларускай савецкай навукі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук, 1972. № 6;
Гарэцкі Г.І. Каля вытокаў беларускай савецкай навукі// Тамсама. 1979. № 1;
Міхнюк У.М. Інстытут беларускай культуры// Тамсама;
Токараў М.У. Ад Інстыгуга беларускай культуры да Акадэміі навук рэспублікі (Да 60-годдзя Інбелкульта) // Тамсама. 1982. № 1;
Петрыкаў П.Ц. Інстытуту беларускай культуры — 70 гадоў // Тамсама. 1992. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ГІЯ (Norge),
Каралеўства Нарвегія (Kongeriket Norge), дзяржава на Пн Еўропы, на Скандынаўскім п-ве. Мяжуе на У з Расіяй, на ПдУ з Фінляндыяй і Швецыяй; на Пн абмываецца Баранцавым м., на З і ПнЗ — Нарвежскім м., на Пд — Паўночным м. і пралівам Скагерак. Пл. 324,2 тыс.км². Нас. 4420 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — нарвежская. Сталіца — г.Осла. Краіна падзяляецца на 19 фюльке (абласцей). У склад Н. таксама ўваходзяць: адм. акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і в-аў Мядзведжы), а-вы Ян-Маен на Пн і Буве на Пд Атлантычнага ак. Агульная пл. гэтых тэрыторый каля 63 тыс.км², пастаяннага насельніцтва няма. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (17 мая).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1814 з пазнейшымі папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — сторцінг, які складаецца з лагцінга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльсцінга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на 1-й сесіі сторцінга з яго складу выбіраецца 74 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагцінг, астатнія 74 — одэльсцінг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзярж. савет) на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Берагавая лінія вельмі звілістая. Многа заліваў (фіёрдаў), якія глыбока ўразаюцца ў сушу. Каля берагоў шмат астравоў. Большую ч. краіны займаюць выцягнутыя з ПнУ на ПдЗСкандынаўскія горы, складзеныя з крышталічных парод. Тэктанічныя даліны падзяляюць горы на асобныя масівы і пласкагор’і. Пераважаюць выш. 700—1000 м, найб. 2469 м (г. Гальхёпіген). Нізіны займаюць невял. плошчы. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (шэльфавая зона Паўночнага м.), жал., ванадыевыя, тытанавыя, медныя, малібдэнавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя, ніобіевыя, сярэбраныя руды, золата, графіт і інш. На Шпіцбергене значныя запасы каменнага вугалю. Клімат умераны, у прыбярэжнай зоне акіянічны, на крайняй Пн — субарктычны. Сярэдняя т-ра на ўзбярэжжы ў студз. на Пн ад -2 да -4 °C, на Пд да 2 °C, у ліп. ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд. У гарах больш холадна. Ападкаў ад 2000—3000 мм на зах. схілах гор да 300—800 на У і Пн. У гарах ледавікі (пл. 3 тыс.км²). Рэкі кароткія, парожыстыя, паўнаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. — р. Глома. Многа ледавіковых азёр. Пад лесам 27% пл. На У і ПдУ — хвойныя лясы (елка, хвоя), на Пд ад 61°паўн. ш. — мяшаныя (хвоя, елка, бяроза, дуб, бук, ліпа). На З пераважаюць верасоўнікі, лугі і балоты. На Пн і на пласкагор’ях — тундра і лесатундра. Важнейшыя прадстаўнікі жывёльнага свету: паўн. і высакародны алень, лось, расамаха, воўк, ліс барсук, вавёрка, лемінг, зайцы. На ўзбярэжжах шмат птушак. У моры прамысл. рыба (траска, селядзец, макрэль і інш.). Нац. паркі: Бёргеф’ель, Паўд.-Шпіцбергенскі, Паўн.-Зах. Шпіцберген, Паўн.-Усх. Шпіцберген, больш за 30 запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 97,5% складаюць нарвежцы. На Пн жывуць саамы (0,7%) і фіны (0,5%), на Пд і ў гарадах — невял. групы шведаў, датчан, немцаў і інш.Каля 87,8% вернікаў лютэране. Ёсць прадстаўнікі інш. адгалінаванняў пратэстанцтва і католікі. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы, горныя масівы амаль не заселены. У невял. раёне на Пд вакол Ослафіёрда жыве палавіна насельніцтва, дзе шчыльн. да 50—60 чал. на 1 км². У гарадах 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Осла — 500, Берген — 260, Тронхейм — 160, Ставангер — 120, Нарвік — 80. У прам-сці занята 23%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва, астатнія ў абслуговых галінах.
Гісторыя. Тэр. Н. заселена чалавекам прыбл. ў 6-м тыс. да н.э. У 2-м тыс. да н.э.стараж.-герм. плямёны адцяснілі на Пнмясц. карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1-га тыс.н.э. ўзнікла нарв. народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) пачалося фарміраванне нарв. дзяржаўнасці, у 872 на прастол уступіў першы конунг (кароль) Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў учынялі марскія паходы пераважна ў Зах. Еўропу, каланізавалі Цэнтр. і Паўн. Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтлендскія, Гебрыдскія, Фарэрскія а-вы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (гл. таксама Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Лейф Эйрыксан, Эйрык Раўдзі). Каля 1000 у краіне прынята хрысціянства Значную ч. насельніцтва сярэдневяковай Н. складалі бонды. Перыяд паміж 1130 і 1240 суправаджаўся грамадз. войнамі за ўладу (гл.Біркебейнеры). Пры Хокане IV Хокансане [1217—63] грамадз. войны спыніліся, Н. мела найб. ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у т. л. займала сучасныя швед. правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан [1299—1319] зрабіў сталіцай краіны г. Осла (раней каралеўскі двор размяшчаўся ў г. Берген). Каля 1300—1500 Н. знаходзілася ў эканам. залежнасці ад ням.Ганзы (яе гал. апорным пунктам прыбл. з 1350 быў Берген), якая кантралявала экспарт нарв. рыбы. Эпідэмія чумы 1347—50 прывяла да працяглага эканам. заняпаду краіны. У 1319 заключана асабістая унія Н. са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія трох сканд. каралеўстваў (у 1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 пачаўся павольны эканам. ўздым. У 1536 у Н. абвешчана Рэфармацыя, у 1537 краіна страціла статус самаст. каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 уведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку швед.-дацкіх войнаў 17 ст. Н. страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 1660 дацкія ўлады ўвялі ў Н. абсалютысцкія парадкі. У 17 — пач. 19 ст. актывізаваўся нац.-вызв. рух супраць дацкага панавання, у т. л. паўстанне ў раёне Бергена ў 1765. Пасля далучэння Даніі да напалеонаўскай кантынентальнай блакады (1807) Н. апынулася фактычна ізаляванай ад дацкіх улад. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 Данія перадала Н. пад уладу Швецыі. Нарв. ўстаноўчы сход у Эйдсвале (скліканы 10.4.1814) не прызнаў гэтага акта, абвясціў незалежнасць Н. і распрацаваў яе канстытуцыю (гл.Эйдсвальская канстытуцыя 1814). Але Швецыя пры падтрымцы вядучых еўрап. дзяржаў навязала Н. асабістую шведска-нарвежскую унію 1814—1905. Паводле ўмоў уніі Швецыя вызначала знешнюю палітыку Н. пры захаванні яе ўнутр. аўтаноміі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё краіны (у 1816 засн. Банк Н., у 1854 уведзена ў эксплуатацыю першая чыгунка), асабліва гандл. флоту (па яго велічыні да пач. 1-й сусв. вайны Н. займала 3-е месца ў свеце). Разам з тым сац.-эканам. цяжкасці прывялі да перасялення каля 1 млн. нарвежцаў у Паўн. Амерыку (найб. хвалі перасяленцаў у 1879, 1882, 1893). У 1859 у сторцінгу (парламенце) аформілася ліберальная апазіцыя праціўнікаў швед.-нарв. уніі, у 1884 яны ўтварылі партыю Венстрэ (Левую), а прыхільнікі уніі заснавалі партыю Хёйрэ (Кансерватыўную); у краіне ўсталяваўся парламентарызм. У час уздыму рабочага руху ў 1870—80-я г. ўзніклі прафсаюзы, у 1887 — Нарв. рабочая партыя (НРП), якая пазней стала вядучай паліт. партыяй Н. У 1898 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1913 — і для жанчын.
