ЗО́РНЫ ДОЖДЖ,

з’яўленне шматлікіх метэораў за кароткі прамежак часу. Адбываецца пры сустрэчы Зямлі з метэорным патокам.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТЫ (ням. Watten ад галанд. wadden прыбярэжныя водмелі),

асушкі, шырокая паласа нізіннага берага мора, якая штодзённа затапляецца пры прылівах і асушаецца пры адлівах. Утвараюцца з наносаў дробнага пяску і глею. Маюць разгалінаваную зменлівую сетку жалабоў сцёку марскіх і рачных вод. Пашыраны на паўд. узбярэжжы Паўн. м., а таксама на берагах Белага, Баранцава, Ахоцкага мораў, Мексіканскага зал. і інш. Месцамі адгароджаны дамбамі ад мора і выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЕ́ (ад грэч. bulē савет),

у старажытнагрэчаскіх полісах дзярж. савет, якому даручалася весці важнейшыя паліт. справы. Выбіраўся на вызначаны тэрмін. Найб. вядомы буле ў Афінах. Засн. ў 594 да н.э. Салонам і наз. Савет 400, пры Клісфене (509 да н.э.) — Савет 500, з 307 да н.э. — Савет 600. Члены буле падзяляліся на 10 камісій — прытаній, якія выконвалі абавязкі па чарзе. У гамераўскіх паэмах буле — савет радавой знаці пры басілеях.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЯ ПО́МПА,

прыстасаванне для стварэння і падтрымання вакууму. Бываюць форвакуумныя (поршневыя, пласцініста-ротарныя, залатніковыя), бустэрныя (двухротарныя, параструменныя), высокавакуумныя (дыфузійныя, турбамалекулярныя), звышвысокавакуумныя (крыягенныя, магнітныя электраразрадныя). Асн. параметры вакуумнай помпы — гранічны астаткавы ціск (у паскалях) і хуткадзеянне (літы за секунду). Выкарыстоўваюцца пры вытв-сці асвятляльных лямпаў, кінескопаў, касм. апаратаў, пры нанясенні вакуумных пакрыццяў, у вакуумнай металургіі, харч. прам-сці і інш.

Механічныя вакуумныя помпы: а — вярчальная двухступенная пласцініста-ротарная; б — двухротарная.

т. 3, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́П,

манеўр войскаў у баі (аперацыі), які дае магчымасць нанесці ўдар па адным ці абодвух флангах групоўкі праціўніка. Выкарыстоўваецца ў сустрэчным баі, пры наступленні на праціўніка, які абараняецца ці адыходзіць, а таксама пры контратаках у абароне. Ажыццяўляецца ў цесным тактычным і агнявым узаемадзеянні з войскамі, што наступаюць з фронту, авіяцыяй і дэсантна-штурмавымі падраздзяленнямі; найчасцей пасля прарыву абароны праціўніка, калі ўтвараюцца адкрытыя флангі ці ёсць прамежкі ў баявых парадках.

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯСПА́ЗМА (ад ангія... + спазма),

перыядычнае спазматычнае звужэнне прасвету артэрый, што прыводзіць да абмежаванага кровазабеспячэння (ішэмія) адпаведнага органа або тканкі. Узнікненню спрыяюць інтаксікацыя (алкаголь, нікацін), прафесійныя шкоднасці (вібрацыя, серавуглярод, свінец і інш.), пераахаладжэнне, ачагі факальнай інфекцыі, псіхатраўмы. Часта бывае ў паталагічна змененых сасудах, асабліва пры атэрасклерозе і гіпертанічнай хваробе. Працяглая спазма сасудаў сэрца можа выклікаць стэнакардыю і быць прычынай інфаркту міякарда. Пры ангіяспазме назначаюць спазмалітычныя прэпараты, лечаць асн. хваробу.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

працэс пераходу дынамічнай сістэмы ў стан устойлівай раўнавагі, пры якім выхадная велічыня, што характарызуе такі пераход, набліжаецца да ўстойлівага значэння (крывая 1) або мае адзін экстрэмум (крывая 2). Напр., да аперыядычнага працэсу набліжаюцца ваганні вагальнай сістэмы пры павелічэнні страт энергіі ў іх да крытычнага значэння (у эл. вагальнага контуру крытычнае супраціўленне R = L/C , дзе L і C — індуктыўнасць і ёмістасць контуру адпаведна).

Графікі аперыядычных працэсаў.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РНАЯ ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,

сістэма замацаваных на мясцовасці арыенціраў, якія служаць апорнымі пунктамі пры здымках і геад. вымярэннях. Вылучаюць апорную геадэзічную сістэму планавую і вышынную. Планавая складаецца пераважна метадамі трыянгуляцыі і паліганаметрыі, узаемнае размяшчэнне яе пунктаў вызначаецца прамавугольнымі каардынатамі (X і Y); вышынная — метадам геам. нівеліравання. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні формы Зямлі, складанні тапаграфічных картаў, інж. пошуках, у буд-ве і г.д., дзе неабходны дакладныя разлікі на мясцовасці.

А.​В.​Саломка.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛ,

адзінка лагарыфмічнай велічыні, што служыць для вымярэння рознасці ўзроўняў аднайменных энергет. (магутнасць, энергія і інш.) ці сілавых (напружанасць поля, ціск і інш.) фіз. велічыняў. Абазначаецца Б. 1 Б = lg(P2/P1) пры P2 = 10P1 або 1 Б = 2lg(F2/F1) пры F2=10F1, дзе P1 і P2(F1 і F2) — аднайменныя энергетычныя (сілавыя) велічыні. Часцей выкарыстоўваецца долевая адзінка — дэцыбел; 1 дБ = 0,1 Б. Названа ў гонар А.Г.Бела.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)