БЯРДЗЯ́ЕЎ Мікалай Аляксандравіч (6.3.1874, Кіеў — 23.3.1948),
рускі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1894—98). З 1917 праф. філасофіі Маскоўскага ун-та. Арганізатар «Вольнай акадэміі духоўнай культуры ў Маскве» (1919). У 1922 высланы з СССР, жыў у Берліне, Парыжы. Знаходзячыся пад уплывам філасофіі І.Канта, Я.Бёме, А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, У.Салаўёва, В.Разанава, абараняў ідэі экзістэнцыялізму, прапагандаваў прымат свабоды над быццём і чалавека над светам, адстойваў абсалютную каштоўнасць любой асобы і любой культуры. У працах «Філасофія свабоды» (1911), «Дух і рэальнасць» (1937), «Экзістэнцыяльная дыялектыка боскага і чалавечага» (1952) і інш. абгрунтаваў канцэпцыю т.зв. новай рэлігійнай свядомасці, або хрысціянскага персаналізму. Паводле Бярдзяева, задача чалавека ў вызваленні свайго духу з палону ўяўнага быцця і «выхадзе з рабства ў свабоду», з варожасці свету ў «касмічную любоў»; гэта магчыма толькі пры выкананні строгіх правіл і норм паводзін, сфармуляваных у Старым запавеце (этыка закону), перайманні подзвігу Ісуса Хрыста (этыка збавення), выхаванні святасці, духоўным узвышэнні асобы і яе свабоднай любові да Бога-творцы (этыка творчасці). Бярдзяеў лічыў неапраўданымі сац. рэвалюцыі, якія прыводзяць «да вынішчэння святасці», гібелі духоўнай культуры. Ён сцвярджаў, што марксізм «засланіў» чалавека класам і не здольны вырашыць праблему свабоды і актыўнасці асобы, асуджаў бесчалавечнасць, насілле і тэрор, якія сталі штодзённай практыкай таталітарных рэжымаў, у т. л. і сталінскага рэжыму ў СССР. Даследаваў праблемы інтэлектуальнай гісторыі Расіі, распрацаваў канцэпцыю т.зв. «камюнатарнасці» (абшчыннасці) або рускай самабытнасці, за мяжой выступаў як патрыёт, прадстаўнікрус. культуры і праціўнік розных формаў месіянскай і шавіністычнай ідэалогіі.
Тв.:
Новое религиозное сознание и общественность. СПб., 1907;
Душа России. М., 1915;
Судьба России: Опыты по психологии войны и национальности. М., 1918 (репр. изд. М., 1990);
Смысл истории. Берлин, 1923;
Тое ж.М., 1990;
О назначении человека. Париж, 1931;
Тое ж.М., 1993;
Русская идея: Осн. проблемы рус. мысли XIX — нач. XX в. Париж, 1946;
Истоки и смысл русского коммунизма. Париж., 1955 (репр. изд. М., 1990);
Философия неравенства. М., 1990;
Самопознание: (Опыт филос. автобиогр.). М., 1991;
Философия творчества, культуры и искусства. Т. 1—2. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БА,
чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.
Літ.:
Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;
Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;
Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 1987;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́ГА КА́РПІО (Vega Carpio) Лопэ Фелікс дэ [вядомы як Лопэ дэ Вэга
(Lope de Vega); 25.11.1562, Мадрыд — 27.8.1635], іспанскі драматург, паэт, празаік, буйнейшы прадстаўнікісп. Адраджэння. У 1614 прыняў сан свяшчэнніка. Аўтар каля 2 тыс. п’ес (вядомыя 500),
раманаў «Аркадыя» (1598), «Вандроўнік у сваёй айчыне» (1604), «Даратэя» (1632), больш як 20 паэм, навел, містэрый, трактатаў. Стварыў нац. драму, заснаваную на нар. традыцыях. Народны т-р Вэга Карпіо аб’яднаў ідэалы гуманізму і нар. культуру, адлюстраваў жыццё ўсіх слаёў ісп. грамадства — ад сялян да арыстакратаў. У трактаце «Новае майстэрства пісаць камедыі ў наш час» (1609) сфармуляваў асн. прынцыпы сваёй драматургіі. Дынамічнае развіццё сюжэта (3 акты замест 5), дасціпны дыялог, афарыстычная жывая размоўная мова, яркія вобразы, спалучэнне камічнага і трагічнага ў яго п’есах разумна ўраўнаважваюць густы гледачоў і памкненні аўтара. Найб. значныя драмы на гіст. тэмы: «Фуэнтэ Авехуна» («Авечая крыніца», 1619) пра барацьбу сялян за сваю чалавечую годнасць і грамадз. правы ў перыяд Рэканкісты, «Вялікі герцаг Маскоўскі» (1617), «Зорка Севільі» і «Кроў невінаватых» (абедзве 1623). У шматлікіх камедыях («Настаўнік танцаў», 1593; «Сабака на сене», 1618; «Дзяўчына са збаном», выд. 1646, і інш.) дасягнуты майстэрскі кампраміс паміж рэнесансавай канцэпцыяй героя і саслоўна-іерархічнай ідэалогіяй грамадства. На бел. мову яго камедыі «Раба свайго каханага» і «Дурнічка» пераклалі А.Вярцінскі і П.Макаль (1981). П’есы Вэга Карпіо трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. т-раў: «Дурная для іншых, разумная для сябе» (БДТ-1, 1940), «Сабака на сене» (Рускі драм.т-р, 1940; БДТ-1, 1943), «Дзяўчына са збаном» (т-р імя Я.Коласа, 1950), «Настаўнік танцаў» (тамсама, 1952), «Дурнічка» (тамсама і Рускі драм.т-р, 1968), «Раба свайго каханага» (т-р імя Я.Коласа, 1974), «Валенсіянскія вар’яты» (т-р імя Я.Купалы, 1983).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1962—65.
