ФАРМАЛІЗА́ЦЫЯ,

спосаб адлюстравання зместу пэўнай сукупнасці ведаў шляхам выкарыстання складанай сістэмы правіл, ідэалізацый, абстракцый, прыёмаў і аперацый. Забяспечвае абстрагаванне ад канкрэтнага значэння паняццяў і зместу навук. тэорыі з мэтай выяўлення яе лагічных асаблівасцей і дэдуктыўных магчымасцей, наяўнасці супярэчнасцей ці іх адсутнасці. У матэматыцы і фармальнай логіцы, дзе Ф. найб. развіта, уяўляе сабой адлюстраванне зместу ведаў у выглядзе фармалізаванай мовы. Неабходнай умовай для стварэння такой мовы з’яўляецца выкарыстанне аксіяматычнага метаду. Тэорыя можа разглядацца як фармальная сістэма, калі разам з аксіяматызацыяй і дакладным вызначэннем лагічных сродкаў яе паняцці замяняюцца сімвалічнымі абазначэннямі. Вылучаюць 2 тыпы фармалізаваных тэорый: цалкам фармалізаваная (з нескладанай лагічнай структурай і невял. колькасцю паняццяў) і часткова фармалізаваная (са складанай лагічнай структурай і вял. колькасцю паняццяў). Неабходнасць у Ф. ў пэўнай навуцы ўзнікае на дастаткова высокім узроўні яе развіцця, калі лагічная сістэматызацыя і арганізацыя ведаў становіцца першараднай задачай. Ф. стымулюе рух пазнання, адкрывае магчымасці для фармулёўкі і пастаноўкі новых праблем і пошуку іх вырашэння, служыць адным са сродкаў стварэння праграм для ЭВМ і мадэліравання мыслення.

Літ.:

Черч А. Введение в математическую логику: Пер. с англ. Т. 1. М., 1960;

Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1973;

Бартон В.И. Логика. Мн., 2001;

Тарский А. Введение в логику и методологию дедуктивных наук: Пер. с англ. М., 2001.

В.​М.​Пешкаў.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯТЭРАПІ́Я (ад грэч. physis прырода + тэрапія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае ўплыў на арганізм прыродных (паветра, вада, сонечнае цяпло і святло) і штучных (эл. ток, магнітнае поле і інш.) фіз. фактараў, распрацоўвае метады іх лячэбнага і прафілакт. выкарыстання. Задачы Ф. — нармалізаваць функцыян. стан, спрыяць арганізму ў яго гамеастатычнай раўнавазе, у стымуляванні механізмаў аховы, працэсах аднаўлення і кампенсацыі. Практычная Ф. ўключае водалячэнне, гразелячэнне, клімататэрапію, сонцалячэнне, электралячэнне і інш. Уздзеянне фактараў адбываецца праз нерв. і гумаральны шляхі.

Як навука ўзнікла ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У Расіі першыя ін-ты фіз. метадаў лячэння засн. ў Севастопалі (1914), Петраградзе і ў Хоўрыне пад Масквой (1916).

На Беларусі навукова-даследчыя работы вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, Бел. МАПА, мед. ун-тах. Вывучаюцца прыродна-кліматычныя ўмовы для развіцця санаторна-курортнай справы, значэнне фіз. і курортных фактараў у прафілактыцы і комплексным лячэнні хворых, пытанні біял. і лячэбнага ўздзеяння магнітных палёў і інш. Укаранёны ў лячэбную практыку метады лазернай тэрапіі, створаны апараты ўздзеяння імпульсным магнітным полем. Развіццю даследаванняў па праблемах Ф. садзейнічалі працы бел. вучоных І.П.Антонава, Г.Я.Багель, Д.А.Маркава, У.С.Улашчыка і інш.

Літ.:

Улашик В.С. Введение в теоретические основы физической терапии. Мн., 1981;

Яго ж. Очерки общей физиотерапии. Мн., 1994.

Т.​І.​Жукоўская.

