БЛО́ЖА ((Blože) Вітаўтас) (н. 9.2.1930, в. Байсагале Радвілішкскага р-на, Літва),

літоўскі паэт. Друкуецца з 1949. Аўтар паэтычных зб-каў «Сем касцоў» (1961), «З маўклівай зямлі» (1966), «Кветкі зямлі» (1971), «Поліфаніі» (1981), «Людзі» (1984), «Накцюрны» (1990) і інш. Галоўная тэматыка — дэфармацыя свету 2-й пал. 20 ст. і драматызм жыцця чалавека. На літ. мову пераклаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Глебкі, А.​Куляшова, А.​Зарыцкага і інш. бел. пісьменнікаў (у кн. «З беларускай паэзіі», 1952, і «Па Нёману песня плыве», 1958). На бел. мову творы Бложа пераклаў Р.​Барадулін (у кн. «Літоўская савецкая паэзія», т. 2, 1977).

А.​Лапінскене.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́МКВІСТ (Яўгенія Эдуардаўна) (21.11.1890—27.7.1956),

рускі этнограф. Д-р гіст. н. (1950). Скончыла жаночы пед. ін-т (1914), Ленінградскі геагр. ін-т (1924). Узначальвала славяна-рус. сектар Ін-та этнаграфіі АН СССР. Аўтар прац па этнаграфіі народаў Паўн. Амерыкі і ўсх. славян. У працы «Сялянскія пабудовы рускіх, украінцаў і беларусаў» (1956) на падставе археал. і этнагр. прац, архіўных, музейных і экспедыцыйных матэрыялаў прасачыла развіццё сельскіх пасяленняў, сядзіб, гасп. пабудоў і буд. тэхнікі ўсх. славян са стараж. часоў да сярэдзіны 20 ст. Упершыню выявіла агульныя рысы і спецыфічныя асаблівасці гэтай галіны матэрыяльнай культуры, правяла іх класіфікацыю і тыпалогію.

В.​К.​Бандарчык.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́МЕ ((Blume) Фрыдрых) (5.1.1893, г. Шлюхтэрн, Германія — 22.11.1975),

нямецкі музыказнавец. Праф. ун-таў у Лейпцыгу, Берліне, Кілі. У 1927—29 кіраўнік Ін-та муз. навукі, з 1935 супрацоўнік Дзярж. ін-та ням. музыказнаўства. З 1951 кіраўнік створанай ім міжнар. камісіі па арганізацыі выдання «Міжнародны даведнік музычных крыніц». Асн. працы прысвечаны музыцы 16—18 ст., у т. л. І.С.Баху. Рэдактар выданняў «Спадчына нямецкай музыкі» (1935—43), «Нямецкая музычная культура» (1939—45), поўнага збору твораў М.Прэторыуса (1928—40). Заснавальнік і рэдактар энцыклапедыі «Музыка ў гісторыі і сучаснасці» (т. 1—18, 1949—85). Прэзідэнт Міжнар. т-ва музыказнаўства (1958—62).

Літ.:

Festschrift Fr. Blume zum 70. Geburstag. Kassel etc., 1963.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БІЧ (Ільдэфонс) (1890, в. Дзедзіна Мёрскага р-на Віцебскай вобл. — 28.4.1944),

бел. рэлігійны і культ. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме (1911—13). Дамогся папскага блаславення на выданне першай бел. каталіцкай газ. «Беларус», у якой супрацоўнічаў пад псеўданімам Пётра Просты. 27.7.1915 пасвячоны ў ксяндзы. Служыў у розных прыходах, быў настаўнікам у Віленскай бел. гімназіі, карыстаўся бел. мовай у пропаведзях. Аўтар працы на бел. мове «Нядзелішнія эванэліі і навукі» (т. 1—3, 1921—22), артыкулаў па рэліг. і культ. пытаннях, вершаў. Склаў 2 кнігі казанняў «Роднае слова ў касцёле» і «Навучайце ўсе народы» (у рукапісах).

І.​І.​Трацяк.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БРЫКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942.