3 канца 19 ст. ўзмацніўся рух за выхад Н. з уніі са Швецыяй. 7.6.1905 сторцінг абвясціў пра скасаванне швед.-нарв. уніі, нар. плебісцыт 13.8.1905 ухваліў разрыў уніі. Пасля заключэння швед.-нарв.Карльстадскіх пагадненняў 1905 і рэферэндуму ў Н. пра форму дзярж. ладу (ліст. 1905) на нарв. прастол 18.11.1905 быў выбраны дацкі прынц Карл (правіў як Хокан VII да 1957). Незалежнасць і тэр. цэласнасць Н. былі гарантаваны Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Расіяй паводле Хрысціянскіх канвенцый 1907. У пач. 1900-х г. Н. стала краінай найбуйнейшых у Еўропе ГЭС. У 1-ю сусв. вайну Н. прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту, але страціла пры гэтым амаль 50% свайго гандл. флоту (820 суднаў). У пасляваен. знешняй палітыцы ўрады Н. цесна супрацоўнічалі з Лігай Нацый. Прадстаўнікі Н. ўдзельнічалі ў арганізацыі міжнар. дапамогі галадаючым Паволжа; вял. аўтарытэт у свеце набыў сваімі гуманітарнымі акцыямі, у т. л. па дапамозе бежанцам з розных краін, нарв. палярны даследчык Ф.Нансен (гл. таксама Нансенаўская міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Н. ўзнік фаш. рух на чале з В.Квіслінгам. У 1931—33 Н. канфліктавала з Даніяй за Грэнландыю, але Міжнар. суд у Гаазе вырашыў спрэчку на карысць Даніі. На выбарах 1933 НРП атрымала 40% галасоў выбаршчыкаў, а ў сак. 1935 сфарміравала ўрад на чале з Ю.Нюгарсвалам (1935—45, з 1940 у эміграцыі). У 2-ю сусв. вайну, нягледзячы на нейтралітэт, краіну ў ходзе 2-месячнай Нарвежскай аперацыі 1940 акупіравалі ням.-фаш. войскі; нарв. кароль і ўрад эмігрыравалі ў Лондан (вярнуліся ў 1945). У лют. 1942 сфарміраваны нарв. калабарацыянісцкі ўрад на чале з Квіслінгам. Акупацыя краіны выклікала Рух Супраціўлення: у 1943 нарв. патрыёты разгарнулі барацьбу супраць «татальнай прац. мабілізацыі», абвешчанай урадам Квіслінга; узбр. групы Супраціўлення здзейснілі шэраг дыверсійных актаў, у т. л. ўзарвалі з-д па вытв-сці цяжкай вады для ням. атамнай бомбы; у канцы 1943 — пач. 1944 узнік аб’яднаны кіруючы орган Супраціўлення — «Фронт Радзімы». У выніку Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944паўн. раёны Н. вызваліла Чырв. Армія. 7.5.1945 у Н. капітулявалі герм. войскі. У вайне краіна страціла 10 тыс.чал., палавіну флоту (паводле танажу). У 1948 абвешчана амністыя квіслінгаўцаў, у 1950 спынена суд. праследаванне ваен. злачынцаў. Пасляваен. аднаўленню эканомікі краіны садзейнічала дапамога паводле Маршала плана. З канца 1940-х г. знешнепаліт. курс Н. вызначаўся адмовай ад нейтралітэту, імкненнем да інтэграцыі краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі. У 1945—65, 1971—72, 1973—76, 1976—81, 1986—89, 1990—97 кіруючай партыяй зноў была НРП (у т. л. ўрады на чале з Г.Х.Брунтланд), якая праводзіла курс на пабудову ў Н. сац. дзяржавы на ўзор Швецыі. На рэферэндуме 25.9.1972 большасць выбаршчыкаў выказалася супраць уступлення Н. ў «Агульны рынак». У 1981—86 і 1989—90 на чале ўлады знаходзіліся кансерватыўныя ўрады. У 1957—91 каралём Н. быў Улаф V, са студз. 1991 — Харальд V. На рэферэндуме ў канцы 1994 большасць выбаршчыкаў прагаласавала супраць членства краіны ў Еўрап. Саюзе. Пасля парламенцкіх выбараў у вер. 1997 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з К.М.Бундэвікам (Хрысц.нар. партыя).
Н. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю і Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1960), асацыіраваны член Зах.-Еўрап. Саюза (з 1992). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Нарв. рабочая партыя (найбуйнейшая), партыя Цэнтра, партыя Хейрэ (Кансерватыўная), Хрысц.нар. партыя, Сацыяліст. левая партыя, Партыя прагрэсу і інш.Прафс. аб’яднанні — Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў Н. (найбуйнейшае, засн. ў 1899, аб’ядноўвае каля 30 галіновых прафсаюзаў), Кааператыўнае аб’яднанне Н.