т. 16, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛА́ТАЎ Леанід Аляксеевіч (н. 24.12.1946, Ашгабат),

расійскі акцёр, паэт, драматург. Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1969). З 1969 у Т-ры на Таганцы, у 1985—87 у т-ры «Сучаснік» у Маскве. Акцёр моцнага тэмпераменту пры жорсткім сцэн. малюнку; творчая манера вызначаецца спалучэннем лірыкі і іроніі. Сярод роляў: Ягор Іванавіч («Маці» М.​Горкага), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Барон і Дон Карлас, Сальеры, Скупы («Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна), Дзмітрыеў («Абмен» паводле Ю.​Трыфанава), Зарубін («Пугачоў» С.​Ясеніна), Майстар («Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава), Гарацыо («Гамлет» У.​Шэкспіра) і інш. Зняўся ў фільмах «Экіпаж», «Голас», «Поспех», «Забытая мелодыя для флейты», «Горад Зеро» і інш. Паставіў фільм «Сукіны дзеці» (1991). Яго байку «Пра Фядота-стральца, удалога малайца» паст. Дзярж. т-р лялек Беларусі (1988) і інш. т-ры. Паводле яе зняты фільм «Сказ пра Фядота-стральца» (2002). Аўтар кніг «Вандроўны тэатр» (1990), «Тэатр Леаніда Філатава» (1996), «І год як дзень» (2000) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1995.

Тв.:

Сукины дети: Стихи, переводы, пародии, пьесы, киносценарии. М., 1992;

Оранжевый кот: Стихи, песни, переводы, пародии, п’еса, сказка. М., 1997;

Любовь к трем апельсинам: Сказки, повести, пародии. М., 1997;

Нет худа без добра. М., 1999.

Літ.:

Воронецкая Т. Л.​Филатов. М., 2002.

т. 16, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО (Fo) Дарыо (н. 24.3.1926, Леджуна-Санджана, Італія),

італьянскі драматург, тэарэтык сцэн. мастацтва. З 1963 выступаў як акцёр, рэжысёр і аўтар скетчаў для кабарэ і вулічных т-раў. У 1968 стварыў т-р «Нуова сцэна», у 1970 з жонкай, актрысай і пісьменніцай Ф.​Рамэ — вандроўную трупу «Ла Камуне», дзе пастаўлены яго шматлікія бурлескныя камедыі. Аўтар сцэн. фарсаў-арлекінад («Пальцам у вока», 1953), дакумент. паліт. драм у традыцыях брэхтаўскага т-ра («Народная вайна ў Чылі», 1973). У прасякнутых «чорным гумарам», насычаных актуальнымі алюзіямі гратэскава-сатыр. п’есах «Містэрыя-буф» (1969), «Смерць анархіста ад няшчаснага выпадку» (1970), «Тук-тук. Хто там? Паліцыя» (1974), «Не можаш плаціць — не плаці» (1981) і інш. прыёмы агітпропа пераплецены з элементамі камедыі дэль артэ, кірмашовага т-ра лялек, цыркавой клаунады. Выступае з монаспектаклямі. На Беларусі п’есы Ф. ставілі Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі («Свабодны шлюб», 1994), абл. драм. т-ры Гомельскі («Гульня і не больш», 1995), Магілёўскі («Свабодная пара», 1999), Брэсцкі («Я чакаю цябе, каханы...» паводле п’ес «Адзінокая жанчына» Ф. і Рамэ і «Фэн Шуй» Э.​Шчадрына і Ю.​Камянецкага, 2001). Нобелеўская прэмія 1997.

А.​В.​Спрынчан.

Д.Фо.

...ФОБ (ад грэч. phobos страх), другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «ненавіснік», «праціўнік каго-н., чаго-н. (напр., антрапафобы, жанчынафоб).

т. 16, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНТАВЫ́Я БРЫГА́ДЫ ў СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—45,

патрыятычны рух працаўнікоў прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі за датэрміновае выкананне планаў забеспячэння фронту баявой тэхнікай, зброяй, боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Узніклі па ініцыятыве камсамола. «Франтавымі» ўпершыню назвалі свае камсамольска-маладзёжныя брыгады ў вер. 1941 рабочыя аўтазавода ў г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад) і Уральскага з-да цяжкага машынабудавання (г. Свярдлоўск, цяпер Екацярынбург) — удзельнікі руху «двухсотнікаў» за выкананне норм выпрацоўкі не менш чым на 200% (за сябе і за таго, хто пайшоў на фронт). Ф.б. ўзніклі на тысячах інш. прадпрыемстваў, у калгасах і саўгасах. Званне «Ф.б.» надавалася на сходзе рабочых ці грамадскімі арг-цыямі пры выкананні брыгадай плана не менш чым на 150% на працягу 2 месяцаў, высокай якасці прадукцыі і інш. умоў.

