адзін з найбуйнейшых (выш. 21 м) скіфскіх «царскіх» курганоў каля в. Александропаль (Нікапальскі р-н, Украіна). Быў абнесены ровам і земляным валам. Выяўлены 3 разрабаваныя яшчэ ў старажытнасці катакомбы, у якіх знаходзіліся шкілеты багатых скіфаў, іх абслугі, коней (15), рэшткі калясніц, бронзавыя навершы, залатыя і сярэбраныя вырабы — узоры скіфскага і скіфска-грэч. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАСПЕРМІ́Я (ад аліга... + грэч. sperma семя),
гіпаспермія, гіпавалюмія, памяншэнне аб’ёму спермы, што выліваецца пры семявывяржэнні. Аб’ём спермы пры алігасперміі не перавышае 1—1,5 мл (норма 2—5 мл). Прычыны алігасперміі: гарманальная недастатковасць, прыроджаныя, генетычныя захворванні, аспермія, азааспермія, хранічныя прастатыты рознага генезісу, псіхічная стомленасць, нерв. перанапружанне, алкагалізм, дрэннае харчаванне. Магчыма і ў здаровых мужчын пры занадта частых палавых або ананістычных актах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАНО́СТ, алканос,
у рускіх і візантыйскіх сярэдневяковых легендах казачная птушка з тварам чалавека. Вобраз Алканоста паходзіць ад стараж.-грэч. міфа пра Алкіёну, жонку фесалійскага цара Кеіка, якая была ператворана багамі ў птушку алкіён (зімародак). Алканост нясе яйкі на беразе мора, апускае іх у мора і робіць яго спакойным на 6 дзён. Той, хто пачуе дзівосныя спевы Алканоста, забывае пра ўсё на свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБЛІГАНІ́Т (ад грэч. amblys тупы + gōnia вугал),
мінерал класа фасфатаў LiAl[PO4](FOH). Мае пераменную колькасць F і OH, іншы раз H2O; прымесі натрыю, ванадыю. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі рэдкія, буйныя, дрэнна ўтвораныя; бясформенныя масы, жаўлакі, зерні. Колер белы, зеленаваты, блакітны, карычневы. Паўпразрысты. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 3—3,1 г/см³. Пашыраны ў гранітных пегматытавых жылах, альбітызаваных гранітах: каштоўная літыевая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕТЫ́СТ (ад грэч. amethystos цвярозы, не п’яны),
мінерал, празрыстая фіялетавая разнавіднасць кварцу. Бляск шкляны. Трапляецца ў гранітных пегматытах, кварцавых жылах, пустотах вулканічных горных парод і інш. Буйныя, прыгожа афарбаваныя крышталі аметысту — каштоўныя камяні (ювелірныя і маст. вырабы). Радовішчы ў Замбіі, Зімбабве, Бразіліі (найб. каштоўныя), у Расіі (Урал), Узбекістане і інш. Наладжана вытв-сць сінтэтычных аметыстаў. Выкарыстоўваўся як амулет супраць п’янства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́РФНЫ СТАН (ад а... + грэч. morphē форма),
няўстойлівы стан цвёрдага рэчыва, характэрная асаблівасць якога — адсутнасць строгай паўтаральнасці структурных элементаў (неўпарадкаванасць размяшчэння атамаў і малекул) і натуральная ізатрапія яго фіз. уласцівасцяў. Аморфныя цвёрдыя целы павольна крышталізуюцца, не маюць пастаяннай т-ры плаўлення (пры павышэнні т-ры размякчаюцца). Уласцівы многім прыродным (бурштын, смолы) і штучным (плаўлены кварц, шкло, пластмасы і інш.) рэчывам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕЛАГРА́ФІЯ (ад грэч. ampelos вінаград + ...графія),
навука, якая вывучае віды і сарты вінаграду. Складаецца з ампелаграфіі агульнай, што вывучае сістэматыку, паходжанне, пашырэнне і зменлівасць відаў і сартоў, методыку даследаванняў, і ампелаграфію спецыяльную, якая ўключае бат. апісанне сартоў, іх біял. і с.-г. характарыстыкі, уласцівасці і раянаванне. Ампелаграфічная калекцыя створана ў Крыме (да 1000 сартоў). Ампелаграфічная праца вядзецца амаль ва ўсіх вінаградна-вінаробных краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МФАРА (лац. amphora ад грэч. amphoreus),
у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр. Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.
Старажытнагрэчаская чорнафігурная амфара. 6 ст. Да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРА́ (грэч. agora),
у стараж. грэкаў назва нар. сходу і месца, дзе ён адбываўся. Агара займала цэнтр. месца т.зв. ніжняга горада, які размяшчаўся пад узгоркам акропаля. Звычайна агара — цэнтр.гандл. плошча горада (у перыяд архаікі складалася стыхійна; у эпоху класікі і элінізму мела рэгулярную планіроўку), на якой знаходзіліся храмы, дзярж. ўстановы, майстэрні і крамы.
Агара ў Асосе (эліністычны перыяд). Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́Т (грэч. achatēs),
мінерал, разнавіднасць халцэдону з паласатай ці плямістай тэкстурай або дэкаратыўнымі ўключэннямі. Адрозніваюць: агаты (блакітнавата-шэрыя і белыя), агатавы онікс (белыя і чорныя слаі), карнеалонікс карнеол-онікс (чырвоныя і белыя), сардонікс (чырвона-бурыя і белыя) і інш. Характар афарбоўкі — вясёлкавы. Бляск васковы да матавага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см. Выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні, як паўкаштоўны камень.