Гаспадарка. Н. — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. 26,2 тыс.дол. (1996). На прам-сць прыпадае 32,1% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), на сельскую і лясную гаспадарку, рыбалоўства і марскія промыслы — 2%, на сферу паслуг — 65,9% (1997). Прамысловасць мае экспартны кірунак. Гал. месца належыць горназдабыўной галіне. Здабываюць (1997) нафту — 152 млн.т і прыродны газ — 46,5 млрд.м³ у Паўночным. м. (цэнтр абслугоўвання здабычы — г. Ставангер), каменны вугаль — 0,4 млн.т на Шпіцбергене, жал., алюмініевыя, тытанавыя, цынкавыя, малібдэнавыя, кобальтавыя, нікелевыя руды, пірыты, буд. матэрыялы. У 1997 атрымана 112 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (99,4% — на ГЭС). Па вытв-сці электраэнергіі на 1 чал. Н. займае 1-е месца ў свеце. Развіты энергаёмістыя галіны — электраметалургія каляровых металаў і электрахімія. Вытв-сць (млн.т, 1997): чыгуну — 0,1, сталі — 0,4, пракату — 0,4. Асн. цэнтр — г. Му-і-Рана, з-д «Норск Ернверк». Значная вытв-сць алюмінію (г. Арэндаль і інш.), нікелю і медзі (г. Крыстыянсан), кобальту (15% сусв. вытв-сці), магнію, ферасплаваў. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю ўгнаенняў — 0,9 млн.т (1997, у пераліку на 100% колькасць карыснага рэчыва), у т. л. 0,6 млн.т азотных і 0,3 млн.т фосфарных, сінт. смол — 425 тыс.т, а таксама карбіду кальцыю, цяжкай вады, інертных газаў (аргон, неон). Асн. цэнтры хім. прам-сці — Осла і Берген, нафтаперапр. і нафтахім. — Берген і Ставангер. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Нарыхтоўкі драўніны склалі 7,6 млн.м³, піламатэрыялаў — 2,4 млн.м³, вытв-сць драўнянавалакністых пліт — 18,9 млн.м³, драўнянастружкавых пліт — 420 тыс.м³, паперы і кардону — 2 млн.т (1997); гал. цэнтры Шыен і Тронхейм. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены прадпрыемствамі па буд-ве суднаў, пераважна танкераў і рыбалоўных, платформ для здабычы нафты і газу ў моры, буравога, горнага, металург., хім., лесаперапрацоўчага абсталявання, вырабаў радыёэлектронікі (Осла, Берген, Ставангер). У прам-сці буд. матэрыялаў вылучаецца вытв-сць цэменту — 1,8 млн.т (1997). З галін лёгкай прам-сці найб. развіты швейная і трыкатажная (асабліва вытв-сцьспарт. і рабочага адзення), абутковая (абутак для маракоў і рыбакоў). У харч. прам-сці вылучаецца рыбаперапрацоўчая і рыбакансервавая галіна. Улоў рыбы (1997) — 2,84 млн.т, у т. л. селядцоў — 917 тыс.т, траскі — 401 тыс.т. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі даюць прадпрыемствы 4 найб. гарадоў, у т. л. 25% — Осла. Сельская гаспадарка працуе пераважна на ўнутр. рынак. С.-г. ўгоддзі (1997) займаюць 1,1 млн.га (каля 3,4% тэр.), у т. л. пад ворывам 1 млн.га. Пераважаюць невял. фермы (да 10 га). Многія з дробных фермераў частку даходу атрымліваюць ад рыбалоўства і продажу лесу. Пашырана вытворча-збытавая кааперацыя. Гал. галіна — малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1, свіней — 0,8, авечак і коз — 2,6, птушкі — 4. На Пн разводзяць паўн. аленяў (каля 100 тыс. галоў). Вытворчасць (тыс.т., 1997): мяса — 276, малака — 1900 (надой на 1 карову 5472 л за год), воўны — 5; атрымана 831 млн. штук яец. Прадукцыя раслінаводства (1997): збожжавыя і зернебабовыя — 1,3 млн.т, бульба — 0,4 млн.т, агародніна — 0,2 млн.т, плады і ягады — 0,1 млн.т. Сярэдняя ўраджайнасць: аўса — 50,4 ц/га, пшаніцы — 45,4 ц/га, бульбы — 222 ц/га. Вырошчваюць фуражныя культуры. Развіта клетачная пушная зверагадоўля (норак і лісоў). Асн. від транспарту — марскі, забяспечвае прыкладна 2/3унутр. і 9/10 знешніх перавозак. Танаж гандл. флоту (судны водазмяшчэннем больш за 100 т) больш за 21 млн. брута-рэг. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Больш за 90% танажу занята на міжнар. перавозках па замежных фрахтах. Гал. парты: Осла, Берген, Ставангер, Нарвік. Працягласць чыгунак (больш за 60% электрыфікаваныя) — 4 тыс.км, аўтадарог — 90 тыс.км. Н. знаходзіцца на адным з першых месцаў у свеце па ўнутр.авіяц. перавозках пасажыраў у разліку на душу насельніцтва. Міжнар. аэрапорты каля Осла, Ставангера, Будзё, густая сетка мясц. аэрапортаў. У 1997 экспарт склаў 47,7 млрд.дол., імпарт — 35,5 млрд.дол.Асн. тавары экспарту: нафта і прыродны газ (каля 50% па кошце), каляровыя металы, судны, рыба. Імпарт: машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, Швецыя, Нідэрланды, Францыя. Імпарт у Беларусь (1997) — 553 тыс.дол., пераважна рыба. Значны даход прыносіць турызм, колькасць замежных турыстаў 2,7 млн., чал., даход ад турызму — 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — нарвежская крона.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (15,8 тыс.чал.), ВПС (7,9 тыс.чал.), ВМС (9 тыс.чал.). Агульная колькасць 32,7 тыс.чал. (1999). Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Камплектаванне паводле прызыву. На ўзбраенні 170 танкаў, 214 бронетранспарцёраў, 57 баявых машын пяхоты, 252 гарматы, 454 мінамёты, 300 пераносных зенітных ракетных комплексаў, у ВМС 12 падводных лодак, 4 фрэгаты, 14 тральшчыкаў, 53 катэры і інш., у ВПС 79 баявых самалётаў.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне платнае, але 80% расходаў на ўрачэбную дапамогу і набыццё некат. лекаў фінансуецца з фондаў сац. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,4, жанчын 81,2 года. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал., натуральны прырост 0,27% (1999). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 197 чал., урачамі — 1 на 299 чал. (1998). Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Асвета. Сістэма адукацыі Н. дзярж., бясплатная, існуе невял. колькасць прыватных школ, якім аказваецца дзярж.фін. падтрымка. Паводле рэформы 1994 у сістэме адукацыі, дзеці вучацца ў школе з 6-гадовага ўзросту. Тэрмін усеагульнага абавязковага навучання 10 гадоў: складаецца з пач. ступені (1—4-ы кл.), прамежкавай (5—7-ы кл.) і ніжэйшай сярэдняй ступені (8—10-ы кл.), дзе вучні могуць выбіраць прадметы дадаткова да абавязковых. Пасля атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі 95% вучняў працягваюць вучобу на старшай ступені сярэдняй школы (3 гады навучання) і атрымліваюць поўную сярэднюю адукацыю, што дае права паступаць ва ун-т. Старшая ступень складаецца з базавых курсаў (1-ы год навучання), наступных спецыялізаваных і (або) курсаў прафесійна-тэхн. адукацыі. 40% выпускнікоў старшай ступені сярэдняй школы паступаюць у ВНУ. Выпускнікі каледжаў пасля выканання праграм, разлічаных на 2—3 гады, атрымліваюць дыплом. Першая акадэмічная ступень (кандыдат-магістр) прысвойваецца ун-тамі, універсітэцкімі і рэгіянальнымі каледжамі пасля выканання 4-гадовай праграмы навучання; дадатковае навучанне (1,5—3 гады), правядзенне даследавання і напісанне дысертацыі дазваляе атрымаць ступені — канд. філасофіі (гуманіт. навукі), канд. навук (прыродазнаўчыя дысцыпліны) і т.зв. ступень «Sivilingenior» (тэхн. навукі). Паслядыпломную адукацыю можна прадоўжыць у дактарантуры (3—4 гады) і атрымаць ступень д-ра навук у розных галінах ведаў. Існуе і агульная доктарская ступень — д-р філасофіі, якая не патрабуе абавязковага навучання, але прад’яўляе больш высокія патрабаванні да дысертацыі. Усе ВНУ падпарадкоўваюцца Мін-ву адукацыі, даследаванняў і рэлігіі. У 1999/2000 навуч.г. ў Н. — 160 тыс. студэнтаў, у т. л. 80 тыс. ва ун-тах; 4 ун-ты: у Осла (1811), Бергене (1948), Тронхейме (1968), Тромса (1972); 6 спецыялізаваных універсітэцкіх каледжаў. З мэтай развіцця супрацоўніцтва паміж ВНУ 95 рэгіянальных каледжаў у 1994 рэарганізаваны ў 26 і створана «нарвежская сетка», у якую ўвайшоў і універсітэцкі сектар. Найбуйнейшыя б-кі — універсітэцкія і б-ка ў Осла. Музеі: заалагічны (1820), Універсітэцкі нац. старажытнасцей (1828), прыкладнога мастацтва (1876), Нарв. народны (1894), Нац. галерэя (1837); музеі Вігелана (1947), Мунка (1963), музеі, дзе захоўваюцца судны нарв. вікінгаў, карабель Р.Амундсена і Ф.Нансена, плыт Т.Хеердала «Кон-Цікі» і інш. (усе ў Осла). Навук. даследаванні праводзяцца пераважна ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Н. каля 2160 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Aftenposten» («Вячэрняя газета», з 1860), «Dagbladet» («Штодзённая газета», з 1869), «Arbeiderbladet» («Рабочая газета», з 1884), «Nationen» («Нацыя», з 1896), «Verdens Gang» («Свет у руху», з 1945), «Vaart Land» («Наша краіна», з 1945), «Ny Tid» («Новы час», з 1975). Інфарм. агенцтва — Нарв.тэлегр. бюро (НТБ, з 1867). Дзейнічаюць больш за 70 радыёстанцый. Тэлебачанне з 1960. Трансліруюцца 2 агульнанац. і 17 мясц. праграм. Радыё і тэлебачанне кантралюе ўрадавая карпарацыя Нарв.дзярж. вяшчанне (з 1933).