Літ.:
Плавскин З. Лопе де Вега, 1562—1635. Л.;
М., 1960;
Лопе де Вега: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. 1735—1961. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭ́ (Conde),
арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:
Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц.гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.
Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.
Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.
Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыяд Фронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп. арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.Ж.Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».
Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв.т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.
Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач.Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́РАЎ Кірыла Трафімавіч (7.4.1914, в. Рудня-Прыбыткоўская Гомельскага р-на — 19.12.1989),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум (1933), ВПШ пры ЦКВКП(б) (1947). З 1933 тэхнік, нач. Камарынскага раённага дарожнага аддзела. У 1936—39 у Чырв. Арміі, палітаддзеле Бел. чыгункі. З 1939 заг. аддзела Гомельскага абкома, сакратар Гомельскага гаркома, 1-ы сакратар Брэсцкага абкома ЛКСМБ. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце: палітрук роты, камандзір батальёна, інструктар палітаддзела 21-й арміі (падпалкоўнік). З вер. 1942 да канца 1943 М. на акупіраванай тэр. Беларусі: прадстаўнікЦШПР у партыз. злучэннях Мінскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Брэсцкай абл., чл.Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б, сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1943—47 2-і, 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З кастр. 1947 у апараце ЦККП(б)Б. З 1949 2-і, 1-ы сакратар Мінскага гаркома, з 1950 1-ы сакратар абкома партыі. З ліп. 1953 Старшыня Савета Міністраў БССР. З ліп. 1956 1-ы сакратар ЦККПБ. У 1965—78 1-ы нам. Старшыні Савета Міністраў СССР. З 1986 Старшыня Усесаюзнага савета ветэранаў вайны і працы, чл.Міжнар. федэрацыі барацьбітоў супраціўлення, з 1987 чл.ВЦСПС. Чл.ЦК у 1949—66, Бюро ЦК у вер. 1952 — снеж. 1962, Прэзідыума ЦККПБ у снеж. 1962 — крас. 1965. Чл.ЦК у 1956—81, канд. у чл. Прэзідыума ЦК з 1957, чл. Прэзідыума ЦК з 1965, чл. Палітбюро ЦККПСС у 1966—78. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—67, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1950—53 і 1956—65. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1950—79 і з 1989, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР у 1958—66. У 1956—65 чл.Ваен. савета БВА. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Тв.:
О 20-летии со дня освобождения Советской Белоруссии от немецко-фашистских захватчиков. Мн., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПЗБ.
