ІСААКЯ́Н (Аветык Саакавіч) (31.10.1875, Казарапат, каля г. Гюмры, Арменія — 17.10.1957),
армянскі паэт.Акад.АН Арменіі (1943). Вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай семінарыі «Геваркян» (1889—92). У 1911—36 жыў пераважна за мяжой. Друкаваўся з 1892. Творчасць цесна звязана з гісторыяй і культурай арм. народа, прасякнута гуманізмам і павагай да чалавечай годнасці. Першы зб. вершаў «Песні і раны» (1897) вылучаецца лірызмам і напеўнасцю. У філас. паэме «Абул Ала Маары» (1909—11) тэма трагічнага адзіноцтва моцнай асобы. Аўтар гіст. балады «Нашы продкі» (1917), паэмы «Сасма Мгер» (1919, перапрацавана ў 1937), зб. вершаў і апавяданняў «Люлька цярпення» (1928), цыклаў вершаў «Нашы гісторыкі і нашы гусаны» (1939), «Маёй радзіме» (1940), «Армянская архітэктура» (1942), патрыят. вершаў гадоў Вял.Айч. вайны (Дзярж. прэмія СССР 1946), рамана «Уста Каро» (незакончаны). На бел. мову творы І. перакладалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Я.Брыль, Э.Валасевіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Кветкі Арарата. Мн., 1964;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—2. М., 1975.
Літ.:
Ахвердян Л.О. Жизнь и дело Аветика Исаакяна. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЕЎ (Ягор) (Георгій) Аляксандравіч (н. 2.5.1926, в. Коршава Баброўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1955). Друкуецца з 1945. Аўтар лірычных вершаў, балад, паэмы «Над хвалямі Дуная» (1953). Лірыка-філас., антыфаш. дылогія «Суд памяці» (1962) і «Даль памяці» (1977, за абедзве паэмы Ленінская прэмія 1980) аб прычынах узнікнення фашызму ў Германіі, эмацыянальнае сведчанне сучасніка пра час, мір, працу і нар. спадзяванні, роздум пра лёс пасляваен. Еўропы. Творы вызначаюцца маштабнай вобразнасцю, сімвалічнасцю, абагульненасцю, вострадрам. успрыняццем жыцця, трагічным гратэскам, філас.-публіцыстычнай глыбінёй. Тэмы лірычнай сац.-філас. трылогіі з паэм «Мае асеннія палі», «Дваццаць пятая гадзіна», «Паляўнічы забіў жураўля» (1980-я г.) — вайна і мір, лёс чалавека і чалавецтва. Аўтар празаічных твораў, кніг пра псіхалогію творчасці, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990;
Жизнь прожить М., 1979;
Колокол света. М., 1984, Чувство глагола. М., 1985;
Миг вечности: Поэмы. М., 1986.
Літ.:
Числов М.М. Егор Исаев. Очерк творчества. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХЭТУА́НЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ, Баксёрскае паўстанне,
паўстанне пераважна супраць засілля іншаземцаў у Паўн. Кітаі ў 1898—1901. Ініцыіравана тайным рэліг. т-вам Іхэцюань («Кулак у імя справядлівасці і згоды»), пазней перайменаваны ў Іхэтуані («Атрады справядлівасці і згоды» — адсюль назва) у прав. Шаньдун. У 1900 паўстанцы (100 тыс.; сяляне і гар. беднякі), якіх не здолелі спыніць урадавыя войскі, накіраваліся да Пекіна, знішчаючы замежныя місіі і прадстаўніцтвы. 14.6.1900 іхэтуані ўступілі ў Пекін і разам з урадавымі войскамі 56 дзён вялі аблогу пасольскага квартала. Пасля сумеснай ноты кіт. ўраду Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Расія, Францыя, Італія і Аўстра-Венгрыя распачалі ўзбр. інтэрвенцыю. 21 чэрв.кіт. ўрад абвясціў вайну дзяржавам-інтэрвентам, аднак іх аб’яднаная армія на чале зням. фельдмаршалам А. фон Вальдэрзе 14 жн. заняла Пекін. 7 вер.кіт. ўрад, які перабраўся ў г. Сіань, абвясціў іхэтуаняў па-за законам. У 1901 замежныя і кіт. войскі задушылі паўстанне. 7.9.1901 Кітай падпісаў навязаны яму «Заключны пратакол», які фактычна зводзіў краіну да становішча паўкалоніі.
Літ.:
Калюжная Н.М. Восстание ихэтуаней (1898—1901). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́КА (Янка) (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.
Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін, В.Вітка, А.Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ГА,
горад у Расіі, цэнтр Калужскай вобл., на левым беразе р. Ака. Вядома з 1371. 347 тыс.ж. (1997). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабуд., прыладабуд., хім., дрэваапр., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць буд.матэрыялаў. Пед.ін-т. Драм.тэатр. Музеі: краязнаўчы, маст., гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага.
Сярод арх. помнікаў каменны дом Корабавых (1697), цэрквы Пакрова на Рове (1687), Георгія за Верхам (1700—01), Спаса Праабражэння (1709—17) і інш. Паводле рэгулярных планаў 1778 і 1785 узведзены будынкі ў стылі класіцызму: Прысутныя месцы (1780—85, арх. П.Нікіцін), Троіцкі сабор (1786—1819, арх. І.Ясныгін), гасціны двор (1785—88, дабудоўваўся ў 1811—21), дамы Залатаровых—Калагрывавай (1805—08), Мяшковых (пач. 19 ст.), Дваранскага сходу (1848—50, арх. П.Гусеў). Непаўторнасць гораду надаюць драўляныя 1-павярховыя 3-аконныя дамы з карнізамі вял. вынасу і разнымі ліштвамі ў стылі ампір. У К. створаны ансамбль Тэатральнай пл. (1958), узведзены будынак Музея гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага (1967, арх. Р.Бархін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБО́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць у малекуле адну або некалькі карбаксільных груп — COOH. Залежна ад колькасці груп адрозніваюць кіслоты монакарбонавыя (напр., CH3COOH воцатная кіслата), ды-і полікарбонавыя (напр., HOOC—COOH шчаўевая кіслата, C6H6−n(COOH)n бензол полікарбонавыя к-ты. Адначасова малекулы К.к. могуць мець і інш. функцыянальныя групы, напр., амінагрупу (амінакіслоты), гідраксільную (аксікіслоты).
Монакарбонавыя неразгалінаваныя К.к. з колькасцю атамаў вугляроду ў малекуле да 9 і разгалінаваныя — да 13 атамаў — вадкасці; вышэйшыя, араматычныя і дыкарбонавыя к-ты — цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Па хім. уласцівасцях — слабыя к-ты, моц якіх павышае прысутнасць у малекуле электронаакцэптарных груп (атамаў галагену, нітрагруп і інш.), напр., трыхлорвоцатная к-та CCl3COOH у 700 разоў мацнейшая за CH3COOH. Пры ўзаемадзеянні з асновамі ўтвараюць солі (гл.Мыла), пры замяшчэнні гідраксільнай OH-групы — розныя функцыянальныя вытворныя: складаныя эфіры, галагенангідрыды, ангідрыды, аміды кіслот і інш. У свабодным стане К.к. ёсць у садавіне, гародніне, крыві жывёл і чалавека, уваходзяць у састаў эфірных і раслінных алеяў, тлушчаў, воскаў. Сінт. К.к. атрымліваюць акісленнем спіртоў, альдэгідаў, вуглевадародаў, гідролізам нітрылаў і інш. вытворных. Адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-ТЫБЕ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сіна-тыбецкія мовы, сям’я моў, адна з самых вял. у свеце. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі. Уключаюць больш за 100 (паводле інш. звестак — некалькі сотняў) моў. Падзяляюць на 2 асн. галіны: кіт. (кітайская мова, дунганская, магчыма, мова бай, або мінцзя) і тыбецка-бірманскую (бірманская мова, тыбецкая мова, мовы карэнскія, хані, маніпуры, або мейтхей, бадо, або качары, гаро, цзінпо, або качын, лісу, таманг, неварская, гурунг). Існуюць 2 асн. тыпы іх пісьменнасцей: пікта-ідэаграфічныя (кіт. іерогліфіка, тангуцкае пісьмо, пісьмо насі і пісьмо i) і фанетычныя пісьменнасці інд. паходжання — тыбецкія і бірманскія алфавіты, пісьмо невары, ронг, або ленча, маніпуры, мёртвай мовы п’ю, і пісьменнасці, створаныя на аснове лац. ці рус. алфавіта — мовы падгрупы лоло. К.-т. м. коранескладовыя, ізалюючыя з тэндэнцыяй да аглюцінацыі. Марфема, як правіла, адпавядае складу; корань звычайна не змяняецца. Часціны мовы вылучаюцца па значэнні слоў, па іх здольнасці ўжывацца ў складзе пэўных сінтакс. канструкцый і па спалучальнасці са службовымі марфемамі.