Літаратура. Ад раннесярэдневяковай л-ры Н. захавалася няшмат помнікаў. У цесным узаемадзеянні з нарвежскай развівалася стараж.-ісландская л-ра, вядомая сваёй паэзіяй міфалагічнага і гераічнага зместу, а таксама творчасцю скальдаў (нарвежцы Брагі Бодасан, Торб’ёрн Хорнклаві, Эйвінд Фінсан; 9—11 ст.) і інш. У 13 ст. з’явілася ананімная рэліг.-філас. (паэма «Сонны прывід») і рэліг.-дыдактычная (дыялог «Каралеўскае люстра») л-ра. Страта краінай незалежнасці выклікала заняпад нарв. л-ры. Літ. мовай стала дацкая. Гуманіст. рух у Н. ў сярэдзіне 16 ст. быў цесна звязаны з Рэфармацыяй (лацінамоўныя творы Х.Хунарсана, Е.Нільсана). Патрыят. духам прасякнута гісторыка-геагр.кн. «Пра нарвежскае каралеўства» (1567) А.Педэрсена Беера. У 17 ст. значныя маст. творы стварылі П.Дас (паэма «Голас Нурлана»), Д.Энгельбрэтсдатэр (рэліг. лірыка). Станаўленне свецкай л-ры Н. прыпадае на 18 ст. (паэзія К.Б.Туліна, проза і драматургія дацка-нарв. пісьменніка Л.Хольберга). Даніну класіцызму аддалі ў сваёй творчасці Ю.Н.Брун (аўтар першай нарв.гіст. трагедыі «Эйнер Тамбешэльвер», 1772), К.Фастынг, сентыменталізму — П.Х.Фрыман. Супраць адмоўных бакоў класіцызму скіраваны сатыр. і гумарыстычна-парадыйныя творы Ю.Г.Веселя, Ю.Вібе. У 1-й пал. 19 ст. на фоне барацьбы Н. за незалежнасць вылучылася самаст.нарв.нац.л-ра. У гэтым рэчышчы развівалася паэзія Х.Вергелана. Пачынальнік л-ры на нарв. мове (лансмоле) — І.Осен. Пануючым літ. кірункам 1840—50-х г. быў «нацыянальны рамантызм» (літ. апрацоўкі нарв. фальклору П.К.Асб’ёрнсена, Ё.Му, М.Б.Ланстада, паэзія Ю.С.Вельхавена, А.Мунка, драм. творы Х.Б’ерэгара, Бруна, Мунка, проза М.К.Хансена, Вергелана). У творах П.Ботэн-Хансена, О.У.Вінье, ранняга Г.Ібсена разгарнулася палеміка з прадстаўнікамі гэтага кірунку. У 2-й пал. 19 ст.л-ра Н. ў шэрагу вядучых л-р свету, найперш дзякуючы драм. творам Ібсена і Б.М.Б’ёрнсана, для якіх характэрна арган. спалучэнне рамантычна-сімвалістычных і рэаліст.рыс. Росквіт рэаліст. рамана пачаўся з твораў К.Эльстэра Старэйшага («Небяспечныя людзі»), Ю.Лі («Лоцман і яго жонка», «Пажыццёва засуджаны», «Дочкі камандора»), А.Л.Х’елана («Шкіпер Воршэ», трылогія «Атрута», «Фартуна», «На Івана»), А.Гарбарга («Вальнадумец», «Сяляне-студэнты»), Натуралістычныя і эратычныя матывы ўласцівы прозе А.Скрам. Моцныя ўплывы імпрэсіянізму адчувальныя ў раманах Х.Егера, неарамант. вершах, малой прозе і п’есах С.Обстфелера, Т.Крага, паэзіі Н.К.Вогт, В.Крага. У канцы 19—пач. 20 ст.сусв. вядомасць набыла псіхал. проза К.Гамсуна. Гуманіст. традыцыі развіваліся ў творчасці Ю.Боера, Г.Скота, Х.Кінка, П.Эге. Мноствам плыняў і кірункаў вызначалася нарв.л-ра паміж сусв. войнамі. У манеры псіхал. рэалізму напісана эпапея «Жыхары Ювіка» У.Дуўна (т. 1—6, 1918—23), у рэчышчы «новага рэалізму» і неарамантызму — гіст. раманы С.Унсет. Прыкметнай з’явай у л-ры Н. сталі псіхал. раманы С.Хуля. Сац. тэматыкай адметная проза К.Упдаля, Ю.Фалькбергета, О.Бротэна, паэзія Р.Нільсена. Стваральнік нарв.сял. эпасу — Т.Весас (раманы «Вялікая гульня» і «Жанчынам патрэбны дом»), Уплывы фрэйдызму адчувальныя ў раманах А.Санемусе, паэзіі А.Эверлана, драмах Х.Крога. Выкарыстанне традыц. форм у спалучэнні з паэт. навацыямі ўласціва творам Г.Вільдэнвея, У.Аўкруста, С.Мерэна, У.Буля. Вылучылася творчасць хрысц. празаікаў С.Крысціянсена, Р.Фангена, драматурга-сімваліста Г.Хейберга. У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыгрывала паэзія Ю.Н.Грыга, І.Хагеруп, проза Хуля, Ю.Боргена і інш. У пасляваен. час вылучылася проза аналіт. (Борген, А.Омрэ), псіхал. і фрэйдысцкая (Хуль, Т.Недрэас, Н.Ю.Руд), рэаліст. (Боер, Весас), паэзія традыцыяналісцкая (Г.Рэйс-Андэрсен, І.Хагеруп, Т.Стыген, Т.Юнсан) і мадэрнісцкая (Мерэн, Р.Якабсен, Э.Оклан, Я.Э.Вол), драматургія рэаліст. (Х.Хагеруп, Е.Б’ёрнебу, Т.Скагестад, А.Во, Н.Р.Крыстэнсен) і мадэрнісцкая (Ф.Хаўрэвал, Т.Эр’ясетэр, С.Крыстаў). У л-ры 1980—90-х г.цэнтр. месца займаюць мадэрнісцкая паэзія і драматургія (Э.Хоэм), проза псіхал. (К.Фальбакен), фемінісцкая (Б.Вік), эксперым. (К.Флёгстад, С.Лёвейд), рэліг. (А.Ронінг), футурысцкая (А.Енсен), паліт. і сац. (К.Хольт). Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Н. — паэт і літ.-знавец М.Наг. На бел. мову творы нарв. пісьменнікаў перакладалі С.Міхальчук, В.Сёмуха, Л.Баршчэўскі.