Адбыўся 25.6—25.7.1928 у пас. Арэхаўск Аршанскага р-на. Прысутнічалі 31 дэлегат з рашаючым і 21 з дарадчым голасам ад амаль 2 тыс. членаў партыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акр. арг-цый КПЗБ. Выканком Камінтэрна на з’ездзе прадстаўляў В.С.Міцкявічус-Капсукас, КПП — В.Кастшэва, А.Варскі, Ю.Ленскі, Э.Прухняк, КП(б)Б — В.Г.Кнорын, М.М.Галадзед, КСМЗБ — М.А.Давідовіч. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ад КПЗУ. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП (Кастшэва); ЦККПЗБ (С.Т.Мілер); ЦК КСМЗБ (Давідовіч); паліт. сітуацыя і задачы партыі [І.К.Лагіновіч (П.Корчык)]; аб рабоце ў вёсцы, у прафсаюзах, сярод моладзі; арганізац. пытанні. З’езд прызнаў паліт. лінію ЦККПЗБ, як і ЦК КПП, у асн. правільнай. Адначасова канстатаваў, што фактычная падтрымка ЦК КПП і ЦККПЗБваен. перавароту Ю.Пілсудскага ў маі 1926 з’явілася гал. прычынай узнікнення фракцыйнай барацьбы ў кіраўніцтве партыі. Як дадатны момант падкрэслівалася, што ў справаздачны перыяд партыя зрабіла буйны крок на шлях бальшавізацыі, вырасла ідэйна, палітычна і арганізацыйна. У якасці тактычнай лініі КПЗБ упершыню прызнавалася неабходнасць узмацнення барацьбы ў абарону дэмакр. правоў і свабод, разгортвання масавага руху на аснове патрабаванняў дэмакр. характару. Перад партыяй была пастаўлена задача заваяваць большасць пралетарыяту, асабліва ў буйных прамысл. цэнтрах, ствараць на ф-ках і з-дах ячэйкі КПЗБ, узмацніць барацьбу за 8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне зарплаты і інш. У сял. пытанні з’езд указаў на неабходнасць спалучэння барацьбы прац. сялянства за зямлю без выкупу з неадкладнымі патрэбамі і клопатамі сялян. У пытанні нац.-вызв. руху адзначалася, што КПЗБ арганізуе барацьбу прац. мас пад лозунгам самавызначэння Зах. Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднання з БССР у адзінай сав. дзяржаве. З’езд выбраў ЦККПЗБ: чл. А.А.Альшэўскі, М.А.Блінчыкаў, С.Я.Будзінскі, С.К.Гарбуз, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, Лагіновіч, Мілер, М.Л.Перавалоцкі, А.М.Розенштайн, А.С.Славінскі; канд. ў чл. Л.І.Родзевіч, М.М.Словік і інш.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЗА́НА (Pisano),
мянушка шэрагу італьянскіх скульптараў і архітэктараў 13—14 ст.Нікало П. (каля 1220, Апулія, Італія — паміж 1278 і 1284), скульптар; адзін з заснавальнікаў Протарэнесансу. Зазнаў уплывы паўд.-італьян., тасканскай і стараж.-рым. скульптуры. Сцвярджаў пластыку як мастацтва, тэктанічна раўнапраўнае з архітэктурай. Творы вызначаюцца велічнасцю, пластычнай магутнасцю і адчувальнасцю скульпт. формы: кафедры баптыстэрыя ў Пізе (1260) і сабора ў Сіене (з Арнольфа ды Камбіо, Джавані П. і Лапа), рака св. Дамініка ў царкве Сан-Дамініка ў Балонні (1264—67, з Арнольфа ды Камбіо, Фра Гульельма і інш.). Джавані П. (каля 1245—50, г. Піза, Італія — пасля 1314), скульптар і архітэктар; прадстаўнік Протарэнесансу. Сын і вучань Нікало П. Зазнаў уплыў франц. готыкі. Творы адметныя эмац. напружанасцю, спалучэннем традыцый протарэнесансавай пластыкі з гатычнай ламанасцю контураў: 4 мармуровыя статуі мадонны (каля 1276, 1295, 1305—06, 1312), статуя мадонны са слановай косці (1299), статуі на фасадзе сіенскага сабора (1284—99), кафедры ў царкве Сант-Андрэа ў Пістоі (1301) і ў пізанскім саборы (1302—10), фрагменты надмагілля Маргарыты Люксембургскай (1313) і інш.Арх. творчасць развівалася ў рэчышчы готыкі (ніжняя частка фасада сіенскага сабора, 1284—99). Андрэа П. [сапр.Андрэа да Пантэдэра (Andrea da Pontedera); каля 1290, г. Пантэдэра, Італія — 1348—49], скульптар і архітэктар. Творы вызначаюцца спалучэннем яснасці кампазіцыі з вытанчанасцю форм, лінеарнасцю і мяккай плаўнасцю рытмаў (рэльефы паўд. дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя, 1330—36; рэльефы і статуі кампанілы фларэнційскага сабора 1337—43). У архітэктуры спалучаў познагатычныя і протарэнесансавыя тэндэнцыі (кіраваў буд-вам кампанілы фларэнційскага сабора 1337—43, сабора ў Арвіета, 1347—48). Ніна П. (каля 1315, г. Піза?, Італія — 1368), скульптар, ювелір, архітэктар. Сын і вучань Андрэа П. Зазнаў уплыў франц. готыкі. Для пластычных твораў характэрны S-падобны выгін фігур, ірацыянальнасць лінейных рытмаў. Аўтар скульптур «Мадонна» (1343—47), «Мадонна дэль Латэ», скульпт. групы на грабніцы дожа Марка Карнара ў царкве Санці-Джавані э Паала ў Венецыі, надмагілля Сальтарэлі ў царкве Санта-Катарына ў Пізе і інш. Пасля смерці бацькі працягваў буд-ва сабора ў Арвіета.
