АВАГА́ДРА ЗАКО́Н,
адзін з асноўных законаў малекулярнай фізікі, паводле якога ў роўных аб’ёмах ідэальных газаў пры аднолькавых т-ры і ціску змяшчаецца аднолькавая колькасць малекул. Адкрыты А.Авагадра ў 1811. З Авагадра закона вынікае, што пры аднолькавых т-ры і ціску 1 моль кожнага ідэальнага газу займае аднолькавы аб’ём. роўны пры нармальных умовах 22,4∙10−3 м³, ці 22,4 л, а шчыльнасці газаў прама прапарцыянальныя іх малекулярным масам.
т. 1, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́НС (франц. avance),
грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІЧХА́ТРА,
старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.
т. 2, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААНАЛІЗА́ТАР,
прылада для вызначэння якаснага і колькаснага складу газавай сумесі. Бываюць ручныя і аўтаматычныя; паказвальныя, самапісныя і сігналізавальныя; паводле прынцыпу дзеяння і віду аналізу — мех., акустычныя, цеплавыя, магн., эл.-хім., аптычныя, храматаграфічныя і інш. Выкарыстоўваюцца для кантролю тэхнал. працэсаў у металургічнай, хім., вугальнай прам-сці; у цепласілавой і атамнай энергетыцы; для вызначэння газавага складу паветра вытв. памяшканняў; у мед. практыцы і інш. Гл. таксама Газавы аналіз.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕТА́НГІЙ (ад гаметы + грэч. angeion сасуд), спецыялізаваная клетка або шматклетачны палавы орган раслін і грыбоў, у якім развіваюцца гаметы. У некат. грыбоў і водарасцей гаметангій прадстаўлены адной шмат’ядзернай клеткай, змесціва якой без падзелу на гаметы зліваецца са змесцівам другой падобнай клеткі. У ааміцэтаў, аскаміцэтаў, базідыяміцэтаў і вышэйшых раслін з дыферэнцыраванымі паводле полу гаметамі мужчынскія гаметангіі называюцца антэрыдыямі, жаночыя — аагоніямі або архегоніямі.
В.С.Гапіенка.
т. 5, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ ((Drew) Джон) (13.11.1853, Нью-Йорк — 9.7.1927),
амерыканскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у т-ры «Арч-стрыт». У 1875—92 у трупе антрэпрэнёра О.Дэйлі (Нью-Йорк), адзін з вядучых акцёраў трупы. Яго ігра вызначалася вытанчанасцю манер, лёгкасцю і шчырасцю. Сярод роляў: Розенкранц, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), гаспадар гасцініцы («Рып Ван Вінкль» паводле У.Ірвінга). З 1892 выступаў у якасці «зоркі» ў гастрольных трупах.
т. 6, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́Я ЗАКО́Н,
палажэнне, паводле якога цеплаёмістасць Cv крышт. рашоткі аднаатамных цвёрдых цел пры нізкіх тэмпературах прапарцыянальная кубу абсалютнай тэмпературы T. Выведзены П.Дэбаем. Д.з. мае выгляд
, дзе R — універсальная газавая пастаянная, θ — т-ра Дэбая, што вызначае тэмпературную мяжу, ніжэй якой становяцца істотнымі квантавыя эфекты.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965. С. 352—366.
т. 6, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРА,
у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.
т. 5, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ГРАФ (ад гідра... + ...граф),
храналагічны графік штодзённых расходаў вады за пэўны перыяд у пэўным створы вадасцёку. Будуецца паводле звестак пра расход вады ў месцы назірання за сцёкам у вызначаны адрэзак часу. Адрозніваюць гідрограф разводдзя, паводкі, сезона, за каляндарны або гідралагічны год; бывае адзінкавы, абагульнены (разводдзя і паводкі), тыповы (за год). Служыць асновай для выдзялення крыніц жыўлення вадацёку. Выкарыстоўваецца ў гідратэхн. праектаванні і воднагасп. разліках.
В.В.Дрозд.
т. 5, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТУМ (ад лац. votum жаданне, воля),
рашэнне, меркаванне, выказанае галасаваннем. У парламентах некаторых краін найб. пашырана галасаванне аб давер’і (вотум давер’я) або недавер’і (вотум недавер’я) ураду. Паводле заканадаўства гэтых краін пры неатрыманні ўрадам вотуму давер’я ён выходзіць у адстаўку або кіраўнік дзяржавы распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары. У некаторых зах. краінах існуе плюральны вотум — права выбаршчыка карыстацца некалькімі галасамі ў залежнасці ад цэнзаў выбарчых.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)