КНЯЖНІ́Н (Якаў Барысавіч [14.10.1742) (1740?),
г. Пскоў, Расія — 25.1.1791], рускі драматург; прадстаўнік рус. класіцызму. Чл. Рас. акадэміі (1750—55). Аўтар трагедый «Дыдона» (1769), «Уладзімір і Яраполк» (1772), «Рослаў» (1784) і інш., накіраваных супраць тыраніі, дэспатызму, прасякнутых патрыят. пафасам. Тыраж трагедыі «Вадзім Наўгародскі» (1782) за антыманархічную накіраванасць спалены па загадзе імператрыцы Кацярыны II у 1793. У камедыях «Хвалько» (1784—85), «Дзівакі» (1790) — актуальныя праблемы тагачаснага жыцця Расіі. Аўтар лібрэта 6 камічных опер. Пераклаў на рус. мову асобныя творы Вальтэра, П.Карнэля, К.Гальдоні і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Э.Валасевіч.
Тв.:
Избр. произв. Л., 1961.
т. 8, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СМАЧ (Генадзь Аркадзевіч) (н. 7.7.1953, в. Асташкі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990), праф. (1991), чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў БДУ (1976). З 1993 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі Бел. пед. ун-та. Даследуе барацьбу кампартыі Аўстрыі супраць фашызму ў 1920-я г., ролю рабочага класа і паліт. партый Веймарскай рэспублікі, сав.-герм. і бел.-герм. адносіны ў найноўшы час. Аўтар прац «Крызіс германскага лібералізму ў гады Веймарскай рэспублікі» (1989), «Трагедыя куміраў рэвалюцыі» (1994, з А.Космач), сааўтар навуч. дапаможніка для школ «Сусветная гісторыя навейшага часу» (кн. 1—2, 1993).
т. 8, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 28.6.1922, в. Сыцянец Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1954). Скончыў БДУ (1948). У 1947—88 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Беларусь», Ін-це педагогікі, Белдзяржфілармоніі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкуецца з 1947. Аўтар манаграфіі «Кузьма Чорны: Ідэі і вобразы ў творчасці» (1956), артыкулаў пра творчасць К.Чорнага, Я.Коласа, З.Бядулі, П.Глебкі, А.Гурло і інш. Раман «Разгневаная зямля» (1984) пра барацьбу мінскіх патрыётаў супраць ням.-фаш. захопнікаў. Сааўтар (з У.Агіевічам) школьных падручнікаў па бел. л-ры.
т. 8, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́БІН (Іван Пятровіч) (21.4.1735, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 11.8.1818),
расійскі механік-самавучка і вынаходнік. У 1764—67 сканструяваў гадзіннік у форме яйца са складаным механізмам аўтам. дзеяння. У 1769—1801 кіраваў мех. майстэрнямі Пецярб. АН. Стварыў «люстраны ліхтар» (прататып пражэктара), «планетны» кішэнны гадзіннік, цялежку-самакат, «мех. ногі» (пратэзы), ліфт, аптычны тэлеграф і код для перадачы паведамленняў і інш. Распрацаваў спосабы шліфавання шкла для мікраскопаў, тэлескопаў і да т.п. прылад. У 1776 пабудаваў мадэль аднаарачнага моста з фермамі цераз р. Нява, у 1804 у г. Ніжні Ноўгарад — «вадаходнае судна», якое магло рухацца супраць цячэння.
т. 9, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́НСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. атрадаў «Штурм», «Грозны», «За бацькаўшчыну», «Вясна», брыгады «Штурмавая» супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Курганы Заслаўскага р-на Мінскай вобл. 31 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Калі партыз. разведка выявіла прасоўванне ў партыз. зону батальёна карнікаў (каля 300 гітлераўцаў), партызаны вырашылі разграміць яго. Яны сустрэлі карнікаў на р. Удра ў в. Курганы і пасля 5-гадзіннага бою прымусілі ворага адступіць. На шляху адступлення ў пас. Шаршуны гітлераўцы трапілі ў партыз. засаду і былі разгромлены. Партызаны захапілі гармату, 3 мінамёты, 2 кулямёты, 2 аўтаматы, 15 вінтовак і вял. колькасць боепрыпасаў.