Многія члены Ф.б. шляхам мадэрнізацыі станкоў і інструментаў выконвалі нормы на 2000—2700%. У маі 1945 у СССР працавалі каля 155 тыс. Ф.б. (больш як 1 млн. чал.).

Сярод рабочых бел. прадпрыемстваў, што ў 1941 былі вывезены на У, першай Ф.б. стала брыгада токараў Ф.​Мельнікава на з-дзе «Гомсельмаш», якая выконвала зменныя нормы на 200—250%. У 1943—44 Ф.б. пачалі работу на вызваленай тэр. Беларусі. Напр., на прадпрыемствах Гомеля ў 1945 у складзе Ф.б. працавалі 16 тыс. маладых рабочых.

А.​С.​Харэбін.

т. 16, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),

удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. У сярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.​Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час. «Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел. грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;

Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 16, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДЗЬБА́ СПАРТЫ́ЎНАЯ,

від лёгкай атлетыкі. Ад звычайнай хадзьбы адрозніваецца абавязковым выпростваннем апорнай нагі ў каленным суставе пры верт. становішчы, ад бегу — адсутнасцю безапорнай фазы руху. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца на дыстанцыях 5, 10 і 20 км, сярод мужчын — 5, 10, 15, 20, 30, 50 км і на час (1 і 2 гадз). Спартсмен за 1 мін робіць 200—210 крокаў даўж. 110—120 см.

Як від спорту склалася ў 2-й пал. 19 ст. Першыя спаборніцтвы адбыліся ў аматарскім Атлетычным клубе (1866, Англія) на дыстанцыі 7 міль (11 км). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны; дыстанцыі 3,5 км і 10 міль), з 1932 мужчыны спаборнічаюць на дыстанцыі 50 км. з 1956 — і на дыстанцыі 20 км; жанчыны — на дыстанцыях 10 км (з 1992) 1 20 км (з 2000). У праграме чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы з 1934. чэмпіянатаў свету — з 1976. Буйнейшыя міжнар. асабіста-камандныя спаборніцтвы па Х.с. на Кубак г. Лугана (Швейцарыя) з 1961. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Мексіцы, Расіі, Швецыі і інш.

На Беларусі Х.с. ўваходзіць у лёгкаатлетычныя праграмы з 1944. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся прызёры Алімп. гульняў Я.​Маскінскоў (1956), Я.​Іўчанка і П.​Пачынчук (1980); прызёры чэмпіянатаў свету Я Місюля (1991, 1995), М.​Хмяльніцкі (1997), В.​Цыбульская (1997, 2001) і інш.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАШЫМІ́Н (Ho-Chi-Minh),

горад на Пд В’етнама, на р. Сайгон, за 80 км ад упадзення яе ў Паўд.-Кітайскае мора. Засн. ў 1778. Да 1976 наз. Сайгон, Saigon, 3,6 млн. ж. (1996). Разам з прыгарадамі складае асобную адм. адзінку. Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорты Таншаннют і Б’енхаа. Марскі порт на р. Сайгон. Гал. прамысл. цэнтр В’етнама. Прам-сць: лёгкая, харч., піваварная, дрэваапр., хім. (у т. л. каўчук), машына- і суднабуд., металаапр., цэментавая; зборачныя (эл.-тэхн., радыёэлектронныя) прадпрыемствы. Маст. рамёствы. Цэнтр рыбалоўства. Ун-т. Музеі. Рэгулярная планіроўка, каналы. Будысцкія пагады Салой і Вінь-Нгіем і інш. арх. помнікі 18 ст.