А.Пізана. Мадонна з дзіцем. Статуя кампанілы фларэнційскага сабора. 1337—43.Н.Пізана. Раство. Рэльеф кафедры баптыстэрыя ў Пізе. 1260.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФАГАРЭІ́ЗМ,
філасофская плынь у ант. філасофіі 6—4 ст. да н.э., якая прызнавала лік як формаўтваральны прынцып усяго існага. Паўплывала на погляды Платона і неаплатанізм. Умоўна вылучаюць ранні П. (апошняя трэць 6—1-я пал. 5 ст. да н.э.), сярэдні П. (сярэдзіна — 2-я пал. 5 ст. да н.э.) і позні П. (1-я пал. 4 ст. да н.э.). Ранні П. звязваюць з арганізаваным Піфагорам у г. Кратоне піфагарэйскім «агульным таварыствам» (саюзам — навук,філас. згуртаваннем аднадумцаў (Парменікс, Перкопс, Алкмеон, Гіпас і інш.). Ранні П. зрабіў значны ўклад у распрацоўку прыродазнаўчанавуковых, матэматычных ведаў і пераадоленне міфалагічных поглядаў на Сусвет. У філас. плане ён зыходзіў з уяўлення аб ліку як «самым мудрым» і пануючым над усімі рэчамі. Быў выпрацаваны цэласны комплекс маральных норм, прынцыпаў узаемаадносін людзей у суполках. Піфагарэйцы распрацоўвалі тэорыю музыкі, праблемы матэматыкі і астраноміі, выводзілі сістэму ведаў пра свет як сукупнасць разгорнутых лікавых вызначэнняў (1 — абсалютнае, 2 — яго неаформленае, патэнцыяльнае раздзяленне, 3 — абстрактная і 4 — канкрэтная аформленасць абсалютнага і г.д.). У іерархіі каштоўнасцей на 1-е месца пастаўлена прыгожае і добрапрыстойнае; потым ішло выгаднае і карыснае, прыемнае. На рубяжы 6—5 ст. да н.э. адбыліся антыпіфагарэйскія паўстанні, а ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. Італійскі цэнтр П. разгромлены, яго прыхільнікі перасяліліся ў Тарэнт, Фівы, Фліунт і інш. Сярэдні П. звязаны з імёнамі Філалая (ведаў геаметрыю, астраномію, музыку, пакінуў шмат вынаходстваў), Эўрыта, батаніка Менестара, матэматыка Феадора, касмолагаў Экфанта і Гікета, скульптараў Паліклета і Гіпадама з Мілета У познім П. навук. веды канчаткова аддзяляліся ад філасофіі. Найб. вядомы яго прадстаўнік Архіт Тарэнцкі, матэматык і механік. У 4 ст. да н.э. П. як самастойная філас. плынь перастаў існаваць, але яго ідэі працягвалі ўплываць на грамадскую думку і светапогляд многіх мысліцеляў. У 1—3 ст.н.э. ідэі П. адрадзіліся ў выглядзе неапіфагарэізму.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики (ранняя классика). М., 1963;
Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;
Чанышев А.Н. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПУ́ЦІН Валянцін Рыгоравіч (н. 15.3.1937, г.п. Усць-Уда Іркуцкай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, публіцыст. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Іркуцкі ун-т (1959). Да 1966 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1961. Прадстаўнік т.зв. вясковай прозы. У цэнтры аповесцей «Апошні тэрмін» (1970), «Развітанне з Мацёрай» (1976, фільм «Развітанне», 1986) трагічныя лёсы «сыходзячай» вясковай Русі, рэзкае проціпастаўленне вобразаў сялянак, захавальніц нац.-духоўных традыцый, тыпам напаўсялян-напаўгараджан, што страцілі карані; горыч ад уздзеяння тэхн. цывілізацыі на прыроду. Роздум над праблемай часу і месца чалавека ў ім у аповесці «Жыві і помні» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1977; опера К.