М.Ф.Шумейка.
т. 9, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),
іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас. войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт. войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв. к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАШЭ́НЯ (Яўген Варфаламеевіч) (23.12.1900, пас. Альбярцін, цяпер у межах г. Слонім Гродзенскай вобл. — 6.12.1981),
генерал-лейтэнант інж. войск (1955). Канд. ваен. н. (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1919, удзельнік баёў супраць Урангеля і Махно. У 1935—41 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял. Айч. вайну нач. інж. службы, нач. штаба аператыўнай групы інж. загарод Зах. і Крымскага франтоў, нач. штаба інж. войск 1-га Бел. і Забайкальскага франтоў, удзельнік абароны Масквы і Севастопаля, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай і Хангана-Мукдэнскай аперацый. У 1946—59 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміях.
т. 9, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІ́-БРУЛЬ ((Lévy-Bruhl) Люсьен) (10.4.1857, Парыж — 13.3.1939),
франц. філосаф, псіхолаг і этнограф. Праф. Сарбоны (1899—1927). Вывучаў першабытныя народы, прыйшоў да высновы, што розным сац. тыпам адпавядаюць розныя формы мыслення. Развіваючы ідэі сацыялагічнай школы Э.Дзюркгейма, стварыў тэорыю т.зв. далагічнай ментальнасці, паводле якой спосаб мыслення чалавека ў «прымітыўным» грамадстве адрозніваецца ад спосабу мыслення «цывілізаванага» чалавека, бо ў першым яшчэ не дзейнічаюць законы фармальнай логікі. У этычных разважаннях выступаў супраць рэліг. інтэрпрэтацыі маральнасці і разглядаў яе як з’яву сацыяльную. Асн. творы: «Функцыі мыслення ў ніжэйшых грамадствах» (1910), «Першабытнае мысленне» (1922), «Першабытная душа» (1927).
т. 9, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ,
перыяд праўлення ў Францыі прадстаўніка арлеанскага дома (малодшай галіны Бурбонаў) караля Луі Філіпа [1830—48] паміж Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 (ад яе назва) і Лютаўскай рэвалюцыяй 1848, якая ўстанавіла другую рэспубліку. Рэжым Л.м. характарызаваўся паліт. і эканам. панаваннем буйных банкіраў, гандляроў, прамыславікоў і абмежаванай у параўнанні з перыядам Рэстаўрацыі (1814—30) уладай караля. Незадаволенасць прац. мас, прадпрымальніцкіх колаў і дэмакр. інтэлігенцыі вынікамі Ліпеньскай рэвалюцыі і палітыкай улад (законы супраць рабочых саюзаў і свабоды друку, павелічэнне падаткаў і інш.) выклікала шматлікія паўстанні, у т. л. Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, і абумовіла крах Л.м. ў 1848.
т. 9, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯН ЦІЧА́О (23.2.1873, прав. Гуандун, Кітай — 19.1.1929),
кітайскі паліт. дзеяч, гісторык. Выступаў за спалучэнне канфуцыянскіх традыцый з еўрап. новаўвядзеннямі. У час. «Сто дзён рэформ» (1898) дарадца імператара Гуансюя. Пасля паражэння рэфарматараў эмігрыраваў у Японію, сумесна з Кан Ювэем стварыў канстытуцыйна-манарх. Саюз абароны імператара. Вярнуўся ў Кітай у 1912 у час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13. Стварыў Прагрэсіўную партыю. Падтрымаў прэзідэнта Юань Шыкая супраць Сунь Ятсена, але асудзіў спробу першага абвясціць сябе імператарам. З 1923 узначальваў кіт. секцыю ПЭН-клуба, выкладаў у Пекінскім ун-це. Аўтар філас. і гіст. прац, п’ес, вершаў і інш.
т. 9, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)