РУМА́ЧЫК (Іван Іванавіч) (24.7.1951, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1998). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1974). З 1974 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па пытаннях дыягностыкі, прафілактыкі і мерах барацьбы з туберкулёзам с.-г. жывёлы і птушак.
Тв.:
Микробактериоз свиней. Мн., 1988 (разам з А.А.Саланенкам);
Праяўленне алергічных рэакцый у жывёлы ў залежнасці ад кратнасці ўвядзення туберкуліну і тэрмінаў уліку рэакцый // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1994. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ КРЫШТАЛІ́ЧНАЙ РАШО́ТКІ,
узгодненыя зрушэнні атамаў крышталя каля становішчаў раўнавагі (вузлоў рашоткі). Характар ваганняў залежыць ад сіметрыі крышталёў, ліку атамаў у элементарнай ячэйцы, тыпу хім. сувязі, віду і канцэнтрацыі дэфектаў у крышталях. Амплітуда ваганняў павялічваецца з павышэннем тэмпературы крышталя. На цеплавыя ваганні могуць накладвацца ваганні, выкліканыя распаўсюджваннем у крышталі пругкіх хваляў, абумоўленых знешнім уздзеяннем.
У крышталі з N элементарных ячэек па ν атамаў у кожнай існуе 3νN—6 незалежных найпрасцейшых нармальных ваганняў, кожнае з якіх можна ўявіць у выглядзе дзвюх плоскіх пругкіх хваляў, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках. Гэтыя ваганні складаюцца з трох акустычных галін (ім адпавядаюць зрушэнні элементарнай ячэйкі як цэлага) і 3 (ν—1) аптычных (адпавядаюць зрушэнням атамаў унутры элементарнай ячэйкі). Пры пругкім характары міжатамнага ўзаемадзеяння вагальная энергія крышталя складаецца з энергій нармальных ваганняў, кожнае з якіх уцягвае ў рух усе атамы. Вагальную энергію крышталя можна разглядаць і як суму энергій фанонаў — квантаў энергіі пругкіх ваганняў. Квантавая прырода ваганняў крышталічнай рашоткі праяўляецца ў наяўнасці нулявых ваганняў атамаў пры T = 0К. Ваганні крышталічнай рашоткі ўплываюць на электраправоднасць металаў і паўправаднікоў, на аптычныя ўласцівасці дыэлектрыкаў.
Літ.:
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981;
Рейсленд Дж. Физика фононов: Пер. с англ.М., 1975;
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МЧЫК (Іван Восіпавіч) (16.12.1903, Мінск — 9.3.1971),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1949). Праф. (1964). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1930). Вучыўся ў А.Архіпава, К.Істоміна, А.Шаўчэнкі. З 1931 на пед. рабоце, з 1963 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манум. жывапісу. Карціны: «Падпісанне маніфеста пра ўтварэнне БССР» (1929), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск» (1935), «Гідраторф Асінбуд» (1937), «Твар ворага» (1942), «Пасяджэнне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г.» (1944). Адна з лепшых яго работ «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958). Стварыў шэраг партрэтаў сучаснікаў: У.І.Уладамірскага (1948), Е.А.Міровіча (1952), П.С.Пестрака (1968), С.Б.Баткоўскага (1971) і інш.; пейзажы «Сонечны дзень» (1952), «Бэз цвіце» (1958), «Квітнеючая вясна» (1963), «З акна майстэрні» (1971) і інш. Творы манум. жывапісу: 2 пано для Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930), дэкар. фрыз «Свята беларускага народа» для бел. павільёна Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве (1939), плафон «Дружба народаў» у Тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы з замежнымі краінамі (1956, з І.Давідовічам). Імя Ахрэмчыка прысвоена Бел. ліцэю мастацтва.
Літ.:
Аладова Е.В. И.О.Ахремчик. М., 1960.
І.В.Ахрэмчык.І.Ахрэмчык. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),
раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана зінш.мед. і біял. дысцыплінамі.
Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.І.Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).
На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек.мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.А.Маркаў, Н.І.Аляксейчык, П.В.Астапеня, В.М.Ізуткін, М.Ф.Казлоў, Э.С.Кашыцкі, Л.М.Толстых-Чарнецкая, Ц.А.Каган, М.Г.Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел.мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСА А́РМІЯ,
агульнавайсковыя злучэнні польскага Лонданскага эмігранцкага ўрада ў складзе Польскіх узбр. сіл на Захадзе ў 2-ю сусв. вайну. Камандуючы ген. У.Андэрс. Створана на тэр.СССР у жн. 1941 — сак. 1942 як Польская армія ў СССР паводле польска-савецкіх пагадненняў 1941 для сумесных дзеянняў на сав.-герм. фронце. Фарміравалася ў асн.з польскіх ваеннапалонных, рэпрэсіраваных і дэпартаваных у глыб СССР жыхароў б.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, бежанцаў з Польшчы, што апынуліся на тэр.СССР, і інш. Да жн. 1942 аператыўна падпарадкоўвалася камандаванню Чырв. Арміі, складалася з 6 пяхотных дывізій і інш. часцей і службаў (у сак. 1942 налічвала 66 тыс.чал.). У сак.—крас. і жн. 1942 са згоды Сав. ўрада эвакуіравана ў Іран і Ірак. У выніку аб’яднання з Войскам Польскім на Сярэднім Усходзе створана Польская армія на Усходзе, якая дзейнічала на тэр. Ірака. У чэрв. 1943 з яе складу вылучаны Другі польскі корпус, які ўдзельнічаў у аперацыях саюзнікаў у Паўн. Афрыцы, Італьянскай кампаніі 1943—45. Пасля 2-й сусв. вайны многія салдаты-беларусы з Андэрса арміі склалі частку бел. эміграцыі.