Архітэктура. Сярэдневяковае дойлідства Н. выпрацавала своеасаблівы ў канстр. і маст. адносінах тып драўлянай царквы «стаўкірка», якая ўзводзілася з верт. пастаўленых бярвён і брусоў (цэрквы ва Урнесе, 1060—1130; Боргуне, каля 1150; Голі, канец 12 ст., цяпер у Нарвежскім нар. музеі на п-ве Бюгдзё ў Осла). Мураваная архітэктура фарміравалася ў 12—14 ст. пад уплывам англ. пабудоў раманскага стылю (сабор у Ставангеры, 1130—1300) і готыкі (сабор у Тронхейме, каля 1140—1320, рэстаўрыраваны ў 19—20 ст.; каралеўская зала Хокансхален у Бергене, 1246—61). З 16 ст. пашыраны агульнаеўрап. маст. стылі: пабудовам 2-й пал. 16—17 ст. ўласцівы элементы архітэктуры Адраджэння, у 18 ст. пераважалі рысы барока і ракако, у канцы 18—1-й пал. 19 ст. з’явіліся пабудовы ў стылі класіцызму (каралеўскі палац, 1824—48, арх. Х.Д.Ф.Лінстаў; ун-т, 1838—52, арх. К.Х.Грош). У архітэктуры сядзібных і гар. дамоў захоўваліся традыц. высокія чарапічныя дахі з заломам, лёгкія драўляныя галерэі і лоджыі. У 2-й пал. 19 ст. на змену класіцызму прыйшла эклектыка (псеўдараманскія формы, англ. неаготыка); нац.-рамант. рысы выявіліся ў т.зв. драконаўскім стылі з дэкар. элементамі айч. драўлянага дойлідства (арх. Х.Мунтэ і інш.). У 1920—30-я г. развіваўся функцыяналізм. Пасля 2-й сусв. вайны вырашаліся праблемы пашырэння і рэканструкцыі гарадоў (праект Вял. Осла, 1948—50), масавага жыллёвага буд-ва. У пошуках самабытных форм архітэктары звярталіся да нар. дойлідства (турыстычныя гасцініцы, вілы, асабнякі). У 1960-я г. ў Н. пашырыўся арх. кірунак бруталізм: ратуша ў Аксеры каля Осла (1963, арх. Х.Лунд, Н.Слету), музей у Ховікодэне (1964—68, арх. І.Эйквар, С.Е.Энгебрэтсен). У 1910 створаны Саюз нарв. архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад неаліту і бронз. веку на тэр. Н. захаваліся наскальныя размалёўкі з выявамі аленяў, схематычных фігур людзей, сонечнага дыска і інш. У сярэдзіне 1-га тыс.н.э. ад мастацтва герм. плямён, якія засялялі Пд Н., пашырыўся звярыны стыль. У канцы 8—9 ст. у рэчышчы культуры вікінгаў пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва Н. Развіваўся звярыны стыль, у які ўключаліся геам. ўзоры («пляцёнка») і фігуры людзей (разьба на пахавальных караблях, павозках, санях і інш.), пазней — расл. ўзоры і жанравыя сцэны. У 13—14 й. развівалася гатычнае мастацтва (размалёўкі храмаў, скульптура, мініяцюра). З канца 14 ст. развіццё маст. культуры Н. заняпала. У 17 — пач. 19 ст.нарв. мастацтва развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў барока і ракако (працавалі пераважна замежныя майстры). У дэкар.-прыкладным мастацтве пашырыліся разьба і размалёўка па дрэве, разьба па слановай косці. У пач. 19 ст. з’явіліся нац.прафес. мастакі (жывапісец і графік Ю.К.К.Даль, О.Вергеланд і інш.). З сярэдзіны 19 ст. павялічылася цікавасць да тэм нар. жыцця (А.Тыдэман), нац. пейзажа (Х.Гудэ, Ф.Колет). У 1870—80-я г. пад уплывам франц. мастацтва большасць нарв. мастакоў аддавалі ўвагу вырашэнню спецыфічных жывапісных праблем, асабліва перадачы асвятлення і святлопаветр. асяроддзя (Х.Бакер, Э.Петэрсен, Ф.Таўлаў, Х.Хеердал і інш.). У скульптуры дамінавалі рысы класіцызму ў духу дацкага скульпт. Б.Торвальдсена (Б.Бергсліен, Ю.Мідэльтун, Х.Мікельсен, М.Шэйбрак і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. у мастацтве склалася нац.рэаліст. школа (К.Крог, Э.Верэншэль, Т.Кігэльсен, Г.Мунтэ і інш.). У рэчышчы сімвалізму працаваў скульпт. А.Т.Вігелан. У гэты перыяд склалася творчасць аднаго з заснавальнікаў экспрэсіянізму Э.Мунка. У выяўл. мастацтве 1-й пал. 20 ст. дамінавала манум.-дэкар. мастацтва (Р.Аўлі, П.Крог, А.Рэваль, А.Рольфсен і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырыліся мадэрнісцкія кірункі (Я.Вейдэман, Г.С.Гундэрсен, К.Румар, І.Сітэр і інш.). Традыцыі рэаліст. школы працягвалі жывапісец Х.Фіне, графікі П.Гаген, В.Тветэрас і інш. У скульптуры развіваліся неакласіцыстычныя тэндэнцыі (Э.Баст, Р.Луне, В.Расмусен, Г.Янсан і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, кераміка, тэкстыль, драўляны посуд, вырабы з металу, карункапляценне, вышыўка) пераважаюць простыя рацыянальныя формы, у дэкоры выкарыстоўваюцца перапрацаваныя элементы нац. фальклору.
