ПРАТАЗА́НАЎ (Якаў Аляксандравіч) (4.2.1881, Масква — 8.8.1945),

расійскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў рас. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Узбекістана (1943). У кіно з 1907, першы фільм — «Бахчысарайскі фантан» (1909). Да 1918 паставіў каля 80 фільмаў, у т. л. «Вайна і мір» (з У.​Р.​Гардзіным; паводле Л.​Талстога), «Д’яблы» (паводле Ф.​Дастаеўскага; абодва 1915), «Пікавая дама» (1916; паводле А.​Пушкіна) і «Айцец Сергій» (1918; паводле Л.​Талстога). З 1920 працаваў у Парыжы і Берліне. З 1923 у Расіі. Зняў фільмы: «Аэліта» (1924; паводле А.​Талстога), камедыі «Закройшчык з Таржка» (1925), «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Дон Дыега і Пелагея» (1928), «Свята святога Іоргена» (1930), «Насрэдзін у Бухары» (1943). Сярод інш. фільмаў: «Сорак першы» (1927; паводле Б.​Лаўранёва), «Белы арол» (1928; паводле апавяд. Л.​Андрэева «Губернатар»), «Беспасажніца» (1937; паводле А.​Астроўскага), «Салават Юлаеў» (1941), фільм-памфлет «Марыянеткі» (1934) і інш. Яго творчасць вызначалася высокім прафес. майстэрствам, увагай да мастацтва акцёра, увасабленнем лепшых традыцый рус. тэатра і л-ры ў кіно.

Літ.:

Арлазоров М.С. Протазанов. М., 1973.

Л.​В.​Календа.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Генадзь Мікалаевіч) (н. 4.5.1931, Масква),

рас. дырыжор. Нар. арт. Расіі (1966). Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1990). Ганаровы чл. Шведскай каралеўскай акадэміі (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954, кл. дырыжыравання М.​Аносава, кл. фп. Л.​Аборына). У 1951—60 і 1978—83 дырыжор, у 1965—70 і ў 2000—01 гал. дырыжор Вял. т-ра ў Маскве. У 1961—91 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Вял. сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыё. У 1974—85 гал. дырыжор Маскоўскага муз. т-ра, з 1982 — сімф. аркестра Мін-ва культуры СССР. З 1974 гал. дырыжор шэрагу замежных арк. Выкананне вылучаецца бездакорнай стылістычнай дакладнасцю, яркай артыстычнасцю. У рэпертуары побач з класічнымі шырока прадстаўлены творы рас. і сучасных зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, П.​Хіндэміта, Ф.​Пуленка і інш. Пад яго муз. кіраўніцтвам адбыліся прэм’еры твораў Р.​Шчадрына, К.​Хачатурана і інш. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія Расіі 1995.

Тв.:

Дирижерская аппликатура. Л., 1974;

Мысли о музыке. М., 1975;

Преамбулы. М., 1989.

Л.​А.​Шымановіч.

Г.М.Раждзественскі.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ШНІКАЎ (Аляксандр Васілевіч) (11.9.1890, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 3.1.1980),

расійскі харавы дырыжор, муз. дзеяч, педагог. Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1913). З 1921 кіраўнік хар. капэлы ў Палтаве. З 1923 заг. вак. часткі 1-й студыі Маск. Маст. акад. т-ра. З 1928 арганізатар і маст. кіраўнік вак. ансамбля (потым хору) Усерас. радыё. У 1936—37 і з 1941 узначальваў засн. ім Дзярж. хор рус. песні (цяпер Дзярж. акад. рус. хор Расіі), адначасова ў 1937—41 маст. кіраўнік Ленінградскай акад. капэлы. З 1944 арганізатар і маст. кіраўнік Маскоўскага хар. вучылішча, выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1946 праф., у 1948—74 рэктар). У яго творчасці спалучаліся шчырасць і непасрэднасць, уласцівыя рус. нар. песням, з багаццем і маляўнічасцю гучання акад. хору. Аўтар шматлікіх апрацовак нар. песень, кн. «Харавыя спевы — мастацтва сапраўды народнае» (1962) і інш. Сярод яго вучняў У.Мінін, В.Роўда, А.Юрлоў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1967.