Першапачаткова на месцы Х. было паселішча кхмераў. У 1675 гэту тэр. захапілі в’етнамцы і засн. ў 1778 г. Сайгон. У час вайны з В’етнамам горад спалены франц. войскамі, у 1860 адбудаваны як франц. крэпасць. З 1867 адм. цэнтр франц. калоніі Кахінхіна (паўд. вобласці В’етнама), еўрапеізаваны і стаў хутка развівацца. У 1941—45 акупіраваны яп. войскамі. 25.8.1945 у Сайгоне перамагла Жнівеньская рэвалюцыя 1945, у выніку якой скінута ўлада японцаў. У вер. 1945 заняты англа-франц. дэсантам. У 1954—75 тут знаходзілася рэзідэнцыя паўд.-в’етн. ўрада. 30.4.1974 Сайгон вызвалены ўзбр. сіламі Часовага рэв. ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам. З 1976 у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам, перайменаваны ў Х. у гонар Хо Шы Міна.

Хашымін. Панарама горада.

т. 16, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВО́Я, сасна (Pinus),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах. На Беларусі 1 від — Х. звычайная (P. sylvestris) — адна з гал. лесаўтваральных парод. Інтрадукавана каля 20 відаў Х.: веймутава (P. strobus), кедравая еўрапейская (P. cembra), кедравая сібірская (P. sibirica), кедравы сланік (P. pumila), румелійская (P. peucea) і інш.

Вечназялёныя аднадомныя дрэвы выш. 50—75 м, радзей кусты. Жывуць 300—500 гадоў. Каранёвая сістэма моцна развітая, стрыжнёвая. Крона маладых дрэў паўшарападобная, потым парасонападобная да плоскай. Ствол прамы, гладкі, кара лушчыцца. Ігліца доўгая і вузкая, у пучках па 2, 3 або 5, захоўваецца 3—6 гадоў. Шышкі разнастайнай формы і памераў. Насенне арэшкападобнае, звычайна з крылцам. Група відаў Х. дае ядомае. часцей бяскрылае насенне, т.зв. кедравыя арэхі. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве. як паліва, ідзе на вырабы. З яе атрымліваюць шкіпінар, каніфоль, тэрпенцінавы алей, смалу, вар, дзёгаць; з ігліцы — вітамін С, эфірны алей; з насення — кедравы алей. Парасткі і кара — зімовы корм для ласёў, насенне паядаюць птушкі і белкі. Арэхаплодныя, тэхн., дэкар. расліны. выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў.

І.​М.​Гарановіч.

Хвоя: 1 — агульны выгляд. Парасткі, шышкі і насенне хвоі: 2 — звычайнай; 3 — кедравай еўрапейскай; 4 — горнай; 5 — веймутавай; 6 — Банкса.

т. 17, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІВУ́Н,

1) службовая асоба дваровай адміністрацыі ў Кіеўскай Русі, якая кіравала гасп. справамі і ажыццяўляла суд па цывільных справах. З «Рускай праўды» вядомы Ц. вогнішчавы, канюшы, сельскі, ратайны.

2) У ВКЛ кіраўнік феад. двара-маёнтка. У 15 ст. Ц. прызначаў вял. князь для кіраўніцтва велікакняжацкімі дварамі з валасцямі, якія не былі судова-адм. адзінкамі. У іх кампетэнцыю ўваходзіла вядзенне дваровай гаспадаркі, збор даніны і інш. павіннасцей з валаснога насельніцтва, а таксама суд над ім (мясц. шляхта не падлягала юрысдыкцыі Ц.). З пач. 16 ст. такія Ц. пачалі звацца дзяржаўцамі. Старая назва захавалася толькі за Ц. віленскім, троцкім і жамойцкім.

3) У ВКЛ Ц. (гуменнікі) — катэгорыя сялян-слуг (гл. Слугі), якія загадвалі вядзеннем панскай дваровай гаспадаркі. Яны адказвалі за зберажэнне і расход збожжа, гадоўлю пры двары жывёлы і інш. Як прадстаўнік уласнага маёнтка Ц. прысутнічаў на судзе трымальніка ўладання, судзіў простых людзей, сачыў за працай сялян у маёнтку і інш. Ц. з сялян, чэлядзі дваровай, часам са шляхты прызначаў уласнік маёнтка (ці яго прадстаўнік). За выкананне абавязкаў Ц. даваўся вольны ад павіннасцей надзел зямлі або яго надзел вызваляўся ад інш. павіннасцей. Акрамя гэтага, у 17—18 ст. Ц. атрымліваў грашовае і натуральнае ўтрыманне або толькі натуральнае ўтрыманне.

А.​Б.​Доўнар.

т. 17, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)