Літ.:
Прибылов В.И. Почему ушла армия Андерса // Военно-ист. журн. 1990. № 3;
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІна Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну,
падпольныя патрыятычныя арг-цыі, якія дзейнічалі пераважна ў зах. абласцях акупіраванай Беларусі. Узнікалі найчасцей па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам б. членаў КПЗБ і КСМЗБ. Асновай антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі была ячэйка (група) зЗ—5 чал. на чале з сакратаром; 5—7 ячэек аб’ядноўваліся ў падраёны, 3—4 падраёны — у падп. раённую арг-цыю, якой кіраваў камітэт. На тэр. Беларусі дзейнічалі 2 абласныя (Беластоцкая і Брэсцкая), 3 акруговыя (Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая), 4 гарадскія (Беластоцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Слонімская), 27 раённых антыфашысцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі сотні груп, больш за 12 тыс.чал. Вакол іх групаваліся «сімпатыкі» (спачувальнікі), якія дапамагалі арганізоўваць барацьбу насельніцтва з акупантамі. Антыфашысцкія арганізацыі ўзаемадзейнічалі з партызанамі, дастаўлялі ім зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты, прадукты, здабывалі для іх разведінфармацыю, накіроўвалі да партызанаў мясц. жыхароў, вызваленых ваеннапалонных. Пасля стварэння падп.парт. органаў дзейнасць антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі ўскладнілася, парт. к-ты часам вымушалі арг-цыі да самароспуску. Кіраўнікамі антыфаш. падполля былі І.П.Урбановіч, А.С.Азончык, М.Е.Крыштафовіч, Д.К.Сукачоў, Я.М.Афанасьеў, Б.І.Гардзейчык, А.М.Дурэйка, І.І.Жышко, А.Ф.Манкевіч, Ф.З.Місько, М.А.Несцярук, М.І.Паўлоўскі, М.М.Уладыка, М.Ф.Трында, В.В.Янушка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ, смаўжы,
гастраподы (Gastropoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.
Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Існаваў у 17—18 ст. у Брэсце. Па запрашэнні луцкага біскупа П.Валуцкага з 1616 езуіты пачалі ў Брэсце місіянерскую дзейнасць, у 1629 быў заснаваны калегіум. У 1620 брэсцкі ваявода А.Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л.Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна зв. Мольткі і Мяневеж (Брэсцкі пав.), а ў 1650 — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі р-н). У 1669 кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоскі і землі ў Прылуках (Брэсцкі р-н). На працягу 17—18 ст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Брэсцкі пав.), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў б-ку, аптэку (з 1694). Навуч. праграма Брэсцкага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў. З 1634 у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў. У 1772/73 навуч.г.з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 8 — манахамі. У 1696—1760-я г. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр. У б-цы (каля 2 тыс. тамоў) былі кнігі на лац., ням., франц. і інш. мовах. У калегіуме вучыўся бел. мысліцель-атэіст К.Лышчынскі. Будынкі калегіума знаходзіліся на тэр. сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЯ БАРАЦЬБА́,
від спарт. барацьбы, у якім шырока выкарыстоўваюцца тэхн. і сілавыя прыёмы — захопы (у т. л. ніжэй пояса), падсечкі, падбівы, перавароты і інш. У схватцы (3 перыяды па 3 мін) перамагае той, хто пакладзе саперніка на лапаткі ці набярэ больш ачкоў за тэхн. прыёмы і актыўнасць.
Узнікла ў Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст.З 1904 (за выключэннем 1912) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1951 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).
На Беларусі падобнае на вольную барацьбу адзінаборства вядомае здаўна як барацьба «да крыжа». Як від спорту вольная барацьба развіваецца з 1948. Праводзяцца чэмпіянаты ў розных узроставых катэгорыях, традыц.міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя (аднесены ФІЛА да спаборніцтваў вышэйшай катэгорыі), матчавыя сустрэчы бел. барцоў з камандамі інш. краін. Сярод бел. майстроў вольнай барацьбы найб. поспехаў дамагліся трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Мядзведзь, а таксама В.Сюльжын (чэмпіён свету 1973, Еўропы 1972—73, уладальнік Кубка Еўропы 1974—75), Л.Кітоў (чэмпіён Еўропы 1970), В.Яўпоеў (чэмпіён Еўропы 1984), А.Сабееў (чэмпіён Еўропы 1989—90), С.Смаль (чэмпіён свету 1991, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992), В.Аруджаў (чэмпіён свету 1991, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,
адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.
Літ.:
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;
Декарт Р. Первоначала философии // Соч.М., 1989. Т. 1;
Лейбниц Г.В. Монадология // Соч.М., 1982. Т. 1;
Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.