Праведзена партызанамі 6 атрадаў партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. па падрыве чыг. моста цераз р. Бобрык на лініі Калінкавічы—Жыткавічы ў Петрыкаўскім р-не 9 снеж. ў Вял. Айч. вайну. 40-метровы мост моцна ахоўваўся, за 10 км ад яго на ст. Капцэвічы знаходзіўся буйны гарнізон праціўніка. У ходзе аперацыі партызаны разбурылі чыг. палатно і лініі сувязі на З і У ад моста, арганізавалі засады на дарогах, знішчылі ахову на раз’ездзе, пусцілі пад адхон вайск. эшалон, атакавалі і знішчылі ахову моста, замініравалі яго і ўзарвалі. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 7 сутак.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГДАН (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 14.1.1943, пас. Верасава Архангельскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання, адзін з заснавальнікаў навук. школы гідрапнеўмааўтаматыкі на Беларусі. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1970). З 1972 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. даследаванні па распрацоўцы і канструяванні гідра- і пнеўмасістэм з электроннымі сродкамі кіравання для мабільных машын. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў «Трактары. Ч. 5. Асновы эксплуатацыі і рамонту» (1980), «Гідрапнеўмааўтаматыка і гідрапрывод мабільных машын. Аб’ёмныя гідра- і пнеўмамашыны і перадачы» (1987).

Тв.:

Тракторные поезда. М., 1982 (у сааўт.);

Применение микропроцессорной техники в автотракторостроении. Мн., 1987 (у сааўт.).

М.У.Богдан.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ (Станіслаў Станіслававіч) (1869, Вільня — 1927),

бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—94). Шмат падарожнічаў па Беларусі і Літве. У жанравых творах адлюстроўваў побыт бел. і літоўскіх сялян і гараджан, высмейваў норавы мяшчан. Аўтар карцін «Баль у Мінску», «Прачкі», графічных лістоў «У мястэчку», «Злоўлены жывым», «Праца ў фальварку», «Цыганы» і інш., анімалістычных малюнкаў («Стаеннік», «Бегавы конь» і інш.), іл. да апавядання Э.​Ажэшкі «Гэдалі» (1907). Удзельнік выставак Пецярбургскага т-ва мастакоў (1890—1900) і мастацкіх у Мінску (1911).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

С.Богуш-Сестранцэвіч. Праца ў фальварку 1900-я г.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т, Рэйнскі універсітэт імя Фрыдрыха Вільгельма ў Боне,

адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1777 у Боне як акадэмія, якая павінна была стаць цэнтрам асветы на Рэйнскіх землях. У 1786 перайменавана ва ун-т. Праз 10 гадоў зачынены ў час акупацыі Рэйнскіх правінцый франц. войскамі. У 1818 аднавіў дзейнасць пасля перадачы Прусіі Рэйнскіх правінцый каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III. У 19 ст. Бонскі універсітэт саступаў па сваёй значнасці ў Германіі толькі Берлінскаму ун-ту. Сярод выкладчыкаў ун-та буйнейшыя вучоныя Б.​Нібур, Ф.​Дзіц, А.​Шлегель, Г.​Гельмгольц, Ф.​Паўльсен. Ф-ты: паліт. навук, права, матэм., прыродазнаўчых навук, мед., свабодных мастацтваў, 2 тэалагічныя.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙЦАЎ (Іван Раманавіч) (27.1.1870, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.1.1947),

рускі і бел. матэматык. Праф. (1924). Д-р фіз.-матэм. н. (1935). Брат Я.Брайцава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896), працаваў у ім. З 1900 у Варшаўскім, з 1916 у Ніжагародскім політэхн. ін-тах, з 1918 у Ніжагародскім ун-це. Адзін з арганізатараў БДУ, складальнік праекта вучэбнага плана для фіз.-матэм. ф-та (1921). Навук. працы па тэорыі аналітычных функцый і функцыянальных ураўненняў.

Тв.:

Изыскание особых точек функции, определяемой рядом Тейлора. М., 1907;

Аб адным спосабе прадстаўлення функцыі, дэфініраванай радам Дырыхле // Зб. прац Фізікаматэм. ін-та БАН. Мн., 1935. Т. 2.

А.​А.​Гусак.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ (Мікалай Карнілавіч) (1860, Мінск — 9.8.1910),

эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл. к-та Мін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг па фін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)