Літ.:
Яхонтов С.Е. Глоттохронология и китайско-тибетская семья языков. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮІ́ (Цэзар Антонавіч) (18.1.1835, Вільня — 26.3.1918),
рускі кампазітар і муз. крытык, ваен. інжынер і вучоны. Інжынер-ген. (1904). Чл. Ін-та Францыі (1894). Скончыў Ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1857) і выкладаў у ёй (з 1880 праф., з 1891 засл.праф.). Кампазіцыяй займаўся ў С.Манюшкі ў Вільні. У 1864—1900 выступаў як муз. крытык, супрацоўнічаў у газетах і часопісах. Чл.«Магутнай кучкі». Садзейнічаў раскрыццю гіст. значэння творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, прапагандаваў музыку А.Барадзіна, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава. Як кампазітар найб. вызначыўся ў жанры раманса (больш за 300). Аўтар 14 опер, у т. л. «Вільям Раткліф» паводле Г.Гейнэ (паст. 1869), «Анджэла» паводле В.Гюго (паст. 1876), музыкі для дзяцей, у т. л. першых у рус. музыцы дзіцячых опер («Снежны асілак», 1906, і інш.). Закончыў оперы «Каменны госць» Даргамыжскага і «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага. Навук. працы па фартыфікацыі; стварыў курс фартыфікацыі, які чытаў у ваен. акадэміях.
Літ. тв.: Избр. статьи Л., 1952; Избр. статьи об исполнителях. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКАГА ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
геаметрычная тэорыя, сістэма аксіём якой адрозніваецца ад сістэмы аксіём эўклідавай геаметрыі толькі аксіёмай (пастулатам) аб паралельнасці. Паводле гэтай аксіёмы, праз пункт, што не ляжыць на зададзенай прамой, праходзяць не менш як 2 прамыя, якія не перасякаюць зададзеную. Л.г. выкарыстоўваецца ў тэорыі функцый, матэм. аналізе, тэорыі лікаў і тэорыі адноснасці.
Л.г. распрацавана М.І.Лабачэўскім у 1826 (апублікавана ў 1829—30). У 1832 аналагічныя вынікі незалежна атрымаў Я.Больяй. Перадумовай узнікнення Л.г. былі шматвяковыя спробы доказу аксіёмы пра паралельныя прамыя (пяты пастулат Эўкліда) на аснове астатніх аксіём. Лабачэўскі першы прыйшоў да высновы пра недаказальнасць пастулата і пра магчымасць існавання геам. сістэм зінш. аксіёмамі паралельнасці, пабудаваў своеасаблівую лагічна бездакорную геам. сістэму. Л.г. мае некаторыя асаблівасці (напр., 2 трохвугольнікі з роўнымі вугламі роўныя; сума вуглоў трохвугольніка меншая за 2 прамыя вуглы), якія не супярэчаць рэчаіснасці. Стварэнне Л.г. заклала асновы развіцця неэўклідавых геаметрый. значна пашырыла ўяўленні аб прыродзе прасторы і спрыяла ўзнікненню новых кірункаў у матэматыцы.
Літ.:
Смородинский Я.А., Сурков Е.Л. Геометрия Лобачевского и теория относительности. М., 1971;
Лаптев Б.Л. Геометрия Лобачевского, ее история и значение. М.,1976.
кітайскі пісьменнік. Скончыў Пекінскую настаўніцкую семінарыю (1918). Выкладаў у Лонданскім ун-це (1924—29), праф. ун-та ў Цзінані (з 1931). У першых раманах «Філасофія шаноўнага Чжана» (1926), «І сказаў Чжао», «Двое з сям’і Ма» (абодва 1928) у рэаліст. манеры асэнсоўваў шляхі развіцця кіт.бурж. грамадства. У сатыр. рамане «Запіскі пра Кашэчы горад» (1933) высмейваў сац.-эканам. палітыку тагачасных улад. «Маленькі чалавек» — герой раманаў «Развод» (1933), «Рыкша» (1939), зб-каў апавяд. «Вішні і мора» (1935), «Серп маладзіка» (1948) і інш. Тэмы антыяп. барацьбы ў рамане «Спаленне» (1940), п’есах «Касмыкі туману», «Справа гонару» (абедзве 1940), «Дзяржава вышэй за ўсё» (1943). Аўтар трылогіі «Чатыры пакаленні адной сям’і» (1946), драм «Канава Драконаў вус» (1950), «Чайная» (1957), гіст. «Кулак у імя справядлівасці» (1961) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1957;
Избр произв. М., 1991.
Літ.:
Антиповский А.А. Раннее творчество Лао Шэ. М., 1967;
Болотина О.П. Лао Шэ: Творчество военных лет, 1937—1949. М., 1983.