Л.​А.​Шымановіч.

А.В.Свешнікаў.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРЫ́ЛАЎ (Васіл Еўстаціеў) (21.7.1789, г. Габрава — 2.10.1847),

балгарскі грамадска-паліт. дзеяч, асветнік, педагог і пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Расіі, Германіі і Венскім ун-це. У 1835 заснаваў у Габраве першую свецкую школу. Аўтар прац «Балгарскія кніжкі, ці Якому славянскаму племю ўласна належыць кірылаўская азбука» (1841), «Думкі пра цяперашняе балгарскае навучанне» (1847) і інш. Творчасць Апрылава спрыяла адраджэнню нац. свядомасці балгараў, іх самабытнай культуры і традыцый.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРАЦЬБА́»,

газета Літоўска-Беларускага абл. к-та Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП). Выходзіла нелегальна з 15.8.1921 да снеж. 1922 у Вільні на бел. мове (асобныя матэрыялы друкавала на рус. і польск. мовах). Была разлічана на рабочых, сялян, с.-г. рабочых (парабкаў), парт. і камсамольскі актыў Зах. Беларусі. Асвятляла барацьбу працоўных Зах. Беларусі супраць сац. і нац. прыгнёту, жыццё ў БССР і Сав. Расіі. Вядома 10 нумароў.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАПО́ЛЬСКІ (Арыстарх Апалонавіч) (13.7.1854, Масква — 16.5.1934),

рускі астрафізік. Акад. Пецярбургскай АН (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1877). З 1879 у Маскоўскай абсерваторыі, з 1888 у Пулкаўскай (у 1917—19 яе дырэктар). Даследаваў нябесныя свяцілы, шырока выкарыстоўваў фатагр. метады, першы ў Расіі пачаў праводзіць спектраграфічныя даследаванні, напрыклад, спектры пераменных і падвойных зорак, кольцаў Сатурна; з дапамогай зоркавага спектрографа выявіў вярчэнне Сонца.

Тв.:

Астрономические труды. М., 1954.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫРХА́ЕВА (Святлана Дзантэміраўна) (н. 12.5.1938, с. Хумалаг, Паўн. Асеція),

расійская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1955). Працавала ў Чэлябінску, Адэсе. З 1960 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Мехменэ Бану («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса).

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКРЭАНТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

лёгкая жыццярадасная лірыка, пазбаўленая суму і глыбокіх перажыванняў. Назва ад імя стараж.-грэч. паэта Анакрэонта, асн. матывамі песень якога былі каханне, бестурботная весялосць, віно. Анакрэантычныя вершы ў Францыі пісалі А.​Шэнье, Вальтэр, П.​Беранжэ; у Германіі — І.​Глейм, Г.​Лесінг; у Расіі — М.​Ламаносаў, Г.​Дзяржавін, К.​Бацюшкаў, А.​Пушкін і інш. У бел. паэзіі матывы анакрэатычнай паэзіі ў лірыцы М.​Багдановіча.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГА́КАВА (Мая Рыгораўна) (19.5.1932, г. Краматорск, Украіна — 7.10.1994),

руская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1955). Здымалася ў фільмах: «Аповесць палымяных гадоў», «Крылы», «У агні броду няма», «Цыган», «Развітанне», «Балада пра доблеснага рыцара Айвенга», «Юнацтва Пятра», «У пачатку слаўных спраў», «Васіль і Васіліса» і інш. Выконвала камедыйныя і характарныя ролі. Стварала вобразы, поўныя драматызму, тэмпераменту і сілы.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛУ́ЦКІ (Аляксандр Пятровіч) (н. 8.12.1929, ст. Талавая Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі і нейрахірургіі. Д-р мед. н. (1969). Скончыў Варонежскі мед. ін-т (1953). З 1953 у мед. ін-тах Расіі і Украіны, з 1972 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па праблеме сасудзістай паталогіі галаўнога мозга.

Тв.:

Опухоли шишковидной железы. М., 1962;

Артерио-венозные аневризмы и каротидно-кавернозные соустья. Мн., 1977.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)