Волкава). У аповесці «Пажар» (1985, Дзярж. прэмія СССР 1987) з болем паказаны трыумф «бескаранёвых» герояў. Аўтар аповесці «Грошы для Марыі» (1967), зб-каў апавяданняў «Край каля самага неба» (1966), «Век жыві — век любі» (1982), серыі апавяданняў пра сучаснасць, у т. л. «У тую ж зямлю...» (1996), кн. публіцыстычных артыкулаў «Расія: дні і часы» (1993), кн. нарысаў, інтэрв’ю, рэцэнзій «Што ў слове, што за словам?» (1987) і інш. Яго творам уласцівы глыбіня паказу жыцця, яркасць характараў, вастрыня пастаўленых праблем. Апавяданні «Васіль і Васіліса», «Урокі французскага» экранізаваны. П’есы паводле твораў Р. ставіліся на Беларусі: «Апошні тэрмін» — у Т-ры юнага гледача (1977), Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (1979), Дзярж.рус. т-ры (1980), «Грошы для Марыі» — у Гродзенскім абл.драм. т-ры, Магілёўскім абл.драм. т-ры (абодва 1978), «Жыві і помні» — у Гомельскім абл.драм. т-ры (1980). На бел. мову аповесці «Жыві і помні» і «Пажар» пераклаў М.Дубянецкі, апавяданне «Рудольфіо» — Т.Мартыненка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕМІНГУЭ́Й (Hemingway) Эрнэст Мілер (21.7.1899, г. Ок-Парк, штат Ілінойс, ЗША — 2.7.1961),
амерыканскі пісьменнік. У 1922—28 жыў у Парыжы, у 1939—60 на Кубе. Шмат падарожнічаў. Літ. дзейнасць пачаў як журналіст (1917). У раманах «І ўзыходзіць сонца» (1926, у рус.пер. «Фіеста»), «Бывай, зброя!» (1929), зб.апавяд. «Мужчыны без жанчын» (1927; у т. л. «Няскораны», 1926) выступіў як прадстаўнік т.зв. страчанага пакалення, духоўны крызіс якога звязаны з 1-й сусв. вайной. У лірычных адступленнях кніг нарысаў «Смерць пасля поўдня» (1932) і «Зялёныя пагоркі Афрыкі» (1935) выказаў свае этычныя, эстэт. і грамадскія погляды. У рамане «Мець і не мець» (1937) вострыя сац. праблемы. Іспанская тэма ў драме «Пятая калона» (1938), рамане «Па кім звоніць звон» (1940). Мужнасць і непахіснасць простага чалавека ў змаганні з прыродай у аповесці-прытчы «Стары і мора» (1952). Аўтар зб.апавяд. «Пераможца не атрымлівае нічога» (1933), кн. ўспамінаў «Свята, якое заўсёды з табою» (выд. 1964), незавершанага рамана «Астравы ў акіяне» (выд. 1970), шматлікіх апавяданняў, рэпартажаў, кінасцэнарыяў і інш. Майстар дыялогу і ўнутр. маналога. Яго творы адметныя драматызмам, экспрэсіўнасцю, сугестыўнасцю аповеду з глыбокім падтэкстам, насычаны біблейскімі матывамі і вобразамі-сімваламі. На бел. мову творы Х. пераклалі А.Асташонак, М.Валошка, Ю.Гаўрук, П.Марціновіч, Я.Міклашэўскі, В.Небышынец. Нобелеўская прэмія 1954.
Тв.:
Бел.пер. — І ўзыходзіць сонца (Фэст). Мн., 1976;
Па кім звоніць звон. Мн., 1991;
Стары чалавек і мора // Олдрыдж Дж. Паляўнічы;
Хемінгуэй Э. Стары чалавек і мора;
Сент-Экзюперы А. Планета людзей. Маленькі прынц. Мн., 1996;
Бывай, зброя! Мн., 1996;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981—82;
Репортажи. М., 1969;
Оставаться самим собой: Избр. письма (1918—61). М., 1983;
Старый газетчик пишет...: Худож. публицистика. М., 1983.
Літ.:
Кашкии И.А. Эрнест Хемингуэй: Критико-биогр. очерк. М., 1966;
Грибанов Б.Т. Хемингуэй. М., 1971;
Яго ж. Хемингуэй: герой и время. М., 1980;
Анастасьев Н.А. Творчество Э.Хемингуэя. М., 1981;
Фуэнтес Н. Хемингуэй на Кубе: Пер. с исп. М., 1988;