Музыка. Пра стараж. паходжанне нарв. музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя муз. інструменты 2 ст. да н.э.), сагі ісландска-нарв. эпасу («Эда Старэйшая», канец 11 ст.). Захаваліся стараж.вак.-інстр. і танц. жанры — пастухоўскія песні-клічы лок, хювінг, лалінг; балады, культавыя, гіст. і інш. песні, танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковыя фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта селье, лур; варган мюнхарпе. З пашырэннем хрысціянства (10 ст.) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 ст. — арганная музыка. У 14—19 ст. музыка Н. была пад уплывам дацкай музыкі. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў перыяду Рэфармацыі — «Dansk salmebog» Х.Томісёна (1569), «Graduale» Н.Есперсена (1573). З канца 16 ст.муз. цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі аматарскія і праф. аркестры, паўпрафес. муз. т-вы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарв. кампазітараў эпохі барока Г. фон Бертух, Ю.Д.Берлін (аўтар і першага нарв. падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 ст. паявіліся першыя зб-кі запісаў нар. песень і танцаў (1841). У 1825 напісаны першы нарв. зінгшпіль (кампазітар В.Тране, паэт Х.Б’ерэгар). Стваральнікі нац. кампазітарскай школы — Х.Х’ерульф і Р.Нурдрак (аўтар нарв.нац. гімна, 1864). Найб. адметная з’ява музыкі Н. — творчасць і дзейнасць Э.Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.Сіндынг, Ю.Сельмер, Ю.Хальварсен, у 20 ст. — А.Эген, Э.Альнес, Ю.Хорклаў, С.Юрдан. Вял. ўклад у нарв. музыку зрабіў Ю.Свенсен. У музыцы Н. прасочваюцца ўплывы і прынцыпы розных стыляў і школ, у т. л.муз. імпрэсіянізму (А.Хурум), новай венскай школы (Ф.Вален), неакласіцызму (Л.І.Енсен), франц. музыкі пач. 20 ст. (Д.М.Юхансен, П.Хал, А.Клевен, Б.Брустад). Буйнейшыя сімфаністы Н. — К.Эге і Х.Северуд. Стараж. фальклор Н. выкарыстоўваюць у сваіх творах Э.Грувен, С.Ульсен, Е.Твейт; серыйную тэхніку і алеаторыку — Ф.Мортэнсен, Э.Ф.Брэйн, Э.Сомерфельт, А.Бібала, Э.Хоўлан і інш. У галіне электроннай музыкі працуе А.Нурхейм. Сярод інш. сучасных кампазітараў: К.Нюстэт, М.Ом, Ю.Квандал, А.Янсан, эстрадныя Б.Амдал, Р.Даніельсен, В.Санбек. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Андэрсен, О.Р.Грунер-Хеге, Э.Ф’ельстад, Ю.Хальварсен, спевакі Э.Гульбрансан, К.Флагстад, О.Нурму-Лёўберг, Э.Талаўг, К.Скрам, У.Эрыксен, піяністы І.Братлі, Х.М.Бекелун, Р.Левін, Т.Тэлефсен, скрыпачы У.Буль, А.Тэлефсен і інш. У Н. працуюць: Оперны т-р (з 1958) і аркестр Філармоніі ў Осла, аркестр філарманічнага т-ва «Гармонія» ў Бергене, стр. Хіндар-квартэт, Нац. канцэртнае т-ва (з 1968); кансерваторыі ў Осла (з 1883), Бергене (1905), Ставангеры (1945), вышэйшыя муз. школы ў Тронхейме (1911), Вейтвеце (1959) і інш. З 1953 у Бергене праводзяцца Міжнар.муз. фестывалі.
Тэатр. Вытокі нац.нарв.т-ра ў рэліг. і быт. абрадах. У 16—17 ст. у школьных т-рах ставілі містэрыі і маралітэ на лац. і нарв. мовах. У сярэдзіне 18 ст. ў Хрысціяніі (сучасны г. Осла) і Бергене ўзніклі аматарскія тэатр. трупы на нарв. мове (найб. буйная — хрысціянійскае Драм.т-ва, засн. ў 1780). У 1794 засн.праф.т-р у Бергене, у 1827 — Хрысціянійскі т-р, у якіх ставіліся п’есы на дацкай мове і выступалі пераважна дацкія акцёры. У 1850 у Бергене адкрыўся Нарв.т-р (з 1876 «Нац. сцэна»), які ўзначальвалі драматургі Г.Ібсен, пазней Б.Б’ёрнсан. З яго дзейнасці пачалося развіццё нарв.нац.тэатр. мастацтва. У 1852 адкрыта Нарв.драм. школа ў Хрысціяніі (з 1854 «Нарв.т-р»). З пач. 20 ст. буйнейшым цэнтрам тэатр. жыцця Н. стаў Нац. т-р. У яго рэпертуары вял. месца належала драматургіі Ібсена і Б’ёрнсана, ставіліся творы У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Ю.А.Стрындберга, Б.Шоу і інш., у трупу ўваходзілі лепшыя нарв. акцёры (Р.Ветэргрэн, Г.Грыг, Ю.Дзюбвад, Д.Кнудсен, А.Маўрстад, А.Мувінкель, Х.Обель, А.Одвар, Ю. і С.Рэймерс, Т.Сегельке, Ю.Фальстрэм і інш.). Створаны і новыя т-ры ў Хрысціяніі, Бергене, Тронхейме, Ставангеры. У 1920—30-я г. ставіліся нац. і сусв. класіка, п’есы К.Абеля, Ю.Боргена, Ф.Вольфа, Х.Крога, Н.Грыга, К.Чапека, П.Лагерквіста і інш. У 2-ю сусв. вайну тэатр. мастацтва зведала востры ідэйна-маст. крызіс, многія акцёры эмігрыравалі ў Швецыю. У сучасным рэпертуары т-раў разам з творамі нац. і сусв. класікі пашырылася драматургія сучасных замежных аўтараў. Працуюць Нац.т-р, Малая сцэна Нац.т-ра (ставіць толькі аднаактовыя п’есы), Нарвежскі т-р, Нар.т-р (з 1913), Новы т-р (з 1929) у Осла, Дзярж. вандроўны т-р (з 1949) і інш.; дзейнічаюць шматлікія т-ры тыпу рэвю. Акцёраў і рэжысёраў рыхтуе Дзярж.тэатр. школа ў Осла (з 1953).
Кіно. Вытворчасць фільмаў у Н. пачалася ў 1908 (кароткаметражны ігравы фільм «Небяспечнасці рыбацкага жыцця»). У 1916 створана фірма «Хрысціянія-фільм», у 1919 — кампанія «Муніцыпальны кінацэнтр», у 1935 — кінастудыя ў Яры. У 1910-я г. здымалі пераважна фільмы забаўляльнага характару, з 1920-х г. — экранізацыі літ. твораў, якія пераважна ідэалізавалі нац. традыцыі: «Ганна-падкідыш» (1920, рэж. Р.Брэйстэйн), «Горная казка» (рэж. Л.Сіндынг), «Лось-велікан» (рэж. В.Фюрст, абодва 1927), першы гукавы фільм «Вялікія хрэсьбіны» (1931, рэж. Т.Ібсен), «Добрыя людзі» (1937, рэж. Сіндынг), «Дзіця» (1938, рэж. Брэйстэйн), «Слаўная Марэн» (1940, рэж. К.Хергель) і інш. У 1930-я г. з’явіліся фільмы з сац. і этычнай праблематыкай: «Валацуга» (1934), «Двое жывых і адзін памерлы» (1937, абодва рэж. Ібсен) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся фільмы, прысвечаныя Руху Супраціўлення: «Мы хочам жыць» (рэж. У.Дальгар), «Уцекачы» (рэж. Т.Санё, абодва 1946), «Бітва за цяжкую ваду» (1948, рэж. Т.Вібе-Мюлер, Ж.Дрэвіль), «Уцёкі з Дакара» (1951, рэж. Вібе-Мюлер), «Вымушаная пасадка» (1952), «Дзевяць жыццяў» (1957), «Акружэнне» (1960, усе рэж. А.Скоўэн) і інш. З канца 1940-х г. здымалі лялечныя фільмы (рэж. І.Капрына), у 1950 зняты першы ігравы фільм для дзяцей «Марыяна ў бальніцы» (рэж. Вібе-Мюлер). У 1950 засн.Дзярж. цэнтр кіно, у 1955 — Нарв.ін-т кіно і Дзярж. музей фільмаў. Пачало развівацца дакумент. і навук.-папулярнае кіно (рэж. А.Берг, Я.Вікбарг, Т.Хеердал, П.Хест і інш.). У 1960-я г. фільмы сац. і ваен. тэматыкі здымалі рэж. К.Андэрсен, Н.Мюлер, Н.Р.Крыстэнсен і інш., кінакамедыі — рэж. Андэрсен, Вібе-Мюлер, Э.Бенерэд і інш. У 1968 створаны сав.-нарв. фільм «Усяго адно жыццё» (рэж. С.Мікаэлян). У 1970—80-я г. ў кіно прыйшлі маладыя рэжысёры П.Банг-Хансен («Канарэйка», 1973; «Кронпрынц», 1979), Берг («Закрытае аддзяленне», 1972; «Вайна Бобі», 1974), П.Блум («Антон», 1973; «Дом маці», 1974), А.Брэен («Гвалтаванне», 1971; «Жонкі», 1975; «Спадчына», 1978; «Паляванне на ведзьмаў», 1981), В.Лёкеберг («Адкрыццё», 1977; «Дзяўчынка на пабягушках», 1981), Л.Мікельсен («Мы», 1976; «Маленькая Іда», 1981) і інш. Вылучаюцца фільмы рэж. С.Вама і П.Венерэда («Ласе і Гейр», 1976; «Маўклівая большасць», 1977; «Чарней за ноч», 1979; «Жыццё і смерць», 1980; «Юлія — Юлія», 1981; «Жыць сваім жыццём», 1982), Я.Дзюрынга («Люсі», 1979), Э.Сульбакена («Кроў падзёншчыка», 1978), С.Уднеса («Фру Інгер з Эстрата», 1975; «Імгненне», 1975) і інш. Развіваецца кіно для дзяцей: «Падарожжа на калядную зорку» (1976, рэж. О.Солум), «Бабуля і восем дзяцей у горадзе» (1977), «Бабуля і восем дзяцей у лесе» (1979, рэж. абодвух Э.Торстэнсан), «Цэпелін» (1981, рэж. Л.Глом), «Залатавуст» (1982, рэж. Блум) і інш. Сярод акцёраў І.Бардун, Б.Бёрсум, Х.Кольстад, А.Малан, А. і Т.Маўрстад, К.Медбе, А.Опсаль, А.М.Отэрсен, Б.Скатэста, С.Стурла Хугнес, Я.Ф’ельстад, К.Хусебё і інш. У Н. дзейнічаюць Саюз муніцыпальных кінематаграфістаў. Нарв. саюз фільмаў, арг-цыі нарв. вытворцаў кіно і відэапраграм, нарв. кінакрытыкаў, Саюз нарв. кінаклубаў. Кадры для кіно рыхтуюцца на базе Тронхеймскага ун-та.
Літ.:
История Норвегии. М., 1980;
Гуревич А.Я. Норвежское общество в раннее средневековье: Пробл. социал. строя и культуры. М., 1977;
Носков А.М. Норвегия во второй мировой войне 1940—1945. М., 1973;
Кюнле С. Государство всеобщего благосостояния: Норвежская модель: Пер. с норв. М., 1994;
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;
Сакалоўскі У. Скандынаўскія літаратуры ў Беларусі // Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Ланге К., Эствед А. Норвежская музыка: Пер. с англ.М., 1967;
Левашева О.Е. Музыка // История Норвегии. М., 1980;
Гриндэ Н. История норвежской музыки: Пер. с норв. Л., 1982.
Герб і сцяг Нарвегіі.Да арт.Нарвегія. 1 — горнае возера на поўдні краіны; 2 — старая частка горада Берген.Да арт.Нарвегія. Царква «стаўкірка» ў Голі, канец 12 ст. (злева); сабор у Тронхейме, каля 1140—1320.Да арт.Нарвегія. Х.Гудэ. Марскі пейзаж. 1876.Да арт.Нарвегія. Э.Мунк. Крык. 1893.Да арт.Нарвегія. О.Вергеланд. Эйдсвальд. 1814.Да арт.Нарвегія. Ю.К.К.Даль. Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай. 1842.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДЭНБУРГ (Brandenburg),
зямля (адм. адзінка) на ПнУФРГ. Пл. 29,05 тыс.км². Нас. 2,67 млн.чал. (1995). Адм. ц. — г.Патсдам. Займае ч. Сярэднееўрап. раўніны, у межах якой вылучаюцца Мекленбургскае паазер’е на Пн і марэннае узв. Флемінг (да 201 м) на Пд; паміж імі — паласа пясчаных нізінных раўнін з шырокімі забалочанымі стараж. лагчынамі. Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 18 °C, студз.каля 0 °C, ападкаў 550 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне мае буры вугаль, ёсць буд. матэрыялы і торф. Букавыя і дубова-букавыя лясы. Асн.прамысл. цэнтры (выплаўка сталі, металаапрацоўка, машынабудаванне, электратэхніка) сканцэнтраваны вакол Берліна: Араніенбург, Генігсдорф, Патсдам, Брандэнбург, Тэльтаў і інш. Другі прамысл. раён — Нідэрлаўзіц на ПдУ, дзе на базе здабычы бурага вугалю развіта энергетыка (буйныя ЦЭС у гарадах Любенаў, Фечаў, Лаўгамеры і інш.) і хім.прам-сць. Франкфурт-на-Одэры — буйны цэнтр эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вырошчванне збожжавых (пшаніца, жыта), бульбы, цукр. буракоў, агародніны і садавіны. Малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны.
Тэр. сучаснага Брандэнбурга да 4 ст. насялялі герм. плямёны, з 5 ст. — палабскія славяне (стадаране, або гаваляне). У 1157 ням. войскі на чале з маркграфам Альбрэхтам Мядзведзем заваявалі сталіцу стадаран Брэну (Бранібор) пераназвалі яе Брандэнбургам і зрабілі цэнтрам новаўтворанага Брандэнбургскага маркграфства — фарпоста герм. экспансіі на У (войны з Польшчай у сярэдзіне 13 ст., 1308, 1315—17 і інш.). З 1356 Брандэнбург — курфюрства (з 1415 правілі Гогенцолерны; іх рэзідэнцыя з 1486 — Берлін). У 1618 Брандэнбург аб’яднаны з герцагствам Прусія ў Брандэнбургска-прускую дзяржаву (гл.Прусія). У 1815 утворана пруская правінцыя Брандэнбург (існавала да 1945). З 1945 у складзе сав. зоны акупацыі. З 1949 зямля ГДР, з 1990 зямля ФРГ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКІЯ ДРУКА́РНІ,
выдавецкія ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі на Беларусі і Украіне ў канцы 16—18 ст. Адыгралі вял. ролю ў развіцці бел. і ўкр. культуры, уздыме асветы. У іх дзейнасці выразна выявіліся сувязі бел. кнігадрукавання з выдавецкімі традыцыямі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Існавалі Віленская брацкая друкарня (канец 16 — пач. 18 ст.), Еўінская друкарня (17 ст.), Магілёўская брацкая друкарня (17—18 ст.). Да брацкіх можна аднесці Куцеінскую друкарню (17 ст.), актыўны ўдзел у рабоце якой прымалі магілёўскія і аршанскія братчыкі, хоць прывілеі, што пацвярджалі б права на друкарню аршанскага брацтва, не выяўлены. У 1594—1608 перапынілася або аслабла дзейнасць галоўнай у тыя часы брацкай друкарні ў Львове. Пры падтрымцы брацтваў і па іх заказах працавалі друкарні С.Собаля, І.Труцэвіча, М.Вашчанкі. З канца 16 ст. да 1654 выйшла 127 выданняў, у т. л. 16 вучэбных (пераважна буквары), 12 палемічна-публіцыстычных («Кніга пра веру», «Трэнас», «Сінопсіс» і інш.), 16 панегірычных і прапаведніцкіх (казанні), 20 «Чэццяў кнігі» і інш. нелітургічных твораў. З іх больш за 70% выйшла на царк.-слав. ці бел. мове (або на царк.-слав. ў бел. рэдакцыі), 25% — на польскай. У 2-й пал. 17—18 ст. ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. супярэчнасцей больш ці менш сістэматычна працавала толькі брацкая друкарня ў Магілёве. Пагоршыўся вонкавы выгляд кніжнай прадукцыі, а самую вял. яе частку складала царк.-багаслоўская і літургічная л-ра. Усяго ў 16—18 ст. брацкія друкарні (разам з друкарнямі Собаля і Вашчанкі) выпусцілі каля 170 выданняў.
Літ.:
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław;
Kraków, 1959;
Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат.Мн., 1986;
Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;
Яго ж. Роль братств в издании и распространении книг на Украине и Белоруссии (конец XVI—XVIII в.) // Книга и графика. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРНО (Brno),
горад на У Чэхіі. Адм. ц. Паўднёва-Мараўскай вобласці. 390 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл., гандл., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (турба-, трактара-, прыладабудаванне, вытв-сцьхім. абсталявання і інш.), шарсцяная, хім., паліграф., харч., мэблевая, буд. матэрыялаў. Штогадовы міжнар.прамысл. кірмаш. Філіял Чэшскай АН. Акадэмія муз. мастацтваў. Ун-т. Музеі. Міжнар.муз. фестывалі (з 1966).
Упершыню ўпамінаецца як замак у 1091. З канца 11 ст. цэнтр удзельных княстваў Пржамысловічаў, з канца 12 ст. рэзідэнцыя мараўскага маркграфа. У 1243 абвешчаны вольным каралеўскім горадам, значнае развіццё атрымаў у 13—15 ст. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў, адм., гасп. і культ. цэнтр Маравіі. Каля Брно (г. Аўстэрліц, цяпер г. (Слаўкаў) адбылася Аўстэрліцкая бітва 1805. З 1918 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, з 1969 у Чэш. Рэспубліцы.
Гіст. ядро горада размешчана на рачных тэрасах паміж скалістымі пагоркамі Шпільберк і Петраў. Горад 13—16 ст. (з ірэгулярнай планіроўкай, вузкімі вуліцамі, авальнымі ў плане ўмацаваннямі) перабудаваны ў 17—18 ст. і асабліва ў 19—20 ст. За межамі гіст. цэнтра радыяльныя праспекты з пабудовамі ў духу эклектызму, стылю «мадэрн» і функцыяналізму. Сярод помнікаў архітэктуры: замак на пагорку Шпільберк (13—18 ст.), гатычны сабор св. Пятра і Паўла (14—19 ст.), Старая (14—16 ст.) і Новая (16—18 ст.) ратушы, рэнесансавыя жылыя дамы, Дытрыхштэйнскі палац (1616—19, барока, цяпер Мараўскі музей). Комплекс Міжнар.прамысл. кірмашу (з 1920-х г.), Мараўскі банк (1930—31, арх. Б.Фукс), віла «Тугендхат» (1930—31, арх. Л.Міс ван дэр Роэ) пабудаваны ў стылі функцыяналізму. Тэатр оперы і балета імя Л.Яначака (1958—65), гасцініца «Кантыненталь» (1960-я г.), новыя жылыя раёны (Лесна, Жабавржэскі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ АБАРО́НА 1941, абарона сав. войскамі Брэсцкай крэпасці ў пач.Вял.Айч. вайны (22 чэрв. — канец ліп.). Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралк. дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інж. палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей (усяго 7—8 тыс. воінаў). Крэпасць штурмавалі 2 пях. і 2 танк. дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей ўзмацнення з ліку тых, што ўдзельнічалі ў захопе горада. Праціўнік меў амаль у 10 разоў большыя сілы. Ён ставіў за мэту авалодаць крэпасцю да 12 гадз першага дня вайны. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню сав. воінаў і пагранічнікаў каля паловы асабовага складу і параненыя змаглі пакінуць крэпасць. У 1-ы дзень баёў да 9 гадз раніцы крэпасць была акружана, пачаліся яе артабстрэл і бамбардзіроўка, 23 чэрв. горад быў заняты. Праз Цярэспальскае ўмацаванне вораг прарваўся ў Цытадэль і пачаў наступаць у напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. У поўным акружэнні, без вады і прадуктаў, пры нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6—8 атак за дзень. Разам з байцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрв. вораг захапіў большую частку крэпасці. 29—30 чэрв. гітлераўцы правялі генеральны штурм крэпасці, выкарыстоўваючы агнямёты. Абставіны перашкодзілі ажыццявіць агульнае кіраўніцтва абаронай, таму яна распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення, якія адзначаны нават пасля 20 ліп. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». Удзельнікі абароны ўзнаг. ордэнамі і медалямі, П.М.Гаўрылаву і А.М.Кіжаватаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. На тэр. крэпасці створаны Брэсцкай крэпасці-героя музей, адкрыты мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой.
Т.М.Ходцава.
Да арт.Брэсцкай крэпасці абарона 1941. Дыярама ў Музеі абароны крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧ (Валенцій Мельхіёравіч) (12.5.1800, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1842),
бел. жывапісец; прадстаўнік рамантызму. З роду Ваньковічаў, пляменнік паэта А.Гарэцкага. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811), на ф-це вольных навук Полацкай акадэміі (1813—17), у Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1818—24), Пецярбургскай АМ (1825—28). За малюнкі з натуры адзначаны 2-м (1825) і 1-м (1826) сярэбранымі медалямі, за твор «Подзвіг маладога кіяўляніна...» (1827) — залатым медалём і правам вучыцца за мяжой за кошт акадэміі. Найб. вядомы як партрэтыст: партрэты Адама Міцкевіча («Міцкевіч на скале Аюдаг», 1828), Э.Ромера, Ю.Корсака, А.Адынца, М.Шыманоўскай, А.Пушкіна, К.Ліпінскага, В.Жукоўскага і інш. З 1829 жыў у Мінску, меў майстэрню ў Вял. Сляпянцы і Мінску (разам з Ч.Манюшкам). Тут стварыў партрэты бацькі, сястры С.Гарноўскай, Д.Манюшкі, жонкі з дзецьмі (мініяцюры), А.Гарэцкага, В.Пуслоўскага і членаў яго сям’і, С. і К.Пясецкіх, К. і А.Тавянскіх і інш. Пад уплывам Тавянскага захапіўся тэорыяй містыцызму, асобай Напалеона, біблейскімі сюжэтамі: «Маці Божая Вастрабрамская», «Мадонна з Ісусам Хрыстом і Іаанам Хрысціцелем», «Напалеон каля вогнішча» (1834). У канцы 1830-х г. пакінуў Мінск; працаваў у Дрэздэне, Берліне, Мюнхене; з 1841 у Парыжы, жыў у сям’і Міцкевічаў. Напісаў манум. палотны «Апафеоз Напалеона», «Напалеон плача над картай Еўропы», абразы «Евангеліст Іаан», «Святая Клара». Твораў Ваньковіча захавалася вельмі мала. Яны знаходзяцца пераважна ў Англіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літве, Расіі.
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX стагоддзя. Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Паньшына І. Ісціна вымалёўваецца: Валенцій Ваньковіч: Новыя факты біяграфіі // Мастацтва. 1994. № 1;
Ciechanowka Z. Malarz sprawy Walenty Wańkowicz: (Źyciorys) // Pamiętnik literacki. 1948. R. 38.